01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
16
Выбраньне Цімафея
1. І прыбыў ён у Дэрбу і Лістру. І быў там адзін вучань імем Цімафей, сын веручай жанчыны і бацькі Грэка.
2. Браты з Лістры і Іконіі добра аб ім сьведчылі.
3. Яго Павал захацеў узяць у дарогу з сабой і абрэзаў яго дзеля Юдэяў, пражываючых у тых мясцовасьцях, бо ведалі яны ўсе, што бацька яго быў Грэкам.
4. Калі ж праходзілі праз гарады, загадваў ім берагчы прынятыя апосталамі і старшымі ў Ерузаліме пастановы.
5. І цэрквы ўмацоўваліся вераю і штодзень расьлі лікам.
Праз Малую Азіію
6. Затым перайшлі яны Фрыгію і краіну Галятыйскую, бо Дух Сьвяты забараніў ім вясьціць слова ў Азіі.
7. Прыбыўшы ў ваколіцы Мізіі, прабавалі ісьці ў Бітынію, і Дух Езуса не дазволіў ім.
8. Перайшоўшы Мізію, яны направіліся ў Трааду.
9. І тут ноччу Павал меў зьяву: нейкі Македонец, стаў перад ім і прасіў яго, кажучы: "Прыйдзі ў Македонію, дапамажы нам".
10. Як пабачыў ён зьяву, мы, не марудзячы, вырашылі направіцца ў Македонію, у перакананьні, што Бог паклікаў нас эвангелізаваць іх.
Дарога ў Македонію
11. Выплыўшы з Трады, паплылі мы проста ў Саматрацыю, а на другі дзень - у Нэапаль;
12. а адтуль - у Філіпы, галоўны горад той часткі Македоніі, каторы ёсьць (рымскай) калёніяй. У гэтым горадзе былі мы некалькі дзён.
13. А ў суботу выйшлі мы за браму да ракі, дзе спадзяваліся знайсьці месца малітвы, і, сеўшы, гутарылі з сабраўшыміся жанчынамі.
14. І слухала адна багабойная жанчына, імем Лідзія, родам з горада Тыятыры, што прадавала пурпур, і Госпад адчыніў ёй сэрца на словы Паўла.
15. І калі была ахрышчана разам з домам сваім, прасіла нас: "Калі маеце мяне за верную Госпаду, увайдзіце ў дом мой і пражывайце", і змусіла нас.
Асвабаджэньне апнаванай ліхім і ўвязьненьне Паўла
16. І сталася, калі мы ішлі на малітву, пераняла нас нейкая дзяўчына, якая мела духа, каторы варажыў, і прыносіла яна многа даходу сваім панам.
17. Яна вось, бягучы за Паўлам і за намі, крычала: "Гэтыя людзі - слугі Бога Узвышняга, яны вясьцяць вам дарогу збаўленьня".
18. І рабіла яна гэта шмат дзён. Павал жа, маючы досыць гэтага, павярнуўся і сказаў духу: "Загадваю табе у імя Езуса Хрыста, выйдзі з яе!", і ў той момант ён выйшаў.
19. Калі яе паны ўбачылі, што надзея даходу зьнікла, дык схапілі Паўла і Сілу, і завалаклі на рынак да начальнікаў,
20. і, аддаўшы іх магістрату, сказалі: "Гэтыя людзі, будучы Юдэямі, уводзяць у замяшаньне наш народ
21. і абвяшчаюць звычаі, каторыя нам, Рымлянам, ня сьлед прыймаць ды выконваць".
22. І сабраўся натоўп супраць іх, дык магістрат загадаў зьдзерці з іх адзеньне і хвастаць розгамі.
23. І, зьбіўшы іх моцна, укінулі ў вастрог, загадваючы варце пільна іх вартаваць.
24. Атрымаўшы такі загад, вартавы пасадзіў іх ў унутраную вязьніцу і ногі іх замкнуў у калоду.
Цудоўнае асвабаджэньне з вастрога
25. Апоўначы Павал і Сіла маліліся і сьпявалі Богу гімны, і іншыя вязьні слухалі іх.
26. Раптам сталася вялікае трасеньне, аж захісталіся падмуркі вастрога, і адкрыліся ўсе дзьверы ды з усіх апалі путы.
27. Калі вартавы прачнуўся і ўбачыў дзьверы вастрога адчыненыя, схапіў меч і хацеў забіць сябе, думаючы, што вязьні паўцякалі.
28. Тады Павал закрычаў на ўвесь голас: "Не рабі сабе нічога благога, бо мы ўсе тут".
29. Тады ён, запатрабаваўшы сьвятла, ускочыў у вязьніцу ды ўпаў, дрыжучы, да ног Паўла і Сілы.
30. І вывеўшы іх навонкі, спытаўся: "Гаспадары, што мне трэба рабіць, каб збавіцца?"
31. Адказалі яму: "Увер у Госпада Езуса, і будзеш збаўлены ты і ўвесь дом твой".
32. І расказалі слова Госпада яму і ўсім, што былі ў яго доме.
33. І ў тую самую пару ночы ўзяў іх, абмыў раны і, не марудзячы, прыняў хрост разам з усімі сваімі.
34. Увёу іх таксама ў свой дом, запрасіў да стала ды з усім домам вельмі цешыўся, што ўверыў Богу.
35. І калі настаў дзень, магістрат паслаў ліктораў загадаць: "Звольніце гэтых людзей".
36. Вартавы вастрога пераказаў Паўлу гэты загад: "Магістрат прыслаў, каб выпусціць вас. Дык выйдзіце цяпер ды ідзіце ў супако".
37. Але Павал сказаў ім: "Перад народам без суду бічавалі нас, Рымскіх грамадзянаў, і пасадзілі ў вастрог, а цяпер цішком выпускаюць нас? О не! Хай самі прыйдуць і выведуць нас".
38. Лікторы перадалі гэтыя словы магістрату. Дык тыя спалохаліся, пачуўшы, што гэтыя Рымляне,
39. і прыйшлі, перапрасілі іх ды, вывеўшы, прасілі, каб яны пакінулі горад.
40. Яны ж, выйшаўшы з вязьніцы, пайшлі да Лідзіі, пабачыліся з братамі, пацешылі іх і выправіліся ў дарогу.
|