01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
17
У Тэсалёніцы
1. Прайшоўшы праз Амфіпаль і Апалёнію, прыбылі ў Тэсалёніку, дзе Юдэі мелі сынагогу.
2. Па звычаю сваім Павал наведаў іх і праз тры суботы выясьніў ім Пісаньне,
3. даводзячы і паказваючы, што Хрыстос мусіў цярпець і ўваскрэснуць з памёршых ды што: "Езус, якога я вам абвяшчаю, і ёсьць гэты Хрыстос".
4. І некаторыя з іх ды вялікая колькасць веручых Грэкаў, і нямала высокародных жанчын уверылі і далучыліся да Паўла і Сілы.
5. Тады завідныя Юдэі, узяўшы з рынку нягодных людзей, сабралі натоўп, і збунтавалі горад, і знайшлі дом Язона, ды шукалі іх, каб паказаць народу.
6. І, не знайшоўшы іх, павалаклі Язона ды некаторых братоў перад палітархаў, крычучы: "Гэтыя людзі, каторыя бунтуюць увесь сьвет, прыйшлі таксама сюды,
7. і Язон іх прыняў. Яны ўсе выступаюць супраць загадаў цэзара, заяўляючы, што ёсьць іншы кароль - Езус".
8. Такім чынам узбурылі яны грамады і палітархаў, каторыя гэта слухалі;
9. і, узяўшы паруку ад Язона і ад іншых, пусцілі іх.
У Бэрэі
10. Зараз жа ў начы браты выправілі Паўла і Сілу ў Бэрэю. Калі яны туды прыбылі, пайшлі ў Юдэйскую сынагогу.
11. Гэтыя былі больш шляхетныя, чым у Тэсалоніцы, і прынялі слова з усёю руплівасьцю ды штодзень разьбіралі Пісаньне, ці так гэта ёсьць.
12. І многа з іх уверыла, а таксама высокародныя жанчыны Грэцкія ды ня мала мужчынаў.
13. Калі Юдэі з Тэсалёнікі даведаліся, што таксама ў Бэрэі Павал вясьціць слова Божае, прыбылі і туды, падбураючы грамады і выклікаючы забурэньне.
14. Тады браты безадкладна выправілі Паўла, каб ішоў ён аж да мора, а Сіла і Цімафей засталіся там.
15. Тыя, што праводзілі Паўла, завялі яго аж у Атэны ды вярнуліся, атрымаўшы ад яго загад Сіле і Цімафею, каб чым хутчэй прыйшлі да яго.
Павал у Атэнах. Прамова ў Арэапагу
16. Чакаючы на іх у Атэнах, Павал абураўся ў духу, бачучы горад, аддадзены балванахвальству.
17. Таксама гутарыў у сынагозе з Юдэямі і з багабойнымі ды што дзень на плошчы з тымі, з каторымі сустракаўся.
18. Некаторыя з філёзафаў эпікурэйцаў і стоікаў спрачаліся з ім. І некаторыя казалі: "Што хоча сказаць гэты баўбатун?" Іншыя ж: "Здаецца, што ён абвяшчае новых багоў", бо абвяшчаў ім Езуса і ўваскрасеньне.
19. І узялі яго, і завялі ў Арэапаг, і запыталі: "Ці не маглі б мы даведацца, якое новае вучэньне ты прапаведуеш ?
20. Бо нейкія нячутыя рэчы ўкладаеш ты ў нашыя вушы. Дык хацелі б даведацца, што гэта мае быць".
21. Усе ж Атэнцы і пражываючыя там прыхадні нічым іншым не займаюцца, як толькі каб гаварыць або слухаць нешта новае.
22. Дык Павал, стаўшы сярод Арэапагу, сказаў: "Мужы Атэнскія! Па ўсім бачу, што вы надта пабожныя.
23. Праxодзячы вось ды аглядаючы вашыя сьвятыні, напаткаў аўтар, на каторым было напісана: "Невядомаму Богу". Дык Таго, каму вы, ня ведаючы, пакланяецеся, я вам абвяшчаю.
24. Бог, каторы стварыў сьвет ды ўсё, што на ім, Госпад неба і зямлі, не пражывае ў сьвятынях, рукой людзей пабудаваных,
25. ды не патрабуе паслугі рук людзкіх, як быццам Яму чаго не стае, бо Ён сам дае ўсім жыцьцё і дыханьне, ды ўсё іншае.
26. Ён з аднаго чалавека вывеў увесь род чалавечы, каб пражываў на ўсім вобліку зямлі, вызначаючы час і межы іхняга пражываньня,
27. каб шукалі Бога, можа, часам дакрануцца Яго і знойдуць Яго, бо Ён, па праўдзе, недалёка ад кожнага з нас.
28. Бо ў Ім жывём, рухаемся ды існуем, як сказалі некаторыя з вашых паэтаў: "Мы бо і род Ягоны".
29. Дык, будучы з роду Божага, не павінны мы думаць, што Боства падобнае да золата, або серабра, або каменя, разьбы мастака, або да твору розуму чалавечага.
30. І вось, зважаючы на часы няведаньня, Бог цяпер кліча ўсюды ўсіх людзей да навярненьня,
31. таму што вызначыў дзень, у каторы будзе судзіць сьвет справядліва і праз аднаго чалавека, каторага на гэта прызначыў, і даўшы усім пэўнасьць, уваскрашаючы Яго з памёршых".
32. Пачуўшы пра ўваскрасеньне мёртвых, адны насьміхаліся, а іншыя казалі: "Паслухаем цябе пра гэта іншым разам".
33. І гэтак Павал пакінуў іх.
34. Некаторыя, аднак, далучыліся да яго і ўверылі, між якімі і Дыяніс Арэапагіта ды жанчына на імя Дамара, і іншыя з імі.
|