01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
18
Пачаткі царквы ў Карыньце
1. Пасьля гэтага пакінуў ён Атэны ды прыбыў у Карынт.
2. Тут напаткаў ён нейкага Юдэя, імем Аквіля, родам з Понту, каторы з жонкаю Прысцыляй прыбыў нядаўна з Італіі, бо Кляўды выселіў з Рыму ўсіх Юдэяў, і прыйшоў да іх.
3. Ведаў вось ён тое самае рамясло, таму абжыўся ў іх і працаваў; і майстравалі палаткі.
4. І ў кожную суботу гутарыў у сынагозе ды пераконваў Юдэяў ды Грэкаў.
5. Па вяртаньні Сілы і Цімафея з Македоніі Павал выключна пасьвяціўся слову, сьведчачы Юдэям, што Езус ёсьць Хрыстос.
6. А калі працівіліся і блюзьнілі, атрос сваё адзеньне ды сказаў ім: "Кроў вашая на вашу галаву! Я не вінаваты. Ад гэтае хвіліны пайду да паганаў".
7. І перайшоў адтуль, і пасяліўся ў доме аднаго багабойнага чалавека, імем Ціт Юстус, дом якога быў побач з сынагогай.
8. Начальнік жа сынагогі, Крысп, з усім сваім домам уверыў у Госпада. І многа Карыньцянаў, слухаючы, уверыла і прыняло хрост.
9. Ноччу Госпад прагаварыў да Паўла ў зьяве: "Ня бойся, але гавары і не маўчы,
10. бо Я з табою і ніхто не кране цябе, каб пашкодзіць табе, бо многа маю ў гэтым горадзе народу".
11. Дык застаўся і вясьціў ім слова Божае год ды шэсьць месяцаў.
Павал на судзе Галіёна
12. А калі Галіён стаўся праконсулам Ахаі, Юдэі аднадушна паўсталі супраць Паўла і прывялі яго на суд,
13. кажучы: "Ён нагаворвае людзей, каб славілі Бога не паводле закону".
14. Калі ўжо Павал меў адчыніць вусны, Галіён сказаў Юдэям: "Калі б быў які праступак або злачынства, о Юдэі, дык я заняўся б вамі.
15. Але калі вы спрачаецеся пра словы і назовы ды пра ваш закон, дык самі разьбірайцеся. Я не хачу быць суддзёю ў такіх справах".
16. Затым выгнаў іх з суда.
17. А ўсе (Грэкі) схапілі начальніка сынагогі Састэна і білі яго перад судом, але Галіён не зьвяртаў на гэта ўвагі.
Праз Эфэз і Ерузалім у Антыёхію
18. А Павал, яшчэ даўжэйшы час прабыўшы ў Карыньце, разьвітаўся з братамі ды разам з Прысцыляй і Аквілям паплыў у Сырыю. А ў Кенхрах абстрыг галаву, бо такое зрабіў шлюбаваньне.
19. І дабраліся ў Эфэз, і там ён іx пакінуў, а сам пайшоў у сынагогу і гутарыў з Юдэямі.
20. Калі ж прасілі яго, каб заставаўся даўжэй, не згадзіўся,
21. але разьвітваючыся з імі, сказаў: "Вярнуся да вас, калі Бог захоча", і паплыў з Эфэзу.
22. Прыбыўшы ў Цэзарэю, зьлез на бераг, прывітаўся з царквою і направіўся ў Антыёхію.
Трэцяе місійнае падарожжа Паўла
23. 3абавіўшыся нейкі час там, зноў падаўся ў дарогу, падарожнічаючы праз Галятыю і Фрыгію, умацоўваючы ў веры ўсіх вучняў.
Дзейнасьць Апалёса
24. Адзін жа Юдэй, імем Апалёс, родам з Александрыі, чалавек красамоўны і моцны ў Пісаньні, прыбыў у Эфэз.
25. Ведаў ён дарогу Госпадаву і, палаючы Духам, гаварыў ды навучаў рупліва пра Езуса, ведаючы толькі Янаў хрост.
26. Ён пачаў адважна вучыць у сынагогах. Калі пачулі яго Прысцыля і Аквіля, забралі з сабой ды выясьнілі яму дакладней дарогу Божую.
27. А калі задумаў ён ісьці ў Ахаю, то браты напісалі ліст да вучняў, каб прынялі яго. Калі ж ён прыбыў, дапамагаў многа тым, што ўверылі праз ласку,
28. бо адкрыта адкідаў цьверджаньні Юдэяў, даводзячы публічна з Пісаньня, што Езус ёсьць Хрыстос.
|