01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28
23
1. Павал жа, гледзячы адважна на Раду, прамовіў: "Мужы браты! Да сёньняшняга дня я жыў на віду Бога з чыстым сумленьнем".
2. Тады першасьвятар Ананія загадаў тым, што пры ім стаялі, ударыць яго ў твар.
3. Тады Павал сказаў яму: "Хай ўдарыць цябе Бог, сьцяна пабеленая: То ты сеў мяне судзіць паводле закону, а загадваеш мяне біць насуперак закону".
4. А каторыя пры ім стаялі, сказалі: "Першасьвятару Божаму ты дакараеш?"
5. Сказаў Павал: "Ня ведаў, браты, што гэта першасьвятар. Бо напісана: "Начальніку народу твайго не дакарай".
6. І Павал, ведаючы, што адна частка садукеяў, а другая - з фарысэяў складаецца, закрычаў перад Радай: "Я - фарысэй, мужы браты, і сын фарысэяў! Стаю перад судом за тое, што спадзяюся ўваскрасеньня памёршых".
7. Калі гэта сказаў, узьнялася звадка паміж фарысэямі і садукеямі, ды дайшло да разьдзяленьня паміж сабраўшыхся.
8. Бо садукеі кажуць, што няма ўваскрасеньня, ані анёла, ані духа, а фарысэі прызнаюць адно і другое.
9. І зрабіўся вялікі гармідар, і ўскочылі некаторыя з кніжнікаў спаміж фарысэяў, і зацята крычалі: "Нічога благога ў гэтым чалавеку не знайшлі мы. Можа, сапраўды гаварыў да яго дух або анёл".
10. І калі дайшло да вялікага замяшаньня, трыбун, баючыся, каб не разарвалі Паўла, загадаў жаўнерам зыйсьці, і ўзяць яго спасярод іх, і завесьці ў крэпасьць.
11. У наступную ноч аб'явіўся яму Госпад і сказаў: "Адвагі! Трэба бо, каб ты і ў Рыме сьведчыў пра Мяне, так як (сьведчыў) у Ерузаліме".
Змова Юдэяў супраць Паўла
12. А як настаў дзень, сабралася зборышча Юдэяў, каторыя пакляліся ня есьці, і ня піць, пакуль не заб'юць Паўла.
13. Такую змову зрабіла болей за сорак чалавек, што гэтак запрысягліся.
14. Яны пайшлі да першасьвятароў і старшыняў і сказалі: "Мы прысяглі нічога ня браць у вусны, пакуль не заб'ём Паўла.
15. Цяпер вы, разам з Радай, пераканайце трыбуна, каб прывесьці яго да вас пад выглядам падрабязнейшага абсьледаваньня яго справы, а мы гатовыя забіць яго перш, чым дойдзе".
16. Калі пра змову пачуў сын сястры Паўла, прыйшоў ды ўвайшоў у крэпасьць, і расказаў пра гэта Паўлу.
17. Павал жа пазваў аднаго з сотнікаў і сказаў: "Завядзі гэтага юнака да трыбуна, бо мае нешта яму паведаміць".
18. Дык той узяў яго з сабой, завёў да трыбуна і сказаў: "Вязень Павал пазваў мяне і папрасіў, каб я завёў да цябе гэтага юнака. Ён мае нешта табе сказаць".
19. Трыбун узяў яго за руку і, адвёўшы на бок, запытаўся: "Што маеш мне сказаць?"
20. Ён адказаў: "Юдэі вырашылі прасіць цябе, каб заўтра прывёў Паўла ў Раду пад выглядам падрабязьнейшага абсьледаваньня яго справы.
21. Ты, аднак, ня вер ім, бо болей сарака з іх цікуе на яго. Яны запрысягліся ня есьці і ня піць, пакуль не заб'юць яго, і ўжо прыгатаваныя, чакаючы на твой дазвол".
22. Дык трыбун адпусьціў юнака і загадаў, каб нікому не гаварыў, што пра гэта яго паведаміў.
23. І, паклікаўшы двух сотнікаў, загадаў: "Прыгатуйце дзьвесьце жаўнераў і семдзесят коньнікаў, ды дзьвесьце дзіднікаў, каб у тры гадзіны ночы ішлі ў Цэзарэю.
24. Прыгатуйце і жывёлу да язды, каб, пасадзіўшы Паўла на яе, здаровага даставілі намесьніку Фэліксу".
25. Напісаў прытым ліст такога зьместу:
26. "Кляўды Лізі высокадастойнаму намесьніку Фэліксу прывітаньне.
27. Гэтага чалавека схапілі Юдэі і хацелі забіць. Я ж, пасьпяшаўшы з войскам, вырваў яго, даведаўшыся, што ён - Рымлянін.
28. Хочучы пазнаць прычыну, дзеля якой яго вінавацілі, даставіў яго ў іх Раду,
29. і знайшоў, што вінавацяць яго ў спрэчных пытаньнях іхняга закону, а не ў злачынстве, або ў чым вартым сьмерці або вастрогу.
30. Калі ж мне паведамілі аб змове на гэтага чалавека, я выслаў яго безадкладна да цябе, паведамляючы вінавацеляў, каб падалі абвінавачваньне на яго перад табой".
31. Дык жаўнеры паводле загаду ўзялі Паўла і ноччу павялі яго ў Антыпатрыду.
32. Назаўтра, пакінуўшы коньнікаў з ім, каб праводзілі яго, самі вярнуліся ў крэпасьць.
33. Тыя ж прыбылі ў Цэзарэю, і аддалі ліст намесьніку, ды паставілі Паўла перад ім.
34. А ён, прачытаўшы ліст, спытаў, з якой ён правінцыі. Калі ж даведаўся, што з Цыліцыі,
35. сказаў: "Выслухаю цябе, калі прыбудуць твае вінавацелі". І загадаў пільнаваць яго ў прэторыі Герода.
|