Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы


 

 

Другі ліст Карынцянам сьвятога апостала Паўлы

01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13


10

Абарона Паўла перад закідамі

Аб слабасьці апостала

1. Дарэчы, я сам, Павал, перасьцерагаю вас праз ціхасьць і ласкавасьць Хрыстову, што вось я між вас быў уважаны вамі за пакорнага, а цяпер, далёкі ад вас, - за залішне суровага да вас.

2. Дык вось малю вас, каб, як прыбуду, ня змушаны быў ужыць строгасьці, з якою манюся паставіцца да тых, каторыя ўважаюць, што ходзім мы паводле цела.

3. Бо хоць мы ходзім у целе, не ваюем паводле цела.

4. Наша вось зброя баявая не цялесная, але мае моц Божую для нішчэньня крэпасьцяў; ёю руйнуем замыслы

5. і ўсякую пыху, выступаючую супраць пазнаньня Бога, ды ўсякі розум бяром у палон Хрысту,

6. і пры тым гатовыя пакараць непаслухмянасьць кожнага, калі паслухмянасьць вашая станецца дасканалай.

7. Гляньце праўдзе ў вочы! Калі хто ўважае, што ён Хрыстовы, дык хай разважыць тое, што і мы, таксама як ён, Хрыстовыя.

8. Бо не было б мне сорамна, калі б я захацеў хваліцца тою ўладаю, каторую нам даў Госпад на будаваньне вас, а не на нішчэньне.

9. Але, не хацеў бы, каб выглядала, што я вас палохаю лістамі.

10. Некаторыя кажуць: "Лісты моцныя і грозныя, выгляд жа цела просты і слова звычайнае".

11. Хто так думае, хай ведае, што якія мы здалёк і ў словах лістоў, такімі ж будзем і між вамі ў дзейнасьці.

Супраць асуджэньня апостала за амбіцыі

12. Мы бо ня маем адвагі ані раўняцца, ані супастаўляцца з тымі, што самі сябе выстаўляюць. Бо яны мераюць сябе меркай сваёй асобы, раўняючы сябе з сабой, і гэтак не выказваюць вялікага розуму.

13. Ня будзем мы хваліцца па-над меру, але будзем ацэньваць сябе ў межах, вызначаных нам Богам, каб маглі дасягнуць і вас.

14. Бо не пераходзім належнай меры, як тыя, што да вас яшчэ не дайшлі, мы бодайшлі да вас Эвангельлем Хрыста.

15. Ня хвалімся бяз меры чужою працаю. Спадзяемся аднак, што з узрастаньнем вашай веры мы таксама ўзрастаць будзем у вас па нашай мерцы,

16. каб і далей у краях па-за вамі эвангелізаваць, ня хвалячыся тым, што было ўжо зроблена іншымі.

17. Хто хваліцца, хай у Госпадзе хваліцца.

18. Бо ня той выпрабаваны, хто сам сябе хваліць, але той, каго Госпад хваліць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст