01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13
5
На віду апошніх справаў
1. Бо мы ведаем, што калі зямны наш дом, хаціна, зьнішчэе, то маем ад Бога дом не рукамі зроблены, вечны ў небе.
2. Таму мы і ўздыхаем, прагнучы апрануцца ў нашае нябеснае прыстанішча,
3. калі толькі будзем адзетыя, а не без адзеньня.
4. Вось мы, знаходзячыся ў гэтай хаціне, згараваныя, уздыхаем, хочучы не пазбыцца яе, але прыадзецца ў новае адзеньне, каб тое, што сьмяротнае, ахоплена было жыцьцём.
5. На гэта і стварыў нас Бог, і даў нам заруку Духа.
6. Дзеля таго мы заўсёды ў добрым настроі, хоць ведаем, што пакуль жывём ў целе, мы далёкія ад Госпада.
7. Тут бо жывём вераю, а не агляданьнем.
8. Мы, аднак, жывём надзеяй ды маем добрую волю лепш пакінуць цела і стануць у прысутнасьці Госпада.
9. І таму імкнемся падабацца Яму, ці мы з Ім, ці далёка ад Яго.
10. Усе бо мы мусім стануць перад судом Хрыста, каб кожны атрымаў належную яму заплату за добрыя, ці ліхія ўчынкі, дакананыя ў целе.
Апостальская дзейнасьць
11. Дык ведаючы страх Госпадаў, мы пераконваем людзей, а перад Богам усё ў нас адкрыта. Спадзяюся, што і для сумленьняў вашых мы адкрытыя.
12. Кажам вам гэта не каб зноў сябе прадставіць, але каб даць вам магчымасьць пахваліцца намі, каб маглі вы што сказаць людзям, што хваляцца абліччам, а ня тым, што ў сэрцы.
13. Бо калі мы не ў сабе, дык для Бога; а калі ў цьвярозым розуме, дык дзеля вас.
14. Бо любоў Хрыста прынукае нас, разважаючых, што калі адзін памёр за ўсіх, дык усе памерлі.
15. І Ён памёр за ўсіх, каб тыя, што жывуць, ужо не для сябе жылі, але для Таго, хто за іх памёр і ўваскрос.
16. Таму і мы ад гэтага часу ня ведаем нікога паводле цела; і калі мы Хрыста ведалі паводле цела, дык ужо цяпер ня ведаем (Яго ў такі спосаб).
17. Бо хто ў Хрысце, той новае стварэньне; старое мінула, вось, сталася усё новае.
18. Усё ж ад Бога, які пагадзіў нас з сабою праз Хрыста, і даў нам служэньне паяднаньня,
19. бо вось Бог у Хрысьце пагадзіў сьвет з сабою, не ўлічваючы ім злачанстваў іхніх, ды даручыў нам слова прымірэньня.
20. Дык мы замест Хрыста пасланыя, як бы сам Бог просіць праз нас: за Хрыста просім: Пагадзіцеся з Богам!
21. Бо Ён Таго, хто ня ведаў грэху, учыніў занас грэхам, каб мы ў Ім сталіся справядлівасьцю Божай.
|