01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06 - 07 - 08 - 09 - 10 - 11 - 12 - 13
6
1. Мы, як супрацоўнікі (Божыя), перасьцерагаем вас, каб вы не марнавалі ласкі Божай,
2. бо Ён кажа: "У час прыдатны выслухаў Я цябе ды ў дзень збаўленьня ўспамог цябе". Вось цяпер час прыдатны, вось цяпер дзень збаўленьня!
3. Не даючы нікому магчымасьці горшыцца, каб не глуміліся з служэньня (нашага),
4. мы ў-ва ўсім выяўляем сябе слугамі Бога: у вялікай цярплівасьці, у горы, у недастатках, ва ўцісках,
5. пад ударамі, у вязьніцах, у бунтах, у трудах, у недаспаньнях, у пастах,
6. у чыстасьці, у мудрасьці, у вялікадушшы, у дабраце, у Духу Сьвятым, у шчырай любові,
7. у слове праўды, у моцы Божай, са зброяй праўды ў правай і левай руцэ,
8. у пашане і ў ганьбе, у добрай і ліхой славе; нібы ашуканцы, але праўдамоўныя,
9. быццам няведамыя, а ўсё ж добра вядомыя,быццам уміраючыя, а вось жывём, быццам караныя, але не замораныя,
10. як бы сумныя, але заўжды вясёлыя, быццам убогія, а ўсё ж узбагачаючыя многіх, як тыя, што нічога ня маюць, а ўсім валодаючыя.
Перасьцярогі і высновы
11. Вусны нашыя адкрыліся да вас, Карыньцяне, нашае сэрца расшырылася.
12. Вам ня цесна ў нас, але цесна ў вашых сэрцах.
13. Адгаджаючыся нам у той сам спосаб, як да сваіх дзяцей гавару: адкрыйцеся і вы.
14. Не запрагайцеся з няверучымі пад адно ярмо. Бо што мае супольнага справядлівасьць з несправядлівасьцю? Або якая супольнасьць сьвятла з цемраю?
15. Альбо якая згода Хрыста з Бэліярам, або якая частка веручага з няверучым?
16. Або якая лучнасьць сьвятыні Божай з ідаламі? Бо вы ёсьць сьвятыня Бога жывога, як кажа Бог: "Пасялюся ў іх і буду хадзіць сярод іх, і буду іх Богам, а яны будуць Маім народам.
17. Таму выйдзіце з-паміж іх і адлучыцеся ад іх, - кажа Госпад, - і не дакранайцеся да нічога нячыстага, і Я вас прыйму,
18. і буду вам Айцом, а вы будзеце Маімі сынамі і дочкамі, - кажа Госпад Усемагутны."
|