01 - 02 - 03 - 04 - 05
2.
Дзейнасьць Паўла ў Тэсалоніцы
1. Самі ж ведаеце, браты, прыбыцьцё нашае да вас, што не бясплодным было,
2. але раней нацярпеўшыся гора, як ведаеце, і зьняваг у Філіпах, надзею сваю мелі мы ў Богу нашым, абвяшчаючы вам Эвангельле Божае ў многіх турботах.
3. Бо навучаньне наша не вынікае з памылкі, ані з нячыстасьці, ані з якога подступу,
4. але як выпрабаваныя Богам, каб было даверана нам Эвангельле, так і гаворым, каб не людзям падабацца, але Богу, які ведае сэрцы нашыя.
5. Бо ніколі, як ведаеце, не былі мы ў слове лісьлівымі, ані пры ніякай нагодзе хцівымі, Бог сьведка,
6. не шукалі таксама ў людзей славы, ані ў вас, і ані ў другіх.
7. Хоць маглі быць у паважаньні як апосталы Хрыстовыя, але сталіся мы малымі між вас; і як маці спагадная дзецям сваім,
8. так і мы, спагадныя вам, хацелі шчыра перадаць вам ня толькі Эвангельле Божае, але і душы нашыя, сталіся бо вы нам вельмі дарагімі.
9. Вы памятаеце, браты, працу нашу і стому; днём і ноччу робячы, каб каго з вас не абцяжарыць, абвяшчалі мы вам Эвангельле Божае.
10. Сьведкі вы і Бог, як сьвята, справядліва і без нараканьня былі мы з вамі, якія ўверылі.
11. Самі ведаеце, як кожнага з вас, як бацька дзяцей сваіх,
12. просячы і пацяшаючы, пераконвалі жыць дастойна Бога, які паклікаў вас да Каралеўства свайго і хвалы.
13. Таму і мы бесперапынна дзякуем Богу, бо калі вы прынялі слова Божае, пачутае ад нас, успрынялі яго не як слова чалавечае, але як сапраўды яно ёсьць, як слова Божае, якое і дзейнічае ў вас, веручых.
14. Бо сталіся вы, браты, пераймальнікамі цэркваў Божых, што ў Юдэі ў Хрысьце Езусе, бо і вы нацярпеліся ад землякоў вашых, як і яны ад Юдэяў,
15. якія і Госпада Езуса забілі і прарокаў, і нас перасьледавалі, і Богу не падабаюцца, і ўсім людзям працівяцца,
16. забараняюць нам гаварыць да паганаў, каб тыя не былі збаўлены; і гэтак дапаўняюць усё мерку грахоў сваіх. Але прыйшоў нарэшце гнеў Божы на іх.
Клопат і радасьць апостала дзеля любові і трываласьці верных
17. Мы ж, браты, разлучаныя з вамі на кароткі час абліччам, а ня сэрцам, тым мацней сьпяшаемся пабачыць вас з вялікім прагненьнем.
18. Вось жа хацелі мы пайсьці да вас, асабліва я, Павал, і раз, і другі, але перашкодзіў нам шатан.
19. Што ж можа быць нашаю надзеяй, або радасьцю, або вянком славы? Ці ж ня вы перад Госпадам нашым Езусам у прыход Ягоны?
20. Бо вы - наша слава і радасьць.
|