01 - 02 - 03 - 04 - 05 - 06
3.
Аб біскупах
1. Вернае слова: Калі хто біскупства жадае, добрай справы хоча.
2. Біскупу належыцца быць беззаганным, мужу аднае жонкі, цьвярозым, разумным, чэсным, гасьцінным, здольным вучыць;
3. не п'яніцаю, не задзіраю, але далікатным, не сварлівым, не сквапным (на грошы),
4. добрым гаспадаром уласнага дому, трымаючым у паслухмянасьці дзяцей з усякай пашанай;
5. бо калі хто ня можа кіраваць сваім домам, як жа будзе рупіцца аб Царкве Божай?
6. (Трэба, каб быў) не з нованаверненых, каб не ўзьбіўся ў пыху і не папаў на суд разам з д'яблам.
7. Яму належыць мець добрае сьведчаньне ад акружаючых, каб ня быў у пагарджэньні і ня трапіў у пастку д'ябла.
Аб дыяканах
8. Таксама і дыяканы павінны быць паважныя, не двухязычныя, не зашмат віна ўжываючыя, ня сквапныя да нажывы,
9. маючыя таямніцу веры ў чыстым сумленьні.
10. І яны павінны быць перш выпрабаваныя, і потым, ня маючы ніякага за сабой праступку, хай служаць.
11. Падобна і жанчыны (павінны быць) паважныя, не абмоўныя, цьвярозыя, верныя ва ўсім.
12. Дыяканы каб былі мужамі аднае жонкі, якія добра выхоўваюць дзяцей сваіх і кіруюць сваімі дамамі.
13. Тыя, што добра выпаўняюць служэньне, здабываюць сабе пачэсную ступень ды вялікую ўпэўненасьць у веры, якая ёсьць у Езусе Хрысьце.
Таямніца Царквы і Хрыста
14. Пішу табе ўсё гэта, маючы надзею прыбыць да цябе неўзабаве.
15. Калі ж замаруджу, каб ведаў ты, як маеш трымацца ў доме Божым, які ёсьць Царква Бога жывога, стоўп і ўмацаваньне праўды.
16. Ды, ясная рэч, вялікая таямніца пабожнасьці: Ён (Хрыстос) аб'явіўся ў целе, засьведчаны Духам, паказаўся анёлам, абвешчаны паганам, прыняты вераю ў сьвеце, узьнесены ў хвале.
|