Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Першы ліст сьвятога апостала Пятра


 

 

Першы ліст сьвятога апостала Пятра

01 - 02 - 03 - 04 - 05


4

Вырачэньне грахоў

1. Дык калі Хрыстос цярпеў за нас целам, дык і вы ўзбройцеся тою самою думкаю, што той, хто церпіць целам, перастае грашыць,

2. каб астатак жыцьця ў целе пражыць не для пажаданьняў людзкіх, але для волі Божай.

3. Бо даволі, што ўжо ў мінулыя часы жылі вы па звычаю паганаў, у разбэшчанасьці, пажаданьнях, у злоўжаваньні віном, абжарстве, п'янстве і агідным ідалахвальстве.

4. Дзеля таго яны дзівяцца, што вы ня топіцеся разам з імі ў тым самым віры распусты, ды таму блага аб вас гавораць.

5. Яны здадуць справаздачу Таму, хто мае прыйсьці судзіць жывых і памёршых.

6. Таму было вешчана Эвангельле нават памёршым, каб яны, хоць суджаныя целам як людзі, жылі Духам па-Божаму.

7. Усім ужо блізкі канец. Дык будзьце разумнымі і чувайце ў малітвах.

8. Перад усім мейце нязьменную любоў між сабою, бо любоў закрывае многа грахоў.

9. Будзьце адны другім без нараканьня гасьціннымі.

10. Служыце адны другім тым дарам, які хто атрымаў, як добрыя раздаўцы разнастайнай ласкі Божай.

11. Калі хто прамаўляе, хай (гаворыць) як словы Божыя; калі хто паслугуе, хай (паслугуе) моцай, дадзенай яму Богам, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог праз Езуса Хрыста, якому хвала і панаваньне ў вякі вечныя. Амэн.

Цярпеньне для Хрыста

12. Дарагія! Не дзівецеся, што паліць вас агонь, які дзеля выпрабаваньня вас пасланы, хоць бы што нечаканае вас напаткала,

13. але на колькі вы ўдзельнічаеце ў цярпеньнях Хрыстовых, радуйцеся, каб і ў аб'яўленьні хвалы Ягонай цешыліся вы з радасьцю.

14. Калі зьневажаюць вас за імя Хрыста, вы шчасьлівыя, бо Дух хвалы, (Дух) Божы на вас супачывае.

15. Хай толькі ніхто з вас не церпіць як забойца, або злодзей, або ліхадзей, або пасягаючы на чужое.

16. Калі ж (церпіць) як хрысьціянін, хай не саромеецца, але хай хваліць Бога за гэтае імя.

17. Бо час, каб суд распачаўся ад дому Божага. Калі перш ад нас, дык які канец будзе тых, што ня слухаюць Божага Эвангельля?

18. "І калі справядлівы ледзь будзе збаўлены, дык бязбогі і грэшнік, дзе апынецца?"

19. Дык тыя, што церпяць згодна з воляй Божай, хай аддаюць свае душы вернаму Творцу, робячы дабро.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст