01 - 02 - 03 - 04 - 05
3
1. Паглядзіце, якую любоў даў нам Айцец, каб мы называліся дзецьмі Божымі, і мы імі ёсьць! Сьвет таму ня ведае нас, што не пазнаў Яго.
2. Дарагія, мы цяпер дзеці Божыя, але яшчэ ня выявілася, кім мы будзем. Ведаем, што калі выявіцца, мы будзем падобныя да Яго, бо ўбачым Яго такім, якім Ён ёсьць.
3. І кожны, хто мае такую надзею ў Ім, ачышчае сябе, як Ён чысты.
Сьцерагчыся грахоў
4. Кожны, хто грашыць, дапускаецца беззаконьня, бо грэх ёсьць беззаконьне.
5. І ведаеце, што Ён аб'явіўся на тое, каб зьняць грахі, і ў Ім няма грэху.
6. Кожны, хто трывае у Ім, не грашыць; ніводзін жа з тых, што грашаць, ня бачыў Яго, і не пазнаў Яго.
7. Дзеткі! Хай ніхто вас ня зводзіць. Хто робіць справядлівасьць, той справядлівы, як і Ён справядлівы.
8. Хто грашыць, той ад д'ябла, бо д'ябал ад пачатку грашыць. Дзеля гэтага і аб'явіўся Сын Божы, каб зьнішчыць даконы д'ябла.
9. Кожны, хто нарадзіўся ад Бога, не грашыць, бо трывае ў ім насеньне Яго; такі ня можа грашыць, бо ён нарадзіўся ад Бога.
Жыць у любові
10. Гэтым выяўляюцца дзеці Божыя і дзеці д'ябла: кожны, хто не спаганяе справядлівасьці, ня ёсьць ад Бога, таксама як і той, хто ня любіць брата свайго.
11. Бо такое ёсьць абвяшчэньне, каторае чулі вы ад пачатку, каб мы любілі адзін другога.
12. Не як Каін, які ад ліхога быў і забіў брата свайго. А чаму яго забіў? Бо ўчынкі яго былі благія, а брата яго - справядлівыя.
13. Не дзівіцеся, браты, калі сьвет ненавідзіць вас.
14. Мы ведаем, што перайшлі ад сьмерці да жыцьця, бо любім братоў; хто ня любіць, той трывае ў сьмерці.
15. Кожны, хто ненавідзіць брата свайго, ёсьць забойца, а вы ведаеце, што ніводзін забойца ня мае ў сабе жыцьця вечнага.
16. З гэтага пазналі мы любоў, што Ён аддаў жыцьцё сваё за нас; і мы павінны аддаваць жыцьцё за братоў.
17. Калі хто мае маёмасьць гэтага сьвету і бачыць, што брат ягоны жыве ў бядзе, і зачыняе сэрца сваё перад ім, дык як можа быць у ім любоў Божая?
18. Дзеткі, будзем любіць ня словам ці языком, але чынам і праўдай.
19. Па гэтым пазнаем, што мы ад праўды, ды супакоім перад Ім сэрцы нашыя,
20. бо калі нашае сэрца асуджае нас, дык Бог вялікшы ад нашага сэрца і ведае ўсё.
21. Умілаваныя, калі сэрца не асуджае нас, маем адвагу перад Богам,
22. і пра што прасіць будзем, атрымаем ад Яго, бо спаўняем прыказаньні Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца.
23. А прыказаньне Ягонае такое: каб мы верылі ў імя Ягонага Сына Езуса Хрыста і любілі адзін другога, як Ён нам загадаў.
24. І хто спаўняе прыказаньні Ягоныя, той трывае у Богу, а Бог - у ім, і тое, што Ён прабывае ў нас, пазнаем па Духу, якога Ён нам даў.
|