01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22
13
Зьвер з мора
1. I ўбачыў я зьвера, які падымаўся з мора, з сямю галовамі і дзесяцьцю рагамі. На рагах у яго было дзесяць дыядэмаў, і на галовах яго надпісы блюзьнерскія.
2. І зьвер, якога я бачыў, быў падобны да барса, а ступні яго як у мядзьведзя, а ляпа ў яго як у льва. I даў яму дракон сілу сваю, і трон свой, і вялікую ўладу.
3. I адна з яго галоваў быццам сьмяротна ранена, і тая яе сьмяротная рана была залечана. I дзівілася ўся зямля з гэтага зьвера,
4. і пакланіліся ўсе перад драконам, які даў уладу зьверу, і кланяліся зьверу, кажучы: "Хто ж зраўняецца са зьверам і хто зможа супраць яго ваяваць?"
5. I дадзены былі яму вусны, нахабна гаворачыя блюзьнерствы, і дадзена была яму усякая улада дзейнічаць праз сорак два месяцы.
6. I адчыніў ён ляпу ў блюзьнерствах на Бога, зьневажаючы імя Ягонае, і сялібу Яго, і тых, што жывуць у небе.
7. I пры тым дадзена было зьверу ваяваць супраць сьвятых і перамагаць іх, і дадзена была яму моц над усякім пакаленьнем, народам, моваю, і пляменьнем.
8. I кланяцца будуць яму усе, што абжываюць зямлю, каторых імёны ад заснаваньня сьвету не запісаны ў кнізе жыцьця Ягняці, які быў забіты.
9. Хто мае вуха, хай слухае:
10. "Хто прызначаны ў палон, той ідзе ў палон. Хто павіны мячом быць забіты, належыцца таму прапасьці ад мяча. Тут вось (выявіцца) цярплівасьць і вера сьвятых".
Зьвер з зямлі
11. I ўбачыў я іншага зьвера, што падымаўся з зямлі, і меў ён два рогі, падобныя да ягнячых, і гаварыў як дракон.
12. І зьдзяйсьняе ён поўную ўладу першага зьвера на вачах у яго, і прынукае зямлю і яе жыхароў пакланяцца першаму зьверу, якога сьмяротная рана была залечана.
13. І чыніць ён вялікія знакі, нават агонь скідае з неба на зямлю ў прысутнасьці людзей.
14. І зводзіць жыхароў зямлі знакамі, якія дадзена яму рабіць перад зьверам, кажучы жыхарам, каб рабілі абразы зьвера, што меў рану ад мяча, але быў вылечаны.
15. I дадзена было яму ўдыхнуць жыцьцё ў абраз зьвера, каб гаварыў той абраз зьвера і каб таго, хто не пакланяўся абразу зьвера, забівана.
16. I робіць, што малыя і вялікія, багатыя і бедныя, вольныя і нявольнікі атрымліваюць знак на правай руцэ або на сваім чале,
17. і ніхто ня зможа купляць або прадаваць, хто ня будзе мець знаку, або імя зьвера, або лічбы яго.
18. Тут трэба мудрасьць; хто мае розум, няхай палічыць лічбу зьвера; бо гэта лічба чалавека, і лічба гэтая шэсьцьсот шэсьцьдзесят шэсьць.
|