Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна


 

 

Адкрыцьцё сьвятога апостала Яна

0102030405060708091011
1213141516171819202122

 

18

Прадказаньне зьнішчэньня Бабілёна

1. Пасьля гэтага бачыў я іншага анёла, які зыходзіў з неба і меў вялікую ўладу, і зямля зазіхацела ад яснасьці яго.

2. І загаварыў ён магутным голасам: "Упаў, упаў Бабілён, вялікая (распусьніца), і стаўся паселішчам дэманаў і сховішчам усякіх духаў нячыстых, і схованкай усякага нячыстага зьвера і птушкі.

3. Бо ўсе народы пілі віно гневу распусты яе, і ўсе каралі зямлі з ёю чужаложылі, і купцы зямлі ўзбагачаліся з яе вялікага багацьця".

Заклік выйсьці з Бабілёну

4. І пачуў я яшчэ іншы голас з неба, які казаў: "Выйдзі з яе, народ Мой, каб ня стаўся ты ўдзельнікам яе грахоў і каб разам не пацярпеў плягаў яе.

5. Бо падняліся грахі яе аж да неба, і прыпомніў Госпад яе нягоднасьць.

6. Адгадзіце ёй, як і яна вам давала, і падвойце ёй удвая за яе ўчынкі; у чашу, з якой яна вас паіла, наліце ўдвая.

7. Колькі выносілася яна і раскашавалася, столькі дайце ёй і гарчыні, і суму, бо думала ў сваім сэрцы: "Сяджу, як каралева, і не ўдава я, і не пабачу суму".

8. Дзеля таго зваляцца на яе ў адзін дзень плягі яе, і гора, і сьмерць, і сум, і агнём будзе спалена, бо магутны Госпад Бог, які судзіць яе будзе.

Плач дзеля зьнішчэньня Бабілёну

9. І плакаць будуць і галасіць дзеля яе каралі зямлі, якія з ёй распусьнічалі і жылі ў раскошы, калі ўбачаць дым пажару яе,

10. і, стоячы здалёк, дзеля страху яе мучэньняў будуць казаць: "Гора, гора, вялікі той горад, Бабілён, горад магутны, у адну хвіліну прыйшоў суд на цябе".

11. І гандляры зямлі будуць плакаць і лямантаваць дзеля таго, што іх тавараў ніхто ўжо ня купіць,

12. тавараў залатых і серабраных, і з дарагіх каменьняў, і пэрлаў, і вісону, і пурпуры, і ядвабу, і кармазыну, і рознага пахкага дрэва ды вырабаў са слановай косьці, і ўсякіх рэчаў з найдаражэйшага дрэва, і медзі, і жалеза, і мармуру,

13. і цынамону, і духмянасьцяў, і пахаў, і масьці, і кадзілаў, і віна, і алівы, і чыстай мукі, і пшаніцы, і жывёлы, і авечак, і коней, і вазоў, і нявольнікаў, і душаў людзкіх.

14. І плады, што радавалі сэрца тваё, прапалі для цябе, і ўсё тлустае і бліскучае зьнікла перад табою, і больш ужо яго не знайсьці.

15. Гандляры гэтых тавараў, якія праз яе ўзбагаціліся, будуць стаяць здалёк дзеля яе мук, плачучы і лямантуючы,

16. і кажучы: "Гора, гора табе, вялікі горад, апранены ў вісон і пурпур, і кармазын, і багаты золатам, дарагімі каменьнямі і пэрламі,

17. бо ў адну хвіліну пагінулі такія багацьці!" І ўсе стырнікі, і перавозчыкі прыбярэжныя, і маракі разам з тымі, што на моры працавалі, здалёк стоячы,

18. уздыхалі і, гледзячы на пажар, казалі: "Дзе ж падобны да гэтага горад так вялікі?"

19. І пасыпалі попелам галовы сабе і крычалі, плачучы і галосячы, і казалі: "Гора, гора табе, вялікі горад, у якім усе сталіся багатымі, хто меў караблі на моры, са скарбаў яго. У адзін момант усё прапала!

20. Цешцеся з яго нядолі, неба і сьвятыя, і апосталы, і прарокі, бо спагнаў Бог суд ваш над ім".

21. Тады адзін магутны анёл падняў вялікі, як млынавы, камень і кінуў яго ў мора, кажучы: "З такой сілаю будзе скінуты гэты горад Бабілён так вялікі, і больш не паўстане.

22. І голасу граючых на гусьлях, і сьпевакоў, і дудароў, і труб не пачуецца больш у табе, і ня знойдзецца больш ніводнага мастака і ніякага мастацтва, і ня будзе чутна голасу жорнаў,

23. і не зазіхаціць у табе больш сьвятло лямпы, і голасу жаніха і нявесты больш у табе не пачуеш, бо купцы твае былі магнатамі сьвету, бо ўсе народы былі затрутыя тваімі чарамі,

24. і (знойдзена) ў табе кроў прарокаў і сьвятых ды ўсіх тых, што закатаваныя былі на зямлі".


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст