10.
Выбар дванаццаці Апосталаў
1. Затым сазваўшы дванаццаць вучняў Сваіх, даў ім уладу над духамі нячыстымі, выганяць іх, аздараўляць усякую хваробу ды ўсякую немач.
2. А імёна Дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, якога завуць Пятром, і Андрэй, брат яго.
3. Якуб, сын Зэбэдэяў ды Ян, брат ягоны; Філіп і Баўтрамей, Тамаш і Матэвуш, мытнік, Якуб, сын Алфея, і Тадэвуш.
4. Сымон Хананеец і Юда Іскарыёт, які яго выдаў.
5. Гэтых Дванаццаць паслаў Езус загадваючы ім ды кажучы: "На дарогу паган не заходзьце і ў гарады самар'янаў не ўваходзьце.
6. Але перш ідзіце да авец, якія прапалі з дому Ізраеля.
7. А ідучы прапаведайце і кажыце, што прыблізілася Каралеўства Нябеснае.
8. Аздараўляйце хворых, ускрашайце памёршых, ачышчайце пракажоных, выганяйце дэманаў. Дарма атрымалі, дарма давайце.
9. Не мейце ў капшукох вашых ані золата, ані серабра, ані грошай,
10. ані торбы, ані двух вопраткаў, ані сандалаў, ані кія. Бо працаўнік варт сваёй стравы.
11. А ў які горад зойдзеце або вёску, спытайцеся, хто ў ім дастойны ды там абжывайцеся аж да свайго адыходу.
12. Уваходзячы ў дом вітайце яго і кажыце: "Супакой гэтаму дому."
13. А калі б дом той быў бы годны, хай сыйдзе на яго супакой ваш. А калі б не быў годзен, хай супакой ваш вернецца да вас."
14. А калі б хто вас не прыняў ды ня слухаў слоў вашых, выйшаўшы на двор (на вонкі) з дому або горада абтрасіце пыл з ног вашых.
15. Сапраўды кажу вам, лягчэй будзе зямлі Садомскай і Гаморскай у дзень суду, чым таму гораду (або дому)."
Прадсказаньне будучых прасьледаваньняў
16. Вось жа пасылаю Я вас як авец у ваўкі: дык будзьце прадбачлівыя як зьмеі, а прастадушныя як галубкі.
17. Сьцеражыцеся людзей. Павядуць бо вас на суды і ў сынагогах бічаваць вас будуць.
18. Дзеля Мяне (Бога) будуць цягаць вас да ўладаў і каралёў на пасьведчаньне (на доказ) ім і паганцам.
19. А калі вас выдаваць будуць ня думайце як і што гаварыць маеце, бо ў той час, што маеце гаварыць, будзе дадзена вам.
20. Бо ня вы, якія гаворыце, але Дух Айца вашага, Каторы праз вас гаворыць.
21. Ды выдасьць на сьмерць брат брата, а бацька сына і збунтуюцца сыны супроць бацькоў і будуць прычынай іхняй сьмерці.
22. Ды будзеце ў нянавісьці дзяля Імя Майго ўва ўсіх. Але хто выстаіць да канца, будзе збаўлены.
23. Калі вас прасьледаваць будуць у тым горадзе, пераходзьце ў другі. Сапраўды кажу вам, што не пройдзеце гарадоў Ізраеля, як прыйдзе Сын Чалавечы.
24. Вучань не над Вучыцеля, ані над пана свайго.
25. Хопіць вучню, каб быў як ягоны настаўнік, а слуга як ягоны пан. Калі гаспадара дому назвалі бельзэбубам, тым больш дамаўнікоў ягоных.
26. Дзеля таго не бойцеся іх. Бо німа нічога скрытага, каб не было выяўлена, і нічога тайнага, чаго б ня ведалі.
27. Што гавару вам у поцемках, прапавядайце ў сьвятле, а што чуеце на вуха, разгалашайце на дахах.
28. Не бойцеся тых, якія забіваюць цела ваша, а душы забіць не могуць. Бардзей бойцеся Таго, хто можа і душу і цела загубіць у пекле.
29. Ці ж за медзяка не прадаюць двух вераб'ёў? А ніводзін з іх не ўпадзе на зямлю, без Айца вашага.
30. Нават валасы вашы на галаве палічаны.
31. Дык не бойцеся, лепшыя (важнейшыя) вы чым вераб'і.
32. Кожнага затым, хто Мяне прызнае перад людзьмі, і яго прызнаю перад Айцом Маім, Які ў небе.
33. А хто Мяне вырачэцца перад людзьмі выракуся і Я перад Айцом Маім, Які ў небе."
Супакой і барацьба
34. Не думайце, што прыйшоў на зямлю прынесьці мір (супакой). Не прынёс Я мір - супакой, але меч.
35. Бо прыйшоў Я аддзяліць чалавека - сына ад яго бацькі, дачку ад маткі ейнай, сынавую ад сьвякрухі ейнай.
36. Ды будуць непрыяцелямі чалавек і дамаўнікі ягоныя.
37. Хто любіць больш бацьку, ці матку, чым Мяне, той не варт Мяне (не дастойны). І хто больш любіць сына ці дачку, чым Мяне, той не годзен Мяне.
38. Ды хто не бярэ крыжа свайго, і не насьледуе Мяне, той ня варт (не дастоен) Мяне.
39. Хто ўсьцеражэ душу сваю - загубіць яе, а хто б аддаў душу сваю дзеля Мяне - аднойдзе яе.
40. Хто вас прымае - Мяне прымае, а хто Мяне прымае, прымае Таго, Хто Мяне паслаў.
41. Хто прымае прарока ў імя прарока, возьме заплату прарока. Хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, заплату справядлівага атрымае.
42. А хто б аднаму з гэтых найменшых, дзеля таго, што ён вучань, даў бы кубак халоднай вады напіцца, сапраўды кажу вам, не міне яго ўзнагарода.
|