19.
Сужэнства і дзявоцтва (дзявічасьць)
1. Езус скончыў гэтыя павучэньні і выйшаў з Галілеі і прыйшоў да граніц Юдэі за Ярдан.
2. За Ім ішлі вялікія грамады, каторыя там аздаравіў.
3. Затым падыйшлі да Яго фарызэі і зводзячы (кушачы) Яго, пыталіся: "Ці выпадае чалавеку з якой колечы прычыны адправіць жонку сваю?"
4. А Езус у адказ сказаў ім: "Ці не чыталі, што Той, Хто стварыў на пачатку "мужчыну і жанчыну стварыў іх"
5. і сказаў: "Таму пакіне чалавек бацьку і маці і злучыцца з жонкаю сваёй, ды будуць двое ў адным целе.
6. І так ужо не двое, але адно цела (Род 2,24). Дык што Бог злучыў, чалавек хай не разлучае."
7. Сказалі Яму: "Дык чаму Майсей загадаў даць ёй ліст разводны і адправіць?"
8. Сказаў ім:"Дзеля цьвёрдага сэрца вашага дазволіў вам Майсей адправіць жонку вашую, але не было так напачатку.
9. Затым кажу вам, што хто разводзіцца з жонкаю сваёй, з выняткам чужаложства, а жэніцца з іншаю - чужаложыць. І хто з разьведзенай ажаніўся б - чужаложыць.
10. Дык сказалі Яму вучні Ягоныя: "Калі такі абавязак мужчыны да жанчыны, то лепш не жаніцца."
11. А Езус сказаў ім: "Не ўсе разумеюць гэту навуку, а толькі тыя, каторым дадзена.
12. Бо ёсьць скапцы, што такімі з жывата маці нарадзіліся, але ёсьць скапцы, каторых такімі людзі зрабілі, ды ёсьць скапцы, што самі сябе скапцамі зрабілі для Каралеўства Нябеснага. Хто можа зразумець, няхай разумее."
Езус і дзеці
13. Аднойчы прывялі да Яго дзеткі. Каб усклаў на іх рукі і памаліўся. Але вучні сварыліся на іх.
14. Дык Езус сказаў ім: "Пусьціце дзетак і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне, бо такіх Каралеўства Нябеснае."
15. І ўсклаўшы на іх рукі Свае, пайшоў адтуль.
Багаты юнак
16. А вось хто-то падыйшоў да Яго і сказаў Яму: "Добры настаўніча, што маю добрага рабіць, каб здабыць жыцьцё вечнае?"
17. А Езус сказаў яму: "Што Мяне пытаешся аб добрым? Адзін толькі Бог добры. А калі хочаш увайсьці ў жыцьцё, спаўняй прыказаньні".
18. Спытаўся ў Яго: "Якія? Езус яму сказаў: "Не забівай, не чужалож, не крадзі, не сьведч фальшыва,
19. паважай бацьку свайго і сваю матку, ды любі бліжняга свайго як сябе самога (Вых 20,12-15)"
20. Кажа Яму юнак: "Усё гэта бярог я ад свайго маленства, чаго мне яшчэ не хапае?"
21. Сказаў яму Езус: "Калі хочаш быць дасканалы, ідзі, разпрадай усё, што маеш, раздай ўбогім, а будзеш мець скарб у небе, а прыходзь і хадзі за Мной".
22. Калі юнак пачуў гэта слова, адыйшоў сумны, бо меў вялікую маёмасьць.
Багацьце і ўбогасьць
23. Затым Езус сказаў Сваім вучням: "Сапраўды кажу вам, што багацей з трудом увойдзе ў Каралеўства Нябеснае.
24. Зноў кажу вам: "Лягчэй вярблюду прасунуцца праз вушка іголкі, чым багацею ўвайсьці ў Карлеўства Нябеснае."
25. Пачуўшы гэта вучні надта дзівіліся і казалі: "Хто тады можа збавіцца?"
26. А Езус узглянуўшы, сказаў ім: "У людзей немагчыма, але у Бога ўсё магчыма."
27. Затым у адказ Пётр сказаў Езусу:"Вось жа мы пакінулі ўсё і пайшлі за Табой, дык што мы атрымаем?"
28. Езус сказаў ім: "Сапраўды кажу вам, што вы, каторыя пайшлі за Мною, у адраджэньні, калі засядзе Сын Чалавечы на Сталіцы велічы Сваёй, засядзіце і вы на дванацаці сталіцах, і будзеце судзіць дванаццаць пакаленьняў Ізраеля.
29. А кожны, хто б пакінуў дом або братоў, або сёстраў, або бацьку, або матку, або жонку, або сыноў, або зямлю дзеля імя Майго, у сто раз болей атрымае і здабудзе жыцьцё вечнае.
30. І многа першых будзе апошнімі, а апошнія - першымі.
|