24.
Прадсказ збурэньня Ерузаліму
1. Пакінуўшы сьвятыню, калі Езус ішоў дале, прыступіліся вучні Ягоныя, каб паказаць Яму пабудовы сьвятыні.
2. Ён ім у адказ сказаў: "Відзіце гэта ўсё? Сапраўды кажу вам, не застанецца з гэтага камень на камені, які б ня быў развалены".
3. А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары, прыйшлі вучні толькі самі да Яго і пыталіся: "Скажы, калі гэта будзе, ды што за знак папярэдзіць прыход Твой і канец сьвету?"
4. У адказ сказаў ім Езус: "Глядзіце, каб хто вас не зьвёў.
5. Бо многа прыйдзе ў імя Маё і скажа: "Я Хрыстус" і многіх зьвядуць.
6. Калі вы пачуеце аб войнах і паведамленьнях ваенных, глядзіце, не трывожцеся, бо гэта адбыцца павінна, але не на гэтым канец.
7. Падымецца народ на народ, каралеўства на каралеўства, будуць пошасьці, голад, месцамі землятрусы.
8. А гэта ўсё толькі пачатак мукаў.
9. Тады будуць выдаваць вас на мукі і забіваць вас будуць, ды будзеце ненавіджаны ўсімі народамі дзеля імя Майго (Хрыстус -Хрысьціяне).
10. Тады многія паддадуцца згаршэньню і будуць выдаваць адзін другога і ненавідзець будзе адзін другога.
11. Паявяцца многія фальшывыя прарокі і будуць зводзіць многіх.
12. Таму што ўзрасьце несправядлівасьць астыне любоў у многіх.
13. А хто ўстаіць да канца - будзе збаўлены.
14. І будзе прапаведана Эвангелія Каралеўства па ўсім сьвеце на пасьведчаньне ўсім народам і тады настане канец.
15. Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня, дакрануўшую і сьвятыя месцы, прадсказаную Даніелем Прарокам (хто чытае, хай разумее)
16. тады тыя, што ў Юдэі хай уцякаюць у горы,
17. а хто на даху, хай не сыходзіць узяць штосьці з дому;
18. а хто на полі, хай не варачаецца забраць свой плашч.
19. Гора бярэменным і соючым у тыя дні.
20. Дык прасіце, каб ваша бегства ня была ў зіму, ці ў шабат.
21. Бо тады будзе вялікі прыгнёт, якога не было ад пачатку сьвету аж дасюль дый ня будзе.
22. І каб не былі скарочаны тыя дні, ніхто б не захаваўся, але дзеля выбраньнікаў будуць скарочаны тыя дні.
23. Тады, калі б вам казаў: "Тут Хрыстус, або там, ня верце."
24. Паявяцца вось фальшывыя хрыстусы і фальшывыя прарокі і будуць тварыць вялікія знакі і цуды, каб у блуд увесьці (калі гэта магчыма) нават выбраньнікаў.
25. Таму Я вам гэта прадсказаў (паперадзіў).
26. Дык калі б вам затым сказалі: "Во ў пустыні - не выходзьце: во ў нутры дамоў - ня верце.
27. Бо як маланка засьвеціцца з Усходу і бачнай будзе і на Захадзе, так будзе з прыходам Сына Чалавечага.
28. Дзе б было цела, там сабяруцца і арлы.
29. А зараз па муках тых дзён сонца зацьмее і месяц не дасьць сьвятла свайго, а з неба зоркі падаць будуць і сілы нябесныя скалыхнуцца (захістаюцца).
30. А затым паявіцца на небе знак Сына Чалавечага ды тады заплачуць усе пакаленьні зямныя. І ўвідзяць Сына Чалавечага прыходзячага ў ваблоках нябесных з магутаю вялікай і веліччу, маестатам.
31. Ён пашле анёлаў Сваіх з трубою і голасам громкім, ды сабяруць выбраньнікаў яго з чатырох старон сьвету ад скраю неба аж да краю яго.
32. А ад фіговага дрэва вучыцеся падабенства. Калі ўжо сучок яго пукаецца і пускае лісты, ведаеце, што ўжо блізка лета.
33. Так і вы, калі ўбачыце ўсё гэта, ведайце, што ўжо блізка ў дзьвярах.
34. Сапраўды кажу вам, не праміне гэтае пакаленьне, пакуль усё гэта станецца.
35. Неба і зямля зчэзнуць, але слова Маё не праміне.
36. Што да дня таго і хвіліны ніхто ня ведае, нават анёлы ў небе, а толькі Сам Бог.
37. А як было ў дні Ноя, так будзе і прыйсьце Сына Чалавечага.
38. Бо як у той час перад патопам елі і пілі, жаніліся і замуж аддавалі, аж да таго дня, у які Ной увайшоў у арку,
39. і не агледзіліся, як нахлынуў патоп і патапіў усіх. Так ім будзе і прыход Сына Чалавечага.
40. Тады двух будзе ў полі: аднаго забяруць, а другога пакінуць.
41. Дзьве будуць малоць у жорнах: адну возьмуць, другую пакінуць.
42. Дык пільнуйцеся, бо ня ведаеце, у якую пару прыйдзе Госпад ваш.
43. А гэта ведайце, што, каб гаспадар ведаў, у якую пару злодзей мае прыйсьці, пільнаваўся б і не пазволіў бы ўламацца ў дом свой.
44. Таму і вы будзьце прыгатаваны, бо ў пару, аб якой вы ня думаеце, Сын Чалавечы прыйдзе.
45. Хто, думаеш, ёсьць верным слугою і разтаропным, якога паставіў пан над сямействам сваім, каб ён у вызначаны час зааглядаў яго харчамі?
46. Багаслаўлены слуга той, якога прыйшоўшы гаспадар знайдзе ў добрай дзейнасьці.
47. Сапраўды кажу вам, што паставіць яго валадаць усёю сваёю маёмасьцю.
48. А каб сказаў той благі слуга ў сваім сэрцы: марудзіць пан мой з прыбыцьцём,
49. і пачаў біць сяброў сваіх, есьці і піць з п'янюгамі,
50. а калі прыбудзе пан ягоны ў дзень неспадзяваны, у невядомую пару,
51. дык выгане яго, ды прызначыць яму долю з крывадушнікамі: там будзе плач і скрыгатаньне зубамі."
|