13
Збурэньне Ерузаліма - канец сьвету
1. Аднойчы, калі Езус выходзіў са сьвятыні адазваўся да яго адзін з вучняў Ягоных: "Вучыцелю, глянь, што за камяні ды якія пабудовы?"
2. У адказ сказаў яму Езус: "Бачыш усе гэтыя будоўлі вялізарныя? Не застанецца з іх камень на камені, каб ня быў развалены".
3. А калі Езус сядзеў на Аліўнай Гары супраць сьвятыні, аддзельна пыталіся Яго Пётр і Якуб, і Ян, і Андрэй:
4. скажы нам, калі гэта станецца, ды што за знак будзе, калі ўсё гэта пачне збывацца?
5. Адказваючы Езус пачаў ім выясьняць: "Глядзіце, каб вас хтосьці ня зьвёў.
6. Бо ў імя Маё прыйдзе многа, каторыя будуць казаць: "Гэта я" і яны многіх зьвядуць.
7. А калі пачуеце пра войны і пра паведамленьні ваенныя, не трывожцеся, бо ўсё гэта павінна стацца але не на гэтым канец.
8. Падымецца (паўстане) народ на народ ды каралеўства (дзяржава) супроць каралеўству ды будуць мясцамі землятрусыі голад. Гэта пачатак боляў, цярпеньняў.
9. Глядзіце самі сябе. Будуць вас аддаваць у суды і бічаваць у сынагогах і будуць вас у пасьведчаньне аба Мне стаўляць (цягаць) перад правіцелямі і каралямі.
10. Але трэба, каб перш была вешчана Эвангелія ўсім народам.
11. А калі вас цягаць будуць на асуджэньне, не думайце раней, што маеце гаварыць. Бо не вы будзеце гаварыць але Дух Сьвяты.
12. А будзе выдаваць на сьмерць брат брата і бацька сына ды дзеці збунтуюцца супроць бацькоў (родзічаў) ды будуць іх забіваць.
13. І будзеце вы ў ненавісьці ўва ўсіх ізза Мяне. Але хто ўстаіць (вытрымае) да канца - будзе збаўлены.
14. Дык калі ўбачыце агіду спусташэньня пашыраную там дзе ня мела быць, хто чытае хай разумее, што тыя, якія ў Юдэі, хай уцекаюць у горы.
15. А хто на даху, хай не сыходзіць у дом, ды хай не ідзе, каб што ўзязь з дому свайго.
16. А хто на полі, хай не вяртаецца, каб узяць накідку сваю.
17. Бяда будзе бярэменным ды соячым у тыя дні.
18. Дзеля таго, маліцеся, каб не выпала гэта ў зіму.
19. Бо ў тыя дні будзе такі прыгнёт (тэррор) якога не было ад стварэньня сьвету аж дасюль, сьвету, які Бог стварыў.
20. Калі б Бог не скараціў тых днёў, не ўцалеў бы ніхто, але Бог скараціў дні дзеля сваіх выбраных, якіх Ён выбраў.
21. Калі б хто вам тады сказаў: "Во тут Хрыстус, або там, ня верце".
22. Бо паявіцца фальшывыя Хрыстусы і фальшывыя (хвальшывыя) прарокі і будуць тварыць знакі ды цуды, каб зьвесьці (калі гэта магчыма) нават выбраных.
23. Дык высьцеражыцеся: таму я вам усё прадсказаў.
24. А па прыгнёце ў тыя дні зацьміцца сонца ды месяц ня дасьць сьвятла свайго,
25. а зоркі нябесныя падаць будуць ды магуцьці (сілы), што на небе стануць хістацца (варушыцца).
26. І тады ўбачаць Сына Чалавечага, прыходзячага ў воблаках з вялікай магутаю і славаю.
27. Тады то пашле Сваіх анёлаў і сабярэ з чатырох старон ад канца да канца сьвету выбраньнікаў Сваіх.
28. Вучыцеся падабенства з фігавага дрэва. Калі ўжо яго галінка робіцца мягкай і пукаецца (выпушчае лісты), ведаеце, што ўжо блізка лета.
29. Так і вы, калі ўбачыце, што гэта збываецца, ведайце, што і гэта блізка, у дзьвярах.
30. Сапраўды кажу вам, не праміне гэты род (пакаленьне), аж гэта ўсё станецца.
31. Неба і зямля зчэзнуць, але словы Мае трываць будуць.
32. А дня тога і хвіліны (пары) ніхто ня ведае: ані анёлы ў небе, ані Сын, толькі Айцец.
33. Глядзіце, пільнуйцеся і маліцеся, бо ня ведаеце, калі гэты час надыйдзе.
34. Будзе як з чалавекам, які выехаў у дарогу, пакінуў свой дом і даў уладу сваім слугам, кожнаму свой абавязак, а прыдзьвернаму пільнаваць.
35. Дык пільнуйцеся, бо не ведаеце, калі гаспадар дому вернецца: вечарам, ці а поўначы, ці калі пятух засьпявае, ці раніцай,
36. каб калі вернецца раптам, каб не застаў вас сьпячымі.
37. А што вам кажу, усім кажу, пільнуйцеся!
|