14
Мука, сьмерць і ўваскрасеньне Хрыста
Намашчэньне ў Бэтаніі
1. Да Пасхі (Вялікадня) і Праснакоў заставалася два дні. Дык архісьвятары і кніжнікі (вычоныя па Сьв. Пісаньні) шукалі прычыны, каб Езуса схваціць (паймаць) хітрасьцю і забіць.
2. Казалі аднак: "Каб не ў сьвяточны дзень, кад не дайшло да заварухі людзей (народу)".
3. Калі Езус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, і адпачываў, прыйшла жанчына, маючая з алябастравай пасудзінай каштоўнага алея нардавага і пабіўшы алябастр выліла Езусу на галаву.
4. Некаторыя з прысутных абураліся (марматалі), думалі і казалі: "Пашто было марнаваць гэты алеяк?"
5. Можна было гэты алеяк прадаць даражэй чым за трыста дынарый і надзяліць убогіх. І наракалі на яе.
6. А Езус бараніў: "Дайце ёй супакой! Чаму дакучаеце ёй? Яна добры ўчынак зрабіла адносна Мяне.
7. Убогіх заўсёды маеце ў сябе, і, калі захочаце будзеце магчы ім добра рабіць, а Мяне не заўсёды мець будзеце.
8. Яна, што магла зрабіла, намашчэньнем цела Майго прыгатавала на пахаваньне.
9. Сапраўды кажу вам: ва ўсім сьвеце, дзе толькі будзе чытанае (вешчана) Эвангелія, у памяць яе, што яна зрабіла, будзе прыпамінацца".
10. А адзін з дванаццаць - Юда Іскарыёт, пайшоў да архісьвятароў, каб Яго выдаць.
11. Яны вельмі ўзрадаваліся і абяцалі Яму даць грошы. Ён жа разважаў, як Яго ў выгадны час выдаць.
У вячэрніку
12. У першы дзень праснакоў, калі забівалі янгнё пасхальнае (Пасха), кажуць Яму вучні: "Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе (Пасху) Вячэрнюю пасхальную есьці?"
13. Дык паслаў двух вучняў Сваіх і сказаў ім: ідзіце ў горад і спаткае вас чалавек, які будзе несьці збан вады, ідзіце за ім,
14. І куды ўвойдзе, скажыце гаспадару дома: Вучыцель кажа: "Дзе Мне прызначана сьвятліца, у якой разам з Маімі вучнямі мог бы спажываць Пасху?"
15. Ён вам пакажа вялікую сьвятліцу (вячэрнік) прыгатаваную (з ляжакамі), вось там прыготовіце месца нам.
16. Дык адправіліся вучні Ягоныя ў горад ды знайшлі як ім прадсказаў, і прыгатовілі Пасху.
17. А калі настаў вечар, прыбыў туды з Дванаццацьцю.
18. А калі распалажыліся і елі - сказаў Езус: "Сапраўды кажу вам: адзін з вас Мяне выдасьць, каторы есьць са Мною".
19. Яны пасмутнелі і адзін за другім сталі пытацца: "Ці гэта я?"
20. Езус кажа ім: "Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною руку ў місе.
21. Што праўда Сын Чалавечы зьдзяйсьняе, як аб ім напісана. Аднак гора чалавеку, праз якога Сын Чалавечы будзе выдадзены! Лепш было б, каб той чалавек ня быў нарадзіўшыся".
Устанаўленьне найсьвяцейшага сакраманта Эўхарыстыі
22. А калі яны вячэралі, Езус узяў хлеб, адгаварыў малітву багаславенства, ламаў хлеб і даваў ім, і казаў: "Бярыце (прыміце), гэта ёсьць Цела Маё".
23. І ўзяўшы чашу (келіх) і падзяку складаючы даў ім: і пілі з яго ўсе.
24. І казаў ім: "Гэта (ёсьць) кроў Мая Новага Запавету, каторая за многіх праліваецца".
25. Сапраўды кажу вам: ня буду піць ужо з гэтага плада вінаграднага аж да таго дня, калі буду піць яго новы ў Каралеўстве Божым».
У Гэтэманіі
26. І адсьпяваўшы гімн узьняліся на Аліўную гару.
27. Затым сказаў ім Езус: "У гэту ноч вы ўсе з Мяне згоршыцеся, бо напісана: Удару пастыра і разьбягуцца авечкі,
28. але калі ўваскрэсну папераджу вас у Галілею".
29. Але Пётр сказаў Яму: "Хоць бы ўсе згоршыліся б з Цябе, але не я".
30. Затым сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, што ты сёньня, у гэту ноч, перш, чым двакратна пятух засьпявае, ты трохкратна Мяне вырачэшся".
31. Але ён тым мацней цьвердзіў: "Хоць бы мне трэба было памерці з Табою, ня выракуся Цябе". Падобна ўсе яны казалі.
32. Затым прыйшлі яны ў пасёлак Гэтсэмані. Сказаў Езус вучням Сваім: "Пабудзеце тут, пакуль Я памалюся".
33. Ды ўзяў з Сабою Пятра і Якуба, і Яна, і пачаў трывожыцца і сумаваць.
34. Сказаў ім: "Сумная душа Мая аж да сьмерці, пабудзьце тут і будзьце чуткімі".
35. Крыху адыйшоўшыся Ён паў на зямлю і маліўся, каб калі магчыма, абмінула Яго гэтая часіна.
36. І казаў: "Абба, Ойча! Табе ўсё магчымае, ухілі ад Мяне гэту чашу, аднак ня тое, што Я хачу, але што Ты!"
37. Вярнуўшыся да іх знайшоў іх сьпячых. Дык сказаў Пятру: "Сымон, ты сьпіш? Ня мог бы ты хоць хвілінку патрываць (бодрым)?
38. Пільнуйцеся і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне: бо дух, што праўда, ахвочы, але цела кволае".
39. Адыйшоўшыся зноў маліўся ў гэтыя самыя словы, молячыся.
40. Зноў вярнуўшыся застаў іх сьпячымі, бо вочы іхнія былі сонныя, і ня ведалі, што Яму казаць.
41. Ды трэці раз вярнуўся да іх і сказаў ім: "Сьпіце ўжо і адпачывайце. Хваціць! Ужо прыйшла пара: вось жа Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі грэшнікаў.
42. Падыміцеся, ідзёмце, ужо блізка той, хто Мяне мае выдаць".
43. А калі Езус яшчэ гаварыў, надыйшоў Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, а з ім вялікае зборышча з мячамі і палкамі ад архасьвятароў, знаўцаў Пісаньня, ды старэйшын,
44. здраднік жа Ягоны даў ім знак, кажучы: Каго я пацалую, гэта Ён, хапайце Яго, і вядзіце асьцярожна.
45. А калі надыйшоў, зараз жа прыступіўся да Езуса і сказаў: "Вучыцелю - Раббі!" І пацалаваў Яго.
46. Яны ж наваліліся на Яго і схвацілі Яго.
47. Дык адзін з тых, што былі з Езусам, выцягнуўшы меч і ўдарыў слугу архісьвятара і адсёк яму вуха.
48. А Езус сказаў ім: "Выйшлі з мячамі і палкамі як на разбойнік, каб узяць Мяне.
49. Што дзень бываў з вамі ў сьвятыні вучачы і вы не ўзялі Мяне, але каб зьдзейсьніліся Пісаньне".
50. Тады вучні Ягоны пакінуўшы Яго, усе паўцікалі.
51. Ды вось адзін юнак, адзеты толькі посьцілкай ішоў за Ім. Ды яго схапілі.
52. Але ён выкруціўся з пасьцілкі і голы ўцёк ад іх.
Перад трыбуналам Юдэйскім
53. Затым прывялі Езуса да найвышэйшага сьвятара (архісьвятара). Сабраліся ўсе вышнія сьвятары, старшыны і кніжнікі.
54. Пётр жа здалёку ішоў за Ім аж увайшлі яны ў прысенак архісьвятара, а потым сядзеў з прыслугамі і грэўся пры агні,
55. а архісьвятары ды ўся рада шукалі супроць Езуса доказу (пасьведчаньня), каб засудзіць на сьмерць, але не знаходзілі.
56. Бо многа фальшыва сьведчылі супраць яго, але іх доказы не сыходзіліся,
57. а некаторыя падняўшыся, фальшыва даказвалі проціў Яго, кажучы:
58. "Мы чулі, як Ён казаў: "Развалю гэту сьвятыню, пабудаваную рукамі, а па трох днях збудую іншую, якая будзе пабудавана не рукамі".
59. Але іх доказы не сыходзіліся.
60. А архісьвятар стаўшы пасярэдзіне спытаўся ў Езуса: "Чаму нічога не адказваеш, што яны Табе закідаюць?"
61. Езус жа маўчаў і не адказваў. Дык тады архісьвятар паўторна спытаўся: "Ці Ты Хрыстус, Сын Бога багаслаўлена?"
62. Езус у адказ сказаў яму: "Я Той, але ўбачыце Сына Чалавечага седзячага праваруч Магуты Божай ды прыходзячага ў воблаках нябесных".
63. А архісьвятар разьдзіраючы адзеньне сваё, сказаў: "Пашто патрэбны нам яшчэ сьведкі?
64. Чулі блявузу: Што думаеце, што рашаеце?" А яны ўсе асудзілі, што Ён заслужыўся (варт) на сьмерць.
65. Ды некаторыя пачалі на Яго пляваць і засланяць твар Яго і біць кулакамі крычучы на Яго: "Праракуй!" І слугі білі Яго па твары.
Паўторнае зрачэньне Пятра
66. А калі Пётр быў на панадвору (дзядзінцу), на нізе, прыйшла адна з служанак архісьвятара,
67. і яна ўбачыўшы Пятра, грэючагася, прыгледзілася яму і сказала: "І ты быў з Езусам Назарэцкім?"
68. Але ён запярэчыў, кажучы: "Але я ня ведаю, ані разумею, што ты гаворыш". І выйшаў на вонкі ў прысенак. І пятух засьпяваў.
69. Ізноў угледзіўшы яго служанка, пачала казаць акружаючым: "Гэта адзін з іх ліку".
70. А ён паўторна запярэчыў. Незадоўга, на хвіліне тыя, што там стаялі казалі Пятру: "Ты запраўды належыш да іх, бо ты Галейчык".
71. А ён пачаў клясьціся і прысягаць: "Ня знаю гэтага чалавека, аб якім кажаце".
72. Ізноў пятух паўторна засьпяваў. Таду Пётр успомніў словы, якія яму казаў Езус: "Раней чым двакратна певень засьпявае, ты тры разы зарачэшся Мяне". І Пётр пачаў плакаць.
|