3
Аздараўленьне сухарукага чалавека
1. Езус зноў зайшоў у сынагогу (бажніцу), а быў там сухарукі чалавек.
2. Фарызэі сьлядзілі за Ім, ці будзе аздараўляць у шабат, каб Яго абвінаваціць.
3. Тады загадаў Езус сухарукаму чалавеку: "Стань на сярэдзіне!"
4. Да іх жа адазваўся: "У шабат трэба добра рабіць, ці мо блага? Жыцьцё выратаваць ці загубіць?" Але яны маўчалі.
5. Дык гледзячы на іх з гневам, засмучаны засьляпеньнем іхняга сэрца - сказаў чалавеку: "Працягні руку сваю!" Выцягнуў тады руку і рука яго аджыла.
6. Фарызэі жа выйшаўшы зрабілі адразу нараду з гэрад'янамі, як бы Яго загубіць.
Выбар Апосталаў
7. Затым Езус разам з вучнямі сваімі направіўся да мора, а вялікая грамада з Галілеі, і з Юдэі ішла за Ім.
8. З Ерузаліму, Ідумэі, з Заярданіі, ды ваколіцаў Тыру і Сыдону, натта вялікі натоўп, пачуўшы, што Езус чыніў - сабраўся да Яго.
9. Дык папрасіў Езус вучняў сваіх, каб парупіліся пра лодку, каб грамада не папіхала Яго.
10. Бо многіх аздараўляў, таму пхаліся да Яго ўсе, што хварэлі, каб дакрануцца да Яго.
11. А нячыстыя духі на від Яго падалі перад Ім, крычучы:
12. "Ты - Сын Божы!" Езус жа строга забараняў выяўляць Яго.
13. А ўзыйшоўшы на гару прыклікаў да сябе тых, каторых сам хацеў. І тыя прыбывалі да Яго.
14. Вызначыў дванаццаць, каб прабывалі разам з Ім, ды каб пасылаць іх навучаць.
15. Даў ім моц аздараўляць хваробы і выганяць д'яблаў.
16. І перамяніў імя Сымона на Пятра
17. а імя Якуба Забэдэя, і Яна, брата Якуба на імёны Боанэргэс значыць:"Сыны Громавы."
18. (Вызначыў) Андрэя, і Філіпа, Баўтрамея, і Матэвуша, і Тамаша, і Якуба Альфеявага, і Тадэвуша ды Сымона Кананейца,
19. і Юдаша Іскарыёту, каторы Яго выдаў.
Чарненьні фарызэямі навукі Хрыста
20. Затым увайшлі ў дом, але сыйшлася зноў грамада, так што не маглі нават хлеба зьесьці.
21. А калі пачулі гэта сваякі, выйшлі, каб узяць Яго, казалі бо яны, што: "Папаў у шал" (дастаў памішаньня).
22. А кніжнікі (знаўцы, знатакі Пісаньня), што прыбылі з Ерузаліма, казалі (даказвалі), што Ён мае Бельзэбуба, і што моцай князя чартоўскага выганяе д'яблаў.
23. А Езус пазваўшы іх, гаварыў да іх у прыповесьцях: "Як дэман можа выганяць дэмана?
24. Калі каралеўства разьдзеліцца (разьдзеліць нязгода) - ня можа ўтрымацца такое каралеўства.
25. Калі і дом у нязгодзе, як можа ўтрымацца і дом такі?
26. А калі б дэман паўстаў проціў сябе самога, і разьдзяліўся б, ня можа ўтрымацца, прыйдзе на яго канец.
27. Ніхто, ўвайшоўшы ў дом сілача, не можа заграбіць яго маёмасьці, калі перш ня зьвяжа сілача: а тады аграбіць яго дом.
28. Сапраўды кажу вам, што ўсе грахі будуць адпушчаны сынам чалавечым, нават блявузглі, якіх бы не дапусьціліся.
29. Калі б аднак хто блявузгаў супраць Духа Сьвятога, дык той не атрымае адпушчэньня навек, будзе вінаваты ў граху вечным.
30. Бо казалі яны, што Ён мае духа нячыстага.
31. Якраз прыйшла маці Ягоная і браты і чакаючы яго перад домам паслалі да Яго, прызываючы Езуса.
32. Кругом Яго сядзеў натоўп, дык казалі Яму: "Во маці Твая і браты перад домам, шукаюць Цябе".
33. А Езус у адказ сказаў ім: "Хто маці мая і браты мае?"
34. Ды паглядзеўшы на тых, што навакруг Яго сядзелі, сказаў: "Во маці мая і браты мае!
35. Хто вось спаўняе волю Бога, той братам маім і сястрой маёй і маткаю маёй".
|