Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангелія паводле Лукаша


 

 

Эвангелія паводле Лукаша

Увядзенне0102030405060708091011121314
15161718192021222324


Езус перад Рымскім трыбуналам

23.1. Паднялося ўсё іхняе зборышча і завялі Яго да Пілата.

2.     І пачалі Яго вінаваціць і казаць: "Мы ўстанавілі, што Ён бунтуе наш народ і бароніць плаціць падаткі Цэзару, Ён цьвярдзіць, што Ён Хрыстус Кароль."

3.     Дык спытаўся ў Яго Пілат: "Ты кароль Юдэйскі?" А Езус сказаў: "Сам гэта кажаш?"

4.     Затым Пілат сказаў архісьвятарам і людзям: "Я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку."

5.     Але яны настаівалі, кажучы: "Бунтуе народ, вучучы па ўсёй Юдэі, пачаўшы ад Галілеі аж сюды".

6.     А Пілат пачуўшы аб Галілеі спытаўся: "Ці гэты чалавек Галілеец?"

7.     А калі даведаўся, што Ён быў спад улады Герада, адаслаў Яго да Гэрада, які ў той час прабываў у Ерузаліме.

8.     Гэрад убачыўшы Езуса надта абрадаваўся, бо прагнуў даўно ўвідзець Езуса, бо многа пра Яго чуў і спадзяваўся ўбачыць які цуд Ім зроблены.

9.     Дык ставіў Яму многа пытаньняў, але Езус яму нічога не адказаў.

10. А архісьвятары і вучоныя ўсяк Яго вінавацілі.

11. Таму Гэрад узгардзіў Ім разам з сваім войскам. Наругаўся з Яго ды адзеўшы ў белую шату адправіў да Пілата.

12. Такім чынам у той дзень Гэрад і Пілат сталіся прыяцелямі, бо перад тым былі ворагамі сабе.

13. Затым Пілат пазваўшы архісьвятараў, начальнікаў і народ

14. сказаў ім: "Выдалі вы гэтага чалавека быццам бунтуючага народ, а вось разпытваючыся ў вашай прысутнасьці не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны у тым, у чым вінаваціце Яго.

15. Таксама і Гэрад, бо я да яго адправіў - і там яму не даказана вартага сьмерці".

16. Таму ўкараўшы Яго, выпушчу.

17. А на сьята мусіў ім некага ўласкавіць.

18. Дык усё зборышча супольна закрычала: "Сьмерць Яму, а выпусьці Барабу".

19. А той быў пасаджаны ў вязьніцу за заварушэньне ў горадзе і за забойства.

20. Затым паўторна прамовіў Пілат да іх, хочучы асвабадзіць Езуса.

21. Але яны крычалі: "Укрыжуй Яго, укрыжуй Яго!"

22. Але ён трэці раз сказаў ім: "Што Ён зрабіў благога? Не знайшоў я ў Ім нічога вартага сьмерці, пакараю Яго і выпушчу".

23. Ды яны з крыкам дамагаліся, каб быў укрыжаваны. Дый узрастаў іх гармідар.

24. Дык тады Пілат рашыўся споўніць іхнія трэбаваньні.

25. Адпусьціў ім таго, хто за бунт і за забойства быў пасаджаны ў вязьніцу, чаго дамагаліся, а Езуса выдаў на іхнюю волю.

У дарозе на Гальготу

26. А калі Езуса вялі, спынілі нейкага Сымона з Цырэны, які ішоў з вёскі. Усклалі на яго крыж, каб нёс яго за Езусам.

27. Ішоў за Езусам вялікі натоўп людзей і жанчын, каторыя плакалі і наракалі.

28. А Езус адвярнуўшыся да іх сказаў: "Дочкі Ерузалімскія, ня плачце дзеля Мяне, але самі дзеля сябе плачце ды дзеля сыноў вашых.

29. Бо вось надыходзяць дні, калі будуць казаць: "Шчасьлівыя няплодныя і ўлоньні, што не радзілі, ды грудзі, што ня ссалі.

30. Тады стануць казаць горам: "Валіцеся на нас; і ўзгоркам: схавайце нас".

31. Бо калі гэта робяць з зялённым дрэвам, што станецца з сухім?"

32. Вялі з Ім таксама двух іншых злачынцаў на пакараньне сьмерцю.

Укрыжаваньне

33. А калі прыбылі на месца, званае Кальварыя, там укрыжавалі Яго і разбойнікаў, аднаго па правай, а другога па левай старане (боку).

34. Езус жа маліўся: "Ойча, даруй ім, бо ня ведаюць, што робяць. Ды дзелячыся Яго адзеньнем, кінулі жэрабя.

35. А народ стаяў прыглядаючыся. Наругаліся з Езуса і начальнікі, кажучы: "Іншых ратаваў, хай жа і сябе паратуе, калі Ён Хрыстус, выбраньнік Божы".

36. Таксама і жаўнеры (ваякі) наругаліся з Езуса падыходзячы і падаючы Яму воцат

37. і кажучы: "Калі Ты кароль Юдэйскі, ратуй самога сябе!"

38. Над Ім была надпісь: "Гэта кароль Юдэйскі".

39. А адзін з укрыжаваных разбойнікаў блюзьніў Яму, кажучы: "Калі Ты Хрыстус, уратуй (спасі) самога сябе і нас".

40. А другі ў адказ сварыўся на яго: "Ты і Бога не баішся, хоць цярпіш тую самую кару".

41. Мы то справядліва на належную кару заслужылі, а Ён нічога благога не зрабіў".

42. Ды казаў Езусу: "Госпадзе, прыпомні мяне, калі прыйдзеш у Сваё Каралеўства".

43. Сказаў яму Езус: "Сапраўды кажу табе, сёньня будзеш са Мною ў раю."

44. Была блізу шостая гадзіна і цемра аханіла ўсю зямлю аж да дзевятай гадзіны.

45. Сонца зацьмела, а завеса сьвятыні распалася папалам.

46. А Езус закрычаў моцным голасам: "Ойча, у рукі Твае аддаю (паручаю) духа Майго. Сказаўшы гэта - сканаў.

47. Сотнік бачачы, што сталася, славіў Бога і казаў: "Гэты чалавек быў сапраўды справядлівы."

48. А ўвесь натоўп тых, што сабраліся паглядзець, відзячы, што сталася, вятраліся, б'ючыся ў грудзі.

49. А здалёку стаялі ўсе знаёмыя Яго раз з жанчынамі, што прыйшоўшы былі з Ім з Галілеі.

Памяшчэньне цела Езуса ў гробе

50. А вось жа чалавек, імем Юзэф, з горада Юдэйскага - Арыматэі, член рады, чалавек добры і справядлівы,

51. ён не згаджаўся з Радай і на іх дзейнасьць (на іх рашэньні), ды чакаў ён Каралеўства Божага.

52. Вось ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса.

53. Затым зьнятага ўвярнуў у палатно і палажыў у высечаным гробе, у якім яшчэ ніхто ня быў пахаваны (паложаны).

54. А быў гэта дзень Прыгатаваньня і надыходзіў шабат.

55. Надыйшлі таксама жанчыны, каторыя прыйшлі з Ім з Галілеі. Яны відзелі гроб і як улажылі цела Ягонае.

56. Вярнуўшыся, прыгатавалі духмяннасьці і масьці, але нічога не рабілі ў шабат па Закону.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст