Увядзенне – 01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 – 21 – 22 – 23 – 24
Уваскрасеньне
24.1. А ў першы дзень тыдня надта рана (на сьвітаньні) прыбылі яны да гробу, нясучы прыгатаваныя духмяннасьці.
2. Знайшлі яны камень адвалены ад гроба.
3. А ўвайшоўшы ў гроб не знайшлі цела Госпада Езуса.
4. Калі так былі занепакоены, здарылася, што паявіліся пры іх дзьве людзны ў блізкучых шатах.
5. А калі яны стрывожаны, пахінулі твары свае ўніз, сказалі тыя ім: "Чаму шукаеце жывога між памёршымі?
6. Няма Яго тут, Ён ускрос. Прыпомніце, як вам казаў, калі яшчэ быў у Галілеі.
7. Казаў, што трэба Сыну Чалавечаму быць выдадзеным у рукі грэшнікаў, і што будзе ўкрыжаваны і што на трэці дзень уваскрэсьне."
8. І яны прыпомнілі гэтыя Ягоныя словы.
9. А вярнуўшыся ад гробу, разказалі гэта ўсё гэным адзінаццаці ды ўсім іншым.
10. А былі гэта: Мар'я Магдалена, і Ёанна, і Мар'я Якубава, ды іншыя з тымі, якія расказвалі Апосталам.
11. А словы гэтыя паказаліся ім недарэчнасьцю і не ўверылі ім.
12. Пётр жа падняўся і пабег да гроба і нахіліўшыся, убачыў толькі палатно лежачае, і адыйшоў зьдзіўлены тым, што сталася.
Вучні з Эмаўс
13. І вось тога самога дня вучні ішлі ў вёску Эмаўс, аддаленае ў шаснаццаць стадыяў ад Ерузаліму.
14. Яны гаварылі між сабой аб падзеях, што адбыліся.
15. Так здарылася, што калі яны гутарылі і адзін другога пыталіся, што сам Езус падыйшоўшы, далучыўся да іх.
16. а вочы іхнія былі стрыманы, каб не пазналі Яго.
17. Сказаў затым ім Езус: "Што за размовы вядзіцё між сабой і чаму такія сумныя?"
18. А ў адказ, адзін з іх, імем Клеафас, сказаў Яму: "Чаму ты адзін з падарожнікаў у Ерузаліме і ня ведаеш, што ў ім у гэтых днях адбылося?"
19. А Езус спытаўся: "А што менавіта? Дык разказалі Яму пра Езуса з Назарэта, Каторы быў Прарокам, магутным ў дзейнасьці і ў мове перад Богам і перад усім народам.
20. І як перадавыя сьвятары (архісьвятары) і начальнікі выдалі Яго на сьмерць ды ўкрыжавалі.
21. А мы спадзяваліся, што Ён меў адкупіць (асвабадзіць) Ізраеля. І цяпер па ўсім гэтым ужо ёсьць трэці дзень з таго часу.
22. Але і жанчыны некаторыя, што былі пры гробе на сьвітаньні, зьбянтэжылі нас,
23. не знайшоўшы цела Ягонага, прыйшоўшы казалі, што відзелі анёлаў, якія кажуць, што Езус жыве.
24. Пайшлі таксама да гроба некаторыя з нашых і яны таксама знайшлі, як разказвалі жанчыны, але Яго самога не знайшлі.
25. А Езус ім сказаў: "О, глупыя і тупога сэрца ўверыць ва ўсё, што прадсказалі Прарокі.
26. Ці ня трэба было, каб Хрыстус цярпеў і так увайшоў у хвалу Сваю?"
27. І пачаўшы ад Майсея і ўсіх Прарокаў, выясьняў ім, што адносілася да Яго ва ўсіх Пісаньнях.
28. І так падыйшлі да сяла, да каторага ішлі, а Езус хацеў быццам далей ісьці.
29. Але яны прымусілі Яго, казалі: "Застанься з намі, бо ўжо вечарэе і дзень спыняецца. І ўвайшоў Езус з імі у дом.
30. І калі сеў з Імі за стол і ўзяў хлеб і багаславіў і ламаў і падаваў ім,
31. адкрыліся вочы іхнія і пазналі Езуса, але Ён зьнік з іх вачэй.
32. Тады казалі яны адзін аднаму: "Ці ж сэрцы нашыя не гарэла ў нас. калі размаўляў у дарозе і Пісаньне выясьняў?"
33. І падняўшыся ў тую гадзіну, вярнуліся ў Ерузалім. І там знайшлі сабраўшыхся адзінаццаць, ды тых, што з імі былі.
34. Яны казалі, што Госпад праўдзіва ўваскрос і паказаўся Сымону.
35. А яны разказвалі, што сталася ў дарозе і як пазналі Яго пры ламаньні хлеба
Паяўленьне Езуса Апосталам
36. А калі яны гэта разказвалі, стануў пасярэдзіне іх Езус, і сказаў ім: "Супакой вам. Гэта Я, не трывожцеся".
37. А яны стрывожаны і напалоханы думалі, што духа бачаць.
38. Сказаў ім Езус: "Чаго стрывожыліся ды ўсякія думкі ўзьнікаюць у вашых сэрцах?"
39. Аглядайце рукі мае і ногі, гэта Я той самы: дакранайцеся і глядзіце, бо дух ня мае цела, ані касьцей, як бачыце, што Я маю.
40. І калі гэта гаварыў, паказаў ім рукі і ногі.
41. А калі яны яшчэ ня верылі і дзівіліся з радасьці, сказаў: "Маеце што есьці?"
42. І затым падалі Яму частку пячонай рыбы і сотку мёду.
43. А калі пад'еў у прысутнасьці іхняй, узяў астаткі і аддаў ім.
44. Затым сказаў ім: "Ці ж не такія былі Мае словы, якія гаварыў вам, будучы яшчэ з вамі: Што трэба было споўніцца ўсяму, што напісана было аба Мне ў Законе Майсея, у Прарокаў і ў Псальмах.
45. Затым адкрыў ім розум зразумець Пісаньні.
46. Ды сказаў ім: "Так было напісана і трэба было, каб Хрыстус цярпеў і трэцяга дня ўваскрос.
47. І каб у імя Яго была вешчана ўсім народам пакута і адпушчэньне грахоў, пачынаючы ад Ерузаліму.
48. І вы, казаў, гэтага сьведкамі.
49. І Я сашлю вам, што абяцаў Мой Айцец. Вы заставайцеся ў горадзе, аж будзеце абдараваны моцай з неба."
50. Затым завёў іх за горад у Бэтанію і падняўшы рукі свае, пабагаславіў іх.
51. І калі багаславіў іх, адзяліўся ад іх і падняўся ў неба.
52. А яны пакланіліся Яму і з радасьцю вярнуліся ў Ерузалім.
53. І прабывалі яны заўсёды ў сьвятыньні і славілі Бога. |