Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Эвангелія паводле Лукаша


 

 

Эвангелія паводле Лукаша

Увядзенне0102030405060708091011121314
15161718192021222324


Сьвятасьць шабату

6.1. Аднойчы калі Езус праходзіў праз пшанічнае поле, вучні Ягоныя зрывалі каласы, выціскалі зярняты пукамі ды елі.

2.     Некаторыя фарызэі наракалі на іх: "Што гэта робіце, што нельга ў шабат?!"

3.     А Езус адказаў ім: "Ці вы не чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?

4.     Як увайшоў у дом Божы і сам браў хлябы пакладныя - і еў, ды даў тым, што з ім былі, хоць ня належыцца іх есьці толькі самым сьвятарам".

5.     Далей казаў ім: "Сын Чалавечы ёсьць Госпадам і шабату".

Аздараўленьне сухарукага

6.     У іншы шабат здарылася таксама. Езус увайшоў у сынагогу і навучаў. А быў там чалавек, які меў сухую правую руку.

7.     А вучоныя і фарызэі паглядалі на Яго, ці будзе таксама ў шабат аздараўляць, каб найсьці прычыну абвінаваціць Яго.

8.     Езус знаў іхнія думкі і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: "Падыміся і стань па сярэдзіне. І ён устаў падняўшыся.

9.     Тады спытаўся ў іх Езус: "Пытаюся вас, ці нельга ў шабаты добра рабіць, ці можна блага, жыцьцё ўратаваць (спасьці) ці загубіць?"

10. Ды глянуўшы вакруг на ўсіх, сказаў чалавеку: "Выцягні руку сваю!" І ён выцягнуў і здаровай сталася рука ягоная.

11. Але яны, як шалёныя, радзіліся між сабой, што зрабіць з Езусам.

Выбар Апосталаў (адбор)

12. Здарылася ў тыя дні, што Езус пайшоў на гару маліцца ды правёў усю ноч на маленьні Божым.

13. А панастаньні дня, пазваў вучняў сваіх ды выбраў спаміж іх Дванаццаць і назваў іх Апосталамі:

14. Сымона, каторага пераназваў Пятром, Андрэя, брата Ягонага, Якуба і Яна і Баўтарамея,

15. Матэвуша (Мацьвея) і Тамаша, Якуба Алфеявага, і Сымона, каторага завуць Руплівым,

16. Юду Якубавага ды Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.

17. А калі з імі сыйшоў і затрымаўся нараўніне разам з грамадой сваіх вучняў ды з вялікім мноствам людзей з усёй Юдэі і Ерузаліму, спад мора, Тыру і Сыдону,

18. ды тых, што прыбылі паслухаць навук і што былі аздароўлены з сваіх немашчаў. Таксама мучаны нячыстымі духамі былі аздароўлены.

19. А ўвесь натоўп людзей стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго выходзіла моц ды аздараўляла ўсіх.

Навучаньні на ўзгорышчы

Багаславеньні (ушчасьлівеньні)

20. У той час Езус зьвярнуўшы вочы на вучняў сваіх, казаў: "Шчасьлівыя ўбогія, бо вашым Каралеўства Божае.

21. Шчасьлівыя, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Шчасьлівыя, што цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца,

22. шчасьлівыя будзеце, калі вас людзі будуць мець у нянавісьці, і калі вас адпіхнуць і праклінаць вас будуць і зьнеслаўляць імя вашае як ліхое дзеля Сына Чалавечага.

23. Весяліцеся ў той дзень і радуйцеся, бо заплата вашая шчодра ў небе.

24. Але гора вам, багацеі, бо маеце пацяшэньне вашае.

25. Гора вам, каторыя цяпер у наддастатку - бо будзеце галодныя. Гора вам, што цяпер сьмяіцёся, бо будзеце сумаваць і плакаць.

26. Гора вам, калі аб вас добра гаварыць будуць, бо так сама фальшывым прарокам рабілі бацькі іхнія.

Любоў непряцеляў

27. Кажу вам, каторыя слухаеце: "Любіце непрыяцеляў вашых, добра рабіце тым, што вас ненавідзяць.

28. Спагадайце тым, што вас праклінаюць, а маліцеся за тых, што вас ачарняюць.

29. А хто б цябе ўдарыў у шчаку, падстаў яму і другі. А таму, хто заграбае табе накідку (плашч), не забараняй і туніку.

30. Кожнаму, хто цябе просіць - дай, а хто табе забірае нешта тваё, не дамагайся звароту.

31. А як вы хочаце, каб вам людзі рабілі, так і вы ім рабіце.

32. Калі любіце тых, што вас любяць, якая вам заплата? Бо і грэшнікі любяць тых, каторыя іх любяць.

33. А калі б вы рабілі дабро тым, што вам дабро робяць, якая ж для вас заплата? Бо нават так грэшнікі робяць.

34. А калі пазычаеце тым, ад якіх спадзяіцёся звароту, дык якая ж для вас заплата? Так і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб зноў толькі было вернута.

35. Калі ж любіце непрыяцеляў вашых - добра ім робіце, і пазычаеце, нічога адтуль не спадзяючыся, а заплата ваша будзе вялікай і вы будзеце сынамі Узвышняга, бо Ён спагадны і для неўдзячных і благіх.

36. Будзьце ж тады міласэрныя, як і ваш Бацька міласэрны.

Любоў бліжняга (блізкага)

37. Не судзіце і ня будзеце суджаны. Не асуджайце і ня будзеце асуджаны. Адпушчайце і вам будзе адпушчана.

38. Давайце і будзе вам дадзена, меркай добрай, поўнай, патрэсянай і набітаю дадуць вам за пазуху вашу. Бо такой самай меркай, каторай вы мераеце, будзе вам адмерана.

39. Затым прывёў ім прыповесьць: "Ці можа сьляпы весьці сьляпога? Ці не абое ўваляцца ў яму?

40. Вучань ня над вучыцеля, але кожны будзе дасканалы, як вучыцель ягоны.

41. Чаму відзеш затруску ў воку брата свайго, а ня відзіш белькі ў сваім воку.

42. Або як можаш казаць брату твайму: Пазволь, браток, выняць затруску з твайго вока, а белькі, што ў тваім воку - ня бачыш? Крывадушніку, выкінь перш бельку з свайго вока, а затым праглянеш, каб выняць затруску з вока брата свайго.

Прыповесьць аб добрым і ліхім дрэве

43. Няма вось дрэва добрага, родзячага благія фрукты, ані благога дрэва, родзячага добрыя фрукты.

44. Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім фрукце. Таксама не сабіраюць фігаў з церняў або вінаграду з калючніку.

45. Добры чалавек дабывае з добрага скарбца сэрца свайго - дабро, а благі чалавек з ліхога скарбца сэрца свайго дабывае зло, ліхоцьце. Бо вусны гавораць са шчодрасьці сэрца.

46. Чаму прызываеце Мяне: "Госпадзе, Госпадзе!", а чаму не выконваеце (не спаўняеце) таго, што вам загадваю (кажу).

47. Кожны, хто прыходзіць да Мяне і слухае навук Маіх і спаўняе, скажу вам, да каго ён падобны.

48. Падобны ён да чалавека, які будуе дом. Укапаўся глыбока і палажыў падмурак на скале. А калі нахлынула паводка, ударыла рака ў той дом і не яна яго зварухнуць, бо быў ён пастроены на скале.

49. Але той, хто слухае але не выконвае, падобны да чалавека, які будуе свой дом на зямлі без падмурка, у яго націснула рака і зараз паваліўся. А падзеньне дому таго было страшнае (вялікае).


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст