Парадак на літургічных сабраньнях (зборах)
Адзеньне, абкрыцьцё галоў жанчын
11.1. Будзьце пасьлядоўнікамі маімі, як я пасьлядоўнік Хрыстовы.
2. Хвалю вас, браты, што ва ўсім памятаеце пра мяне, ды трымаецеся ўсяго, што я вам перадаў (навучыў).
3. Хачу, каб вы ведалі, што галавой кожнага мужчыны - Хрыстус, а кожнае жанчыны - мужчына, а галавой Хрыстуса - Бог.
4. Кожны мужчына, калі моліцца або праракуе з накрытай галавой - паганіць сваю галаву (ганьбіць).
5. Кожная ж жанчына, калі моліцца або праракуе з адкрытай галавой - паганіць сваю галаву, выглядае быццам з аголенай галавой.
6. Дык калі якая жанчына не пакрывае галавы, хай абстрыжэ свае валасы. А калі ганьбіць (паганіць) жанчыну тое, што пастрыжана або падголена - дык хай накрывае галаву.
7. Мужчыну неналежыцца накрываць галавы, бо ён вобразам і хвалою Бога, а жанчына - хвалою мужчыны.
8. Бо не мужчына ад жанчыны, а жанчына ад мужчыны.
9. І не мужчына створаны для жанчыны, але жанчына для мужчыны.
10. Таму то жанчына мусіць мець на галаве знак падданасьці (падчыненьня) дзеля анёлаў.
11. Дарэчы ў Госпада ані мужчына ня без жанчыны, ані жанчына ня без мужчыны.
12. Бо як жанчына з мужчыны, так мужчына родзіцца з жанчыны. А ўсё - ад Бога!
13. Разсудзіце дарэчы самі: ці належыцца жанчыне маліцца да Бога з адкрытай галавой?
14. Сама натура вучыць нас, што ганьба для мужчыны насіць доўгія валасы,
15. а наадварот для жанчыны ж - гонарам. Бо валасы дадзены ёй на пакрыцьцё.
16. Калі хто аб гэтым хоча спорыць (спрачацца), хай ведае, што ані мы ня маем такога звычаю, ані Божыя Касьцёлы.
Эўхарыстычная вячэра
17. Робячы вам гэтыя заўвагі, не магу вас пахваліць за тое, што сабіраецеся не на лепшае але на горшае.
18. Перад усім чую, што, калі сходзіцеся разам як Касьцёл бываюць у вас спрэчкі. Гэтаму я адчасьці веру.
19. Дарэчы мусяць быць сярод вас раздоры, каб выявіліся выправяныя людзі.
20. Дык калі вы сабіраецеся разам, няма ў вас спажыцьця Вячэры Госпадавай.
21. Кожны бо з вас сьпяшыць перш сваю з'есьці вячэру, ды бывае, што адзін галодны, а ў той час другі нетрэзвы.
22. Ці ня маеце дамоў, каб там есьці і піць? Ці мо хочаце паганіць (ганьбіць) Касьцёл Божы (сабраньне Божае), ды засароміць тых, што нічога ня маюць? Што вам магу сказаць? Можа буду вас хваліць? А не! За гэта вас не хвалю!
23. Я гэта атрымаў ад Госпада і перадаў вам, што Госпад Езус у тую ноч, калі меў быць выдадзены, узяў хлеб
24. і ўчыніўшы падзяку, паламаў і сказаў: "Гэта ёсьць Цела Маё, Якое за вас (даецца). Рабіце гэта ў Маю памяць!"
25. Падобным спосабам па вячэры Ён узяў чашу (келіх) і сказаў: "Гэта чаша (келіх) ёсьць Новым Прымірэньнем у Крыві Маёй. Рабіце гэта колькі раз будзеце піць у Маю памяць".
26. Бо колькі раз будзеце есьці гэты хлеб і піць чашу (келіх) будзеце апавяшчаць сьмерць Госпада, пакуль ня прыйдзе.
27. Дзеля таго, хто негодна есьць хлеб гэты ды п'е з чашы (келіха), той вінавата (грашыць) што да Цела і Крыві Госпадавай.
28. Дык хай прасьлядзіць чалавек сябе самога і тады хай ёсьць гэтае Цела ды п'е з чашы тае.
29. Бо хто есьць і п'е нягодна, не зважаючы на Цела Госпадава - прысуд сабе есьць і п'е.
30. Таму шмат у нас кволых і хворых ды многа ўмірае.
31. А калі мы самі сябе асудзім, дык ня будзем суджаны.
32. Калі нас Госпад судзіць, то і карае, каб не былі мы асуджаны разам з усім сьветам.
33. Таму, браты мае, калі сабіраецеся есьці Вячэру, пачакайце адзін на другога.
34. Калі хто галодны, хай з'есьць дома, каб вам не на асуджэньне. Іншыя справы наладжу, як прыеду.
|