6.1. Ці пачне хтосьці з вас, маючы непаразуменьне (справу) з другім, судзіцца з ім у няверных, а не ў сьвятых?
2. Няўжо ня ведаеце, што сьвятыя будуць судзіць сьвет? А калі вамі будзе суджаны сьвет, дык ці ня можаце рашаць паважныя справы?
3. Ці ня ведаеце, што мы будзем судзіць таксама анёлаў? То тым болей - справы дачасныя?
4. А вы, судзячыся ў жыцьцёвых справах, ставіце сваімі судьдзямі ня маючы пашаны (павагі) ў касьцёле.
5. Ці ня сорамна вам, кажу, гэта? Няўжо няма ў вас некага разумнага, каторы мог бы разсудзіць братоў сваіх?
6. На жаль, брат з братам судзіцца ды яшчэ ў няверучых?
7. Ужо і тое для вас паніжэньне, што агулам судзіцеся паміж сабой. Чаму вам ня лепш быць пакрыўджанымі? Чаму ня лепш панесьці шкоду?
8. Нажаль, вы самі дапускаецеся несправядлівасьці і крыўдзіце нават братоў.
9. Ці ня ведаеце, што несправядліўцы не атрымаюць валадарства Божага ў спадчыну? Дык не абманавайце сябе: ані распусьнікі, ані ідалапаклоньнікі, ані чужаложнікі, ані разбэшчаны, ані садомцы (мужчыны жывучыя з сабой),
10. ані злодзеі, ані хціўцы, ані п'яніцы, ані чараўнікі, ані рабоўнікі не спадкаемяць (не ўнасьледуюць) Божага валадарства.
11. А на жаль - такімі былі некаторыя з вас. Але былі абмытыя, пасьвячаны ды апраўданыя ў імя Госпада нашага Езуса Хрыста і праз Духа Бога нашага.
Распуста
12. "Усё мне можна" - але не ўсё карысна. Усё мне можна, але я нікому не паддамся ў няволю.
13. Ежа для жывата, а жывот для ежы. Але Бог зьнішчыць адно і другое. Ды цела не для распусты але для Госпада, а Госпад для цела.
14. Бог жа і Госпад ўскрасіў і нас таксама Сваёю магутаю ўскрэсіць з умёршых (мёртвых).
15. Ці ж ня ведаеце, што целы вашыя - членамі Хрыста? Ці ж узяўшы члены Хрыста буду рабіць іх членамі распусьніцы (блудніцы) ? Ніколі!
16. Або ці ня ведаеце, што той, хто займаецца з распусьніцай, творыць з ёй адно цела? Будуць вось яны - як сказана - двое адным целам.
17. Той, хто лучыцца з Госпадам - з Ім адным духам.
18. Беражыцеся распусты. Кожны бо грэх дапушчаны чалавекам ёсьць па-за целам, навонкі. Хто жа грашыць распустай, супроць свайго ўласнага цела грашыць.
19. Ці ж ня знаеце, што цела ваша - храмам, сьвятыняй Духа Сьвятога, каторы ў вас, а Каторага маеце ад Бога, ды што ўжо не належыце да самых сябе?
20. Вы ж за вялікаю цану здабытыя. Дык хваліце Бога ў вашым целе!
|