Пераклад кс. Уладзіслава Чарняўскага Арыгінальны тэкст Паводле: машынапісы з архіву А. Бокуна Алічбоўваньне: Антоні Бокун
ДРУГОЕ ПІСЬМО СЬВ. ПАЎЛА ДА ЦІМАФЕЯ
Пасьля першага звальненьня з вязьніцы ў Рыме, накіраваўся сьв. Павал у Гішпанію, пасьля наведаў некаторыя касьцёлы ў Малой Азіі, Мацэдоніі і Грэцыі. З невядомых прычын быў другі раз арыштаваны ў Рыме. Пасьля спаленьня Рыму пачаліся страшныя прасьледваньні хрысьціян. Гэтым разам Апостал ня меў ужо такой свабоды дзеяньня, як раней, да яго не дапускалі наведвальнікаў, апрача Лукаша, які з ім заставаўся.
У такіх цяжкіх умовах, спадзяючыся, што яго прысудзяць к сьмерці, сьв. Павал піша апошняе пісьмо да ўмілаваннага Цімафея, у якім просіць, каб ён разам з Маркам прыбылі да яго ў Рым. Ня гледзячы на пагрозу сьмерці, сэрца Апостала рупіцца пра лёс касьцёла ў Эфезе і пра дарагога вучня. Замест слоў прыватнага пісьма атрымаліся перадсьмертныя напамінаньні і пастырскія навукі. Гэта было яго апошняе пісьмо.
У гэтым пісьмо намаляваў сьв. Павал прыгожы ўзор добрага біскупа, усе клопаты якога і яго сэрца адносяцца да асобы Збаўцы. Гэткі прыкладны біскуп пасьвячае ўсе свае сілы і сваё ўласнае шчасьце на службу Божую і дзеля збаўленьня душаў. Да апошняй хвіліны ён рупіцца аб Касьцеле.
Распарадак пісьма
Адрас пісьма і прывітаньні. (1, 1-5)
1. Апостал заахвочвае Цімафея да смелага вяшчаньня Эвангеліі. (1, 6-11, 13)
2. Неабходнасьць ваяваньня з фальшывымі навукамі. (2, 14-4, 8)
Эпілог: Павал запрашае да сябе Цімафея і Марка і перасылае прывітаньні і багаславенства. (4, 9-22).
|