Ютрань
Пасьля "Госпад – Бог ...":
Трапары:
Праведніка ўспамінаем ... (Двойчы)
Слава ... цяпер ...:
Вышэй за розум ... (гл. вышэй)
Сядальная песьня 1 (тон 5). Уславім,
верныя, пасярэдніка між Законам і Ласкаю! Ён прапаведаваў нам пакаяньне і за
тое, што сьмела і яўна дакараў Ірада, аддаў галаву сваю на адсячэньне. Сёньня ён
прабывае разам з анёламі і моліцца Хрысту за нашае збаўленьне.
Слава ...: (Тон 4).
Сёньня мы спраўляем тваю, прадвесьнік, сьветлую памяць і просім цябе маліцца
няспынна Збаўцы і Госпаду, каб Ён даў нам усім адпушчэньне правінаў.
Цяпер ...: (Тон 4).
Уславім, верныя, Багародзіцу. Яна – шчырая Заступніца тых, што ў патрэбе, нашая
дапамога і навярненьне да Бога, і Ёю мы вызваліліся ад згубы.
Сядальная песьня 2 (тон 5). Ушануем у
песьнях прарока, які явіўся з няплоднага ўлоньня і зазьзяў як ясны сьветач на
ўвесь сьвет – Хрысьціцеля Хрыстовага і пераможнага мучаніка, Яна Прадвесьніка,
які моліцца Госпаду, каб Ён зьмілаваўся над душамі нашымі.
Слава ...: (Тон 4).
Сёньня яўляеца нам Хрысьціцель Збавіцеля і дае духоўнае пацяшэньне верным. Ён –
краса пустыні і пячатка прарокаў, прадвесьнік Хрыстовы і праўдзівы сьведка
Ягонага прыйсьця. Дык уславім яго духоўнымі песьнямі і ўсклікнем: "Прарок і
прапаведнік праўды, маліся за збаўленьне нашае".
Цяпер ...: (Тон 4).
Хоры анельскія дзіву даліся, убачыўшы тайну сынараджэньня Твайго, Беззаганная:
як гэта Той, хто трымае ўсё загадам сваім, ляжыць у абдымках Тваіх, як чалавек.
Вечны прымае пачатак, і малаком корміцца Той, хто корміць невыказнымі дабротамі
ўсё жывое. Дзеля гэ
Узьвялічваньне пасьля паліелею: Узьвялічваем цябе,
Хрысьціцелю Збавіцеля Яне, і ўспамінаем адсячэньне пачэснае галавы твае.
Верш 1. Вось я аддаліўся і асеў у пустыні.
Верш 2. Я распавёў пра тваю вернасьць і тваё
збаўленьне.
Слава ... цяпер ...:
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа.
(Тройчы)
Сядальная песьня (тон 8).
Прадвесьнік, хрысьціцель і пасланец Збавіцеля нашага за тое, што дакараў Ірада
за бясчынства з Ірадыядай, памірае, аддаўшы галаву сваю на адсячэньне, каб і
тым, што былі ў апраметнай, прынесьці добрую вестку, што да іх прыйдзе Госпад і
палоніць сьмерць. (Двойчы)
Слава ...: цяпер...: Слова Айца зышло на зямлю, і сьветлы
анёл абвясьціў Багародзіцы: "Радуйся, Блаславёная, адзіная, што захавала чыстым
вясельны хорам. Ты зачала Бога і Госпада, каб Ён мог збавіць ад спакусы род
людзкі".
Узыходныя песьні: першы антыфан 4 тону.
Пракімен (Пс 115). Дарагая ў вачох Госпада
сьмерць сьвятых Яго.
Верш. Што дам Госпаду ўзамен за тое, што Ён даў
мне?
Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Мацьвея
У той час Ірад тэтрарх пачуў вестку пра Ісуса і сказаў слугам
сваім: "Гэта Ян Хрысьціцель. Ён уваскрос з мёртвых, і таму цуды творацца ім." Бо
Ірад загадаў схапіць Яна і, зьвязанага, укінуць у вязьніцу праз Ірадыяду, жонку
Піліпа, свайго брата. Бо Ян казаў яму: "Нельга табе мець яе." І хацеў забіць
яго, але баяўся народу, бо лічылі яго за прарока. А калі быў Ірадаў дзень
нараджэньня, дачка Ірадыяды танцавала перад гасьцямі і спадабалася Іраду. Таму
ён з клятваю абяцаў даць ёй, чаго б яна ні папрасіла. А яна, навучаная сваёй
маці, "Дай мне - кажа - тут на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля." Засмуціўся цар,
але дзеля клятвы і тых, што ўзьлягалі з ім, загадаў даць ёй. І паслаў адсекчы
галаву Яну ў вязьніцы. І прынесьлі ягоную галаву на талерцы і аддалі дзяўчыне, а
яна аднесла сваёй маці. Вучні ж ягоныя, прыйшлі, узялі цела і пахавалі. І,
пайшоўшы, сказалі Ісусу. Пачуўшы, Ісус адплыў адтуль чаўном у пустыннае месца.
(Мц 14:1-12)
Псалом 50. Пасьля:
Слава ...: Малітвамі прадвесьніка, Міласэрны, ачысьці
мноства правінаў нашых.
Цяпер ...: Малітвамі Багародзіцы, Міласэрны, ачысьці
мноства правінаў нашых.
Зьмілуйся нада мною, Божа ...:
(Тон 2). Прапаведніку пакаяньня, Яне Хрысьціцелю,
ты асьвяціў зямлю, калі табе адсеклі галаву, бо ты прапаведаваў закон Божы
людзям і асуджаў беззаконьне. Цяпер, стоячы ля пасаду Ўладара Хрыста, малі Яго
за зьмілаваньне душаў нашых.
Канон (Тон 8)
Песьня 1
Ірмас. Перайшоўшы мора, быццам сушу, і
пазьбегнуўшы ягіпскага зла, ізраільцянін усклікнуў: "Збавіцелю і Богу нашаму
пяём!".
Прыпеў. Сьвяты прароча, прадвесьніку і хрысьціцелю
Яне, малі Бога за нас.
Прарока, які нарадзіўся ад няплоднае, і боскага прадвесьніка
Таго, хто ў дзявочым улоньні невыказна пасяліўся, усхвалім у песьнях.
Ты пераўзышоў прыродныя межы, захаваў законы праведнасьці,
выкрыў беззаконны саюз і не збаяўся царскага гневу.
Узгадаваны законным малаком, плод саюзу законнага, ты
запячатаў закон, калі супрацівіўся агіднаму распуснаму саюзу.
Слава ... цяпер ...: Хоры анёлаў і людзей няспынна
славяць Цябе, Дзева Маці, бо Ты на руках Тваіх насіла як дзіцятка іхняга Тварца.
Катавасія. Зрабіўшы на вадзе сваім кіем знак
Крыжа, Майсей разьдзяліў Чырвонае мора і вызначыў просты шлях для пераходу
Ізраіля. Тады ён зрабіў другі раз знак на вадзе і злучыў яе ў адно, патапіўшы
калясьніцы фараона. Дзеля гэтага пяём Хрысту Богу нашаму, бо Ён праславіўся.
Песьня 3
Ірмас. Госпадзе, Творца нябеснага кругу і
Заснавальніку царквы, мэта жаданьняў і ўмацаваньне верных, умацуй мяне ў любові
Тваёй, адзіны Чалавекалюбча.
Хадайнік старога і новага запаветаў, прадвесьнік евангельскіх
прапаведаваньняў, ты выкрыў беззаконны саюз мучыцеля і за гэта з радасьцю прыняў
сьмерць.
За намоваю беззаконнае маці, дзяўчына сказала адурманенаму
віном Іраду: "Дай мне на талерцы галаву Яна, і я занясу яе маці маёй як жаданы
падарунак".
Бессаромны мучыцель, не сьцярпеўшы дакораў баганоснага языка
твайго, слаўны Прадвесьніку, дзяўчыне, шта дагадзіла яму танцамі, аддае пачэсную
тваю і пакутную галаву.
Слава ... цяпер ...: Ты, Госпадзе, пасяліўся ў Дзеве
цялесна і зьявіўся людзям, якім належала бачыць Цябе, а Яе явіў як існую
Багародзіцу і памочніцу верных, адзіны Чалавекалюбча.
Катавасія. Кій Аарона быў вобразам тайны:
зацьвіўшы, ён паказаў, хто павінен быць сьвятаром. Гэтаксама ў раней няплоднай
Царкве зацьвіло дрэва крыжовае, напаўняючы сілаю і ўмацоўваючы яе.
Сядальная песьня (тон 8).
Провідам Божым ты нарадзіўся ад няплоднае і разьвязаў путы бацькавага языка,
паказаў усім Сонца, што прасьвятляе ўсё, і ў пустыні прапаведаваў людзям Творцу,
Ягнё, што бярэ на сябе грахі сьвету. Дакарыўшы цара, ты, вечнапамятны Яне
ўсяхвальны, прыняў адсячэньне галавы. Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў
адпушчэньне правінаў тым, што спраўляюць з любоўю сьвятую памяць тваю.
Слава ... цяпер ...: Усе людзі славяць Цябе як Дзеву і
адзіную сярод жанчынаў, што бяз семя нарадзіла ў целе Бога. Агонь Боства
пасяліўся ў Табе, і Ты карміла як дзіцятка Творцу і Госпада. Дзеля гэтага анёлы
і людзі дастойна славяць чыстае сынараджэньне Тваё і разам клічуць: "Малі Хрыста
Бога дараваць адпушчэньне грахоў тым, што пакланяюцца з вераю чыстаму
сынараджэньню Твайму".
Песьня 4
Ірмас. Ты мая сіла, Госпадзе, ты мой Бог, ты мая
радасьць. Не пакінуўшы ўлоньня Айца, ты наведаў нашае ўбоства. Дзеля гэтага
разам з прарокам Авакумам усклікаю: "Слава сіле Тваёй, Чалавекалюбча!".
Ня ў змозе стрываць сьмелых дакораў пабожнага, годны законнай
кары, растлелы паганымі пажаданьнямі, Ірад, зьвязаўшы, укінуў у вязьніцу таго,
хто яшчэ жывым быў нябачна залічаны да нябесных хораў.
Хворы ад душазгубнага п'янства і блуднай гарачкі, засьлеплены
танцам дзяўчыны, Ірад стаўся забойцам прарока. Маці блуду зачала п'янства і
нарадзіла лютае беззаконьне.
Боскі голас праўду сказаў пра цябе, што ты большы за ўсіх
прарокаў, бо ты быў прарокам ужо ва ўлоньні маці, калі, кволы целам, ты пазнаў
Бога-Слова, якога пасьля ахрысьціў цялесна.
Слава ... цяпер ...: Ты – пахвала верных, Дзева чыстая,
Ты – заступніца, Ты – прытулак хрысьціянаў, сьцяна і прыстанішча. Ты прыносіш
нашыя малітвы Сыну Твайму, Усебеззаганная, і збаўляеш ад бедаў тых, што з вераю
і любоўю вызнаюць Цябе як чыстую Багародзіцу.
Катавасія. Я пачуў тайну провіду Твайго, Госпадзе,
разважаў над Тваімі дзеямі і ўславіў Боскасьць Тваю.
Песьня 5
Ірмас. Чаму, Незаходнае Сьвятло, адкінуў Ты мяне
ад аблічча Твайго? Цемра варожая пакрыла мяне, няшчаснага. Але Ты навярні мяне і
да сьвятла запаветаў Тваіх накіруй шлях мой, малюся.
За матчынымі намовамі крыважэрнай ільвіцы больш крываважэрная
дачка, выпрасіла сабе як цану за распусны танец галаву прадвесьніка і
прапаведніка, якога дзікія зьвяры ў пустыні шанавалі.
Нязьведаныя і невыказныя суды Твае, Чалавекалюбча! Паганая
дзяўчына танцам дамаглася сьмерці таго, хто яшчэ ва ўлоньні маці напоўніўся
Духам Сьвятым, а пасьля зазьзяў дабрадзейнасьцямі і чысьцінёю.
Той, хто быў злучаны грэшным любоўным саюзам, да п'янства ў
дзень нараджэньня захацеў дадаць забойства прадвесьніка і напоўніць чашу грэшнай
асалоды сьвятой крывёю прарока.
Слава ... цяпер ...: Маючы матчыную сьмеласьць у Сына
Твайго, Усячыстая, не пагардзі роднымі Табе людзямі, молімся. Цябе адзіную мы,
хрысьціяне, прыносім Уладару як наша ачышчэньне.
Катавасія. Табою, тройчы сьвятое Дрэва, на якім
быў расьпяты Хрыстос, Уладар і Госпад, быў пераможаны той, хто дрэвам спакусіў
чалавека. Ён патрапіў у пастку, калі Бог быў прыбіты целам да цябе, даючы сьвету
веліч зьмілаваньня.
Песьня 6
Ірмас. Ачысьці мяне, Збавіцелю, бо шматлікія
беззаконьні мае, і з глыбіні зла ўздымі мяне, малюся. Цябе клічу, пачуй мяне,
Божа збаўленьня майго!
Тваім вучэньнем аб запаветах Закону ты, блаславёны, дакарыў і
выкрыў беззаконьніка, бо ты ня быў хісткаю трысьцінаю пад подыхамі варожых
вятроў.
Галава твая, пакрытая крывёю, была заплатаю блудніцы, і цяпер
абвінавачвае Ірада ў грэшным саюзе.
Пустыня, дзе ты жыў, была для цябе царскім хорамам; апрануты
ў вопратку з вярблюжых валасоў, быццам у пурпуру, ты апанаваў страсьці.
Слава ... цяпер ...: Малітвамі Тваімі, Багародзіца
чыстая, дай нам выбавіцца ад лютых правінаў і дасягнуць Боскага зьзяньня Сына
Божага, уцелаўлёнага ад Цябе, Усесьвятая.
Катавасія. Ёна ў нутры кіта працягнуў крыжом рукі
свае, даючы вобраз збавенных мукаў; выкінуты адтуль пасьля трох дзён, ён
прадвяшчаў цудоўнае ўваскрасеньне Хрыста Бога нашага, які быў укрыжаваны ў целе
і прасьвятліў сьвет уваскрасеньнем сваім на трэці дзень.
Кандак (тон 5).
Слаўнае адсячэньне галавы Прадвесьніка ў провідзе Божым паслужыла на тое, каб ён
мог і тым, што ў пекле, абвясьціць прыйсьце Збавіцеля. Хай плача несуцешна
Ірадыяда, што выпрасіла беззаконнае забойства, бо больш за закон Божы і вечнае
жыцьцё, яна палюбіла гэты век уяўны і пераходны.
Ікас. Дзень нараджэньня Ірада стаўся для ўсіх
агідным відовішчам, калі да гасьцей, што ўзьлягалі з ім за сталом, была
прынесеная, быццам страва, галава посьніка. Весялосьць перамянілася ў жах, і
сьмех у горкі плач, калі ўвайшла дзяўчына і ўнесла на талерцы галаву Хрысьціцеля
ўсім на паказ. Жах агарнуў царскіх гасьцей. Ніхто ня цешыўся, нават сам Ірад, аб
якім сказана, што сум агарнуў яго. Дый ня быў гэта шчыры сум, але ўяўны і
пераходны.
Песьня 7
Ірмас. Боскім зыходам агонь суняўся ў Бабілёне, і
юнакі ў печы, быццам на зялёным лузе, весела скакалі і пяялі: "Блаславёны Ты,
Божа айцоў нашых!".
Апанаваны блудным жаданьнем і п'яным шалам, беззаконны Ірад
разразіўся гневам на непахісны стоўп устрыманасьці і непарушную крэпасьць
дабрадзейнасьцяў, Хрысьціцеля Хрыстовага.
Не жахнулася, не засаромелася і не саслабла вучаніца д'ябла,
калі, спакушаная намовамі маці сваёй, прынесла бессаромна на талерцы пачэсную
галаву тваю, Прадвесьнік.
Ты зазьзяў як ліхтар, быў пасланы наперад, быццам анёл, як
прарок ты прапаведаваў прыйсьце Ягняці Божага, і як мучанік ты памёр праз
адсячэньне галавы, каб абвясьціць Хрыста тым, што ў апраметнай.
Слава ... цяпер ...: Вызваленыя сынараджэньнем Тваім ад
даўняга асуджэньня, няспынна славім Цябе, Маці і Дзева, прычына нашага
вызваленьня, разам з Сынам Тваім, які даў сябе як выкуп за нас.
Катавасія. Бязглузды загад злоснага мучыцеля,
поўны пагрозаў і боганенавісных блюзьнерстваў, прывёў людзей у зман; але тры
юнакі не спалохаліся зьверскай лютасьці, ані агню, што паліў усё: стоячы сярод
полымя, асьвежаныя росным ветрам, яны пяялі: "Блаславёны і ўсяхвальны Ты, Божа
айцоў нашых!".
Песьня 8
Ірмас. Люты мучыцель хальдэйскі распаліў у сем
разоў печ для набожных юнакоў, але, убачыўшы, як яны былі збаўленыя Вышэйшаю
сілай, усклікнуў Творцу і Збавіцелю: "Юнакі блаславіце; сьвятары, слаўце ў
песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!".
Апярэдзіўшы Тваё нараджэньне і боскія мукі, прадвесьнік Ян
цёсам мяча зыходзіць у апраметную, каб абвясьціць і там Тваё прыйсьце,
усклікаючы: "Узьвялічвайце, мёртвыя, Жыцьцядаўца, сьляпыя – Сьветлападаўца,
палонныя – Вызваліцеля Хрыста праз усе вякі!".
Нарадзіўшыся ад няплоднае, Ян апярэдзіў Таго, хто нарадзіўся
ад Дзевы, і быў прадвесьнікам Творцы ўсіх, што аддаў сябе на ўкрыжаваньне. Калі
яму адсеклі галаву, ён зышоў у пекла і тым, што там былі, усклікнуў: "Юнакі
блаславіце; сьвятары слаўце ў песьнях; людзі, узьвялічвайце праз усе вякі!".
Калі табе, прадвесьнік, адсеклі галаву, душа твая, што
кіравала целам, адышла ад яго. Боства ад цела Эмануэля ніколі не адыходзіла, і
косьць Бога і Ўладара не скрышылася. Дзеля гэтага ўзьвялічваем Яго праз усе
вякі.
Слава ... цяпер ...: Маці Госпада і Дзева, душы маёй раны
і гной малітвамі Тваімі ачысьці, і ўзьнімі мяне, заняпалага. Збаў мяне,
заблуднага, Усячыстая, збаў мяне: Ты мая заступніца і хадайніца, адзіная
блаславёная праз усе вякі.
Катавасія. Блаславіце, юнакі, роўныя лікам з
Тройцай, Творцу Бога Айца, і Слова, што зышло на зямлю і перамяніла агонь на
расу; і ўзьвялічвайце над усім Духа ўсесьвятога, які дае ўсім жыцьцё, праз усе
вякі.
Песьня 9
Ірмас. Усё стварэньне задрыжэла ў страху, калі
пачула пра невыказны Божы зыход. Вось Найвышэйшы прыняў цела, і ў Дзявочым
улоньні стаўся чалавекам. Дзеля гэтага ўсячыстую Багародзіцу мы, верныя,
узьвялічваем.
Сілы цемры на чале з д'яблам спалохаліся твайго, прарок,
языка, калі ты прапаведаваў Хрыста. Праз паганую дзяўчыну яны змусілі Ірада
адсекчы табе галаву. Але мы цябе як Хрысьціцеля ўзьвялічваем.
Прыніжанасьць пакорнай прыроды ўзвысілася, а ўзгорак
сьмяротнае пыхі ўпакорыўся. Голас таго, хто клікаў, быў чутны ў пустынях сьвету
і ў пякельных жытлах: "Адчыніце вароты, каб увайшоў Уладар усіх!".
Дрыжаць страсьці людзкія, у страху ўцякаюць дэманы,
асьлепленыя дадзенай табе ад Бога ласкаю. Ад усіх спакусаў захавай статак твой,
Прадвесьнік Гасподні, – тых, што цябе з вераю ўзьвялічваюць.
Слава ... цяпер ...: Рыхтуйся, пасьпявай і валодай, Сыне
Божай Маці, і перамагай ізмаільскія сілы, што нападаюць на нас. Дай перамогу
верным людзям Тваім малітвамі Тае, што нарадзіла Цябе, Слова Божае.
Катавасія. Багародзіца, Ты – таемны рай, бо Ты бяз
высілку ўзрасьціла нам Хрыста, які пасадзіў пасярод зямлі жыцьцядайнае дрэва
крыжовае. Бачачы яго сёньня ўзьнесеным, пакланяемся яму і Цябе славім.
Экзапастыляр: Найбольшага сярод прарокаў,
пакліканага раней за апосталаў, прадвесьніка ласкі ўсхвалім у песьнях, бо ён за
закон Гасподні даў сабе адсекчы галаву.
Слава ...: Паганы Ірад табе, сейбіту чысьціні і
Хрысьціцелю Збаўцы, галаву адсек, але ня змусіў змоўкнуць язык твой, які дакараў
яго.
Цяпер ...: Ты, што сынараджэньнем Тваім разбурыла
сусьветны праклён, малітвамі Тваімі захавай бясьпечным статак Твой, які моліцца
Табе, Усячыстая Дзева.
Пахвальныя псалмы
(Тон 8). Слаўны цуд! Сьвятую галаву, якую анёлы
шануюць, агідная блудніца прынесла распуснай маці, якую Ян дакараў за
беззаконнае жыцьцё. Нязьведаная веліч доўгацярплівасьці Тваёй, чалавекалюбны
Хрысьце, дзеля якой збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны.
(Двойчы)
Скамянелае сэрца Ірада! Зьняважыўшы Бога пераступленьнем
закону, ён аблудна крывадушнічае, кажучы, што павінен трымаць абяцаньне, і з
уяўным смуткам да распусты дадае забойства. Невычэрпная Твая міласэрнасьць,
чалавекалюбны Хрысьце, дзеля якой збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны.
Дзіва над усё разуменьне! Пячатка прарокаў і зямны анёл
стаецца заплатаю за агідны танец, а багаслоўскі голас Прадвесьніка апярэджвае
Хрыста сярод тых, што былі ў апраметнай. Невыказны Твой провід, Уладару! Дзеля
яго, Хрысьце, збаў душы нашыя, адзіны Добрасардэчны.
Слава ...:
Зноў Ірад бесіцца, зноў шалее. О лісьлівы і падступны танец,
і бяседа бяздумная! Хрысьціцеля забіваюць, і Ірад трывожыцца. Малітвамі
Прадвесьніка Твайго, Госпадзе, дай супакой душам нашым.
Цяпер ...:
Прымі, Уладарка, маленьні слугаў Тваіх, і вызваль нас ад
усялякай патрэбы і суму. |