Езус заходзіць да Захея. Прыповесьць аб дзесяці грыўнях
19 РАЗЬДЗЕЛ.
1 І ўвайшоўшы, паходзіў праз Ерыхон. 2 І вось чалавек, на імя Захей, каторы быў старшым над мытнікамі і быў багаты. 3 І стараўся ўбачыць Езуса, хто ён такі, але ня мог за грамадою, бо быў малога росту. 4 І забегшы наперад, улез на дрэва дзікай фігі, каб убачыць яго, бо тудою меў прахадзіць. 5 І калі Езус прыйшоў да месца, узглянуўшы, убачыў яго і сказаў яму: Захей, зыйдзі пасьпешна, бо сягоньня трэба мне быць у тваім доме. 6 І пасьпешна зыйшоў і прыняў яго з радасьцяй. 7 А як убачылі ўсе, наракалі, кажучы, што зайшоў да грэшнага чалавека.
8 А Захей стаўшы, сказаў да Пана: Вось, Пане, палавіну маей маемасьці даю на ўбогіх, а калі каго ў чым ашукаў, аддаю ўчэцьвера. 9 Сказаў да яго Езус: Што сягоньня для гэтага дому сталася збаўленьне, бо і ён ёсьць сын Абрагама. 10 Бо Сын чалавечы прыйшоў шукаць і збаўляць тое, што было згінула.
11 Калі яны гэтае слухалі, дадаючы сказаў прыповесьць: бо быў ён блізка Ерузаліму, і яны думалі, што зараз мела зьявіцца каралеўства Божае. 12 Дык сказаў:
Адзін чалавек высокага роду ад'яжджаў у далёкі край, каб атрымаць для сябе каралеўства і вярнуцца. 13 І паклікаўшы дзесяцёх сваіх слугаў, даў ім дзесяць грыўняў і сказаў да іх: Гандлюйце, пакуль ня прыеду. 14 Але ягоныя грамадзяне ненавідзелі яго і выслалі за ім пасольства, кажучы: Ня хочам, каб гэты панаваў над намі.
15 І сталася, што ён вярнуўся, атрымаўшы каралеўства, і загадаў паклікаць слуг, каторым даў грошы, каб ведаць, сколькі кожны зарабіў. 16 І прыйшоў першы, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла дзесяць грыўняў. 19 І сказаў гэтаму: Добра, слуга добры, таму што ты быў верны ў малым, будзеш мець уладу над дзесяцьма гарадамі. 18 Прыйшоў і другі, кажучы: Пане, твая грыўня прынясла пяць грыўняў. 19 І сказаў гэтаму: І ты будзь над пяцьма гарадамі. 20 Прыйшоў і іншы, кажучы: Пане, вось твая грыўня, якую я меў схаваную ў хустцы; 21 бо я баяўся цябе, таму што ты чалавек срогі: бярэш, чаго не палажыў, і жнеш, чаго ня сеяў. 22 Сказаў яму: Вуснамі тваімі суджу цябе, нягодны слуга. Ты ведаў, што я чалавек срогі, бяру, чаго не палажыў і жну, чаго ня сеяў; 23 чаму-ж ты не аддаў маіх грашэй у банк, каб я, прыхаўшы, дастаў іх з працэнтам? 24 І сказаў тым, што там стаялі: Вазьмеце ад яго грыўню і дайце таму, каторы мае дзесяць грыўняў. 26 А я вам кажу, што кожнаму, хто мае, будзе дадзена і будзе мець дастатак, а ад таго, хто ня мае, будзе аднята ад яго і тое, што ён мае. 27 Аднак-жа ворагаў маіх, тых, што не хацелі, каб я панаваў над імі, прывядзеце сюды пазабівайце перада мною.
28 І сказаўшы гэтае, ішоў наперад, ідучы ў Ерузалім.
ІІІ ЧАСЬЦЬ. АПОШНІЯ ДНІ Е. ХРЫСТА НА ЗЯМЛІ. ЯГО МУКА, СЬМЕРЦЬ І ЎСКРАСЕНЬНЕ
Трыумфальны ўезд Е. Хрыста ў Ерузалім
29 І сталася, калі прыбліжаўся да Бэтфагі і Бэтаніі пры гары, якая завецца Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх, 30 кажучы: Ідзеце ў сяло, якое наўпроць; уваходзячы ў яго знойдзеце прывязанае жэрабё асьліцы, на каторым ніхто з людзей ніколі не сядзеў; адвяжэце яго і прывядзеце. 31 І калі-б у вас хто спытаўся: "Нашто адвязваеце"? так таму скажэце: "што Пан жадае ягонай паслугі".
32 І пайшлі тыя, што былі пасланы, і знайшлі, так як сказаў ім, стаячае асьлянё. 33 Калі-ж яны адвязалі асьлянё, сказалі да іх гаспадары яго: Нашто адвязваеце асьлянё? 34 А яны сказалі: Што Пану яго патрэба. 35 І прывялі яго да Езуса, і ўскінуўшы адзеньне сваё на асьлянё, пасадзілі Езуса. 36 Калі-ж ён ехаў, слалі адзеньне сваё на дарозе. 37 І калі ўжо прыбліжаўся да спуску з Аліўнай гары, пачалі ўсе грамады вучняў, радуючыся, хваліць Бога вялікім голасам за ўсе цуды, якія яны бачылі, 38 кажучы: Багаслаўлены, каторы ідзе ў імя Пана; супакой на небе, і слава на вышынах! 39 А некаторыя фарызэі з грамадаў сказалі да яго: Вучыцель, насварыся на сваіх вучняў! 40 Ён сказаў ім: Кажу вам, што калі-б яны маўчалі, каменьні будуць галасіць.
41 І калі прыбліжыўся, убачыўшы горад, заплакаў над ім, кажучы: 42 Што каб пазнаў і ты, і ў гэты дзень твой, што для супакою твайго! Цяпер-жа закрыта ад вачэй тваіх. 43 Бо прыйдуць на цябе дні, і абвядуць цябе ворагі твае акопам, і акружаць цябе, і сьціснуць цябе адусюль, 44 і паваляць цябе на зямлю і сыноў тваіх, каторыя ў табе; і не пакінуць у табе каменя на камені, таму што ты не пазнаў часу адведзінаў тваіх.
45 І ўвайшоўшы ў сьвятыню, пачаў выганяць прадаючых у ёй і купляючых, 46 кажучы ім: Напісана ёсьць, што "дом мой ёсьць домам малітвы" (Із. 56, 7), а вы зрабілі яго пячэрай разбойнікаў (Яр. 7, 11).
47 І вучыў штодня ў сьвятыні. А архісьвятары і кніжнікі і старшыя з народу шукалі загубіць яго, 48 і не знаходзілі, што-б зрабіць яму, бо ўвесь народ быў прывязаўшыся, слухаючы яго.
----------------------------------
Р. 19
11 Народ і вучні думалі, што Хрыстус адбудуе зямное жыдоўскае валадарства, і зараз пасьля свайго прыходу ў Ерузалім абвесьціць сябе валадаром. Хрыстус ведаючы аб гэтым пракананьні, сказаў прыповесьць, у якой павучае не аб закладзінах зямнога валадарства, але аб павіннасьцях і абавязках кожнага чалавека перад Богам.
12 Людзі высокага роду (князі і каралі), хочучы здабыць для сябе каралеўствы ад рымскага ўраду, езьдзілі тады ў Рым. Туды-ж часта езьділі і прадстаўнікі грамадзянства з пратэстам, каб нявыгоднага для сябе кандыдата не дапусьціць да ўлады. Сваю прыповесьць Езус апірае на гэтых ведамых фактах.
13 "Грыўня" серабра (пагрэцку "мна") - гэта каля 185 зл.
26 Гл. Мт. 13, 12.
27 Чалавек, які адяжджае ў далёкі край - гэта Хрыстус; слугі - гэта людзі, якія атрымалі ад Хрыста розныя дары, каб зарабіць імі на неба; варожыя грамадзяне - гэта тыя, што ня хочуць валадарства Хрыстовага; час парахунку з слугамі - гэта час сьмерці; тады верныя і працавітыя слугі атрымаюць нагароду, а нягодныя і ворагі Хрыста будуць асуджаны на вечную сьмерць (кару ў пекле).
30 Гл. Мк. 11, 12.
44 Гэта споўнілася ў 70 годзе па Нар. Хрыста, калі рымляне абляглі Ерузалім і здабылі яго.
46 Гл. Мт. 21, 12 і наст.
|