Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324

 

Спрэчка з прадстаўнікамі Сангэдрыну

20 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І сталася аднаго дня, калі ён навучаў у сьвятыні і абвяшчаў эванэлію, зыйшліся архісьвятары і кніжнікі з старшымі 2 і сказалі да яго, кажучы: Скажы нам, якою ўладай ты гэта робіш, або хто такі, хто даў табе гэтую ўладу? 3 Езус-жа адказваючы сказаў да іх: Спытаюся і я ў вас аднаго слова; адкажэце мне: 4 хрост Яна быў з неба ці з людзей? 5 А яны думалі самі ў сабе, кажучы: Што калі мы скажам "з неба", то ён скажа: "Дык чаму-ж вы яму не паверылі"? 6 Калі-ж скажам "з людзей", то ўвесь народ закамянуе нас, бо яны пэўныя, што Ян ёсьць прарок. 7 І адказалі, што яны ня ведаюць, адкуль ён. 8 А Езус сказаў ім: І я вам не скажу, якою ўладаю я гэта раблю.

Прыповесьць аб работніках у вінаградніку

9 І пачаў гаварыць да народу гэтую прыповесьць:

Чалавек засадзіў вінаграднік і аддаў яго ў арэнду земляробам, а сам ад'ехаў на доўгі час. 10 І ў час паслаў да земляробаў слугу, каб яны далі яму з плоду вінаградніка. Яны, пабіўшы, адправілі яго з нічым. 11 І ізноў паслаў другога слугу, але яны і гэтага пабіўшы і зьняважыўшы, адправілі з нічым. 12 І паслаў яшчэ трэцяга, і гэтага яны параніўшы выкінулі. 13 І сказаў гаспадар вінаградніка: Што я зраблю? Пашлю сына майго дарагога, можа, угледзеўшы яго, пабаяцца. 14 Калі ўгледзелі яго земляробы, думалі самі ў сабе, кажучы: Гэта-ж насьледнік, заб'ём яго, каб нашай была спадчына. 15 І выкінуўшы яго за вінаграднік, забілі. Дык што зробіць ім гаспадар вінаградніка? 16 Прыйдзе і выгубіць тых земляробаў, а вінаграднік здасьць іншым.

Пачуўшы гэтае, сказалі яму: Няхай Бог крые! 17 А ён спаглянуўшы на іх, сказаў: Дык што значыць гэтае, што напісана ёсьць: "Той камень, каторы адкінулі будаўнічыя, стаўся галавою вугла"? (Пс. 117, 22). 18 Кожны, хто ўпадзе на гэты камень, разаб'ецца; а на каго-б ён упаў, сатрэ яго.

19 І стараліся архісьвятары і кніжнікі налажыць на яго рукі ў тую часіну, але баяліся народу; бо пазналі, што на іх сказаў гэтае падабенства.

Ці трэба плаціць падатак цэзару?

20 І сьледзячы паслалі здраднікаў, каб яны, удаючы справядлівых, падлавілі яго ў мове, каб выдаць яго старшынству і ўладзе начальніка. 21 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, мы ведаем, што ты правільна гаворыш і вучыш і не ўглядаесься на асобу, але дарогі Божай папраўдзе навучаеш. 22 Ці можна нам даваць падатак цэзару, ці не? 23 Ён-жа, пазнаўшы іхную хітрасьць, сказаў да іх: Што вы мяне спакушваеце? 24 Пакажэце мне дынара. Чый мае ён воблік і надпіс? Адказваючы сказалі яму: Цэзараў. 25 І сказаў ім: Дык аддайце, што цэзарава, цэзару, а што Божае, Богу. 26 І не маглі слова ягонага зганіць перад народам, і зьдзіўленыя з ягонага адказу, замоўклі.

Садукеі і ўскрашэньне цел

27 І падыйшлі некаторыя з садукеяў, якія цьвярдзяць, што няма ўскрашэньня і спыталіся ў яго, 28 кажучы: Вучыцель, Майсей напісаў нам: "Калі-б у каго брат, маючы жонку, памёр і ня было ў яго дзяцей, то каб брат ягоны ўзяў жонку яго і ўскрасіў патомства брату свайму" (Паўл. Пр. 25, 5). 29 Дык было сем братоў. І першы ўзяў жонку і памёр без дзяцей; 30 і ўзяў яе другі, і гэты памёр бяз сына; 31 і трэці ўзяў яе; гэтаксама і ўсё сямёх, і не аставіўшы патомства, паўміралі. 32 Наканец па ўсіх памярла і жанчына. 33 Дык ва ўскрашэньні каторага з іх будзе яна жонкай? Бо-ж сямёх яе мелі за жонку. 34 І сказаў ім Езус: Сыны гэтага сьвету жэняцца і выходзяць замуж. 35 Але тыя, каторыя будуць прызнаны годнымі таго сьвету і ўскрашэньня з умерлых, ані замуж ня пойдуць, ані жанок браць ня будуць, 36 бо яны ня будуць магчы болей уміраць, таму што яны ёсьць роўныя з анёламі і ёсьць сынамі Божымі, будучы сынамі ўскрашэньня. 37 А што ўмерлыя ўваскрэснуць, то і Майсей паказаў "каля куста", называючы Пана "Богам Абрагама, і Богам Ізаака, І Богам Якуба" (Вых. 3, 6). 38 Бог-жа ня ёсьць умерлых, але жывых; бо для яго ўсе жывуць. 39 А некаторыя з кніжнікаў адказваючы, сказалі яму: Вучыцель, добра ты сказаў. 40 І болей ня сьмелі аб чым-колечы пытацца ў яго.

Хрысус - сын і Пан Давідаў. Езус напамінае кніжнікаў. Ахвяра ўдавы

41 І сказаў да іх: Як-жа кажуць, што Хрысус ёсьць сынам Давіда? 42 А сам Давід кажа ў кнізе псальмаў (109, 1): "Сказаў Пан Пану майму, сядзь праваруч мяне, 43 пакуль палажу ворагаў тваіх падножжам ног тваіх"? 44 Дык Давід заве яго Панам, то як-жа ёсьць сынам ягоным?

45 Калі-ж слухаў увесь народ, сказаў сваім вучням: 46 Сьцеражэцеся кніжнікаў, каторыя хочуць хадзіць у доўгім адзеньні, і любяць прывітаньні на рынку, і першыя лаўкі ў бажніцах, і першыя мясцы на бяседах; 47 каторыя аб'ядаюць дамы ўдоваў, прыкрываючыся доўгай малітвай, яны атрымаюць большае асуджэньне.

 

 

----------------------------------

Р. 20.

1 Гэна было ў аўторак па Вербнай нядзелі.

5 Гл. Мт. 21, 25.

17 Гл. Мт. 21, 42.

27 Гл. Мт. 22, 28.

42 Гл. Мт. 22, 44.

46 Гл. Мк. 12, 38.

47 Гл. Мт. 23, 14.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст