Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324

 

21 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І ўзглянуўшы, убачыў тых багатых, якія клалі свае дары ў скарбону, 2 і ўбачыў так-жа нейкую бедненькую ўдаву, якая клала дзьве малыя манэткі. 3 І сказаў: Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава палажыла болей за ўсіх. 4 Бо ўсе тыя клалі на дары Божыя з таго, што для іх было лішняе, а гэтыя з недастатку свайго, палажыла ўвесь свой пражытак, які мела.

Прароцтвы аб зруйнаваньні Ерузаліму і аб сканчэньні сьвету

5 А калі некаторыя гаварылі аб сьвятыні, што яна ўпрыгожана стройнымі каменьнямі, сказаў: 6 Прыйдуць дні, у каторых з гэтага, што вы бачыце, не астанецца камень на камені, каторы-б ня быў звалены. 7 І спыталіся ў яго, кажучы: Вучыцель, калі гэтае будзе, і які знак, калі яно пачне дзеяцца?

8 Ён сказаў: Глядзеце, каб вас не зьвялі. Бо многія прыйдуць у імя маё, кажучы, што "гэта я" і "час прыбліжыўся", дык вы ня ідзеце за імі. 9 Калі-ж пачуеце аб войнах і бунтах, ня бойцеся; трэба, каб перш гэтае сталася, але яшчэ ня зараз канец.

10 Тады казаў ім: Паўстане народ проціў народу, і каралеўства проціў каралеўства, 11 і будуць вялікія землятрасеньні па мясцох, і паморы, і галады, і страхі з неба, і знакі вялікія будуць. 12 Але перад усім гэтым наложаць на вас рукі свае, і будуць прасьледаваць, выдаючы ў бажніцы і вастрогі, цягаючы да каралёў і начальнікаў дзеля імені майго, 13 яно-ж прыдасца вам на пасьведчаньне. 14 Дык вазьмеце ў сэрцы вашыя не абдумываць наперад, як вы маеце адказваць. 15 Бо я вам дам вусны і мудрасьць, каторай ня змогаць супрацівіцца і запярэчыць усе праціўнікі вашы.

16 І будзеце выдаваны бацькамі, і братамі, і сваякамі, і прыяцелямі, і некаторым з вас сьмерць зробяць. 17 І будзеце зьненавіджаны ўсімі дзеля імені майго; 18 а волас з галавы вашай ня згіне. 19 Праз цярплівасьць вашу здабудзеце душы вашыя.

20 Калі-ж убачыце Ерузалім, акружаны войскам, тады ведайце, што прыблізілася спусташэньне яго.

21 Тады тыя, што ў Юдэі, няхай уцякаюць у горы; а тыя, што ўнутры яго, няхай выходзяць; а тыя, што ў ваколіцах, няхай ня ўходзяць у яго. 22 Бо гэта дні помсты, каб споўнілася ўсё, што напісана.

23 А гора цяжарным і кормячым у тыя дні! Бо будзе вялікае ўцісьненьне на зямлі і гнеў на гэты народ. 24 І лягуць ад вастрыя мяча, і будуць заведзены ў няволю да ўсіх народаў, а Ерузалім будуць таптаць пагане, пакуль ня споўняцца часы народаў. 25 І будуць знакі на сонцы і месяцы і зорах, а на зямлі ўцісьненьне народаў дзеля зьмяшаньня марскога шуму і навальніцы; 26 калі людзі будуць сохнуць ад страху і чаканьня таго, што прыйдзе на цэлы сьвет, бо сілы нябесныя будуць зрушаны. 27 І тады ўбачаць Сына чалавечага, прыходзячага ў воблаку з уладай вялікай і славаю. 28 А калі гэтае пачне тварыцца, узгляньце і падымеце галовы вашыя, бо прыбліжаецца вашае адкупленьне.

29 І сказаў ім падабенства: Гляньце на фігу і ўсе дрэвы: 30 Калі яны з сябе ўжо выдаюць плод, вы ведаеце, што блізка лета. 31 Так і вы, калі ўгледзіце, што гэтае творыцца, ведайце, што блізка каралеўства Божае. 32 Сапраўды кажу вам, што не праміне гэты род, як усё станецца. 33 Неба і зямля прамінуць, але словы мае не прамінуць.

34 Зьвярнеце-ж увагу на сябе, каб часам ня былі абцяжаны сэрцы вашыя абжорствам і п'янствам і клапотамі гэтага жыцьця; і каб дзень той не надыйшоў на вас раптоўна; 35 бо так як сіло ўпадзе на ўсіх, што сядзяць на вобліку ўсяе зямлі. 36 Дык чуйце, молячыся ў кожны час, каб быць годнымі ўсьцерагчыся ад гэтага ўсяго, што мае прыйсьці, і стаць перад Сынам чалавечым.

37 І навучаў днямі ў сьвятыні, а начамі выходзячы, прабаваў на гары, якая завецца Аліўнаю. 38 А ўвесь народ ад рана зыходзіўся да яго, ў сьвятыні каб слухаць яго.

 

 

----------------------------------

Р. 21

3 Гл. Мк. 12, 44.

7 Гл. Мт. 24, 3.

12 Гл. Мт. 24, 9 і наст.

13 Тыя ўсе цярпеньні, якія хрысьціяне будуць перанасіць дзеля імені Хрыстовага, дадуць ім аказію сьведчыць аб праўдзівасьці верыў Хрыста.

18 Хто мае надзею на Бога і цярпіць для Яго, той знаходзіцца пад асабліўшай апекай Бога, бяз волі і веды каторага нічога стацца ня можа.

24 Гэтыя словы Хрыста споўніліся ў часе аблогі і ўзяцьця Ерузаліму рымлянамі (у 70 г. па Нар. Хр.). Тады згінула болей мільёна жыдоў, узята ў няволю 97 тысяч, маладзяж ніжэй 17 гадоў прадавалі ў няволю амаль што за дарма.

26 Гл. Мт. 24, 29.

37 Першую і другую ноч пасьля ўезду ў Ерузалім Езус прабыў у Бэтаніі, а ночы з аўторка на сераду і з серады на чацьвер - на гарэ Аліўнай. У начы з чацьвярга на пятніцу Езус быў узяты на гэтай-жа гарэ.

38 Народ, які быў зыйшоўшыся на Пасху ў Ерузалім, гарнуўся да Езуса, але старшыя жыдоўскія былі ўжо пастанавіўшы забіць Езуса, а цяпер толькі шукалі зручнае часіны, каб яго ўзяць.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст