Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324

 

Езус перад Пілатам першы раз

23 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І ўзяўшы ўсё мноства іх, павялі яго да Пілата. 2 І пачалі вінаваціць яго, кажучы: Мы яго знайшлі, што ён бунтуе наш народ, і забараняе даваць падаткі цэзару, і кажа, што ён ёсьць Хрыстус кароль. 3 Пілат-жа спытаўся ў яго, кажучы. Ты кароль Юдэйскі? А ён адказваючы сказаў: Ты кажаш. 4 І сказаў Пілат да архісьвятараў і грамадаў: я не знаходжу ніякай віны ў гэтым чалавеку. 5 Але яны намагалі, кажучы: Ён узбурвае народ, вучачы па ўсей Юдэі, пачынаючы ад Галілеі аж сюды. 6 Пілат-жа, пачуўшы аб Галілеі, спытаўся, ці ён чалавек галілейскі. 7 А калі даведаўся, што ён з-пад улады Гэрада, адаслаў яго да Гэрада, каторы так-жа быў у Ерузаліме ў гэныя дні.

Езус прад Гэрадам Антыпай

8 А Гэрад, убачыўшы Езуса, вельмі ўзрадаваўся. Бо ад доўгага часу хацеў бачыць яго, затым што многа чуў аб ім, і спадзяваўся, што пабачыць нейкі знак, учынены ім. 9 І пытаўся ў яго многімі славамі, але ён нічога яму не адказваў. 10 А архісьвятары і кніжнікі стаялі, заўзята абвінавачваючы яго. 11 І ўзгардзіў ім Гэрад з войскам сваім, і высьмеяў, адзеўшы ў белую вопратку, і адаслаў да Пілата. 12 І сталіся прыяцелямі Гэрад і Пілат у той дзень, бо перад тым былі для сябе непрыяцелямі.

11 У белай вопратцы хадзілі тады валадары, а ў Рыме кандыдаты на розныя дзяржаўныя становішчы (Кандідус - па нашаму: белы, сьветлы). Загадваючы адзець Хрыста ў белую вопратку, Гэрад хацеў выставіць яго на сьмех, як кандыдата да каралеўскай улады.

12 Гэта была палітычная прыязьнь.

Езус другі раз прад Пілатам. Асуджэньне на сьмерць

13 Пілат-жа склікаўшы вышэйшых духоўных і ўлады і народ, 14 сказаў да іх: Вы прывялі мне гэтага чалавека, быццам зводзячага народ, і вось я, перад вамі пытаючыся, не знайшоў у гэтым чалавеку ніякай віны з тых, у каторых вы яго вінаваціце. 15 Але і Гэрад не, бо я адаслаў вас да яго; і вось нічога годнага сьмерці не даказана яму. 16 Дык я, пакараўшы яго, пушчу.

17 А трэба было яму пусьціць ім на сьвяточны дзень аднаго. 18 І закрычала разам уся грамада, кажучы: Вазьмі гэтага, а пусьці нам Бараббу, 19 каторы быў пасаджаны ў вастрог за нейкі бунт, дакананы ў горадзе і за забойства.

20 І ізноў Пілат гаварыў да іх, хочучы звольніць Езуса. 21 Але яны крычалі, кажучы: Укрыжуй, укрыжуй яго! 22 Ён-жа трэці раз сказаў ім: Што-ж благога ён зрабіў? Ніякай прычыны сьмерці я ў ім не знайшоў, дык пакараю яго і звольню. 23 Але яны наставалі моцнымі галасамі, дамагаючыся, каб быў укрыжаваны; і набіралі сілы іхныя галасы. 24 І Пілат прысудзіў, каб сталася іхнае жаданьне. 25 І пусьціў ім таго, каторы за забойства і бунт быў пасаджаны ў вастрог, каторага яны прасілі; а Езуса выдаў на іх волю.

Дарога на Кальварыю, укрыжаваньне і сьмерць Езуса Хрыста

26 Калі-ж вялі яго, узялі нейкага Сымона Кірэнэйца, каторы ішоў з вёскі, і ўзлажылі на яго крыж, каб нёс за Езусам. 27 І шла за ім вялікая грамада народу і жанчын, якія плакалі і галасілі па ім. 28 А Езус, зьвярнуўшыся да іх, сказаў: Дочкі ерузалімскія, ня плачце нада мною, але самі над сабою плачце і над сынамі вашымі. 29 Бо вось прыйдуць дні, у каторых будуць казаць: "Шчасьлівыя бясплодныя, і лоны, якія не радзілі, і грудзі, якія не саілі". 30 Тады пачнуць гаварыць да гораў: "Упадзеце на нас", і да ўзгоркаў: "Прыкрыйце нас". 31 Бо калі-ж з зялёным дзеравам гэтае робяць, то што будзе з сухім?

32 І вялі з ім так-жа двух іншых злачынцаў, каб ім зрабіць сьмерць.

33 І калі прыйшлі на месца, званае Трупнога Чэрапу, там укрыжавалі яго, і разбойнікаў, аднаго па правай старане, а другога па левай. 34 А Езус казаў: Ойча, адпусьці ім, бо ня ведаюць, што робяць. А дзелячыся ягоным адзеньнем, кінулі лёс.

35 І стаяў народ угледаючыся. І з імі насьмяхаліся з яго старшыя, кажучы: Другіх ратаваў, няхай-жа сябе паратуе, калі ён Хрыстус Божы, выбраны. 36 Зьдзекаваліся-ж з яго і жаўнеры, падыходзячы і падаючы яму воцат, 37 і кажучы: Калі ты кароль жыдоўскі, ратуй самога сябе.

38 Быў-жа над ім і надпіс, напісаны літарамі грэцкімі, лацінскімі і гэбрайскімі: "Гэта ёсьць кароь жыдоўскі".

39 Адзін-жа з тых разбойнікаў, што віселі, блюзьніў проціў яго, кажучы: Калі ты Хрысус, паратуй самога сябе і нас. 40 А адказваючы другі сварыўся на яго, кажучы: Ты і Бога не баісься, хоць знаходзісься ў тэй самай казьні. 41 Мы-то справядліва, бо атрымоўваем належнае за ўчынкі, але гэты нічога благога не зрабіў. 42 І казаў да Езуса: Пане, помні аба мне, калі прыйдзеш у каралеўства сваё. 43 І сказаў яму Езус: Сапраўды кажу табе, сяньня будзеш са мною ў раі.

44 Была-ж блізу гадзіна шостая, і сталася цемра па ўсей зямлі аж да гадзіны дзевятай. 45 І зацьмілася сонца, і заслона сьвятыні разьдзёрлася папалам. 46 І закрычаўшы вялікім голасам, Езус сказаў: Ойча, у рукі твае аддаю духа майго. І гэта сказаўшы, сканаў.

47 А сотнік, відзячы, што дзеялася, славіў Бога, кажучы: Сапраўды гэты чалавек быў справядлівы. 48 І ўся грамада тых, што былі разам на гэтым відовішчы і бачылі, што дзеялася, варочаліся, б'ючыся ў грудзі свае. 49 Стаялі-ж здалёку ўсе знаёмыя яго, і жанчыны, якія былі прыйшоўшы за ім з Галілеі, угледаючыся на гэтае.

Зьняцьце з крыжа і паховіны

50 І вось чалавек, на імя Язэп, каторы быў радным, чалавек добры і справядлівы, 51 з юдэйскага гораду Арыматэі; ён быў не згадзіўшыся з Радай і ўчынкамі іх, і ён сам чакаў каралеўства Божага; 52 ён прыйшоў да Пілата і прасіў цела Езуса. 53 І зьняўшы, увярнуў у палатно і палажыў яго ў высечаным гробе, у каторым яшчэ ніхто ня быў паложаны.

54 А быў дзень прыгатаўленьня і надыходзіла субота. 55 А падыйшоўшы жанчыны, каторыя прыйшлі з ім з Галілеі, бачылі гроб і як было паложана ягонае цела. 56 І вярнуўшыся, прыгатовілі пахнучыя рэчы і алейкі. А ў суботу-ж супачывалі паводле прыказаньня.

 

 

----------------------------------

Р. 23

2 Тры закіды паставілі жыды Хрыстусу: бунтуе народ, забараняе даваць падаткі цэзару і чыніцца каралём жыдоўскім.

7 Езус жыў у Назарэце і дзеля гэтага быў падданым Гэрада. Пілат, пазнаўшы, што жыды прывялі да яго Езуса з нейкай злосьці ці завіднасьці, хоча пазбыцца гэтай прыкрай справы і адсылае да Гэрада Антыпы, які быў прыехаўшы на Пасху ў Ерузалім.

17 Гл. Мт. 27, 15 і наст.

21 Гэтага дня мелі ўкрыжаваць двух праступнікаў, дык натоўп крычыць, каб і Езуса ўкрыжаваць.

28 Езус кажа жанчынам ерузалімскім плакаць над сынамі сваімі, бо іх спаткае горкая доля пры збурыньні Ерузаліму.

29 Падчас аблогі Ерузаліму рымлянамі быў такі голад у гэтым горадзе, што маткі елі сваіх дзяцей.

31 Зялёнае дзерава ў сьв. Пісаньні азначае справядлівага, дык словы Хрыстуса трэба разумець так: калі я нявінны гэтак цярплю, то што будзе з грэшным чалавекам?

33 Гл. Мт. 27, 33 і наст.

45 Гл. Мт. 27, 45 і 51.

47 Гл. Мт. 27, 54.

54 Было гэта ў пятніцу каля 5 гадзіны вечарам.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст