Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » » Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша


 

 

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша

Уступ0102030405060708091011121314
15161718192021222324

 

Езус у лодцы Пятра. Цудоўная лоўля рыбы

5 РАЗЬДЗЕЛ.

1 І сталася, калі грамады напіралі на яго, каб паслухаць слова Божага, а ён стаяў каля возера Гэнэзарэт. 2 І ўбачыў дзьве лодкі, стаячыя на возеры, а рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеці. 3 І ўвайшоўшы ў вадну лодку, што была Сымонава, прасіў яго ад'ехаць трохі ад зямлі. І сеўшы, вучыў грамады з лодкі.

4 Калі-ж перастаў гаварыць, сказаў да Сымона: Едзь на глыбіню і закіньце сеці вашыя на лоў. 5 І адказваючы Сымон сказаў яму: Вучыцель, праз усю ноч працуючы, мы нічога не злавілі, але на слова тваё закіну сець. 6 І калі гэта зрабілі, загарнулі вялікае мноства рыб, і рвалася іх сець. 7 І далі знак таварышам, каторыя былі ў другой лодцы, каб прыбылі і памаглі ім. І прыбылі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што ледзь не танулі. 8 Бачачы гэтае, Сымон Пётр упаў да кален Езуса, кажучы: Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны. 9 Бо агарнула яго вялікае зьдзіўленьне і ўсіх, што з ім былі, з ўлову рыб, які злавілі; а так-жа Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэявых, каторыя былі таварышамі Сымона. І сказаў Езус да Сымона: Ня бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш. 11 І выцягнуўшы лодкі на зямлю, пакінуўшы ўсё, пайшлі за ім.

Аздараўленьне пракажанага і спаралізаванага

12 І сталася, калі быў у вадным месьце, і вось чалавек поўны праказы; і ўбачыўшы Езуса і ўпаўшы на твар, прасіў яго, кажучы: Пане калі хочаш можаш мяне ачысьціць. 13 І працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа праказа адыйшла ад яго. 14 А ён загадаў яму, каб нікому не казаў, але: Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьведчаньне ім.

15 І болей разыходзілася гутарка аб ім; і зыходзіліся вялікія грамады, каб паслухаць і быць аздароўленымі ад сваіх немачаў. 16 Ён-жа адыходзіў на пустыню і маліўся.

17 І сталася аднаго дня, і ён сядзеў навучаючы, і сядзелі фарызэі і вучыцялі закону, якія былі прыйшоўшы з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі і з Ерузаліму. А моц Пана была да аздараўленьня іх. 18 І вось людзі, што нясьлі на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся ўнясьці яго і палажыць перад ім. 19 І дзеля народу, не знайшоўшы, кудою-б яго ўнясьці, узыйшлі на дах і праз сталаваньне спусьцілі яго з пасьцеллю ў сярэдзіну, перад Езусам. 20 Ён, бачачы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае. 21 І пачалі думаць кніжнікі і фарызэі, кажучы: Хто ён такі, што гаворыць блюзьнерствы? Хто можа адпушчаць грахі, апроч аднаго Бога? 22 А Езус, пазнаўшы думкі іх, адказваючы сказаў ім: Што вы думаеце ў сэрцах вашых? 23 Што лягчэй: сказаць "Адпушчаюцца табе грахі", ці сказаць "Устань і хадзі"? 24 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі - сказаў спаралізаванаму: Табе кажу, устань, вазьмі тваю пасьцель і ідзі ў дом твой. 25 І ён, зараз-жа ўстаўшы перад імі, узяў пасьцель, на каторай ляжаў, і пайшоў у свой дом, славячы Бога. 26 І агарнула ўсіх вялікае зьдзіўленьне, і славілі Бога, і напоўнены былі страхам, кажучы: Што мы відзелі сяньня дзіўныя рэчы.

Пакліканьне Левія (Матэуша)

27 І пасьля гэтага выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левія, сядзячага пры мытніцы, і сказаў яму: Ідзі за мною. 28 І ён пакінуўшы ўсё, устаўшы, пайшоў за ім. 29 І зрабіў яму Левій вялікі пачастунак у сваім доме; і была вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія з імі сядзелі. 30 І наракалі фарызэі і кніжнікі іх, кажучы да вучняў ягоных: Чаму вы з мытнікамі ясьцё і п'яцё? 31 І адказваючы Езус сказаў да іх: Не патрабуюць лекара здаровыя, але тыя, што дрэнна маюцца. 32 Ня прыйшоў я клікаць справядлівых, але грэшных да пакуты.

33 А яны сказалі яму: Чаму вучні Янавы часта посьцяць і адпраўляюць малітвы, таксама і фарызэявы, а твае ядуць і п'юць? 34 Ён сказаў ім: Ці можаце зрабіць, каб госьці маладога пасьцілі, пакуль з імі ёсьць малады? 35 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, тады будуць пасьціць у тыя дні.

36 А казаў да іх і падабенства: Што ніхто не кладзе латы ад новае вопраткі да старое вопраткі, бо інакш і новае рве, і да старога не падходзіць лата з новага. 37 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш новае віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць. 38 Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі, і адно і другое астаюцца цэлымі: 39 і ніхто, п'ючы старое, не адразу хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.

 

 

----------------------------------

Р. 5

3 Сьвятыя Айцы Касьцёла зварочваюць тут увагу, што не ў чыю іншую лодку ўвайшоў Езус, а ў лодку Сымона-Пятра, хочучы гэтым паказаць, што лодка духовая Пятра будзе лодкай усяго Касьцёла.

8 Пётр, сам будучы рыбаком, адразу зразумеў, што стаўся цуд і ў гарачыні сваей душы прасіць Езуса, каб выйшаў і пакінуў яго грэшнага, бо ён ня варты быць блізка Езуса.

10 Езус на просьбу Пятра адказвае, што ён, Пётр, будзе лавіць г. зн. наварочваць людзей да Хрыста і валадарства Божага.

14 Гл. Мт. 8, 4.

17 Моц Божая была гатова навярнуць нават іх сэрцы, калі-б яны гэтага хацелі.

19 Гл. Мк. 2, 4.

23 Гл. Мк. 2, 9.

27 Зваўся ён так-жа Матэуш. У жыдоў два імёны здараліся даволі часта.

37 Гл. Мт. 9, 17.

39 Гэтай прыказкай Езус хоча павучыць, што людзі часам так прывыкаюць да сваіх старадаўных практык і спосабу жыцьця, што ім трудна ацаніць новую навуку, якую вясьціў Хрыстус. Яны так прывыклі да старога, што ня хочуць нават папробаваць новага.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст