01 – 02 – 03 – 04 – 05 – 06 – 07 – 08 – 09 – 10 – 11 – 12 – 13 – 14 – 15 – 16 – 17 – 18 – 19 – 20 21 – 22 – 23 – 24 – 25 – 26 – 27 – 28 – 29 – 30 31 – 32 – 33 – 34 – 35 – 36 – 37 – 38 – 39 – 40 – 41 – 42 – 43 – 44 – 45 – 46 – 47 – 48 – 49 – 50
2 I дакончаны нябёсы й зямля і ўсе войска іх. 2 I дакончыў Бог сёмага дня дзела Свае, каторае Ён чыніў, і перастаў тварыць сёмага дня ўсе дзела свае, каторае ўчыніў. 3 I дабраславіў Бог сёмы дзень, і пасьвяціў яго; бо ў гэты перастаў тварыць усе дзела Свае, каторае тварыў Бог, каб чыніць.
4 Вось паходжаньне нябёсаў і зямлі, у стварэньню іх, у дзень, у каторым учыніў СПАДАР Бог зямлю й нябёсы, 5 I ўсялякія палявыя кусты, уперад чымся яны расьлі, і ўсялякую палявую траву, каторая дагэнуль не расла; бо СПАДАР Бог не пасылаў дажджу на зямлю, і ня было чалавека рабіць зямлю. 6 I пара падыймалася ізь зямлі, і навадняла ўвесь від зямлі. 7 I ўхармаваў СПАДАР Бог чалавека з пылу зямлі, і ўдыхнуў у ноздры ягоныя дых жыцьця, і стаў чалавек душою жывою.
8 I насадзіў СПАДАР Бог сад ув Эдэме, на ўсходзе, і памясьціў там чалавека, каторага ўхармаваў. 9 I вырасьціў СПАДАР Бог ізь зямлі ўсялякае дзерва, прынаднае на пагляд і добрае на емя, і дзерва жыцьця сярод тога саду, і дзерва веданьня дабра й ліха.
10 I рака выходзіла з Эдэму дзеля навадненьня саду; і стуль падзялілася, і былі чатыры галоўныя рэкі. 11 I імя аднае Фісон: яна абцякае ўсю зямлю Гавіла, тую, ідзе золата; 12 I золата тае зямлі добрае; там ёсьць бдалях і камень анікс. 13 I імя другое ракі Ґігон: яна абцякае ўсю зямлю Куш. 14 Імя трэйцяе ракі Гідэкэль: яна цячэць перад Асыраю. I чацьвертая рака Еўфрат.
15 I ўзяў СПАДАР Бог чалавека, і асяліў яго ў садзе Эдэмскім, урабляць і сьцерагчы яго. 16 I расказаў СПАДАР Бог чалавеку, кажучы: „З кажнага дзерва ў садзе ты будзеш свабодна есьці; 17 Але зь дзерва веданьня дабра й ліха ня еж ізь яго; бо ў дзень, у каторым ты зьясі зь яго, сьмерцю памрэш".
18 I сказаў СПАДАР Бог: „Нядобра быць чалавеку адзінотнаму; ствару яму памачніка, яму адказуючага". 19 I ўхармаваў СПАДАР Бог ізь зямлі ўсю жывёлу палявую і ўсе птуства нябёснае, і прывёў да чалавека, каб бачыць, як ён назавець іх, і ўсе як назавець чалавек кажную дыхаючую істу, так і было імя ёй. 20 I назваў чалавек імёны ўсяму статку і птуству нябёснаму, і ўсім зьвяром палявым; але чалавеку не знайшлося памачніка, яму адказуючага.
21 I спусьціў Бог на чалавека цьвярды сон, і ён заснуў, і ўзяў адну із скабаў ягоных, і закрыў тое месца целам замест яе. 22 I пабудаваў СПАДАР Бог тую скабу, каторую выняў з чалавека, у жонку, і прывёў яе да чалавека. 23 I сказаў чалавек: „Во, гэтым разам косьць із косьцяў маіх і цела зь цела майго. Затым будзе яна звацца жонкаю, бо з мужа ўзята гэту".
24 Затым пакіне чалавек айца свайго й маці сваю, і прыліпне да жонкі свае, - і будуць целам адным.25 I былі абое голыя, чалавек і жонка ягоная, і не сароміліся.
|