Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 


 

Форум - Аляксандар Надсан

(c) Радыё Свабода
http://www.svaboda.org/forum/37712.html
18.11.2008 14:57

 

19 лістапада а 13 гадзіне на пытаньні адкажа Апостальскі Візытатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан.

Аляксандар Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў Нясвіжскім раёне. З восені 1944 года ваяваў у арміі Андэрса, якая была ў складзе Брытанскіх узброеных сіл. У Вялікай Брытаніі – з 1946 г. , адзін з заснавальнікаў Згуртаваньня беларусаў Вялікай Брытаніі. Айцец Аляксандар Надсан -- аўтар некалькіх кніг па гісторыі Беларусі, кіраўнік беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лёндане, старшыня Камітэту дапамогі ахвярам чарнобыльскай катастрофы.

Гэтымі днямі грамадзкасьць Беларусі адзначыць 50-годзьдзе сьвятарскай дзейнасьці айца Аляксандра Надсана. У нядзелю 23 лістапада а 14 гадзіне адбудзецца сьвяточная літургія ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены, а ў панядзелак 24 лістапада ў 18.30 у гэтым жа касьцёле пройдзе грамадзкае віншаваньне айца Аляксандра.

Камэнтары:


 

Імя: Зьміцер Горад: Менск  -  18.11.2008 17:30

Айцец Аляксандар, ці магчымы прыезд Папы Рымскага ў Беларусь, у сувязі з "пацяпленьнем" адносінаў паміж Менскам і Еўропай?

Думаю, што гэта пытаньне да Папы, не да мяне, я ж ня ведаю ягоных плянаў. А па другое, зь якой мэтай прыехаць? Каб падтрымаць палітычны лад ці -- каб узмоцніць веру ў сваіх вернікаў? Памятайце, што Папа -- кіраўнік Царквы, і яго справа - сьведчыць ад Праўдзе Хрысьціянскай, і ўзмацняць нашу веру, даць нам надзею для мацнейшага жыцьця з Богам. Было б дрэнна, каб такі прыезд нехта скарыстаў для палітычных мэтаў.



Імя: Аляксей Горад: Мінск18.11.2008 17:38

Айцец Аляксандар, віншую з паўвекам служэньня! Пытаньне -- чаму Ватыкан не даў Вам сан біскупа - ці праўда, што з-за польскай інтрыгі супраць беларускасьці? Ці можа яшчэ дасьць?

Я дзякую за віншаваньне. Біскуп прызначаецца тады, калі ёсьць патрэба. Пэўна, яшчэ не прыйшоў час, каб у беларусаў быў біскуп каталіцкі усходняга абраду. Я дзякую Богу, што ён даў мне ласку быць Ягоным сьвятаром і быць сьведкам Праўды Хрыстовай, і мне гэтага хапае.



Імя: Вольга  -  18.11.2008 18:11

Ці маеце вы стасункі з РПЦ? Як вы іх ацэньваеце?

Вельмі цяжкае пытаньне. Цяпер мне 82 гады, мне даволі цяжка рухацца. Некалі я меў сталыя стасункі з праваслаўнымі сьвятарамі -- і беларускімі, і расейскімі, і украінскімі. І стараюся жыць як хрысьціянін, дапамагаць там, дзе магчыма. У палітычныя справы, у іх юрысдыкцыі і падзелы я імкнуўся ня ўмешвацца. Але больш у мяне было кантактаў з праваслаўнымі беларусамі, як зь вернікамі, так і са сьвятарамі. Я ведаў і Ўладыку Мікалая, і мітрапаліта Андрэя Крыта памятаю добра. І мы заўсёды стараліся паказаць, што мы перад усім -- хрысьціяне.



Імя: Зьміцер Горад: Антверпан  -  18.11.2008 19:36

Дарагі Ойча, ад шчырага сэрца віншую Вас!
Вы наш Беларускі Апостал!
Ці атрымаецца ў лорда Бэла з чорнага зрабіць белае?
Што Вы параіце Беларусам у якіх баляць сціснутыя ў кулаку мазалі

Дзякую за віншаваньне. Маленькая малітва заўсёды была б карысная, каб Бог яшчэ даў мне сілы. Адносна лорда -- я яго ня ведаю, гэта ягоная справа. Жадаю яму лепшых посьпехаў дзеля дабра, і калі ён можа зрабіць нешта добрая для Беларусі -- дык хай зробіць.



Імя: Віктар Горад: Ліён  -  18.11.2008 19:00

Паважаны Аляксандр Надсан, калі я веру ў рэінкарнацыю - гэта грэх, гэта дрэнна? Але ёсць факты,што ў 5-м веке ідэя інкарнацыі была выдалена з усіх хрысціянскіх рэлігійных крыніц.Няўжо нашы душы не могуць вяртацца і выпраўляцца да лепшага?
Дзякуй Вам за адказ.

Пытаньне рэінкарнацыі - цяжкае пытаньне. Галоўнае, што тут справа індывідуальнасьці чалавечай. Бог стварыў чалавека, і ён застаецца той асобай, аж праз усю вечнасьць. І таму ён ня можа мяняцца і прыходзіць у іншым характары. І гэта вельмі важна, бо мы прызначаны не для рэінкарнацыі на гэтым сьвеце, а для вечнага жыцьця з Богам. І кожны чалавек хоча быць сам сабою. Прапаведаваньне рэінкарнацыі -- ня ёсьць навука хрысьціянскай царквы, каталіцкай ці праваслаўнай. Бо мы маем сваю ідэнтычнасьць якую нам даў Бог. І калі будзе Уваскрасеньне ўсіх з мёртвых, кожны з нас будзе тым, кім нарадзіўся, а ня іншым.



Імя: Alex Горад: New York  -  18.11.2008 21:17

A. Nadsan, kolki maladyh nadzeynyh ludzey vy maece z vami u Landone hto pracjahne vashu spravu u 21 stahodzi i pjarojme usju bahatuju materjamnuju, kulturnuju i duhounuju spadchynu vashaha relihijna-kulturnaha asjarodku?
Dzjakuj. Alex.

Дзякую Богу, што гэты асяродак у Лёндане, які пачынаў не я, а сьветлай памяці біскуп Сіповіч, і спрыяў айцец Гарошка, -- што ён , асяродак, трымаецца. Доўгі час я быў адзін. Цяпер, дзякуй Богу, маю памочніка, малодшага сьвятара, маладзейшага за мяне крыху, гадоў на 50 ))). Ён вельмі добры сьвятар, нарадзіўся ў Беларусі. Цяпер мы ў Лёндане маем шмат прыхільнікаў, і стараемся дапамагаць усім. Дума. наш цэнтар будзе яшчэ карысным і на славу Божую ўтрымаецца на доўгі час.



Імя: Максім  -  19.11.2008 01:00

Паважаны Аляксандр Надсан у мяне да вас некалькі пытанняў.

Як на вашую думку, хто быў па веравызнанню Францыск Скарына, католікам ці праваслаўным, і увогуле ці магчыма адказаць на гэтае пытанне на аснове існуючых на даны момант гістарычных фактаў?

Пералічыце пяць найбольш каштоўных для вас старадаўніх кніг ў беларускай бібліятэцы імя Скарыны ў Лёндане. Ці ёсць фінансавая магчымасць і ці плануецца аліджбоўка бібліятэкі (або хаця б каталагу бібліятэкі)і зьяўленне яе інтэрнэту? Ці ёсьць сайт бібліятэкі? Калі любы просты беларус з турыстычнымі мэтамі наведае Лёндан ці зможа ён наведаць вашу бібліятэку? Раскажыце пра перспектывы развіцця бібліятэкі, якія цяжкасці і дасягненні?

Якія кнігі па гісторыі грэка-каталіцкай царквы Беларусі вы параеце пачытаць? А таксама па гісторыі ўсіх астатніх хрысціянскіх канфесій Беларусі?

1. Сам Скарына быў вельмі дыскрэтны, сам пра гэта ніколі не казаў, і рабіў так, каб усе былі задаволеныя, каб усім прынесьці духоўную справу. Ягонымі спонсарамі былі мяшчане Вільні так званага грэцкага закону - г.зн, праваслаўныя. А у кнігах ягоных -- вельмі шмат таго, што ён узяў з Захаду, з роўных каталіцкіх крыніцаў. Ці ў біблейскіх кнігах, якія ён выдаваў у Празе, ці ў такой моцна усходняй праваслаўнай кнізе, як "Малая падарожная кніжка". Ня думаю. што ён рабіў гэта сьвядома, для яго было ўсё адно, ён быў хрысьціянін. Безумоўна, што ён быў узгадаваны ў каталіцкіх унівэрсытэтах. Але, кажу, тое, што ён напісаў, аднолькава блізка і для каталікоў, і для праваслаўных.
2. Дасягненьне адно -- бібліятэка існуе амаль 40 гадоў. Каталёгу на Інтэрнэце, на жаль, няма, бо няма каму рабіць. Усё абапіраецца на добрую волю. Ёсьць маладыя студэнты, якія дапамагаюць. Фонды вельмі багатыя, але адказаць, што самае каштоўнае. Ёсьць фрагмэнт Бібліі Скарыны. Ёсьць Літоўскі Статут. Новы Запавет , выдадзены ў 1652 годзе - кароткія рэзюмэ і камэнтары на палях там усе па-беларуску. Гэта са старадрукаў. Мае шмат першых выданьняў. "Жалейку" Янкі Купалы, першае выданьне "Сымона-музыкі" Коласа 1918 году, і поўнае 1935 году. Першыя выданьні Бядулі, Гарэцкага, Канстанцыі Буйлы, Ядзьвігіна Ш. і шмат каго іншых. Маем шмат рукапісаў - самы стары з 15 стагодзьдзя, там продажы розных маёнткаў на Смаленшчыне, але напісана па-беларуску. Вельмі багаты архіў царкоўных дакумэнтаў, Пінскага ўпраўленьня Мінскай эпархіі. Ёсьць рукапіс паэмы Янкі Купалы "Курган", рукапісы Коласа, рукапіс ягонага ўступу да "Сымона-Музыкі", прысьвячэньне беларускай моладзі. Зрэшты, сьпіс цікавых дакумантаў можна працягваць бясконца.
3. Беларусы самі яшчэ не напісалі гэтых кніг. Усе напісаны у "партызанскім" духу -- ці ў праправаслаўным, ці ў пракаталіцкім. Мне здаецца, гісторыя царквы яшчэ чакае свайго аўтара. Калі ідзе пра правслаўную царкву, я б усё ж параіў кнігу Апанаса Мартоса, ён даваў добрыя факты. Наконт каталіцкай царквы.. Ёсьць кніга ксяндза Адама Станкевіча, напісаная добрай мовай. Ёсьць шмат манаграфій, напрыклад айца Гарошкі пра Эфрасіньню Полацкую. Крыху і я стараўся пісаць. Але агульнай пакуль няма.



Імя: Геня Горад: Бостан -  19.11.2008 04:34

Добры дзень, шаноўны Ойча! Зь віншаваньнямі і найлепшымі пажаданьнямі зьвяртаецца да Вас Ваш зямляк Геня. Як і Вы, я гародзяец па паходжаньню. Мы спачатку жылі на даўнейшай брукаванай вуліцы, што цягнулася ўздоўж чыгункі зправаруч, калі тварам стаць на Баранавічы. Як яна, дарэчы, звалася за вашым часам? А пасьля я жыў ці то ў вайсковай, ці то чыгуначнай казарме ля чыгункі, з кілометар не даходзячы да ракі Вушы, якраз побач з маленькаю вёсачкаю, а магчыма, як мне падаецца, былым засьценкам Барацькаўшчына (таксама казалі і Бараскаўшчына). Прынамсі, некалі там панавалі каталіцкія радзіны Дамінікоўскіх ды Янчыкаў. Ці маеце Вы напісанымі якія успаміны пра Гародзяй і ваколіцы? Дзе тамака жыла Ваша сям'я і ці застаўся хто з радні, альбо хаця б помнікі на могілках? Калі так, то пад якімі прозьвішчамі і як звалі вашу сям'ю па-вулічнаму? Многія зь людзей старэйшага веку яшчэ памятаюць даўнейшыя жыдоўскія лаўкі і іх ўладальнікаў, касьцёл (адноўлены блізка да старога выгляду) і даваеннага ксяндза, забітага немцамі, сынагогі, старую царкву на могілках, школу дый тых, хто ў ёй працаваў, як Ваш тата. Дзякую. Здароўя Вам і доўгага веку.

Дзякуй, пра гэта можна шмат казаць. У Гародзе было два пераезды, дык вось наш дом быў каля другога пераезду. Вуліца называлася Шасэйная, ішла на Студзёнкі. Наш дом стаіць, хто там жыве - ня ведаю зусім. Памятаю сяброў з Барацькаўшчыны... Бацька ў часе вайны памёр, пахаваны ў Польшчы, а маці пахаваная ў вёсцы Казлы, паміж Нясьвіжам і Сновам. Там ужо нікога з маіх не засталося..Калісьці, як я прыязжаў у 60-ых гадох, там яшчэ жыў мой сябра стары , Аляксандар Баханьчык. Але і яго ўжо няма.



Імя: Mikola Горад: Lietuva -  19.11.2008 08:06

Яго Эмінэнцыі Візытатару для беларусаў грэка-каталікоў замежжа а. Аляксандару Надсану.

Ад імя беларусаў Коўна віншуем Вас выбітнага патрыёта Беларусі з 50 годдзем сьвятарскай дзейнасьці і шчыра жадаем добрага здароўя і плённай працы для нашай Бацькаўшчыны і беларусаў Сьвету.

З глабокай павагай і ўшанаваньнем
Мікалай Бірыцкі старшыня аргкамітэту
суполкі беларусаў Коўна

Дзякуй, я вельмі ўзрушаны віншаваньнем. Але ўжо прабачце, ніяк я не "эмінэнцыя"....я пакідаю гэтыя тытулы іншым.. Для мяне найбольшы, найважнейшы тытул - тое, што я ёсьць сьвятар Божы. Сьвятара называюць айцом, і для мяне гэтага вельмі-вельмі хопіць. Думаю, гэта найбольшы гонар, які мне Бог зрабіў, калі паклікаў мяне быць сьвятаром.



Імя: Ігар Горад: Менск  -  19.11.2008 11:35

Ойча, якія пераклады літургічных і богаслужбовых тэкстаў мы можам спадзявацца пабачыць у бліжэйшым часе? Ці ёсьць, апроч Вас, іншыя перакладчыкі, якія працуюць над тэкстамі для каталікоў бізантыйскага абраду?

Ёсьць малады сэмінарыст у Нямеччыне, ён парадкаваў мае тэксты. Але я ўжо стары, і працу пакідаю малодшым. Спадзяюся, нешта яшчэ ўдасца выдаць. Але шмат трэба падрыхтоўкі, ну і справа грошай.. Спадзяюся, Бог дапаможа. Пакуль што ёсьць для вернікаў мой малітоўнік "Госпаду памолімся".



Імя: Ігар Горад: Менск  -  19.11.2008 11:40

Ойча, яшчэ адно пытаньне: што можа зрабіць хрысьціянін, каб навярнуць да Бога блізкіх для яго людзей, душы якіх затуманеныя дзесяцігоддзямі бязбожжа і атэістычнай прапаганды?

Перадусім, трэба самому павярнуцца да Бога. Каб на кожным кроку мы жылі як хрысьціяне, жылі з Богам. Ёсьць легенда, як адзін сьвятар палохаў усіх Страшным судом. А другі казаў людзям: на Страшным судзе Бог шмат пытацца я будзе, толькі скажа - сыне мой ці дачка, я ўвесь час быў з табой, а з кім ты быў? Дык вось, каб мы былі з Богам.Гэта вельмі цяжка... лягчэй спрачацца і гаварыць, цяжэй - жыць па Божаму. Калі мы з’яднаемся з Богам – будзем зьяднаныя і паміж сабою.



Імя: a.Klaudzij Горад: Watykan  -  19.11.2008 12:53

Darahij aicec Aliaksandar !
a.Klaudzij i supracouniki Belaruskaj Prahamy pa Watykanskim Radio sardeczna

winszuiuc' Was !

Вялікі дзякуй айцу Клаўдзію, даўно мы ня бачыліся. Жадаю усім супрацоўнікам Ватыканскага радыё посьпехаў у працы на ніве Божай.



Імя: Вэб-рэдактар -  19.11.2008 13:51

Вашае пажаданьне слухачам Свабоды і наведнікам нашага вэб-сайту.

Перад усім -- каб сапраўды усе маглі ня толькі пазнаць Бога, але і жыць з Богам, ведаючы, што Бог заўсёды з намі. І ў справе Беларусі -- каб Беларусьсталася народам Божым. Беларусь, любоў да сваёй Бацькаўшчыны - не пярэчаць хрысьціянскай веры. Памятайма сьвятога Паўла, які быў апосталам для ўсіх народаў, але сказаў, што ягоны найвялікшы больш сардэчны -- за свой народ,дзеля якога ён мог бы нават адрачыся Хрыста, калі б гэта было карысна для свайго народу... Але ён ведаў, што гэта не было карысна для яго народу, адрачыся Хрыста. Але ж якая была любоў! Любові да бліжняга, няважна якой нацыі. І калі будзем у Богу - ніколі ня будзем шавіністамі, і любіць свой народ, каб ён быў народам Божым сярод іншых народаў Божых.

(с) Радыё Свабода,
http://www.svaboda.org/forum/37712.html


 


 


 

 

 

Напісаць ліст