Айцу Аляксандру Надсану рашэннем Сенату ЕГУ нададзена ганаровая ступень Doctor Honoris Causa (Ганаровы доктар) Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. Так высока акадэмічная супольнасць ацаніла навуковыя даследаванні а. А. Надсана ў галіне гісторыі Беларусі і гісторыі хрысціянства, а таксама ягоны ўнёсак у развіццё беларускай культуры і пашырэнне ведаў пра Беларусь у свеце.
Цырымонія ўганаравання адбылася на адкрытым паседжанні Сенату ЕГУ 27 лістапада 2008 г. у вучэбным корпусе універсітэта. Падчас цырымоніі, пасля прамовы дырэктара Інстытута гістарычных даследаванняў Беларусі ЕГУ, доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука, ганаровы доктар выступіў з публічнай лекцыяй “Францішак Скарына: еўрапеец у еўрапейскім горадзе”.
Праз чатыры гады пасля закрыцця універсітэта ў Мінску і пераезду ў Літву ЕГУ адраджае традыцыю надання звання Doctor Honoris Causa самым выбітным навукоўцам, дзяржаўным, грамадскім, рэлігійным і палітычным дзеячам Беларусі і замежных краін. Айцец Аляксандр Надсан стаў дванаццатым ганаровым доктарам Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта. У плеяду ганаровых дактароў ЕГУ ўваходзяць: праф. Мікалай Вірволь (Германія), Альгірдас Бразаўскас (Літва), праф. Сяргей Аверынцаў (Расія), Вольфганг Грыгер (Германія), Кшыштаф Занусі (Польшча), праф. Альфрэд Гросэр (Францыя), Вольга Седакова (Расія), Стэфан Эсэль (Францыя), праф. Рольф Штобер (Германія), праф. Андрэа Рыкардзі (Італія) і праф. Петэр Паўлоўскі (Аўстрыя).
Фота: Андрэй Маеўскі (праграма "Паліталогія і еўрапейскія даследаваніі", 1 курс)
Біяграфічная даведка
Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 г. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. З восені 1944 г. – у польскай арміі ген. Андэрса, што ваявала ў складзе Брытанскіх узброеных сілаў. Браў удзел у баявых дзеяннях на поўначы Італіі, быў паранены.
З 1946 г. - у Вялікабрытаніі. Скончыў матэматычны факультэт Лонданскага універсітэту. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі, яго старшыня ў 1951-1953 гг. Рэдагаваў часопісы "Беларус на чужыне" і "На шляху", браў удзел у працы Беларускага хрысціянскага акадэмічнага аб’яднання "Рунь" і Беларускага народна-незалежніцкага хрысціянскага руху.
З восені 1953 г. навучаўся ў Рыме ў Грэцкай калегіі (духоўнай семінарыі для каталікоў усходняга абраду). 23 лістапада 1958 г. высвечаны на святара. У ліпені 1959 г. вярнуўся ў Лондан. З 1961 г. - кіраўнік беларускай школы імя Кірылы Тураўскага ў Лондане. З 1971 г. - кіраўнік Беларускай бібліятэкі-музея імя Ф. Скарыны, а з 1981 г. - кіраўнік Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялікабрытаніі. З канца 1980-х — апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, кіраўнік Камітэту дапамогі ахвярам радыяцыі, навуковец.
Колькасць апублікаваных ім навуковых кніг і артыкулаў перавышае лічбу 200. Ён першы “расчытаў” Аль-кітабы беларускіх татар ды ўвёў іх у сусветнае навуковае карыстанне, зрабіў значны ўнёсак у скарыназнаўства, напісаў дагэтуль непераўзыдзеную працу пра Кірылу Тураўскага. Вялікім унёскам у канфесійную гісторыю Беларусі сталі даследаванні беларускага хрысціянства ХХ ст. (кнігі “Біскуп Чэслаў Сіповіч”, па-беларуску (2004) і па-англійску (2007); “Pro patria aliena: Кляштар беларускіх айцоў марыянаў у Друі” і “Княгіня Радзівіл і справа адраджэньня Уніі ў Беларусі” (абедзве 2006) ды інш.). Ягоныя працы чытаюць навукоўцы ўсяго свету. Апроч таго выдадзена больш за 40 літургічных прац і перакладаў, а таксама шмат казаняў ды інтэрв’ю.
паводле: сайт Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэту (bel.ehu.lt), ад 27.11.2008.