Дні людзкога жыцьця абмежаваныя, усе хвіліны яго палічаныя. Паступовая страта фізычных і духоўных сілаў, запавольваньне жыцьцёвых працэсаў і розныя недамаганьні сьведчаць аб непазьбежным набліжэньні сьмерці. Пра яе нагадвае нам і цяжкая хвароба, якая можа сустрэць кожнага, незалежна ад веку.
Побач з цярпеньнямі фізычнымі – і тут нельга ня ўспомніць без удзячнасьці лекараў, якія самаахвярна аддаюць свае сілы і веды, каб аблегчыць гэтыя цярпеньні, – хворыя маюць асаблівыя духоўныя цяжкасьці: адчуваньне адзіноты, бездапаможнасьці, "пакінутасьці Богам і людзьмі".
Госпад Ісус Хрыстос ставіўся з асабліавй спагадлівасьцю да хворых і ўсіх, што церпяць. Ён аздараўляў іхнія недамаганьні, і загадаў рабіць гэтаксама сваім вучням. Ён таксама ўказаў на адведваньне хворага, як на адзін з найважнейшых учынкаў міласэрнасьці.
Сьвятая Царква, усьлед за сваім Заснавальнікам, з вялікай чуласьцю апякуецца сваімі хворымі сынамі і дочкамі. Беручы прыклад з слугі сотніка (Мц 8:5-13) і дачкі хананейкі (Мц 15:21-28), якіх Хрыстос аздаравіў на просьбу блізкіх, яна загадвае нам маліцца за хворых.
Царква таксама нагадвае нам пра патрэбу адведваць хворых. Не абмяжоўваючыся людзкімі адведзінамі, яна прыводзіць з сабою самога Боскага Лекара, Госпада Ісуса Хрыста, які прыходзіць да хворага ў тайне алеепамазаньня, суцяшаючы яго, ўмацоўваючы ў ім надзею вечнага жыцьця і даючы сілу пераносіць цяжкасьці і цярпеньні. Тайна споведзі і сьвятое прычасьце, – ўстаноўленыя Збавіцелем для духоўнага здароўя ўсіх, здаровых і хворых, – маюць асаблівае значэньне для хворага. У споведзі ён, як некалі расслаблены, мае вялікую радасьць пачуць словы Збавіцеля: "Адпускаюцца табе грахі твае" (Мк 2:5). У прычасьці, пад відам хлеба і віна, ён прымае самога Хрыста, які сказаў: "Хто спажывае Маё Цела і п'е Маю Кроў, мае вечнае жыцьцё" (Ян 6:54).
Сёньня мы ўсё лепш усьведамляем сувязь між фізычным здароўем і духоўным станам чалавека. Таму ня выключана, што сьвятыя тайны і малітвы Царквы, прыносячы хвораму супакой душы, могуць спрыяць таксама да хутчэйшай паправы здароўя.
Безумоўна, гэта не заўсёды магчыма: прыходзіць хвіліна для кожнага, калі ніякія людзкія высілкі ня могуць яму памагчы. Вось у гэтую хвіліну, калі чалавек стаіць на парозе вечнасьці, больш як калі патрэбныя яму малітвы і падтрымка Сьвятой Царквы.
Аддаючы гэтую маленькую кніжку ў рукі беларускіх сьвятароў, перакладчык спадзяецца, што яна дапаможа ім у суцяшэньні хворых, памнажэньні любові, і ўмацаваньні веры ў міласэрнасьць Божую і надзеі жыцьця вечнага, каб ва ўсім быў праслаўлены Бог.
а. Аляксандар Надсан
Лёндан, 2 лютага 1993
Сьвята Сустрэчы Г.Н. Ісуса Хрыста