"Малая падарожная кніжка" Францішка Скарыны, выданая ім у Вільні ў 1522 г., была першым у Беларусі (і ня толькі ў Беларусі) друкаваным малітаўнікам для сьвецкіх людзей. Невялікага разьмеру, кніжка, як сама назва паказвае, павінна была быць, на ўзор заходніх Vademecum, сталым спадарожнікам набожнага чалавека. Зьмест трох з пяці частак кнігі традыцыйны – псалтыр; часасловец, які зьмяшчае нязьменныя тэксты дзённых царкоўных службаў бізантыйскага абраду; і шасьцідневец, або выбраныя зьменныя часткі гэтых службаў на кожны дзень тыдня. Апошняя частка – гэта царкоўны каляндар на ўвесь год і "паскалія", у якой пададзеныя даты сьвятаў Вялікоднага кругу. Гэтая частка мае ў сабе таксама нямала цікавых астранамічных вестак.1
Частка, якая нас тут цікавіць, носіць назву "Пачынаюцца Акафісты на ўсе дні тыдня". У ёй зьмешчана восем акафістаў і злучаных з імі канонаў, па адным на кожны дзень тыдня і два ў чацьвер: Акафіст Магіле Гасподняй у нядзелю, Анёлам у панядзелак, Яну Хрысьціцелю ў аўторак, Багародзіцы ў сераду, Апосталам і сьвятому Міколу ў чацьвер, Крыжу ў пятніцу і Імю Ісусаваму ў суботу і ва ўсе іншыя дні. За выняткам Акафісту Багародзіцы, усе іншыя былі надрукаваныя ўпершыню. Такім чынам "Малую падарожную кніжку" можна назваць першым друкаваным "акафістнікам".
Каноны належаць да гімнаграфічнай спадчыны Царквы бізантыйскага абраду. Пачынаючы з VІІІ стагодзьдзя яны становяць складовую частку ранішняй і некаторых іншых царкоўных службаў. Каноны ў "Малой падарожнай кніжцы" зьяўляюцца перакладамі з грэцкай мовы. Іхнія аўтары, Ян Дамаскін, Язэп Песнапевец і Тэактыст – вядомыя грэцкія царкоўныя пісьменьнікі ХІІІ і ІХ стагодзьдзяў. Скарына не дае толькі імя аўтара канону Магіле Гасподняй.
Акафісты належаць да жанру г. зв. кандакоў, якія былі вядомыя ў Бізантыі перад паяўленьнем канонаў. Гэта былі песьні, якія складаліся з 24 або больш строфаў, зьвязаных акравершам. Звычайна акравершам быў грэцкі альфабэт, але ім магло быць імя аўтара або нейкая пабожная фраза. Слова "акафіст" паходзіць ад грэцкага Ἀκάθιστος ὕμνος, што можна перакласьці як "несядальны гімн", г. зн. гімн, які трэба сьпяваць стоячы. Для грэкаў існуе толькі адзін акафіст у гонар Божае Маці, напісаны праўдападобна ў сёмым стагодзьдзі ў Канстантынопалі. Ён складаецца з 24 строфаў, злучаных альфабэтычным акравершам. Характэрнай рысай Акафіста зьяўляецца тое, што кожная другая песьня мае кароткую літанію з трынаццаці пахвалаў у гонар Багародзіцы. Кожны радок пачынаецца словам "Радуйся". Апошні радок заўсёды той самы: "Радуйся Дзева Маці". Строфы без літаніяў заўсёды канчаюцца воклічам " Алілуя".2
З часам пачалі паяўляцца іншыя творы напісаныя на ўзор "Акафіста ", напр. Пахвала крыжу, або сьвятым.
Сапраўднага росквіту пісаньне акафістаў атрымала сярод славянаў пасьля таго, як Акафіст Багародзіцы быў перакладзены на царкоўнаславянскую мову. У славянскай тэрміналёгіі строфы без літаніяў атрымалі назву "кандакоў", а з літаніямі – "ікасаў".
Акафісты славянскага паходжаньня звычайна ня маюць акравершаў. Выняткамі зьўляюцца тры акафісты ў "Малой падарожнай кніжцы". Два з іх, акафісты ў гонар Яна Хрысьціцеля і Імя Ісусавага, маюць акравершы ПИСАЛ ДОКТОР СКОРИНИЧ ФРАНЦИСКУС і ДЕЛАЛ ДОКТОР СКОРИНІИЧ ФРАНЦИСКУС. Такім чынам няма ніякага сумніву, хто быў аўтарам гэтых твораў3. Цікава тое, што ў абодвух выпадках акравершам абняты таксама пачатковыя, або ўводныя, вершы, якія не зьяўляюцца складовай часткай акафісту.
Адной з характэрных рысаў акафіста імю Ісусаваму зьяўляецца тое, што літаніі ў ікасах канчаюцца па-рознаму, а не аднолькава, як у іншых акафістах. Увесь твор можна ўмоўна падзяліць на дзьве часткі. У першай частцы пераважае тэма аздараўленьняў, учыненых Ісусам. Магчыма на выбар яе паўплывала тое, што аўтарам акафісту быў "у лекарскіх навуках доктар". Адно адхіленьне (кандак і ікас 5) можна выясьніць патрэбаю захаваць акраверш. У аснову другой часткі пакладзеныя евангельскія здарэньні, у якіх Боскасьць Ісуса і Ягоная міласэрнасьць праявіліся ў асабліва яркі спосаб: хаджэньне па вадзе, адказ Піліпу на ягоную просьбу паказаць Айца, вызнаньне Тамаша і г.д.
Набожнасьць да Імя Ісусавага на хрысьціянскім Усходзе мае глыбокія карані. З другога боку яна была распаўсюджаная і на Захадзе, дзе яе найбольшымі пашыральнікамі былі францішкане бэрнардыны, якія ў канцы ХV стагодзьдзя мелі свой манастыр у Полацку. Паўстае пытаньне, пад чыім уплывам беларускі першадрукар, хроснае імя якога было Францішак, напісаў акафіст у гонар імя Ісусавага. Сёньня канчальнага адказу на гэтае пытаньне нельга даць, і яно патрабуе далейшых пошукаў.
"Акафіст Імю Ісусаваму" ніколі не перавыдаваўся, хоць ён сустракаецца ў рукапісных сьпісках. Затое ў пазьнейшых малітаўніках аж да сёньняшняга дня знаходзіцца г. зв. "Акафіст Салодкаму Ісусу", які сваім характарам і зьместам шмат у чым напамінае Скарынаўскі. Беручы пад увагу храналягічны фактар, можна меркаваць, што "Акафіст Салодкаму Ісусу" зьяўляецца пераробкай "Акафісту Імю Ісусаваму", магчыма каб пазбавіцца акравершу, а з ім "лацінскага" імя "Франціскус".
Набожнасьць да імя Ісусавага адчуваецца і ў акафісьце Апосталам Пятру і Паўлу, трэцім акафісьце з акравершам. Вось што там гаворыцца пра сьвятога Паўла:
"Радуйся, вялікі любіцелю імя Ісусавага, перад якім схіляюцца ўсе калені;
Радуйся, бо яно ў тваіх пісаньнях пяцьсот разоў успамінаецца".
Акафіст Апосталам быў выдадзены другі раз у 1628 г. Віленскім праваслаўным Брацтвам4. Ягонае аўтарства ў гэтым выданьні прыпісваецца патрыярху Канстантынопальскаму Ізыдару Бухірасу, які жыў у першай палове ХІV стаг., што даволі неверагодна з увагі на славянскі альфабэтычны акраверш. Прыпісваньне аўтарства царкоўнаму дастойніку мела хутчэй прэстыжнае значэньне і як пацьверджаньне "праваслаўнасьці" твору. Што гэта было патрэбнае ў пэрыяд вострай рэлігійнай палемікі, можна пераканацца, параўнаўшы тэксты двух выданьняў. Вось некалькі прыкладаў, дзе больш значныя адрозьненьні ў Скарынаўскім тэксьце пададзеныя тоўстым друкам:
Скарына 1522
Ікас 7 ( Пятра)
Радуйся, Ісусом любимый апостоле Петре, его же ради мирская опустивый; радуйся, Божий намесниче і того для духовныя возлюбивый.
Акафісты 1628 г.
Ікас 7 ( Пятра)
Радуйся, Богом избранный апостоле Петре, его же ради земных обоживый; Радуйся, его же ради обогативый духовною благодатию.
Скарына 1522
Ікас 11 (Пятра)
Радуйся, Риму великаго похвало, кровию светою своею и (г.зн. яго – А.Н.) посветивый; радуйся, Риму славнаго главо, пастыря стада Христова по собе в нем оставивый.
Акафісты 1628 г.
Ікас 11 (Пятра)
Радуйся, Риму великая похвало, в нем же течению край навершив, ко небеси стопы простер.
Скарына 1522
Ікас 12 (Паўла)
Радуйся, ты Нерона царя римскаго посрамил и жену его на веру Христову навратил, радуйся ты, во прехвальном Риме вкупе с намесником Ісусовым мучение принял.
Акафісты 1628 г.
Ікас 12 (Паўла)
Радуйся, иже венценоснаго Нерона никакоже не усумнеся, но и виночерпца того верна во Христа Іисуса сотвори. Радуйся, иже крайним удивлением неверныя воины во веру привлекл, в сечении бо твоем кров и млеко множайше источил еси.
Як відаць з прыведзеных прыкладаў, у выданьні 1628 г. выкінена або зьменена – не заўсёды вельмі ўдала, – усё, што напамінае пра першынство сьв. Пятра і яго наступнікаў. Пытаньне аўтарства застаецца нявырашаным, хоць ня выключана, што Скарына калі ня быў аўтарам, то прынамсі творча адрэдагаваў тэкст у "Малой падарожнай кніжцы", уносячы ў яго свае зьмены і дадаткі. Ускоснае пацьверджаньне дае моўны аналіз тэксту, дзе Скарына ўжывае беларускія формы, называючы напр. сыноў Забэдэя "Забэдэявічамі".
Творчы падыход Скарыны да твораў іншых аўтараў відавочны ў малітвах пасьля акафістаў і канонаў. Усяго іх у "Малой падарожнай кніжцы" пятнаццаць. Арыгінальныя тэксты трох з іх належаць сьвятому Кірылу Тураўскаму. Гэта "Малітва ў Тройцы адзінаму Богу", "Малітва да сьвятых Анёлаў" і "Малітва да сьвятых Апосталаў". Вось пачатак "Малітвы да сьвятых Анёлаў":
Кірыла Тураўскі5
К вам, яко заступником и хранителем живота моего, аз окаянный и многогрешный (имя рек) припадаю, моляся и прося вашей милости, видци Божіа величества, святіи ангели, престол честныи Пресвятыя Троица страшно обьстояще и не изреченною светлостью Божественныя славы облистаеми.
Скарына
К вам яко к заступником и хранителем живота нашего, аз окаанный и многогрешны имя рек припадаю моляся просяй вашей милости, видци Божия величества святии ангели, престол чесный живоначальныя Троице страшно оступающе, неизреченною светлостию Божественныя славы облистаеми.
А вось яшчэ прыклад з "Малітвы да сьвятых Апосталаў":
Кірыла Тураўскі
Святыи Петре, Богоизбранный апостоле, твердый камень вере, недвижимое основание Церкви, пастуше словесного стада Христова, ключарь царства небесного: Тя молю, всечестне, да обоимет мя божественная твоя мрежа, да ми извлечеши из глубины погыбельныя.
Скарына
Святый апостоле Петре, первый престольниче апостольски, твердый камень веры Христовы, недвижимое основание Церкви хрестианское, пастырю стада Ісусова, ключарю царства небеснаго, рыбарю глубины неведения, да обымет мя твоя мрежа, и да извлечет мя из глубины погибельныя.
Наступныя прыклады з "Малітвы да сьвятых Апосталаў" паказваюць зьмены, зробленыя Скарынам у тэксьце:
Кірыла Тураўскі
1.Святы Марко, Господен честныи арган, ибо во всю землю изыде вещаніе твоего сладкого гласа, украсивый Церьковь святыми ти словесы, Христовых таин списателю и всех чюдес Его благовестниче (у іншай вэрсіі: Святы Марко, Александрийскій і египетскій светильниче, Христовых таин списателю...)
2. АДСУТНІЧАЕ
Скарына
1. Святый Марко Александрійский, светильниче египетскій, непобедимый льве, Венециская похвало, Христовых чюдес объявителю...
2. Светый Якове, брате Іоанов, первый во апостолех мученику, иже Испанию и вся страны западныи своим телесем славне просвещаеши...
Скарыну, які атрымаў ступень доктара лекарскіх навук ў Падуі, што знаходзіцца паблізу Вэнэцыі, было вядома, што патронам гэтага гораду быў сьвяты Евангеліст Марк. Ён быў таксама знаёмы з заходняй традыцыяй, згодна з якой цела сьвятога Апостала Якуба спачывае ў манастыры Сант'яго дэ Компостэльля ў Гішпаніі, вядомым месцы паломніцтваў у тыя часы. Магчыма Скарына сам хадзіў на пакланеньне мошчам апостала.
У Пачаеўскім (уніяцкім) малітаўніку 1809 г. знаходзіцца малітва аб муках Хрыстовых. Нягледзячы на позьнюю дату выданьня, у ёй адчуваецца стары арыгінальны тэкст. Відаць гэты тэкст паслужыў Скарыне асноваю для ягонай "малітвы аб муках Госпада нашага Ісуса Хрыста", як можна бачыць з прыведзеных урыўкаў:
Скарына
Господи Ісусе Христе Сыне Бога живаго, сотворителю неба и земли, спасителю роду человеческаго, ныне я недостоины грешныи воспоминаю претяжкое вмучение Твое...
Пачаеўскі малітаўнік6
Господе Іисусе Христе, Сыне Бога живаго, творче неба и земли, Спасителю мира, се аз недостоиный, и паче всех грешнейший, смиренно колене сердца моего пред славою величества Твоего приклоняя, воспеваю и величаю безмерное страдание Твое...
Некаторыя часткі той самай малітвы пераклікаюцца з Скарынавай "Малітвай да ўкрыжаванага Хрыста":
Скарына
Збавителю наш Господи Ісусе Христе, вижу Тя на кресте висяща, для превеликое милости юже имел еси к роду человеческому; главу имаши наклонену, хотяй всех нас молитвы выслухати; сердце имаши отворено, хотяй ласку свою всем дати; руце имаши ростягнены хотя всех к собе пригорнути; нозе имаши пригвожены хотя всегда с грешными быти; ныне молю ти ся прегоркое ради смерти Твоея, и чеснаго креста Твоего, услыши и прими молитвы моя, и подай ми ласку свою, и пригорни мя к собе, и буди примне в час страшное и горкое смерти моея. Аминь.
Пачаеўскі малітаўнік
Руце Твои пречистии распрострый на приятие всех, пріими мя грешного! Нозе пригвождены имевый, хотяй всегда с грешники быти, буди со мною грешным возбраняяй ногам моим от всякого пути лукаваго. Сердце отвертое имевый, яви благодать Твою мне грешному! Главу пречистую на Кресте преклонивый, услыши недостойныя молитвы моя.
Нягледзячы на некаторае падабенства, малітва Скарыны мае дастаткова арыгінальных элемэнтаў для таго, каб лічыць яе самастойным творам.
Дзьве іншыя малітвы напэўна трэба лічыць арыгінальнымі творамі Скарыны. Гэта "Малітва Імю Ісусаваму" і цудоўная "Малітва пабожная да Найсьвяцейшай Багародзіцы Марыі", першая частка якой зьяўляецца несумненна паэмаю, а другая напісаная рытмічнай прозай.
Безумоўна, не заўсёды лёгка вызначыць аўтарства або паходжаньне данай малітвы. Адной з іх ёсьць "Малітва пабожная да Анёла Апекуна" з яе разважаньнямі аб стварэньні сьвету, анёлаў і чалавека.
Мову акафістаў і малітваў Скарыны ў "Малой падарожнай кніжцы" можна акрэсьліць як "царкоўнаславянскую беларускай рэдакцыі", хоць у некаторых выпадках, як напр. у вышэй прыведзенай "Малітве да ўкрыжаванага Хрыста", яна набліжаецца да беларускай літаратурнай мовы пачатку ХVІ стагодзьдзя.
Скарына лічыцца пачынальнікам беларускага вершаскладаньня. У сваіх акафістах і малітвах ён паказаўся таленавітым паэтам. Як гімнограф, ён быў прадаўжальнікам традыцыі сьвятога Кірылы Тураўскага. Ягонае знаёмства з малітвамі беларускага Залатавуснага паказвае, што гэтая традыцыя ў ягоны час была жывою.
Акафісты і малітвы "Малой падарожнай кніжкі" кідаюць сьвятло на рэлігійныя перакананьні Скарыны. Перадусім можна з упэўненасьцю сказаць, кім ён ня быў. Чалавек, які адзначаўся глыбокай набожнасьцю да імя Ісусавага і напісаў цудоўную малітву ў гонар Багародзіцы, ня мог быць пратэстантам. З усяго відаць, што Скарыну былі знаёмыя і аднолькава блізкія як усходняя так і заходняя царкоўныя традыцыі. У Беларусі пасьля Флярэнтыйскага Сабору ўжывалася тэрміналёгія "закон грэцкі", "закон рымскі", замест "вера грэцкая", "вера рымская". Магчыма, Скарына быў хрысьціянінам "закону грэцкага", які прызнаваў зьверхніцтва Наступніка Сьвятога Пятра. Сёньня мы б назвалі яго уніятам...
Несумненна, далейшае вывучэньне спадчыны Скарыны прынясе шмат новых адкрыцьцяў адносна ягонай дзейнасьці і асобы.
Мэта, якая прысьвячала Скарыне ў ягонай дзейнасьці, была памагчы свайму народу жыць глыбейшым Божым жыцьцём. Хочацца спадзявацца, што ягоная духоўная спадчына, прадстаўленая тут сьціплым выбарам ягоных малітваў у перакладзе на сучасную беларускую мову, і ў сёньняшні дзень ня страціла сілы парушыць душы людзейі ўзьняць думкі і сэрцы да Бога.
а. Аляксандар Надсан
Лёндан, 1 кастрычніка 1992 г.
Сьвята Пакровы Найсьвяцейшай Багародзіцы
ЗАЎВАГІ
1. Больш пра "Малую падарожную кніжку" гл.: Надсон А., "Кніга Скарыны ў Капенгагене". – Божым шляхам, №5, Лёндан 1971, бач. 9-11; Nadson A., 'Skaryna's Prayer Book'. – The Journal of Byelorussian Studies, Vol.ІІ, No.4, London 1972, pp.339-358.
2. Больш пра акафіст гл.: Надсон А., "Некалькі слоў пра Акафіст". – Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы, Лёндан 1992, бач.14-15.
3. Першы, хто выявіў акравершы з імем Скарыны ў вышэй памянёных акафістаў, быў А. Турылаў у "Гимнографическое наследие Франциска Скорины в рукописной традиции". – Проблемы научного описания рукописей и факсимильного издания памятников письменности. Тезисы докладов. Ленинград 1979, бач.45-46. Факсімільнае выданьне двух акафістаў гл. Лабынцаў А., “Зерцало жития...”, Менск 1991.
4. Акафисты в них же и каноны, стихири и стиховны на всю седмицу. Вільня 1628. Аўтар карыстаўся мікрафільмам паасобніка Каралеўскай бібліятэкі ў Капенгагене.
5. Тэксты малітваў сьв. Кірылы Тураўскага цытуюцца паводле выданьня: Kirill von Turov, Gebete. Eidos Verlag, Mьnchen 1965. Яны зьяўляюцца перадрукам з выданьня ў часопісе "Православный собеседник" 1859 г.
6. Тэкст малітвы з Пачаеўскага малітоўніка 1809 г. цытуецца паводле выданьня: Malzev A., Andachtsbuch der Orthodox-Katholischen Kirche des Morgenlands, Berlin 1895, с.795-98, дзе гэтая малітва перадрукаваная поўнасьцю.