г.зн. да кнігі "Вячэрнія і ранішнія нядзельныя службы васьмі тонаў"
Убачыўшы Ўваскрасеньне Хрыстова, паклонімся Сьвятому Госпаду Ісусу, адзінаму бязгрэшнаму.
(З нядзельнай ютрані)
Нядзеля – першы дзень тыдня. У гэты дзень Бог пачаў тварыць сьвет. У гэты дзень таксама Госпад Ісус Хрыстос аднавіў усё стварэньне, перамогшы сьмерць сваім слаўным уваскрасеньнем. Таму хрысьціяне маюць нядзелю ў асаблівай пашане. У многіх мовах яна называецца "Днём Гасподнім".
Царква ў сваіх нядзельных багаслужэньнях сьвяткуе ўваскрасеньне Г. Н. Ісуса Хрыста асобымі песнасьпевамі на кожны з васьмі літургічных тонаў, або галасоў, якія чаргуюцца між сабою, пачынаючы ад нядзелі пасьля Вялікадня (хоць гэтая нядзеля, якая завецца нядзеляю Тамаша, мае свае асобыя песьні).
Нядзельныя службы замяняюцца толькі, калі ў гэты дзень выпадзе Гасподняе сьвята (напр. Каляды, Багазьяўленьне і г. д.). Ва ўсіх іншых выпадках яны спалучаюцца ў большай ці меншай меры са службамі сьвята ці сьвятога дня.
Галоўная мэта дзённых багаслужэньняў – хвала Бога ўсемагутнага. Усе яны, нягледзячы на адрозьненьні між сабою, складаюцца ў асноўным з псалмаў, чытаньняў з Сьвятога Пісаньня, песнасьпеваў, малітваў і літаніяў. У VI-X ст.ст. бізантыйская Царква перажывала пэрыяд росквіту царкоўнай гімнаграфіі. Зьявіліся новыя паэтычныя формы. Асаблівага значэньня набылі г.зв. "трапары", або лірычныя строфы, вядомыя пад рознымі назвамі ў залежнасьці ад месца і функцыі ў багаслужэньні. Як часткі большага паэтычнага твору яны вядомыя як "сьціхіры" і звычайна сьпяваюцца, чаргуючыся з вершамі псалмаў, або ў перамешку з вершамі кшталту "Слава, Госпадзе, уваскрасеньню Твайму", "Слава Табе, Божа наш, слава Табе" і г.д. трапары могуць быць таксама самастойнымі невялікімі паэтычнымі творамі. Сярод гэтых апошніх варта прыгадаць "трапары адпушчальныя", якія сьпяваюцца ў канцы вячэрні і паўтараюцца на ўсіх багаслужэньнях на працягу дня. У іх даецца кароткая характарыстыка дня або сьвята. Сярод вялікіх паэтычных формаў бізантыйскай гімнаграфіі першае месца, пачынаючы з VII ст., займае г.зв. "канон". Поўны канон складаецца з дзевяці песьняў, кожная з якіх зьвязаная з адной з дзевяці песьняў Сьвятога Пісаньня. Звычайна, аднак, у большасьці канонаў, за выняткам вялікапосных, адсутнічае другая песьня, так што яны складаюцца толькі з васьмі песьняў.
Увядзеньне ў багаслужэньні новых гімнаграфічных твораў рабілася за кошт псалмаў і чытаньняў са Сьвятога Пісаньня, якія або прапускаліся, або скарачаліся.
Згодна з традыцыяй, якая бярэ пачатак у Старым Запавеце, новы дзень пачынаецца з вечара. Таму вячэрня лічыцца першай службай дзённага кругу. Яна таксама найстарэйшая з усіх дзённых службаў. Пачынаецца вячэрня чытаньнем псалму 103, у якім праслаўляецца Бог, Творца ўсяго, што існуе. Прыносіцца таксама ахвяра кадзіла з просьбаю: "Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла" (Пс 140). Цудоўная песьня "Сьвятло лагоднае" – адна з найстарэйшых хрысьціянскіх малітваў. У песнасьпевах нядзельнай вячэрні праслаўляецца Хрыстос, які памёр за нас на Крыжы, зышоў у пекла, каб вызваліць тых, што былі там, і атрымаў вялікую перамогу над сьмерцю. Вялікае месца аддаецца ўслаўленьню Багародзіцы. Звычайна ўсе песнасьпевы сканчаюцца страфою ў гонар Маці Божае. Так, напрыклад, побач з адпушчальным трапаром ёсьць таксама адпушчальны трапар багародзічны. На асаблівую ўвагу заслугоўваюць на нядзельнай вячэрні багародзічныя "дагматыкі", так названыя з прычыны іхняга глыбокага багаслоўскага зьместу.
Другая вялікая служба, ютрань, больш складаная за вячэрню. Яе галоўную частку складаюць каноны, якіх у нядзелю аж тры. У першым з іх, Уваскросным, гаворыцца пра ўваскрасеньне Хрыста і Ягоную перамогу над сьмерцю. Другі канон, Крыжаўваскросны, нагадвае нам пра непарыўную сувязь між Крыжовай сьмерцю і ўваскрасеньнем Хрыста, і пра Ягоную невыказную спагадлівасьць да нас. Нарэшце ў трэцім, Багародзічным, каноне праслаўляецца Найсьвяцейшая Дзева Марыя і Яе месца ў спрадвечным Божым пляне збаўленьня роду людзкога.
Адметнай рысай нядзельнай ютрані ёсьць круг 11 уваскросных евангельскіх чытаньняў, у якіх асабліва ясна гаворыцца пра ўваскрасеньне Хрыстовае. Евангельлі гэтыя чытаюцца па парадку, па адным кожную нядзелю, пачынаючы ад нядзелі ўсіх Сьвятых (нядзелі пасьля Сёмухі). Звычай чытаньня ўваскросных евангельляў вельмі стары, ён быў вядомы ў Ерусаліме ўжо ў IV ст. У IX ст. імпэратар Леў VI Мудры (880-912) напісаў евангельскія сьціхіры, якія сьпяваюцца ў канцы Пахвальных псалмаў і ў якіх у паэтычнай форме даецца пераказ зьместу чытанага Евангельля. Таксама на тэму ўваскросных Евангельляў імпэратарам Канстантынам VII Парфірагенетам (880-913) былі напісаныя г. зв. "экзапастыляры", якія чытаюцца пасьля сканчэньня сьпеву канонаў. Сярод іншых адметных рысаў нядзельнай ютрані можна назваць "узыходныя песьні" напісаныя на ўзор узыходных псалмаў, па тры песьні на кожны тон (восьмы тон мае чатыры песьні), у кожнай песьні па тры страфы (сьціхіры), прычым апошняя з іх заўсёды ў гонар Сьвятога Духа. Песьні гэтыя сьпяваюцца перад Евангельлем.
Аўтарам нядзельных службаў васьмі тонаў лічыцца сьв. Ян Дамаскін (675-749), адзін з найбольшых усходніх багасловаў і гімнографаў. Ён таксама быў укладальнікам кнігі, у якой гэтыя службы знаходзяцца і якая па-грэцку называецца "Актойх" ("Васьмітоньнік"). Гэта не азначае, што ў службах няма твораў іншых аўтараў, якія жылі перад Дамаскінам і пасьля яго. Пра экзапастыляры і евангельскія сьціхіры было ўжо сказана вышэй. Частка сьціхіраў на "Госпадзе, Цябе клічу..." на вячэрні і на Пахвальных псалмах на ютрані прыпісваецца патрыярху Канстантынопальскаму Анатолю (449-458), хоць на гэта няма пераканаўчых доказаў. Аднак галоўная частка тэкстаў несумненна належыць Яну Дамаскіну.
Гэтае выданьне – першая спроба перакладу на беларускую мову тэкстаў нядзельных вячэрніх і ранішніх службаў. Яно прызначанае ў першую чаргу для грэка-каталіцкіх прыходаў, дзе багаслужэньні адбываюцца на беларускай мове. Хочацца спадзявацца, што яно будзе карысным для ўзбагачэньня літургічнага жыцьця прыходаў і заахвоціць вернікаў браць больш актыўны ўдзел у багаслужэньнях, на якіх яны здолеюць, словамі сьвятога Паўла, "маліцца духам, а таксама і розумам; сьпяваць духам, а таксама розумам" (1 Кар 14:15).
Няхай жа разумная хвала Бога на роднай мове ніколі не змаўкае ў нашым народзе.
Лёндан, 18 кастрычніка 1996 г.