муж стану і мучанік за каталіцкую веру.
Божым шляхам, №46-1952, сс.10-13, №47-1952, сс.8-10, №48-1952, сс.8-11.
(Малюнкі дададзеныя рэдактарам сайту)
Раньнія гады.
 |
|
Малады Томас Мор
|
Сьвяты Тамаш Мор, або інакш Морус, радзіўся 6-га лютага 1478 г. у Лёндане. Ягоны бацька быў судзьдзёю ў адным з найпаважнейшых судоў Лёндану. Ён быў жанаты 4 раза. Тамаш быў сынам з першага, або другога сужэнства. У адносінах да сваіх мачахаў захоўваўся прыкладна. Апошняя з іх перажыла Тамаша і пазбавіла яго большае часткі бацькавага насьледзтва, дзеля гэтага потым пасьля рэзыгнацыі са становішча канцлера цярпеў матэрыяльную нястачу і тады хваліўся сваею «ганароваю бядотаю» дзякуючы мачасе, «чыё жыцьцё і здароўе хай захавае Госпад на доўгія годы». Але аб гэтым будзе гутарка потым, цяпер-жа зазначым, што бацька і сын да канца жыцьця жылі ў вялікай згодзе. Будучы канцлерам, Тамаш меў звычай, перад кожнаю справаю заходзіць да бацькі і на каленях прасіць ягонага багаславеньня. На шчасьце бацька не дажыў таго часу, каб бачыць мучаніцкую сьмерць свайго сына.
Пачатковую асьвету Тамаш атрымаў у школе сьв. Антонія ў Лёндане. Гэтая школа мела найлепшую славу ў каралеўстве і больш, як двухвяковую традыцыю. Асьвета ў XV в. азначала ўменьне чытаць, пісаць і перадусім дыспутаваць па-лаціне. Гэтае апошняе сьледнае ў творах Мора.
Калі Тамашу споўнілася 12 гадоў, дык дзякуючы пратэкцыі свайго бацькі, ён быў прыняты на службу ў двор кардынала Мортона. Практыка аддаваньня дзяцей на службу ў другія дамы, паходзіла з часоў рыцарства. Гэта была сваеасаблівая школа, дзе маладыя людзі ў характары пазя вучыліся ўсяго таго, што ім потым магло спатрэбіцца ў вялікасьвецкім жыцьці.
Няма сумніву, што малады Тамаш скарыстаў вельмі шмат за час свайго быцьця на двары кардынала. У той час Мортон быў Кантэрбэрыйскім архібіскупам і канцлерам каралеўства, а гэта зн. другою асобаю пасьля караля ў цэлай Англіі, дык ягоны дом быў найлепшым мейсцам, дзе можна было навучыцца добрых манераў абыходжаньня з людзьмі, якімі пасьля вызначаўся Мор праз усё жыцьцё. Кардынал Мортон заўважыў вялікія здольнасьці свайго ўзгадаванца і, калі Тамашу споўнілася 14 гадоў, паслаў яго ў Оксфорд.
У тым часе прыгажосьць Оксфорду была нязвычайная, аднак жыцьцё студэнтаў ня было вельмі цікавае. Дзень студэнта выглядаў больш-менш такім чынам: а 5-ай гадз. раніцы Служба Божая, ад 6 да 10 г. навука, пасьля абед, які складаўся з куска мяса і міскі зупы. Пасьля абеду зноў навука да 5 гадз. вечара, а потым вячэра ня лепшая, чым абед. Пасьля вячэры зноў навука да 9 або 10 гадз., калі студэнты, ня маючы апалу ў пакоях, павінны былі шпацыраваць, каб крыху разагрэць адубелыя ногі, перад тым, як легчы спаць. Тут трэба заўважыць, што тагачасныя студэнты былі ў веку 14-16 гадоў.
У Оксфордзе Тамаш цярпеў вялікую матэрыяльную бядоту, ня меў нават грошай, каб паправіць боты. Бацька чамусьці не рабіў нічога, каб памагчы сыну ў ягоным цяжкім матэрыяльным становішчы.
Нядоўга прабыў Тамаш у Оксфордзе, усяго няпоўных два гады, пасьля якіх, ён на жаданьне бацькі вярнуўся ў Лёндан, каб там студыяваць права. Не дзеля свае строгасьці бацька перарваў студыі Тамаша ў Оксфордзе, але дзеля таго, што ў тым часе Лёндан, а не Оксфорд быў цэнтрам сьвецкага інтэлектуальнага жыцьця. Оксфорд і Кэмбрыдж давалі перадусім будучых сьвятароў. Але амбіцыяй тагачасных бацькоў было вывесьці свайго сына на праўніка, а да гэтага былі найлепшыя магчымасьці ў Лёндане.
З матэрыяльнага гледзішча пасьля Оксфорду для маладога Тамаша жыцьцё ў Лёндане было арыстакратычным комфортам.
Пасьля двох гадоў студыяў, маючы ўсяго 18 гадоў, Тамаш здабыў так вялікія веды права, што быў прыняты ў слаўную юрыдычную Калегію Лінкольна і там прадаўжаў сваю навуку пад строгім вокам свойга бацькі.
У 1499 г., калі Тамашу было 20 гадоў, у Англію прыехаў Эразм Роттэрдамскі. Тамаш Mop і Эразм спаткаліся і, ня гледзячы на розьніцу веку, шчыра пасябраваліся на ўсё жыцьцё.
Нутранае жыцьцё Мора ў часе студыяў права ня было спакойным. Ён стаяў на раздарожжы ў выбары свайго жыцьцёвага шляху: у душы ён адчуваў пакліканьне да сьвятарства, але бацька хацеў бачыць яго праўнікам. Будучы студэнтам права, ён чатыры гады жыў ў Картузіянскім манастыры і ўдзельнічаў ў рэлігійных практыках манахаў, паколькі на гэта дазвалялі яму ягоныя студыі. Адначасна ён шмат вучыўся пабочна. Галоўным прадметам ягоных студыяў былі айцы Царквы і грэцкая мова. Бацька, заўважыўшы гэта, занепакоіўся, што сын адрываецца ад права і зарэагаваў на гэта на свой лад, абразаючы сыноўскія даходы. Тамаш ня стаўся сьвятаром, але не дзеля настойваньня бацькі ён зрабіў такі выбар. Жывучы ў манастыры, ён паддаў сябе строгаму экзаміну, каб пераканацца, ці мае даволі сілы стацца добрым сьвятаром праз усё жыцьцё. Выявіўшы, што ня зможа вырачыся моцнага жаданьня да сямейнага жыцьця, ён пастанавіў пасьвяціцца сьвецкай кар'еры. Маючы 27 гадоў, ён жэніцца з Джэйні Кольт, дачкою зьбяднелага шляхціца. Іхняе сямейнае жыцьцё было вельмі шчасьлівае і яны мелі чацьвёра дзяцей.
У 1509 г. адбылася ў Англіі важная падзея; 27 красавіка памёр кароль Гэнрык VII, а наступнага дня абняў каралеўскі пасад, ягоны сын Гэнрык VIII.
Першыя гады панаваньня Гэнрыка VIII.
Мусіць у гісторыі ня было другога такога чалавека, на якога людзі пакладалі-б так шмат надзеяў, як на Гэнрыка VIII і які ўканцы так страшна расьсеяў-бы гэтыя надзеі. Усе спадзяваліся, што з уступленьнем на пасад Гэнрыка VIII для Англіі настане залаты век спакою, дастатку і росквіту навукі, аб якім лятуцелі лепшыя людзі таго часу.
Тамаш Мор, разам з іншым, быў рады маладому каралю. У ягонай радасьці, акрамя агульных спадзяваньняў, была і асабістая прычына. У 1504 г. Мор, маючы 26 гадоў, быў выбраны ў Парлямант, скліканы Гэнрыкам VII, каб атрымаць грошы, патрэбныя для ўрачыстага пасаваньня на рыцара сына Артура і на вясельле дачкі Маргарыты з шкоцкім каралём. Спадзяваных грошай кароль не атрымаў дзякуючы Тамашу Мору, які супрацівіўся каралеўскім плянам вельмі моцна і пацягнуў за сабою ўвесь парлямант. Ад гэтага часу «безбароды хлопчык з парляманту» трапіў у няласку і жыў пад заўсёдным страхам каралеўскае помсты. Дык ня дзіва, што сьмерць Гэнрыка VII прынясла яму вялікае аблягчэньне. Неза лежна ад гэтага Мор радаваўся новаму каралю, бо ў ім спадзяваўся ўбачыць справядлівага валадара, абаронцу веры і мэцэнаса навук.
Тагачасная Англія была краем вялікае цывілізацыі і вялікага мастацтва, аб гэтым сьведчаць шматлікія помнікі. Праўда вялікіх пісьменьнікаў і паэтаў яна тады ня мела, але затое высока стаяла яе навука, а на Гэнрыка VIII пакладалі надзею, што ён прычыніцца да ея большага ўздыму. Калі аднак глянуць на канец ягонага панаваньня, дык прыходзіцца сьцьвердзіць, што ён зьнішчыў больш мастацкіх цэннасьцяў, зламаў больш талентаў, чым які іншы тыран у сьвеце. Як зьнішчальнік, ён асягнуў вялікі рэкорд.
Вернемся аднак да гісторыі Мора. У 1510 г. ён быў назначаны адным з чатырох пад-шэрыфаў Лёндану, што адказвае больш-менш становішчу міравога судзьдзі. Гэтае становішча прынясло Мору славу справядлівага і добрага судзьдзі. Тагачасныя хронікі кажуць, што ніхто перад ім не палагодзіў больш справаў і ніколі перад ім ня было больш справядлівага судзьдзі, як Мор. Гэтае становішча ён займаў да 1518 г., калі быў пераведзены на каралеўскую службу.
У 1511 г. Мора спаткала вялікае няшчасьце, памерла ягоная каханая жонка Джэйні. Каб забясьпечыць дзецям дагляд, ён жэніцца другі раз. Яго другая жонка Аліса Мідлетон была ўдавою па лёнданскім купцу і была ўжо ў старэйшым веку, але была прыкладнай жонкай, маткай і гаспадыняй. Яе дачка з першага сужэнства гадавалася разам з дзяцьмі Мора ў найбольш прыкладнай, згодзе.
Тымчасам слава Мора расла, аб ім даведваецца кароль і пачынае рабіць стараньні, перавесьці яго на службу ў свой двор. 8-га траўня 1515 г. Лёнданскі магістрат дазволіў Мору вызначыць заступніка на сваё мейсца судзьдзі, на час пакуль ён будзе каралеўскім амбасадарам у Фляндрыі.
Мор так добра выканаў сваю амбасадарскую службу, што кароль пачаў націскаць на яго яшчэ мацней, каб перайшоў на каралеўскую службу, уважаючы, што такі чалавек ня можа марнавацца на становішчы судзьдзі.
Першая амбасадарская служба Мора важная тым, што з ею зьвязана паўстаньне найбольшага літаратурнага твору Мора.
Утопія.
Твор гэты вышаў ў 1516 г. і адразу зрабіў аўтара слаўным на ўвесь тагачасны культурны сьвет. Зьмест «Утопіі» у кароткіх словах такі: Мор прыпадкам у Фляндрыі стрэнуў вандроўнага партугальскага філязофа Рафаэля і той падрабязна расказвае яму, як ён з любові да навукі раздаў ўсю сваю маемасьць сваім братом, а сам падарожнічаў навокал сьвету. Расказвае Мору аб краінах, якія бачыў, аб правох і абычаях у тых краінах, што могуць быць прыкладам для Эўропы. Усе няшчасьці ў Эўропе, цьвердзіць Рафаэль, вынікаюць з прыватнае ўласнасьці. Мор супярэчыць яму, кажучы, што камунізм ёсьць нерэальны. «Гэта ты так кажаш, — адказвае Рафаэль, — таму, што ты ня бачыў яго ў практыцы, як я бачыў гэта ў Утопіі». I далей пачынае апісваць жыцьцё ў Утопіі. Гарады там прыгожыя і добра санітарна ўладжаныя. Шасьцігадзінны дзень працы хапае, каб забясьпечыць дастатак усім жыхаром. Утопіяне пагарджаюць золатам і матэрыяльнымі багацьцямі, але імкнуцца да шчасьлівага жыцьця, разумеючы, што шчасьце палягае на добрым здароўі і перадусім у прыемнасьцях розуму, з якіх яны найбольш цэняць чыстае сумленьне. Злачынствы караюцца перш турмою, а калі гэта не памагае — сьмерцю. Грамадзяне Утопіі хутка навучыліся ад Рафаэля грэцкае мовы, а нават частка з іх прыняла хрысьціянства. У Утопіі ёсьць шмат рэлігіяў, якія адносяцца да сябе талеранцыйна. За гвалт у рэлігійных справах пагражае найвышэйшая кара. Утопіяне пагарджаюць вайною, але ў выпадку небясьпекі ўсе мужчыны і жанчыны бяруцца за зброю. Калі хто з утопіянаў пасьля такога жыцьця не паміраў шчасьлівым, уважаўся за жалюгоднага нешчасьліўца.
 |
|
Утопія
|
Зразумела, што і філязоф Рафаэль і Утопія існавалі толькі ў фантазіі Мора (Утопія гэта грэцкае слова і даслоўна значыць — бяз мейсца). Аднак пераконваючая сіла кнігі была так вялікая, што некаторыя сапраўды паверылі ў існаваньне Утопіі.
Здаецца, што ў літаратуры няма другога такога твору, якога ідэю так кепска зразумелі-б, і так перакручвалі-б, як Утопію Мора. Сацыялісты і камуністы ўважаюць Мора за першага камуніста, які ў сваім творы намаляваў абраз ідэальнае сацыялістычнае дзяржавы. Пратэстанты ня могуць зразумець, як чалавек, які напісаў Утопію, у якой грамадзяне зьяўляюцца паганамі, мог аддаць свае жыцьцё за каталіцкую веру?
Усе гэтыя непаразуменьні вынікаюць з таго, што крытыкі часта забываюцца, што Мор жыў не ў 20-м, а ў 16-м стагодзздзі. Тады людзі мелі яснае паняцьце розьніцы між цнотамі, якія можна асягнуць пры помачы людзкога розума і цнотамі, якія можна асягнуцць пры помачы Каталіцкае Царквы. Разважнасьць, справядлівасьць, мужнасьць і ўстрыманасьць — могуць быць асягнуты кожным чалавекам пры помачы чыстага розуму і Плятон паклаў іх у аснову свае рэспублікі. Затое Божыя цноты — вера, надзея і любоў бяз ласкі Божае неасягальныя. Ідэальны хрысьціянін павінен мець усе сем цнотаў, але для прыкладнага ўпарадкаванага дзяржаўнага жыцьця ў сьвецкіх справах выстарчыць мець першыя чатыры.
Вось Mop і аснаваў сваю Утопію на тых першых чатырох цнотах. Робячы гэта, ён астаецца кансэквэнтным сваім каталіцкім прынцыпам. Mop выясьніў свай пункт гледжаньня так ясна, як толькі мог, і гэта не яго віна, што яго кепска зразумелі.
Ясьней гэта могуць выясьніць прыклады. Мы ведаем, што Мор сам вёў вельмі асцэтычнае жыцьцё. Тымчасам у Утопіі мы чытаем, што тамтэйшыя грамадзяне дабравольнае фізычнае ўмерцьвленьне ўважалі за шаленства і жарстокасьць супраць самога сябе. Вось-жа выглядае, быццам ёсьць непасьлядоўнасьць між славамі і ўчынкамі Мора. Але чытаючы далейшыя радкі Утопіі, знаходзім выясьненьне, бо тамтэйшыя грамадзяне кіруюцца толькі розумам, а згодна з розумам такі пагляд на справу зусім разумны, хіба што нешта вышэйшае будзе ім загадана з неба. Адэтуль вынікае што ў Утопіі так жа ёсьць асцэтыка, але калі яна асноўваецца на розуме, дык людзі з яе сьмяюцца, калі-ж яна мае рэлігійную аснову, дык людзі яе паважаюць і лічаць за сьвятую рэч.
Тамаш Мор парушае ў Утопіі вельмі глыбока і рэлігійныя справы. Ен кажа, што там жывуць людзі розных рэлігіяў, але ў прыкладнай згодзе між сабою. Кароль Утопус талераваў ўсе рэлігіі, але ніхто з тамтэйшых грамадзян ня меў права ня верыць у дзьве рэчы: Божы правід і вечнае загробнае жыцьцё, дзе праведнікі будуць узнагароджаныя. Хто адкідаў хоць адзін з гэтых пунктаў, таго ня лічылі нават за чалавека і пагарджалі ім. А калі-б ён публічна прапагаваў свае пагляды, тады ўмешвалася дзяржава, якая карала яго, як злачынца. З гэтага гледзішча пагане ў Мора могуць быць прыкладам неаднаму не-практыкуючаму хрысьціяніну.
(Працяг 2).
Божым шляхам, №47-1952, сс.8-10
На каралеўскай службе.
Вернемся да жыцьця Мора. Да славы, якую яму прынесла Утопія, даходзіць слава палітыка і дыплямата. Кароль ужывае яго ўсё часьцей і часьцей у сваіх справах і ў канцы 1518 г. Мор пераходзіць зусім на каралеўскую службу. Сябры Мора вельмі шкадавалі, што ён пакінуў навуку дзеля палітыкі, аднак Мор гэта зрабіў сьведама, уважаючы, што ў часе буры ня можа пакінуць карабля нават той, хто ня ўмее ім кіраваць, і як-раз тады ён павінен навучыцца пакіраваць справаю так, каб вынік быў, калі ня вельмі добры, то прынамся, каб ня быў вельмі кепскі. Як убачым з далейшае гісторыі, Мору не ўдалося ўратаваць ангельскага карабля, але ён аддаў ўсе свае сілы і жыцьцё, каб абараніць яго ад найгоршага.
У часе, калі Тамаш Мор уступіў на каралеўскую службу, канцлерам Англіі быў ёрскі архібіскуп, кардынал Волсэй. Гэнрык VIII, як і іншыя дэспаты, сам быў слабога характару і легка паддаваўся пад уплывы іншых людзей, але таксама легка і пазбываўся сваіх фаворытаў, калі гэтыя яму надакучалі. У цікавячым нас часе такім уплывовым чалавекам быў кардынал Волсэй. Ён быў таленавітым палітыкам, але вельмі самалюбным і карысталюбным. Заводзіў бесканечныя інтрыгі і ўцягваў Англію ў бесканечныя войны, якія даводзілі краіну да матэрыяльнае руіны. Трэба аднак аддаць яму пашану за справядлівасьць і парадак, які ён утрымоўваў у нутры краіны. На судзе для яго не было бедных і багатых; нават каб памагчы бедным і несправядліва пакрыўджаным праз багатых, ён устанавіў спэцыяльны трыбунал, на чале якога паставіў Мора.
Каралеўская служба прыносіць Мору большы матэрыяльны дастатак, так што ён хутка змог з сваёю шматлікаю сям'ёю перанесьціся з Сіты ў выгадны дом у Чэльсі. Карты, флірты і пад. у гэтым доме былі забаронены, затое Мор заахвочваў ўсіх сваіх сямейнікаў да навукі, музыкі і садоўніцтва. Усіх абавязвала супольная вячэрняя малітва, царква ў нядзелі і сьвяты, акрамя таго ў вялікія сьвяты ўсе павінны былі ўставаць а поўначы на малітву. Сам Mop пераважна ўставаў a 2-й г. уночы і да 7 праводзіў час у малітве і размышляньні. А 7 ён ішоў у царкву на багаслужэньне і нават ня прымаў каралеўскіх пасланцоў, пакуль ня скончылася багаслужэньне. Паколькі пазвалялі абавязкі, Мор кожную пятніцу стараўся праводзіць у адзіноцтве, малітве і размышляньнях.
 |
|
Тамаш Мор і яго сям'я
|
Паміж сваіх шматлікіх абавязкаў, Мор не забываўся і аб належным узгадаваньні свае шматлікае сям'і. Ён быў прыкладным бацькам і даў сваім дзецям адпаведную асьвету. З гэтага гледзішча ён быў далека ўперадзе свайго веку і сваім дочкам даў такую-ж асьвету, як і сыном.
Так выглядала сямейнае жыцьцё Мора ў найбольш шчасьлівыя гады. Аднак і тады ён не забываўся перасьцерагчы сваю сям'ю перад магчымымі небясьпекамі. «Легка — казаў ён — быць добрым у часе, калі цноты ўсюды ўзнагароджваюцца, а праступствы караюцца, але калі вы будзеце жыць у часе, у якім ніхто вам ня дасьць добрае рады, калі будзеце бачыць цноту пакаранай, а грэх узнагароджаны і калі вы тады, не зважаючы на небясьпеку жыцьця, будзеце трымацца моцна Бога, дык як-бы вы тады былі толькі напалову добрымі, Бог вас узнагародзіць так, як-бы вы былі зусім добрымі».
Гэтыя цяжкія хвіліны, так ясна прадсказаныя Морам, збліжаліся памаленьку. У 1521 г., калі Mop быў назначаны на становішча падскарбніка, Англія ўстрасянулася ад першата вялікага каралеўскага злачынства. Вясною таго году быў выкліканы ў Лёндан найбольшы англійскі магнат князь з Букінгаму і па загаду караля арыштаваны ды патаёмна забіты. Для народу, які ледзь не збунтаваўся з гэтае прычыны, кароль казаў падаць як прычыну забойства выдуманы факт, быццам Букінгамскі князь быў у змове супраць караля і хацеў захапіць карону ў свае рукі.
Другая рэч, якая начала непакоіць Англію ў тым часе, было распаўсюджаньне лютэранства. Тагачасная Англія была каталіцкаю краінаю і пратэстантызм быў забаронены. Сам кароль у 1521 г. напісаў кнігу супраць гэрэзіяў Лютэра. За гэта ён атрымаў ад папы тытул абаронцы веры. Але каралю ня выпадала дыспутаваць з пратэстантамі і вось ягонае мейсца займае Mop, які пад псэўдонімам Вільяма Рос, пачынае пісаць анты-пратэстанцкія кнігі. Тут варта зацеміць, што 14 гадоў пасьля гэты самы Гэнрык VIII, затрымоўваючы тытул абаронцы веры, загадаў сваім слугам абвінаваціць Мора ў тым, што быццам той намовіў яго, караля, напісаць кнігу супраць Лютэра ў абароне папы і гэтым самым абясславіў яго ўва ўсім хрысьціянскім сьвеце.
Тымчасам Мор хутка пасоўваўся ў сваей палітычнай кар'еры. Будучы ад 1521 г. падскарбнікам каралеўства, ён часта пасылаецца ў розныя пасольствы. Тут даходзіць да першых сутычак Мора з Волсэям, бо ваенная палітыка Волсэя, якая руйнавала край, не магла знайсьці прыхільнасьці ў Мора, які цаніў мір над усё іншае. Адзіную вайну, якую ён дапускаў, была вайна ў абароне веры. У парлямэнце, які склікаў Волсэй у 1523 г. для атрыманьня грошаў на пакрыцьцё ваенных расходаў, Мор выбіраецца спікерам і Волсэй грошаў не атрымаў.
У 1524 г. Мор назначаецца канцлерам Лянкастэрскага княства і ўпраўляючым Камбрыджскага ўнівэрсытэту, акрамя таго астаецца адным з трох сяброў каралеўскае рады, якія павінны былі заўсёды знаходзіцца пры каралю.
У гэтым часе Англія ў саюзе з Гішпаніяй ваявалі супраць Францыі. У 1525 г. гэты саюз раптоўна скончыўся, бо Гішпанія не хацела падзяліцца з Англіяй пладамі перамогі. Волсэй адразу мяняе фронт і шукае саюзу з Францыяй супраць Гішпаніі. Але Гэнрык VIII быў жанаты з цёткаю імпэратара, дык з палітычных меркаваньняў, развод быў-бы пажаданы.
Ці думку аб разводзе падказаў Волсэй, ці кароль дадумаўся да гэтага сам, няма ведама. Жонка Гэнрыка VIII Кацярына Арагонская была ўдавою па ягоным браце Артуру і на сужэнства яны атрымалі спэцыяльны дазвол ад папы. Гэтае сужэнства было нешчасьлівае ад самага пачатку. Дзеці радзіліся або мёртвымі, або хутка паміралі, тымчасам Гэнрык VIII жадаў мець насьледніка. У 1525 г. Гэнрык ужо абмяркоўваў плян, каб усынавіць свайго няшлюбнага сына і зрабіць яго насьледнікам трону, але ў гэтым-жа часе ён закахаўся ў Ганьне Болейн. Гэты факт і варожасьць да Гішпаніі папхнулі яго беспаваротна на дарогу разводу.
Як і трэба было прадбачыць, Мор ад самага пачатку быў супраць разводу. Але кароль, раз пастанавіўшы, дабіцца разводу, пачаў здейнічаць хутка. Ён вызначыў трох людзей, нанятых у кананічным праве, каб яны разгледзелі ўсе магчымасьці ягонага разводу з праўнага гледзішча. Адначасна гэтаю-ж справаю меўся заняцца духоўны суд пад кіраўніцтвам архібіскупаў з Кантэрбэры і Ёрку. Таксама быў высланы ліст у Рым. Пад лістом былі подпісы розных важных асобаў, у тым ліку кардынала Волсэя, але подпісу Мора ня было.
Тамчасам палітыка Волсэя цярпела няўдачу за няўдачаю і гэта выклікала незадаваленьне ў народзе. Пад націскам гэтага незадаваленьня, кароль звальняе Волсэя са становішча канцлера і на яго мейсца назначае Тамаша Мора. Адначасна кароль робіць стараньні аб скліканьні парлямэнту, на які ўскладаецца заданьне залегалізаваць наибольшую трагэдыю Англіі. Гэта быў 1529 г.
Мор канцлерам.
Тут можна было-б спытацца: чаму Мор прыняў гэтае высокае становішча, калі ён бяз сумніву прадбачыў вынікі, да якіх вядуць круцельствы Гэнрыка і з якімі ён ня мог пагадзіцца?
Гэнрыку вельмі залежала на тым, каб утрымаць на сваей службе і здабыць для свае справы такога здольнага палітыка, якім быў Мор. I вось ён назначае Мора на канцлера і адначасна абяцае яму ня ўжываць яго ў справах зьвязаных з разводам, каб ня гвалціць ягонага сумленьня.
Магчыма, што Мор меў асаблівыя прычыны, каб прыняць становішча канцлера, бачучы куды павяртаюцца справы, хацеў ратаваць прынамся тое, што яшчэ было магчыма.
 |
|
Генрых VIII
|
Гэнрык ня стрымаў слова, данага Мору, хутка пасьля абняцьця канцлерскага становішча, пачаў націскаць у справе разводу. Тады Мор упаў на калені і сказаў, што ён з радасьцю даў-бы адрэзаць сабе руку, або ногу, калі-б мог з чыстым сумленьнем памагчы ў гэтай справе каралю. Бачучы такую непахісную паставу, кароль здаўся і паўторна абяцаў ня турбаваць Мора ў справе разводу, кажучы, што ў гэтай справе будзе карыстацца людзымі, якім сумленьне на гэта пазваляе.
Тымчасам быў скліканы парлямэнт. 3-ХІ-1529 канцлер Mop адчыніў парлямэнт і ў сваёй прамове сказаў, што галоўным заданьнем парлямэнту ёсьць палагодзіць некаторыя ненармальнасьці, пануючыя ў дзяржаве.
Гэнрык умеў дабраць адпаведных кандыдатаў ў парлямэнт. Усе яны былі людзьмі бяз ніякіх прынцыпаў, прагныя хуткае нажывы і лісьлівыя слугі караля.
Першаю справаю, якую палагодзіў гэны няшчасны парлямэнт, было ануляваньне даўгоў, што іх нарабіў кароль за 21 год свайго панаваньня. Пасьля пачалася атака на духавенства. Нешчасьлівая палітыка Волсэя і прапаганда пратэстантызму выклікалі ўжо ў гэтым часе досыць моцнае незадаваленьне супраць Каталіцкае Царквы і сьвятароў. Сам Гэнрык, хоць намінальна яшчэ аставаўся каталіком, падпадаў усё больш пад пратэстанцкія ўплывы ў выніку чытаньня пратэстанцкіх кнігаў.
Калі парлямэнт прадставіў каралю свае жалі супраць духавенства, кароль зажадаў ад духавенства сатысфакцыі. Царква хацела залагодзіць гнеў караля пэўнай сумай грошаў, але гэтага каралю было мала. Ён жадаў прызнаньня сябе адзіным пратэктарам і найвышэйшым галавою Царквы ў Англіі.
Аднак духавенства было яшчэ дастаткова моцным, каб супрацьставіцца жаданьням караля. 1531 г. 11 лютага Сынод у Кантэрбэры прымае рэзалюцыю ў якой называе караля «сваім асаблівым пратэктарам, адзіным і найвышэйшым гаспадаром і, паколькі на гэта дазваляе хрысьціянскае права, так-жа найвышэйшым галавою». У гэтай рэзалюцыі засьцярога «паколькі дазваляе...» практычна адымала ўсякае значэньне таго «галоўства» караля, аднак гэта ўжо была палова капітуляцыі.
Тымчасам справа каралеўскага разводу была ўнесена на разгляд у парлямэнт. Адначасна кароль разаслаў запытаньні ў гэтай справе да ўсіх унівэрсытэтаў. Усюды духавенства было ў апазіцыі. Бачучы, што ня зможа зламаць супраціву духавенства, кароль робіць сваё векапомнае «адкрыцьцё», што сьвятары ў ягоным каралеўстве зьяўляюцца толькі напалову яго падданымі, а ў сапраўднасьці яны папскія падданыя, бо пры сьвячаньні складаюць прысягу на вернасьць папе, што быццам супярэчыць той прысязе, якую яны складаюць на вернасьць каралю.
Пасьля гэтага кароль выступае з новымі запатрабаваньнямі супраць духавенства. У выніку гэтага 15-V-1532 сынод у Кантэрбэры падпісвае дакумант, ведамы пад назовам «Падпарадкаваньне духавенства». Гэта быў акт поўнага разрыву з Рымам і прызнаньне неабмежаванае ўлады караля над Царквой у Англіі.
На другі дзень Мор зракаецца канцлерскага становішча і аддае каралю вялікую пячаць каралеўства. Ён бачыў, што цяпер ужо ня можа больш нічога зрабіць у абароне Царквы, як дзяржаўны дзеяч. Яму асталося толькі адно: пакуль хапала сілаў, бараніць Царкву пяром.
(Заканчэньне).
Божым шляхам, №48-1952, сс.8-11
Рэлігійныя творы Мора.
Mop напісаў шмат і цікавых твораў у абароне каталіцкае веры супраць пратэстантызму. Бо хоць пратэстантызм у Англіі быў забаронены, але распаўсюджваўся, даволі хутка. Шмат да гэтага прычыніўся сам кароль, які афіцыяльна аставаўся каталіком, а неафіцыяльна ўспамагаў пратэстантызм. Галоўным прадстаўніком ангельскага пратэстантызму быў Вільям Тіндаль. Ён жыў заграніцаю і перасылаў нелегальна свае творы ў Англію. I вось перадусім супраць гэрэзіяў Тіндаля выступае Тамаш Мор. У 1528 г. выходзіць «Дыялёг адносна гэрэзіяў і матэрыі рэлігіі». Кніга напісана ў прыгожай тагачаснай ангельскай мове ў форме дыялёгу між Морам і пасланцом ягонага сябры, які, начытаўшыся гэрэтыцкіх кнігаў, пачаў сумнявацца ў некаторых праўдах каталіцкае веры. На пачатку Mop вылічае тыя памылкі, якія зрабіў Тіндаль у перакладзе сьв. Пісаньня на ангельскую мову, потым выясьняе, што інтэрпрэтацыя сьв. Пісаньня ня ёсьць справаю разумовае спэкуляцыі адзінак, але што ў гэтай справе адзіная Царква мае рашаючае права. Далей Мор шкадуе, што пасланец ня хоча зьвяртаць увагі на творы айцоў Царквы і пагарджае філязофіяй. Калі пасланец кажа, што розум ёсьць ворагам веры, Мор даказвае, што розум ня ёсьць ворагам, але хутчэй слугою веры.
На ўвагу пасланца, што ён ня мог-бы верыць, калі-б Царква вучыла адно, а сьв. Пісаньне — другое, Мор адказвае, што разьбежнасьці між вучэньнем Царквы і сьв. Пісаньнем няма і быць ня можа. Больш таго, калі-б ня было Царквы, дык людзі ня ведалі-б, якія кнігі належаць да сьв. Пісаньня, а якія не.
Уканцы Мор пераконвае пасланца, што Каталіцкая Царква ёсьць устаноўленаю Богам і назначаная дзеля беспамыльнага азначэньня; што такое вера, што ёсьць сьв. Пісаньне і як сьв. Пісаньне трэба паясьняць. Кніга канчаецца тым, што пасланец поўнасьцю перакананы, разьвітваецца прыязна з Морам.
У наступным 1529 г. выходзіць кніга Мора «Просьба душ», як адказ на кніжку Сымона Фіша «Просьба жабракоў». Мор у «Просьбе душ» выступае ў абароне духавенства і зьвяртаецца супраць праектаванае канфіскацыі царкоўных маемасьцяў. Ён пералічае, колькі дабра зрабіла ў Англіі Каталіцкая Царква. У тым часе ўсе школы, унівэрсытэты, шпіталі, прытулкі для старых утрымоўвала Царква. Да таго ў манастырох Мор бачыў мейсцы сталае малітвы за душы ў чысьцілішчы.
Пасьля свайго зрачэньня з канцлерства Мор напісаў щмат іншых твораў важнейшымі з якіх ёсьць: «Абвяржэньне», «Ліст супраць Фірта», «Аполёгія», «Перамога» і «Адказ на Тайную Вячэру».
Удзячнае духавенства хацела падараваць Мору вялікую суму грошаў, аднак Мор адмовіўся, кажучы, што лепш хай-бы ўсе гэтыя грошы ўтапіліся ў Тамізе, чым каб ён, або хто небудзь з яго сям'і ўзяў з гэтае сумы хоць адзін пэнс. Для ўсьведамленьня вартасьці гэтага адказу, трэба прыпомніць, што пасьля зрачэньня з канцлерства Мор быў вельмі бедны і цярпеў вялікія нястачы.
Біяграфія Мора ня была-б поўнаю, калі-б мы не затрымаліся хоць коратка на яшчэ адной характэрнай азнацы ягонае дзейнасьці. Не як дзяржаўны дзеяч і нават не як абаронец веры, але як справядлівы і непадкупны судзъдзя Мор здабыў сабе славу і ўдзячнасьць усяго народу.
Некаторыя з яго родных думалі, што Мор быў аж празмерна справядлівы. Зяць Ропэр скардзіўся, што сваякі, а нават слугі іншых высока пастаўленых людзей мелі добры пабочны даход ад інтэрэсантаў, якім яны аблягчалі доступ да сваіх гаспадароў, а сваякі Мора не маглі нічога зарабіць, бо ён быў даступны заўсёды і для ўсіх бяз ніякае рэкамэндацыі.
 |
Тамаш Мор
Hans Holbein the Younger
|
Аб тым, да якое ступені Мор быў справядлівы і непадкупны, да нас дайшлі апісаньні шматлікіх інцыдэнтаў, калі ўдзячныя людзі, хацелі даць яму падаркі і як ён ўмеў палітычна выйсьці з сытуацыі, каб ня прыняць падарку і не абразіць таго, хто яго дае.
Калі Mop стаўся канцлерам, у дзяржаўнай канцылярыі ляжалі справы, якія чакалі палагоджаньня 20 гадоў. Mop адразу ўзяўся за іх і залёгласьці хутка пачалі зьнікаць. Якое мусіла быць зьдзіўленьне прысутных, калі аднаго дня Мор загадаў падаць сабе наступную справу, а яму адказалі што больш няма ніякае справы. Гэты дзень Mop загадаў запісаць у дзяржаўных актах, а ўдзячны народ улажыў на гэтую тэму гумарыстычную песеньку.
Мучаніцтва і сьмерць Мора.
Першы год пасьля зрачэньня з канцлерства для Мора прайшоў параўнаўча спакойна. Але вось 23 траўня 1533 г. справа разводу караля дайшла да канца. Кранмэр, з ласкі караля Кантэрбэрыйскі архібіскуп аб'яўляе жанімства Гэнрыка з Кацярынаю няважным, а праз 5 дзён аб'яўляе важным шлюб Гэнрыка з Ганнаю Болейн. Ужо 1-га чэр-веня 1533 г. Ганна была каранаванаю ў Вэстмінстэрскім абацтве. Mop адсутнічаў на каранацыі і праз гэта ўгнявіў новую каралеву.
Уканцы сакавіка 1534 г. збылося тое, чаго Mop найбольш баяўся. Паслухмяны парлямант выдаў акт, у якім загадвалася ўсім дарослым грамадзянам краю злажыць прысягу на вернасьць каралю і новай каралеве. У прысязе было сказана, што кароль зьяўляецца найвышэйшым галавою Царквы ў Англіі. Да таго трэба было прысягнуць на Акт Насьледзтва, які вызначаў патомкаў ад Гэнрыка і Ганны Болейн насьледнікамі ангельскага каралеўскага пасаду.
Ад гэтага часу жыцьцё Мора было ў небясьпецы. У нядзелю 12-га красавка 1634 г. ён атрымаў загад зьявіцца на другі дзень у паляц Лямбэт, каб там злажыць прысягу. Таго-ж дня Мор разьвітаўся са сваею сям'ёю, якое ён ня меў надзеі больш пабачыць. На другі дзень раніцаю ён выспаведаўся, выслухаў раньнюю імшу, прычасьціўся і адправіўся на другі бераг Тамізы ў паляц Лэмбэт. Там яго ўжо чакалі прадстаўнікі караля і запрапанавалі злажыць прысягу. "Ён папрасіў ад іх тэкст прысягі і Акт Насьледзтва і, прачытаўшы іх, адказаў, што згаджаецца з Актам Насьледзтва, бо парлямант мае права вызначаць насьледнікам пасаду, каго хоча, але прысягі злажыць ня можа.
Мора пратрымалі 44 дні ў паляцы, бачучы аднак, што ня могуць яіго зламаць, адправілі ў турму Лёнданскі Таўвэр. Разам з ім быў адпраўлены і ягоны прыяцель бісмуп Фішэр, які таксама адмовіўся злажыць прысягу каралю.
У турме Мор шмат перамяніўся духова. Выглядала, што ён быццам быў рад, што знайшоўся ў турме. Ужо ў першым сваім лісьце, да свае каханае дачкі Маргарыты, ён кажа: «З рэчаў гэтага сьвету я не жадаю нічога больш, чым тое, што маю цяпер». I далей: «Яны думаюць, што пасадзіўшы мяне ў турму, зрабілі мяне нешчасьлівым, яле я запэўніваю цябе, мая дарагая дачка, што каб ня жонка, ня ты і ўсе мае дзеці, за чый лес я чуюся адказным, я зачыніў-бы сябе ўжо даўно ў больш строгіх сьценах».
Дачцы Маргарыце ўдалося атрымаць дазвол пабачыць бацьку ў турме. Захавалася апісаньне іхняе гутаркі ў лісьце Маргарыты да яе стрэчнае сястры Алісы. Маргарыта старалася намовіць бацьку злажыць прысягу і скончыць усе гэтыя няпрыемнасьці. На гэта бацька жартабліва прыраўняў яе да Эвы, якая скаштаваўшы забароненага плоду, спакусіла да гэтага і Адама. На аргумант Маргарыты, што шмат разумных людзей злажыла прысягу, Мор адказвае, што ўва ўсім хрысьціянскім сьвеце ёсьць далека больш разумных людзей, якія думаюць, так як ён. Уканцы Маргарыта дакарала, што бацька раздумаецца, калі ўжо будзе запозна. На гэта Мор адказаў: «Запозна, Маргарыта? Я прашу ўсемагутнага Бога, каб калі-б мне прышла нейкая такая думка ў голаву, дык каб гэта было ўжо сапраўды запозна», і далей: «Як-бы я слабы ня чуўся, я ніколі ня ўсумнюся ў Бога. I хаця-б мяне ўсяго ахапіў страх, я буду памятаць, як аднойчы ап. Пятро з прычыны свае слабое веры пачаў тануць, дык і я буду рабіць тое, што ён зрабіў тады: клікаць Хрыста на ратунак. I тады, я веру, Ён прасьцягне да мяне Сваю сьвятую руку і ў часе буры ня дасьць утапіцца».
У турме Мор пісаў шмат, але ягоныя творы з таго часу маюць зусім іншы характар, чым па-пярэднія. На свабодзе ён быў перадусім змагаром за веру супраць гэрэтыкаў, а ў турме яго больш не абходзяць справы гэтага сьвету, дык ягоныя творы набіраюць больш свабоднага і спакойнага тону. Тут ён напісаў «Дыялёг суцяшэньня», у якім між іншым кажа: «Калі чалавека спатыкаюцъ няпрыемнасьці за тое, што ён хацеў справядлівасьці, або стаяў у абароне Бога, дык калі тады ён будзе стаяць непахісна і захавае сваю веру, усе ягоныя няшчасьці Бог пераменіць у ягоную славу».
Іншым творам, які Мор напісаў ў турме, быў «Трактат аб цярпеньні», у якім ён разважае аб цярпеньні Хрыста і шукае падтрымкі і пацехі для сябе. Іншы вязьнічны твор Мора быў «Трактат аб прыманьні Найсьвяцейшага Цела нашага Госпада» — сам назоў кажа аб ягоным зьмесьце. У творы «Пэўная пабожнасьць» Мор выказвае свае адносіны да тых, якія яго прасьледавалі:
«Не жадай нічога дрэннага ніводнаму жывому чалавеку. Бо гэты чалавек ёсьць або добры, або дрэнны. Калі ён добры і ты жадаеш яму кепскага, дык ты сам ёсьць дрэнны. Калі-ж ён ёсьць дрэнным, то або ён паправіцца і памрэ добрым ды пойдзе ў неба, або не направіцца і пойдзе ў пекла. Калі ён паправіцца і будзе збаўлены, дык напэўна там у небе ён будзе любіць мяне ад шчырага сэрца і я яго буду любіць таксама. Дык як-жа цяпер ненавідзець таго чалавека, якога пасьля буду любіць вечна? ... З другога боку, калі-б гэты чалавек астаўся дрэнным, дык яго чакаюць такія страшныя вечныя мукі, што я павінен быў-бы быць злым і закамянелым чалавекам, калі-б яму тут жадаў дрэнна, замест шкадаваць яго».
У разважаньнях над «Кнігай аб гадзінах» Mop разьвітваецца з гэтым сьветам і шукае суцяшэньня ў Богу.
Тымчасам падзеі на каралеўскім двары ішлі сваею дарогаю. Тут трэба зазначыць, што арыштаваньне і замкненьне ў турме Мора і Фішэра было супраць тагачасных законаў. Хоць Mop і адмовіўся злажыць прысягу, але ён не падаваў прычыны, чаму так паступіў. Ён, як праўнік ведаў, што людзей судзяць за словы і ўчынкі, а не за маўчаньне. Да таго Мор адмовіўся асуджаць тых, якія злажылі прысягу, бо ўважаў, што ня мае права быць судзьдзёю сумленьня іншых людзей, Аднак сам факт, што Мор выбраў лепш туршу, чым прысягу, быў вымоўным фактам, які прамаўляў сам за сябе і зрабіў вялікае ўражэньне на шматлікіх людзей.
Як не бяспраўнымі былі ўсе злачынствы Гэнрыка VIII, аднак ён заўсёды стараўся надаць ім выгляд легальнасьці. Каб расправіцца з Морам і Фішэрам, яму трэба было ўвесыіі новыя «законы». I вось 1-га лютага 1535 г. паслухмяны парлямант выдае два акты: першы, які прадбачваў пакараньне турмою тых што адмовіліся злажыць прысягу і другі, які ўстанаўляў кару сьмерці для тых, што адмаўлялі каралю, які небудзь з ягоных тытулаў. Згодна з гэтым актам, кароль мог абвінаваціць Мора ў злонамераным няпрызнаньні каралеўскага тытулу найвышэйшае галавы Царквы ў Англіі.
Перад сваім канцом Мору давялося пабачыць сьмерць сваіх шматлікіх прыяцялёў. Першаю ахвяраю новага акту былі картузіянскія манахі; тыя самыя манахі, між якіх Mop жыў 4 гады, будучы студэнтам права. Першы, хто меў пацярпець страшную сьмерць быў Гаўгтон ігумэн картузіянскага манастыра. Яго каты падвесілі, распаролі жывот і яшчэ з жывога пачалі выцягаць нутранасьці. У часе гэтых страшэнных мукаў ігумэн шаптаў: «О найсалодшы Ісусе, будзь ласкаў для мяне ў гэтую часіну». Іншыя прыгавораныя на сьмерць, чакаючы на сваю чаргу, былі сьведкамі гэтае страшэннае сцэны, але яны ня мелі страху і прамаўлялі да навакольнае таўпы, намаўляючы слухацца караля ўва ўсім, што ня было супраць царкоўнага і Божага права.
Так згінулі адважныя манахі ў абароне каталіцкае веры. Хутка пасьля першых мучанікаў 19 чэрвеня была замучана такім-жа страшэнным спосабам другая партыя манахаў з картузіянскага манастыра на чале з Ньюдігат.
Тымчасам набліжаўся канец біскупа Фішэра і Тамаша Мора, якія сядзелі ў турме ўжо амаль 15 месяцаў. Папа зрабіў Фішэра кардыналам, спадзяючыся, што павага кардынальскае годнасьці абароніць яго перад сьмерцю. Але калі Гэнрык VIII даведаўся аб гэтым назначэньні, закрычаў ў гневе, што мусіць Фішэр будзе насіць свой кардынальскі капялюш у руках, бо галавы ён ня будзе мець. 17 траўня той самы суд, які быў засудзіў на сьмерць каркузіянскіх манахаў, засудзіў так-жа на сьмерць Фішэра за няпрызнаньне каралю тытулу галавы Царквы, а 22 чэрвеня прысуд быў выкананы.
Уканцы прышоў час суду над Морам. — 1-га ліпеня яго прывялі ў Вэстмінстэрскі Ратуш на суд. Канцлер Одлей прычытаў акт абвінавачаньня і сказаў, што Мор вельмі абразіў караля, аднак кароль гатоў яму прабачыць, калі ён зьменіць сваю думку. На гэта Мор адказаў: «Мой лёрд, я шчыра дзякую за вашую добрую волю, аднак я малю ўсемагутнага Бога, каб Ён падтрымаў мяне ў маёй пастанове да апошняе хвіліны майго жыцьця. Што да вашага акту абвінавачаньня, дык ён вельмі доўгі, а мая памяць з прычыны хваробы і доўгае турмы так аслабела, што баюся, ці змагу на яго адказаць». Мора абвінілі ў сьведамым супраціўленьні каралеўскаму разводу. На гэта Мор адказаў, што ён паступаў згодна са сваім сумленьнем і калі-б ён хаваў праўду перад сваім каралём, дык быў-бы дрэнным і неляяльным падданым. На другое абвіненьне, што Мор злоўмысна ня прызнаваў каралеўскага тытулу галавы Царквы, ён адказаў, што ў гэтай справе да гэтага часу ён маўчаў і ніколі не забіраў голасу, «а за маўчаньне ані ваш, ані які іншы суд на сьвеце ня мае права мяне судзіць». На аргумэнт суду, што гэткае маўчаньне зьяўляецца доказам злое волі, Мор адказаў, што паводля старое максымы цывільнага права маўчаньне ёсьць знакам згоды і павінна прамаўляць на карысьць Мора, а не на абвінавачаньне. Мор выступае ў абароне маўчаньня і зазначае, што ў справах сумленьня кожны чалавек павінен дбаць аб чысьціні свайго сумленьня і аб збаўленьні душы.
Аднак усе апраўданьні Мора не маглі выратаваць яго, бо вынік суду ўжо быў ведамы згары. Прысяжныя судзьдзі пасьля 15-ці імінутнае нарады прызналі яго вінаватым. Пасьля гэтага канцлер Одлей прыступіў адразу да чытаньня прысуду, аднак Мор перапыніў яго, кажучы: «Мой лёрд, калі я быў судзьдзёю, дык тады быў звычай, перад прысудам пытацца абвінавачанага, што ён мае сказаць у сваю абарону». Одлей зьмяшаўся, спыніў чытаньне прысуду і даў слова Мору. Тады Мор сказаў:
«Бачучы, што вы хочаце мяне засудзіць, Бог ведае за якую правіну, я хачу аблягчыць мае сумленьне і сказаць, што я думаю аб тым акце, на аснове якога вы мяне асуджаеце.
Паколькі абвіненьне асноўваецца на парлямэнтарным акце, які працівіцца Божаму і царкоўнаму праву, дзеля гэтага вашае права не дастатковае, каб асудзіць, якога-небудзь хрысьціяніна, бо ніякі сьвецкі валадар ня мае права ўзурпаваць сабе права, якое Сам Збавіцель даў aп. Пятру і яго насьледнікам... Ніякае каралеўства, будучы толькі малою часткаю ўсяго хрысьціянскага сьвету, ня можа ўстанаўляць правоў супярэчных усёй Хрысьціянскай Каталіцкай Царкве...»
Одлей перабівае Мора і кажа, што амаль усе біскупы, унівэрсытэты і вучоныя людзі прызналі датычны акт парляманту важным. На гэта Mop адказвае, што ён ня ёсьць у меншасьці:
«Я ня сумняюся, што так ёсьць у гэтым каралеўстве, але ў цэлым хрысьціянскім сьвеце ёсьць шмат больш біскупаў і вучоных, якія думаюць так як я. А калі я да жывых дадам тых, якія ўжо памерлі, і з якіх вельмі шмат ёсьць сьвятымі, я пэўны, што калі-б яны жылі цяпер, усе думалі-б так, як я думаю цяпер. I дзеля гэтага я не павінен падпарадкоўваць сваё сумленьне законам аднаго вашага парляманту, маючы за сбою ўсе іншыя парляманты ўсяго хрысьціянства».
Але ніякія доказы Мора, не зьмянілі пастановы судзьдзяў і Мор спакойна выслухаў прысуд сьмерці. Калі пасьля прачытаньня прысуду, спыталісяі, ці ён мае яшчэ што небудзь сказаць, Мор адказаў: «Больш я ня маю нічога сказаць акрамя таго, што як сьв. Павал быў прысутны пры сьмерці сьв. Сьцяпана і нават пільнаваў вопратку забойцаў яго, а цяпер яны абодва ёсьць у небе, таксама і я веру і буду маліцца, каб вы, што тут былі маімі судзьдзямі і асудзілі мяне на сьмерць, каб пасьля мы маглі спаткацца разам у небе».
Калі Мора вялі з Вэстмінстэрскага Ратушу назад у турму з сякераю, зьверненаю вастрыём у ягоным напрамку, па дарозе сабралася шмат людзей. Між імі быў сын Мора, Джон; ён прарваўшыся праз кардон вартаўнікоў, прасіў на каленях, апошняе бацькаўскае багаславеньне. Недалёка ад Товэрскае турмы чакала Мора каханая дачка Маргарыта, яна таксама прарвалася праз кардон вартавых і атрымаўшы на каленях апошняе бацькаўскае багаславеньне, абняла яго ногі і пачала іх цалаваць. Разьвітаўшыся так, яна адышла, але раптам зноў павярнулася і кінулася да бацькі. Мор трымаўся ўвесь час спакойна і толькі прасіў дачку, каб малілася за яго.
Апавяданьні аб апошніх днёх жыцьця Мора сьведчаць, што ўжо тады людзі былі перакананы аб ягонай сьвятасьці, а гумар Мора стаўся амаль легэндарным.
Некалькі дзён перад сымерцю Тамаш Мор напісаў прыгожую малітву і пераслаў сваей дачцы Маргарыце, каб ня могучы з сабою бачыцца маглі злучыцца ў супольнай малітве.
Напярэдадні сьмерці Мор піша апошні ліст дачцы Маргарыце, у якім пасылае ўсёй сям'і сваё апошняе багаславеньне і просіць усіх маліцца за яго тут на замлі, а ён не забудзе маліцца за іх у небе.
Уканцы прышоў дзень 6 ліпеня 1535 г., на калі была назначана экзэкуцыя. Шмат людзей сабралася праводзіць Мора. Ён ішоў на сьмерць спакойны, паважны, адзеты ў сваю найлепшую вопратку і трымаў ў руках крыж. Узышоўшы на эшафот, ён коратка прамаўляў да сабраных, просячы іх маліцца за сябе і абяцаў маліцца за іх на тамтым сьвеце, прасіў маліцца за караля, каб Бог накіраваў яго на добрую дарогу і ўканцы запэўніў, што ён умірае верным слугою караля, але перадусім слугою Божым. Пасьля гэтага ён стаў на калені і голасна адмовіў 51-ы псалом. Калі кат прасіў яго прабачэньня, Мор абняў яго, пацалаваў і сказаў, што ён яму мае зробіць найбольшую прыслугу, якую калі-небудзь хто яму зрабіў. Пасьля гэтага ён спакойна палажыў галаву на калодку.
Так загінуў адзін з найбольшых людзей, якіх калі-небудзь выдала Англія. I ніхто да гэтага часу не схарактэрызаваў яго лепш, як гэта зрабіў ён сам перад сьмерцю, што ён быў «верным слугою караля, але перадусім слугою Божым».
А. Надсон.