уступнае слова да Малітаўніка 2000 г.
Ёсьць старая ўсходняя гісторыя пра духоўнага настаўніка, які казаў людзям, як страшна будзе на апошнім судзе, калі Бог будзе пытацца ў нас пра ўсе нашыя грахі. Другі настаўнік, які праходзіў міма, пачуў гэта і сказаў: "Не палохай людзей. Бог шмат пытацца ня будзе. Ён толькі скажа: Сыне мой, Я быў з табой, а ты з кім быў?"
Гісторыя закранае сутнае для нас усіх пытаньне дачыненьняў між Богам і намі. Бог ня толькі стварыў сьвет, але ўтрымлівае яго ў існаваньні. Ён усюдыпрысутны. Як прыгожа сказаў сьвяты Павал у сваёй прамове на Арэапагу ў Атэнах, "Ён недалёка ад кожнага з нас. У Ім мы жывем, і рухаемся, і існуем" (Дз 17:27-28). Такім чынам, Бог заўсёды з намі. Але ці мы з Ім, ці ўсьведамляем Ягоную ўсячасную прысутнасьць?
Усьведамленьне Божай прысутнасьці прыходзіць праз малітву, якую сьв. Ян Дамаскін назваў "узьнясеньнем думкі і сэрца да Бога". Малітва – гэта перш за ўсё сьвядомы зварот чалавека да свайго Творцы. Безумоўна, гэтым яе роля не вычэрпваецца. З усьведамленьнем прыходзіць пазнаньне і нарэшце жаданьне быць заўсёды з Ім, калі мы ўсьлед за псалмістам скажам: "Якое мілае жыльлё Тваё, Госпадзе сілаў! Душа мая ўздыхае і тужыць па двары Гасподнім. Сэрца маё і цела імкнуцца радасна да Бога жывога" (Пс 83).
Малітва як зварот чалавека да Бога ляжыць у аснове кожнай рэлігіі, якая вызнае існаваньне Бясконцай Істоты. Стары Запавет пакінуў нам прыклады такіх цудоўных малітваў, як песьня Майсея пасьля пераходу праз Чырвонае мора: "Памочнік і апякун мой стаўся маім збаўленьнем. Ён – Бог мой, і я ўслаўлю Яго; Бог айца майго – і буду ўзьвялічваць Яго" (Вых 15:2); песьня Ганны, маці прарока Самуэля: "Узрадавалася сэрца маё ў Госпадзе, і рог мой узьнёсься да Бога. Вусны мае выхваляюцца перад маімі ворагамі, бо магу цешыцца з дапамогі Тваёй. Ніхто не сьвяты як Госпад, няма нікога апроч Цябе, ніхто не абаронца як Бог наш" (1 Цар 2:1); або песьня Ісаі прарока: "Душа мая ўночы прагне Цябе, мой дух шукае Цябе пільна, бо калі прысуды Твае зыходзяць на зямлю, усе жыхары сьвету вучацца справядлівасьці" (Іс 26:9). Найбольш вядомай, аднак, ёсьць кніга псалмаў, або Псалтыр, якая лягла ў аснову цыкла багаслужэньняў Царквы Хрыстовай.
Для хрысьціяніна малітва мае асаблівае значэньне. Пасьля Таго як Бог стаўся чалавекам, Ён даў нам моц быць дзецьмі Божымі, удзельнікамі Боскага жыцьця. Такім чынам для хрысьціяніна малітва стаецца вызнаньнем ягонага Боскага ўсынаўленьня.
Госпад Ісус Хрыстос, як Бог, быў дасканала зьяднаны са сваім Нябесным Айцом, з якім Ён ніколі не разлучаўся. Як чалавек, Ён меў патрэбу ў малітве. Часта, адпусьціўшы народ, які прыходзіў слухаць Ягонай навукі, Хрыстос ішоў у пустое месца або на гару "каб памаліцца на самоце" (Мц 14:23; гл. таксама Мк 1:35, Лк 5:16, 6:12 і інш.). Маліўся Ён і ў вызначныя хвіліны свайго зямнога жыцьця: падчас хросту (ЛкЗ:21); у Гэтсыманскім садзе перад сваімі мукамі (Лк 22:42; таксама Мц 26:39-44; Мк 14:36-39). На Апошняй Вячэры Хрыстос маліўся за сваіх вучняў і за тых, хто меў паверыць у Яго дзякуючы іхняму навучаньню (Ян 17:1-26). У асаблівы спосаб Ён маліўся за Пятра, каб ягоная вера не аслабла і каб ён, навярнуўшыся, умацаваў сваіх братоў, г.зн. іншых апосталаў (Гл. Лк 22:31-32). Часта ў прысутнасьці людзей у Яго вырываліся натхнёныя словы хвалы ў гонар Нябеснага Айца: "Слаўлю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных, а адкрыў малым дзеткам. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля!" (Мц 11:25-26; гл. таксама Лк 10:21).
Хрыстос навучаў сваіх вучняў аб патрэбе малітвы: "Чувайце і маліцеся ўвесь час, каб вам пазьбегнуць усіх гэтых бедаў, які маюць быць, і стаць перад Сынам Чалавечым" (Лк 21:36); "Чувайце і маліцеся, каб ня ўпасьці ў спакусу" (Мц 26:41; таксама Лк 22:40). Умовамі добрай малітвы ёсьць чыстае сумленьне: "Калі стаіце ў малітве, прабачайце, калі маеце нешта супраць каго, каб і Айцец ваш нябесны прабачыў вам вашыя правіны" (Мк 11:25); і непахісная вера: "Майце веру Божую... усё, чаго ні папросіце ў малітве, верце, што атрымаеце – і будзе вам так" (Мк 11:23-24). Маліцца трэба з пакораю, як мытнік, які "ня сьмеў узьняць вочы да неба, але, б'ючы сябе ў грудзі, казаў: Божа, будзь спагадлівы да мяне, грэшнага" (Лк 18:13); вытрывала: "Прасеце, і будзе вам дадзена; шукайце, і знойдзеце; стукайце, і адчыняць вам" (Мц 7:7); у цішыні сэрца свайго: "Калі молішся, ня будзь як крывадушнікі, якія любяць у сынагогах і на скрыжаваньнях, затрымаўшыся, маліцца, каб паказацца людзям... Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой твой, зачыні за сабою дзьверы і памаліся Айцу твайму, які прабывае ў тайне" (Мц 6:5-6). Адначасова Хрыстос напамінаў вучням аб неабходнасьці і важнасьці малітвы супольнай: "Сапраўды кажу вам, калі двое з вас згодзяцца на зямлі прасіць аб якой-кольвек рэчы, то чаго б ні папрасілі, будзе ім ад Айца Майго нябеснага. Бо дзе двое ці трое сабраныя ў імя маё, там і Я сярод іх" (Мц 18:19-20). Дый у малітве, якой Ён іх навучыў, Ён кажа зьвяртацца да Бога "Ойча наш...", а не "Ойча мой", паказваючы, што гэта малітва ўсёй сьвятой Царквы Хрыстовай.
Царква заўсёды надавала малітве выключнае значэньне. Пасьля ўзьнясеньня Хрыста Ягоныя вучні "аднадушна прабывалі ў малітве, разам з жанчынамі і Марыяю, Ягонай Маці, і з братамі Яго" (Дз 1:14). Калі Ірад арыштаваў Пятра і пасадзіў у вязьніцу, "Царква няспынна малілася за яго Богу" (Дз 12:5). Сьвяты апостал Павал моцна верыў у сілу малітвы і часта прасіў іншых маліцца за яго: "Будзьце вытрывалымі ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю; маліцеся таксама за нас, каб Бог адкрыў нам дзьверы для прапаведаваньня, каб нам абвяшчаць тайну Хрыстовую, за якую я ў кайданах" (Кал 4:2-3). А сьвяты апостал Якуб піша пра малітву: "Некага з вас напаткала бяда? Хай моліцца. Вясёлы нехта? Хай пяе псалмы. Нехта з вас захварэў? Хай пакліча сьвятароў Царквы, і хай яны памоляцца над ім і памажуць алеем у імя Госпада; і малітва, поўная веры, будзе для яго паратункам, і Госпад уздыме яго; і калі ён учыніў грахі, яны будуць яму адпушчаныя. Прызнавайцеся адно аднаму ў вашых правінах, і маліцеся адзін за аднаго, каб быць здаровымі. Вялікую сілу мае вытрывалая малітва праведніка" (Як 5:13-16).
За амаль дзьве тысячы гадоў існаваньня Царквы ейныя лепшыя сыны і дочкі – ніхто, апрача Бога, ня ведае, колькі іх, – успрынялі сур'ёзна сваё Боскае ўсынаўленьне і стараліся жыць з Богам ужо тут на зямлі. Гэта людзі, якія, паводле прыгожага старазапаветнага выразу, "хадзілі перад Богам". Мы называем іх сьвятымі. Многія з іх пакінулі па сабе малітвы, якія сваёй прыгажосьцю, шчырасьцю і глыбінёю пачуцьця парушаюць нашыя сэрцы і розумы і ўзносяць іх да Бога. Шмат малітваў сталіся часткаю царкоўных багаслужэньняў. Іншыя Царква прапануе нам для прыватнага карыстаньня дзеля паглыбленьня нашага духоўнага жыцьця.
Памятаючы словы Збавіцеля, што дзе двое ці трое сабраліся ў Ягонае імя, там і Ён сярод іх, Царква надае вялікае значэньне супольным малітвам, царкоўным багаслужэньням. Багаслужэньні – гэта малітва Божай сям'і, або супольнасьці, якой ёсьць сьвятая Царква Хрыстовая. З часам яны прынялі акрэсьленыя формы. Ёсьць асобныя службы на розныя поры дня (Ютрань, Кананічныя Гадзіны, Вячэрня, Павячэрніца...) і году (службы на Вялікдзень, Раство, Богазьяўленьне і іншыя сьвяты), і на розныя нагоды (тайны, малебны, сьвячаньні і г.д.).
Асаблівае месца сярод супольных малітваў займае малітва эўхарыстычная, або Боская Літургія, на якой Сам Госпад Хрыстос разам з усёй Царквой і ўсімі яе членамі прыносіць ахвяру хвалы і падзякі (грэцкае слова "эўхарыстыя" азначае "падзяка") Айцу Нябеснаму за ўсе дабрадзействы, і перадусім за дар свайго Адзінароднага Сына. Эўхарыстыя – гэта ўспамін Пасхі Хрыстовай, г.зн. пераходу ад сьмерці да вечнага жыцьця праз крыж і ўваскрасеньне. Гэта таксама ахвяра, бо ў ёй бяскроўным чынам пад выглядам Хлеба і віна прысутнічае Хрыстос, які аднойчы і назаўсёды прынёс сябе на Крыжы за род людзкі. Нарэшце – гэта ўспамін Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў Эўхарыстыю, калі блаславіў хлеб і даў сваім вучням, кажучы: "Бярыце, ешце, гэта цела Маё"; таксама чашу са словамі: "Піце з яе ўсе, гэта – кроў мая". Як тады, так і на сьвятой Літургіі сам Госпад Ісус Хрыстос, "Сьвятар давеку" (Габр 7:17), праз пасрэдніцтва сьвятара прыносіць эўхарыстычную ахвяру. Пра гэта добра сказаў сьв. Ян Залатавусны: "Не чалавек, але сам Госпад, які быў укрыжаваны за нас, робіць прынесеныя дары Целам і Крывёю Хрыста. Сьвятар, у асобе Хрыста, вымаўляе словы, але сіла і ласка прыходзяць ад Бога. Ён кажа: "Гэта – Цела Маё". Гэтыя словы пераўтвараюць тое, што было ахвяраванае".
Госпад сказаў: "Хто есьць Маё Цела і п'е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень" (Ян 6:56). Таму годным заканчэньнем Літургіі ёсьць прыняцьце вернымі Цела і Крыві Хрыстовых у сьвятым прычасьці. Прычасьце – гэта "'хлеб нябесны", ежа вечнага жыцьця, знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою.
У малітвах мы зьвяртаемся да Бога, Творцы ўсяго, што існуе, Крыніцы ўсяго добрага і нашай апошняй мэты. Ёсьць таксама малітвы да сьвятых, але яны маюць іншы характар. Сьвятыя – гэта людзі як і мы, члены Сьвятой Царквы, з той толькі розьніцаю, што яны ўжо асягнулі апошняе мэты, да якой мы тут на зямлі яшчэ імкнемся. Мы іх шануем і просім іхняга заступніцтва перад Богам.
Сярод усіх Божых стварэньняў асаблівае месца належыць Найсьвяцейшай Дзеве Марыі. У спрадвечным Провідзе Божым дзеля збаўленьня роду людзкога Ёй выпала на долю быць Маці Госпада Нашага Ісуса Хрыста – Бога, які дзеля нас стаўся чалавекам. Таму Яна справядліва называецца Маці Божаю або Багародзіцаю. Царква ад самага пачатку атуляе Яе асаблівай пашанаю і любоўю, як нашую нябесную Маці, "больш слаўную за хэрувімаў і вышэйшую за нябёсы". Яна – нашая апякунка і надзейная заступніца перад Ейным Боскім Сынам, бо "многа можа малітва Маці да міласэрнасьці Ўладара". На працягу стагодзьдзяў шмат натхнёных малітваў і песьняў было створана ў Ейны гонар.
Сьвяты апостал Якуб пісаў: "Ільля быў чалавекам, падобным да нас, але маліўся моцна, каб не было дажджу, і не было дажджу на зямлі праз тры гады і шэсьць месяцаў; і зноў памаліўся, і неба дало дождж, і зямля прарасьціла свой плод" (Як 5:17-18). Як у часы прарока Ільлі, так і цяпер шчырая малітва адчыняе неба і дае праліцца струменям Божае ласкі.