ЛІТУРГІЯ РАНЕЙ АСЬВЯЧАНЫХ ДАРОЎ
На "Госпадзе, Цябе клічу..." – 10 песьняў з Пахвальных псалмаў і вершапесьняў ютрані. (Тон 1): У Табе, Сыне Дзевы, блудніца пазнала Бога і з плачам памалілася Табе, бо грахі яе былі вартыя сьлёз. "Разьвяжы путы грахоў маіх, – усклікнула яна, – як я разьвязваю валасы. Хоць я заслужыла на пакараньне, але Ты яві мне любоў сваю, і я сярод мытнікаў буду прапаведаваць Цябе, Дабрачынца мой і Чалавекалюбча!". Грэшніца зьмяшала духмяны алей са сьлязьмі і паліла ім усячыстыя ногі Твае, цалуючы іх, і Ты яе апраўдаў. Даруй і нам прабачэньне, Госпадзе, што захацеў за нас пацярпець, і збаў нас. Грэшніца прынесла духмяны алей, а вучань дамовіўся з беззаконьнікамі. Яна з радасьцю выліла каштоўны алей; ён пайшоў прадаць Бясцэннага. Яна прызнала Хрыста Госпадам; ён адпаў ад Настаўніка. Яна атрымала вызваленьне, а Юда стаўся нявольнікам ворага. Страшная скамянеласьць ягонага сэрца! Вялікае ейнае пакаяньне! Даруй яго і нам, Збавіцелю, што за нас пацярпеў, і збаў нас. Бессардэчны Юда бачыў, як грэшніца цалавала ногі Твае, і вырашыў пацалункам падступна прадаць Цябе. Яна разьвязала валасы свае, а ён быў зьвязаны злосьцю. Замест духмянага алею ён прынёс смурод нянавісьці, бо зайздрасьць сьляпая на дабро. О Юдава бессардэчнасьць! Сьцеражы ад яе, Божа, душы нашыя! (Тон 2): Грэшніца пайшла сьпешна купіць каштоўнага алею, каб памазаць Дабрачынцу, і ўсклікнула голасна купцу: "Дай мне алею, каб памазаць Таго, хто ачысьціў мяне ад грахоў маіх!". (Тон 6): Топячыся ў сваіх грахох, блудніца знайшла ў Табе прыстанак збаўленьня і, льючы алей, зьмяшаны са сьлязьмі, усклікнула: "Госпадзе, Ты бачыш грэшных і прымаеш іхняе каяньне. Збаў мяне, якая таплюся ў моры грахоў, у вялікай міласэрнасьці Тваёй!". (Тон 6): Сёньня Хрыстос прыходзіць у дом фарысэя, і грэшніца падыходзіць да Яго, падае да Ягоных ног і ўсклікае: "Глянь на мяне, якая таплюся ў грахох; я ў роспачы ад учынкаў маіх; але Ты, Госпадзе, у любові Тваёй не адкінь мяне, але даруй адпушчэньне грахоў і збаў мяне". Блудніца распусьціла валасы свае перад Табою, Уладару, а Юда працягнуў рукі да беззаконьнікаў; тая атрымала адпушчэньне грахоў, а ён атрымаў срэбранікі. Славім Цябе, што быў прададзены, каб нас зрабіць свабоднымі, і ўсклікаем: "Госпадзе, слава Табе!". Падышла да Цябе, любы Збавіцелю, жанчына, грэшная і апаганеная і, плачучы ў прадбачаньні Тваіх мукаў, казала: "Ня сьмею глянуць на Цябе, Уладару. Але ж Ты прыйшоў, каб збавіць мяне, грэшніцу. Я мёртвая: уздымі мяне з бездані, як Ты ўзьняў на чацьверты дзень Лазара з магілы; прымі мяне, няшчасную, Госпадзе, і збаў мяне". У роспачы ад свайго грэшнага жыцьця і дрэнных звычак, добра вядомых усім, жанчына прыйшла да Цябе з духмяным алеем і ўсклікнула на ўвесь голас: "Не адкінь мяне, грэшніцу, Сыне Дзевы; не пагардзі сьлязьмі маімі, Радасьць анёлаў; але прымі маё каяньне, Госпадзе, і ў вялікай міласэрнасьці Тваёй збаў мяне!". Слава ... Цяпер ... (Твор манашкі Касіяны, тон 8): Жанчына, што ўпала ў шматлікія грахі, усьвядоміла Боства Тваё, Госпадзе, і выканала абавязак міраносіцы; перад Тваім пахаваньнем яна прынесла духмяны алей і, плачучы наўзрыд, казала: "Гора мне! Ноч атачае мяне, цёмная і бязьмесячная, і распальвае ўва мне грэшныя пажаданьні. Прымі струмені сьлёз маіх, Ты, што водамі з хмараў напаўняеш мора. Прыхіліся да стогнаў сэрца майго, Ты, што ў невыказным спусташэньні сваім нахіліў неба. Я буду цалаваць найчыстыя ногі Твае і аціраць іх валасамі галавы маёй – ногі, крокі якіх Эва пачула апоўдні ў раі і ў страху схавалася. Хто можа зьведаць мноства грахоў маіх і бездань судоў Тваіх, Збавіцелю душы маёй? Не адкінь мяне, слугу Тваю, у бязьмернай міласэрнасьці Тваёй".
Пракімен (Пс 135): Аддайце падзяку Богу нябеснаму, бо міласэрнасьць Яго трывае давеку. Верш: Аддайце падзяку Богу багоў, бо міласэрнасьць Яго трывае давеку.
Чытаньне кнігі Выхаду (2:11-22) Пасьля пэўнага часу Майсей, будучы ўжо дарослым, пайшоў наведаць братоў сваіх (сыноў Ізраіля) і ўбачыў, як цяжка яны працуюць. Убачыў ён таксама егіпцяніна, які зьдзекаваўся з гэбрэя. Глянуўшы на ўсе бакі, і ўпэўніўшыся, што нікога няма, ён забіў егіпцяніна і схаваў яго ў пяску. На другі дзень ён зноў прыйшоў і ўбачыў, як два гэбрэі сварыліся між сабою. I сказаў ён крыўдзіцелю: "Чаму б'еш бліжняга твайго?". А той адказаў яму: "Хто паставіў цябе начальнікам і судзьдзёю над намі? Ці ня хочаш забіць мяне, як ты забіў егіпцяніна?". Спалохаўся Майсей і падумаў: "Напэўна ўся справа станецца вядомаю". Фараон пачуў аб гэтай справе і хацеў забіць Майсея. Але Майсей уцёк ад фараона і пайшоў у краіну Мадыян, і затрымаўся там каля студні. А сьвятар мадыянітаў меў сем дачок, якія пасьвілі авечкі бацькі свайго Ятра. Яны прыйшлі да студні зачэрпаць вады, каб напоўніць ночвы і напаіць чараду іхняга бацькі. Але прыйшлі (іншыя) пастухі і адагналі іх. Тады Майсей, устаўшы, абараніў іх і напаіў іхніх авечак. Калі яны вярнуліся да Рагуэля, бацькі свайго, той спытаўся ў іх: "Чаму вярнуліся так рана?". Яны адказалі: "Егіпцянін абараніў нас перад пастухамі, зачэрпаў вады і напаіў нашых авечак". Тады сказаў ён дочкам сваім: "А дзе ж ён? Чаму вы пакінулі гэтага чалавека? Ідзіце паклічце яго, хай есьць з намі хлеб". Майсей застаўся жыць у гэтага чалавека, і той даў яму дачку сваю Сапфору за жонку. I нарадзіла яна яму сына, і даў яму імя Гірсам, бо казаў: "Я прыхадзень у гэтай чужой краіне". I, зачаўшы зноў, нарадзіла другога сына, і ён даў яму імя Еліазар, кажучы: "Бог бацькі майго быў мне памочнікам і выбавіў мяне з рукі фараона".
Пракімен (Пс 137): Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, вечна трывае: не пагардзі творамі рук Тваіх. Верш: Буду славіць Цябе, Госпадзе, усім сэрцам маім; перад анёламі буду пяяць славу Тваю.
Чытаньне кнігі Ёва (2:1-11) Аднаго дня анёлы Божыя прыйшлі, каб стаць перад Госпадам, і шатан прыйшоў з імі. I сказаў Госпад шатану: "Адкуль прыходзіш?". Адказаў шатан Госпаду: "Я хадзіў па зямлі і абышоў яе". Сказаў Госпад шатану: "Ці ты зьвярнуў увагу на слугу Майго Ёва? Бо няма на зямлі другога такога чалавека як ён – беззаганнага, справядлівага, багабойнага, які пазьбягае зла. Ён і цяпер трымаецца праведнасьці, хоць ты наставіў Мяне супраць яго, але дарма". На гэта шатан адказаў Госпаду: "Скура за скуру. Усё, што мае чалавек, аддасьць за сваё жыцьцё. Але працягні руку Тваю і дакраніся да ягоных косьцяў і цела: ці і тады будзе ён Цябе бласлаўляць?". I сказаў Госпад шатану: "Вось аддаю яго ў твае рукі. Толькі жыцьцё ягонае захавай". Шатан адышоў ад твару Госпада і абсыпаў Ёва лютай праказаю з ног да галавы. I той узяў чарапок, каб саскрабаць гной свой, і сеў на попеле вонках гораду. Пасьля нейкага часу сказала яму ягоная жонка: "Як доўга яшчэ будзеш цярпець, кажучы: «Пачакаю яшчэ крыху ў надзеі на вызваленьне?». Глянь, ужо і памяць твая згінула на зямлі, і дзеці твае – дарэмны боль і высілак улоньня майго; ты ж сам сядзіш начамі вонках сярод чарвівага гнільля, а я на службе ў чужых валачуся з месца на месца, з аднаго дому ў другі, чакаючы захаду сонца, каб адпачыць ад цяжкасьцяў і болю, якія мяне паабсядалі; дык скажы нешта супраць Госпада і памры". Але ён, глянуўшы на яе, сказаў: "Ты гаворыш, як шалёная жанчына. Мы прымалі добрае з рукі Госпада: ці ж ня можам прыняць благое?". Ва ўсім, што здарылася з ім, Ёў не зграшыў вуснамі сваімі супраць Бога і не пракляў Яго.
Сьвятое Евангельле паводле Мацьвея (26:6-16) Калі Ісус быў у Бэтаніі, у доме Сымона пракажонага, падышла да Яго жанчына, якая мела алябастравы збан каштоўнага алею, і выліла Яму алей на галаву, калі Ён узьлягаў за сталом. Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя абурыліся і сказалі: "Навошта такое марнатраўства? Можна было б прадаць за дарагую цану і раздаць бедным". Але Ісус, заўважыўшы гэта, сказаў ім: "Навошта робіце прыкрасьць жанчыне? Яна зрабіла добрае для Мяне. Бо ўбогіх заўсёды маеце з сабою, а Мяне не заўсёды маеце. Узьліўшы гэты алей на Маё цела, яна падрыхтавала Мяне на пахаваньне. Сапраўды кажу вам: дзе толькі па ўсім сьвеце будуць абвяшчаць гэтае Евангельле, будуць казаць і пра тое, што яна зрабіла – на ўспамін пра яе". Тады адзін з дванаццацёх, які называўся Юда Іскарыёт, пайшоў да першасьвятароў і сказаў: "Што хочаце даць мне, і я вам выдам Яго?". I вызначылі яму трыццаць срэбранікаў. З таго часу ён шукаў зручнага выпадку, каб выдаць Яго.
Далей – Літургія раней асьвячаных дароў. |