Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Гадзіна 3


 

 

Гадзіна 3

Сьвятар: Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.

Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.

Уладару нябесны, Суцяшальнiку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш. Скарбніца дабра i жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.

Сьвяты Божа... (Тройчы) Слава ... цяпер ...

Усесьвятая Тройца... Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава... цяпер...

Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.


Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Слава ... цяпер ...

Прыйдзiце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.

Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага


Псалом 16

Выслухай, Госпадзе, справядлівую справу маю, пачуй мой кліч,

Прыхілі вуха да мальбы маёй з вуснаў некрывадушных.

Ад Цябе хай выйдзе суд мой, бо вочы Твае бачаць справядлівае.

Калі ўведаеш сэрца маё, наведаеш мяне ўночы і выпрабуеш агнём, ня знойдзеш ува мне няправеднасьці.

Вусны мае не зграшылі людзкім звычаем; паводле словаў Тваіх я зьбярог шлях закону.

Ступні мае трымаліся моцна сьцежак Тваіх, ногі мае не пахіснуліся.

Клічу Цябе, Божа, Ты ж выслухай мяне; нахілі вуха Тваё да мяне, пачуй словы мае.

Пакажы мне Тваю дзівосную міласэрнасьць, бо Ты ратуеш тых, што прыбягаюць пад апеку рук Тваіх.

Сьцеражы мяне, як зрэнку вока, схавай мяне ў ценю крылаў Тваіх ад грэшнікаў, якія насядаюць на мяне.

Ворагі лютыя акружылі мяне, зачынілі сваё атлусьцелае сэрца, вуснамі сваімі горда гавораць.

Вось яны на кожным кроку мяне абступаюць. Цікуюць, каб толькі мяне кінуць вобзем,

падобныя да льва, што дыхае на здабычу, і да львяняці, што крыецца ў пячоры.

Устань, Госпадзе, дарогу ім загарадзі і павалі іх, мячом Тваім вызваль ад грэшнікаў душу маю,

І рукою Тваёю, Госпадзе, ад людзей, лёс якіх — дачаснае жыцьцё, і жывот якіх напаўняеш Тваімі дастаткамі;

Чые сыны заўсёды сытыя, і рэшткі пакідаюць немаўлятам.

А я ў праведнасьці пабачу твар Твой і, прачнуўшыся, наталюся бачаньнем Цябе.

Псалом 24

Да Цябе, Госпадзе, узношу душу маю: Божа мой, на Цябе спадзяюся, ня дай мне зазнаць сораму:

Хай не сьмяюцца нада мною ворагі мае. Бо ўсе, што спадзяюца на Цябе, не пасаромеюцца.

Пасаромленыя будуць тыя, што ломяць веру без прычыны.

Пакажы мне шлях Твой, Госпадзе, навучы мяне сьцежак Тваіх.

Кіруй мною ў праўдзе Тваёй і навучы мяне, бо Ты Бог і Збавіцель мой: на Цябе заўсёды спадзяюся.

Успомні міласэрнасьць Тваю, Госпадзе, міласэрнасьць, што трывае вечна.

Ня ўспомні грахоў маёй маладосьці і правінаў маіх, але згадай ў міласэрнасьці Тваёй мяне дзеля дабраты Тваёй, Госпадзе.

Госпад добры і справядлівы: Ён навучае грэшнікаў шляхоў сваіх. У справядлівасьці кіруе пакорнымі, настаўляе іх на праўду.

Усе сьцежкі Гасподнія — ласка і праведнасьць для тых, што берагуць Яго прыказаньні і запаветы.

Дзеля імя Твайго, Госпадзе, адпусьці грэх мой, бо ён вялікі.

Хто той чалавек, што баіцца Госпада? Ён пакажа яму, якую выбраць дарогу.

Сам ён зазнае шчасьця, а нашчадкі яго будуць мець у спадчыну зямлю.

Госпад спагадлівы для тых, што Яго баяцца, і дае пазнаць ім свой запавет.

Вочы мае заўсёды зьвернутыя да Госпада, бо Ён сам вырве з сецяў ногі мае.

Глянь на мяне і зьмілуйся нада мною, бо я самотны і няшчасны.

Сунімі журбу сэрца майго, выведзі мяне з маёй цеснаты.

Глянь на маю бяду і цяжкасьці і адпусьці мне ўсе правіны мае.

Глянь на безьліч ворагаў маіх, што нянавісьцю лютаю ненавідзяць мяне.

Сьцеражы мяне і вызваль мяне, каб мне, прыбегшы да Цябе, не зазнаць сораму.

Хай праведнасьць і бязьвіннасьць будуць мне абаронаю, бо на Цябе, Госпадзе, спадзяюся.

Вызваль, Госпадзе, Ізраіля, ад усіх бедаў яго.

Псалом 50

Зьмілуйся нада мною, Божа, паводле Тваёй вялікай міласэрнасьці і паводле мноства дабротаў Тваіх адымі беззаконьне маё.

Асабліва абмый мяне з віны маёй і ад грахоў маіх ачысьці мяне.

Бо беззаконьне маё я знаю, і грэх мой заўжды перада мною.

Табе адзінаму я зграшыў і зло перад Табою ўчыніў. Ты ж справядлівы ў Тваім прыгаворы і правы ў судзе Тваім.

Вось я быў зачаты ў беззаконьні, і ў граху нарадзіла мяне мая маці.

Але Ты, які любіш шчырасьць сэрца, паказаў мне глыбіню і тайны мудрасьці Тваёй.

Акрапі мяне гісопам, і буду чысты, абмый мяне, і стану бялейшым за сьнег.

Дай мне пачуць голас радасьці і вясельля: хай узрадуюцца ўпакораныя косьці.

Адвярні твар Твой ад маіх бясчынстваў і ачысьці мяне ад усіх грахоў маіх.

Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Не адкінь мяне ад Твайго аблічча і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Вярні мне радасьць Твайго збаўленьня і ўмацуй ва мне дух ахвярнасьці.

Буду навучаць грэшнікаў сьцежкам Тваім, і грэшнікі зноў вернуцца да Цябе.

Вызвалі мяне ад крыві (пралітай), Божа, Божа майго збаўленьня, хай язык мой у радасьці славіць Тваю справядлівасьць.

Адчыні мае вусны, Госпадзе, і вусны мае пачнуць абвяшчаць хвалу Тваю.

Калі б Ты захацеў ахвяры, я даў бы яе: на цэлапаленьні, аднак, Ты не глядзіш прыхільна.

Ахвяра Богу – дух скрушлівы: сэрцам пакорным і поўным скрухі Ты, Божа, не пагардзіш.

Пакажы, Госпадзе, з ласкі Тваёй спагаду Сыёну: хай муры Ерусаліму будуць зноў узьнесеныя.

Тады глянеш прыхільна на правыя ахвяры, дары і цэлапаленьні, тады ўскладуць цялят на Твой ахвярнік.


Слава ... Цяпер ...

Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)

Госпадзе, зьмілуйся (Тройчы)


Слава ...

Трапар дня або сьвята.

Цяпер ...

(Багародзічны). Багародзіца, Ты – сапраўдная вінаградная лаза, * што ўзрасьціла нам плод жыцьця. / Просім Цябе, Уладарка: * разам са сьвятымі апосталамі / маліся за збаўленьне душаў нашых.


----------

У Вялікі Пост пасьля чытаньня Псалтыра:

(Тон 6). Госпадзе, што ў трэцюю гадзіну паслаў Тваім апосталам Духа Твайго Сьвятога, не адымі Яго, Добры, i ад нас, але абнаві нас, якія молімся Табе. (Паклон пасьля кожнага)

Верш. Сэрца чыстае ствары ва мне, Божа, і дух правы абнаві ў нутры маім.

Госпадзе, што ў трэцюю гадзіну...

Верш. Не адкінь мяне ад аблічча Твайго, і Духа Твайго Сьвятога не адымі ад мяне.

Госпадзе, што ў трэцюю гадзіну...

Слава ... Цяпер ...

Багародзічны. Багародзiца, Ты – сапраўдная вінаградная лаза... (гл. вышэй)

----------


Госпад Бог блаславёны, блаславёны Госпад з дня ў дзень; памагае нам Бог збаўленьня нашага, Бог наш, Бог, які збаўляе.

Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін.

Кандак дня або сьвята.


----------

У Вялікі Пост:

(Тон 8). Блаславёны Ты, Хрысьце Божа наш, што рыбакоў напоўніў мудрасьцю, паслаўшы ім Духа Сьвятога, і праз іх улавіў увесь сусьвет, Чалавекалюбча, слава Табе.

Слава ...

Хуткае і пэўнае дай пацяшэньне слугам Тваім, Ісусе, калі душы нашы сумуюць; не адлучайся ад душаў нашых у тузе: не аддаляйся ад думак нашых у няшчасьцях, але заўжды сьпяшайся нам на дапамогу. Будзь з намі, блізка будзь, Усюдыпрысутны; як Ты заўсёды быў з Тваiмі апосталамі, так і тых, што жадаюць Цябе, злучы з сабою, Усядобры; каб, зьяднаныя з Табою, мы славілі ў песьнях Усесьвятога Духа.

Цяпер ...

Ты, Багародзіца ўсячыстая, – надзея, заступніца i прытулак хрысьціянаў, непераможная сьцяна абаронная, ціхае прыстанішча для зьняможаных. Збаўляючы сьвет неўстаннаю малітваю сваёю, успомні і нас таксама; Дзева ўсяхвальная.

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)

Доўгацярплівы, шматміласэрны і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахiнi нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.

----------


Чытальнік: Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)

Слава ... Цяпер ...

Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога–Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.

Імем Гасподнім блаславі, ойча.

Сьвятар: Малітвамi сьвятых айцоў нашых Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.

Чытальнік: Амін.


----------

У вялікі Пост: малiтва сьв. Ахрэма Сiрыйца з паклонамi (гл. ў гадзіне 1)

----------


Чытальнік: Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца.... Ойча наш...

Сьвятар: Бо Тваё валадарства...

Чытальнік: Амін. Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)

Малітва. Уладару Божа Ойча ўсемагутны, Госпадзе Сыне Адзінародны, i Сьвяты Духу, адзінае боства, адзіная сіла, зьмілуйся нада мною грэшным i ў ведамы Табе спосаб збаў мяне, нягоднага слугу Твайго, бо Ты блаславёны на вякi вякоў. Амін.


Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Чытальнік: Слава ... Цяпер ...

Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы) Ойча, блаславі.

Сьвятар: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі найчыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.

Чытальнік: Амін.


УВАГА. Калі ўсьлед за трэцяй Гадзінай чытаецца Гадзіна шостая, тады пасьля малітвы "Уладару Госпадзе..." чытальнік адразу пачынае: "Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу" і г.д. Водпуст робіцца пасьля шостай Гадзiны.



 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст