Дзе магчыма, два хоры(або чытальнікі) сьпяваюць па чарзе:
Хор 1. З намі Бог,
зразумейце, народы, і скарыцеся , бо з намі Бог.
Хор 2.
Тое самае.
Хор 1. Пачуйце гэта ўсе
аж да канцоў зямлі, бо з намі Бог.
Хор 2. Магутныя,
карыцеся, бо з намі Бог.
Калі і ў сілу ўбярэцеся, пераможаныя будзеце, бо з намі Бог.
Задумы, якія вы задумалі, Госпад аберне ў нішто, бо з намі
Бог.
I словы, якія вы сказалі, ня зьдзейсьняцца, бо з намі
Бог.
Страху вашага мы не адчуваем і не трывожымся, бо з намі Бог.
Госпада Бога нашага будзем славіць, і той будзе ў страх, бо з
намі Бог.
Калі на Яго спадзявацца буду, Ён будзе мне асьвячэньнем, бо з
намі Бог.
Буду спадзявацца на Яго, і Ён збавіць мяне, бо з намі Бог.
Вось я і дзеці, якіх Бог мне даў, бо з намі Бог.
Людзі, што хадзілі ў цемры, убачылі сьвятло вялікае, бо з
намі Бог.
Сьвятло зазьзяе для вас, што жывеце ў краіне і ценю сьмерці,
бо з намі Бог.
Бо вось Дзіця нарадзілася нам, Сын быў дадзены нам, бо з намі
Бог.
Улада спачыла на плячох Яго, бо з намі Бог.
Міру Ягонаму няма канца, бо з намі Бог.
I дадуць Яму імя: Анёл вялікай рады, бо з намі Бог.
Дзіўны Дарадчык, бо з намі Бог.
Бог магутны, Уладар, Князь супакою, бо з намі Бог.
Айцец будучага веку, бо з намі Бог.
Абодва хоры разам. З
намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся, бо з намі Бог.
Хор 1.
Слава Айцу, і Сыну,
і Сьвятому Духу. З намі Бог, зразумейце, народы, і скарыцеся, бо з намі
Бог.
Хор 2. Цяпер і заўсёды,
і на вякі вякоў. Амін. З намі Бог, зразумейце, народы,
і скарыцеся.
Абодва хоры. Бо з намі
Бог.
Хор 1.
Дзень пражыўшы, дзякую Табе, Госпадзе, і прашу: дай мне, Збавіцелю,
правесьці вечар і ноч без граху і збаў мяне.
Хор 2.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Дзень пражыўшы, слаўлю Цябе, Уладару, і прашу: дай мне,
Збавіцелю, правесьці вечар і ноч без спакусаў і збаў мяне.
Хор 1. Цяпер і заўсёды,
і на вякі вякоў. Амін.
Дзень пражыўшы, слаўлю Цябе, Сьвяты, і прашу: дай мне,
Збавіцелю, правесьці вечар і ноч бяз подступу і збаў мяне.
Хор 1. Бесьцялесныя
хэрувімы несьціханымі песьнямі Цябе праслаўляюць.
Хор 2. Шасьцікрылыя
сэрафімы нястомнымі галасамі Цябе славяць.
Хор 1. Усе хоры анёлаў
тройчы сьвятымі песьнямі Цябе выхваляюць.
Хор 2. Бо Ты
– Айцец перш за ўсё, і маеш спрадвечнага Сына.
Хор 1.
I нясеш роўнаслаўнага Духа жыцьця, яўляючы
непадзельную Тройцу.
Хор 2. Найсьвяцейшая
Дзева, Маці Божая, сьведкі і слугі Слова, прарокаў і мучанікаў грамада, якія
маеце несьмяротнае жыцьцё: маліцеся шчыра, каб усе мы, што ў бедах, вызваліліся
ад аблуды злога, і сьпявалі анёльскую песьню:
Абодва хоры.
Сьвяты, сьвяты, сьвяты, тройчы Сьвяты Госпадзе, зьмілуйся над намі.
Амін.
Веру ў адзінага Бога Айца, усемагутнага. Тварца неба і зямлі,
бачнага ўсяго і нябачнага. I ў адзінага Госпада Ісуса
Хрыста, Сына Божага, адзінароднага, ад Айца народжанага перад усімі вякамі;
Сьвятло ад Сьвятла, праўдзівага Бога ад праўдзівага Бога, народжанага,
нястворанага, адзінасутнага з Айцом, праз якога ўсё стала быць. Ён дзеля нас,
людзей, і дзеля нашага збаўленьня зышоў з неба, прыняў цела ад Духа Сьвятога і
Марыі Дзевы і стаўся чалавекам. Быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, цярпеў
і быў пахаваны. I на трэці
дзень уваскрос згодна з Пісаньнямі; і ўзышоў на неба, і сядзіць па правай руцэ
Айца; і зноў прыйдзе ў славе судзіць жывых і мёртвых, і Яго валадарству ня будзе
канца. Веру ў Духа Сьвятога, Госпада жыватворчага, які ад Айца паходзіць; якому
належыцца пакланеньне і слава разам з Айцом і Сынам, які гаварыў праз прарокаў.
У адзіную, сьвятую, паўсюдную і апостальскую Царкву. Вызнаю адзіны хрост для
адпушчэньня грахоў. Чакаю ўваскрасеньня мёртвых і жыцьця будучага веку. Амін.
Хор 1. Усесьвятая
Ўладарка нашая Багародзіца, малі Бога за нас, грэшных.
(Тройчы)
Хор 2. Усе нябесныя сілы
сьвятых анёлаў і арханёлаў, маліце Бога за нас, грэшных.
(Двойчы)
Хор 1. Сьвяты Яне
прароча, прадвесьніку і хрысьціцелю Госпада нашага Ісуса Хрыста, малі Бога за
нас, грэшных. (Двойчы)
Хор 2.
Сьвятыя слаўныя апосталы, прарокі і мучанікі, і ўсе сьвятыя, маліце
Бога за нас грэшных. (Двойчы)
Хор 1. Сьвяты Кірыла
Тураўскі, сьвятая Еўфрасіньня Полацкая і ўсе сьвятыя заступнікі беларускага
народу, маліце Бога за нас, грэшных. (Двойчы)
Хор 2.
Непераможная і нязломная боская сіла пачэснага і жыватворчага Крыжа,
не пакідай нас, грэшных.
Хор 1.
Божа, ачысьці нас, грэшных.
Хор 2.
Божа ачысьці нас, грэшных, і зьмілуйся над намі.
Чытальнік: Сьвяты
Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё
валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Трапар:
У сьвята сьпяваецца трапар сьвята. У іншыя дні:
У панядзелак і сераду:
(Тон 2). Прасьвятлі вочы
мае, Хрысьце Божа, каб я не заснуў сьмяротным сном, і каб не сказаў вораг мой:
"Я перамог яго".
Слава ...
Божа, будзь абаронцам душы маёй, бо я хаджу сярод сецяў
многіх, вызвалі мяне і збаў мяне, Добры, у чалавекалюбстве Тваім.
Цяпер ...
Ня маем сьмеласьці з прычыны шматлікасьці нашых грахоў, але
Ты, Багародзіца Дзева, малі Таго, хто нарадзіўся ад Цябе: многа можа малітва
Маці да міласэрнасьці Ўладара. Не пагардзі просьбамі грэшных, Усячыстая, бо
міласэрны і здольны нас збавіць Той, хто захацеў дабравольна пацярпець за нас.
У аўторак і чацьвер:
(Тон 8).
Ты, Творча Госпадзе, ведаеш чуйнасьць нябачных ворагаў маіх і немач грэшнага
цела майго. Таму аддаю ў рукі Твае дух мой. Пакрый мяне покрывам дабрыні Тваёй,
каб я не заснуў сьмяротным сном. I прасьвятлі вочы
душы маёй, каб мне насалодзіцца Боскімі словамі Тваімі. I
як адзіны Добры і Чалавекалюбны абудзі мяне ў належны час, каб мне славіць Цябе
ў песьнях.
Верш. Глянь на мяне і
выслухай мяне, Госпадзе, Божа мой.
Які страшны будзе суд Твой, Госпадзе, калі анёлы стануць
навокал, людзей прывядуць, кнігі разгорнуць, учынкі будуць выпрабоўваць, думкі
дасьледваць! Які суд будзе мне, зачатаму ў грахох? Хто
згасіць маё полымя? Хто маю цемру прасьветліць, калі Ты, Госпадзе, у
чалавекалюбстве Тваім не зьмілуешся над мною.
Слава ...
Дай мне сьлёзы, як некалі грэшнай жанчыне, і зрабі мяне
годным абмыць ногі Твае, што вызвалілі мяне ад шляху спакусаў, і прынесьці Табе
алей духмяны – жыцьцё чыстае, абноўленае пакаяньнем,
каб і я пачуў Твой жаданы голас: "Вера Твая збавіла цябе, ідзі з мірам".
Цяпер ...
Калі ўскладу на Цябе, Багародзіца, непахісную маю надзею,
збаўлюся; калі буду мець Тваю, Усячыстая, апеку, не збаюся. Паганюся за ворагамі
маімі і перамагу іх, апярэзаўшыся, быццам зброяю, адзіным покрывам Тваім. Прашу
Тваёй магутнай дапамогі і клічу: Збаў мяне, Уладарка, малітвамі Тваімі і сілаю
Твайго Сына, які ад Цябе прыняў цела, і адвядзі ад мяне змрочны сон, каб я мог
славіць Цябе.
Чытальнік: Госпадзе,
зьмілуйся. (40 разоў)
Слава ... цяпер...
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш
слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую
Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча!
Сьвятар: Малітвамі
сьвятых айцоў нашых, Госпадзе Ісусе Хрысьце, Божа наш, зьмілуйся над намі.
Чытальнік: Амін.
Малітва сьвятога Васіля Вялікага.
Госпадзе, Госпадзе, Ты захаваў нас ад усякай стралы, што ляцела на
нас удзень, захавай нас і ўночы ад усякай злой прыгоды. Прымі нашу вячэрнюю
ахвяру, уздыманьне рук нашых. I зрабі нас годнымі
пражыць без граху начную пару, без спакусы ад злога, і вызвалі нас ад усякай
трывогі і страху, што прыходзяць ад д'ябла. Дай душам нашым пакаяньне, і думкам
нашым памяць пра іспыт на страшным і праведным судзе Тваім. Умацуй у страху
Тваім целы нашыя і ўмярцьві нашыя цялесныя пажаданьні, каб і ў часе сну мы ў
супакоі прасьвятляліся, разважаючы над Тваімі запаветамі. Аддалі ад нас сны
нягодныя і шкодныя пажаданьні. Уздымі нас у час малітвы ўзмоцненымі ў веры і ў
разуменьні запаветаў Тваіх, ласкаю і міласэрнасьцю Адзінароднага Сына Твайго, з
якім блаславёны Ты і Твой усесьвяты, добры і жыцьцядайны Дух, цяпер і заўсёды, і
на вякі вякоў. Амін.
|