Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » Вялікая Пятніца


 

 

Вялікая Пятніца

ВЯЛІКІЯ ГАДЗІНЫ

ГАДЗІНА ПЕРШАЯ


Сьвятар:
Блаславёны Бог наш спрадвеку, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін. Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, Суцяшальніку, Духу праўды, Ты ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра і жыцьця Падаўча, прыйдзі і пасяліся ў нас, і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, зжалься над намі. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў. Амін.
Усесьвятая Тройца, зжалься над намі: Госпадзе, ачысьці грахі нашы; Уладару, даруй бясчынствы нашы; Сьвяты, наведай і аздараві немачы нашы дзеля Твайго імя.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё валадарства, і сіла, і слава Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (12 разоў)
Слава Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзіце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да Хрыста, Уладара нашага і Бога.
Прыйдзіце, паклонімся і прыпадзем да самога Хрыста, Уладара і Бога нашага.

Псалом 5

Пачуй, Госпадзе, словы мае, да ўздыханьняў маіх прыслухайся.
Будзь уважлівы да малітвы маёй, Уладару мой і Божа мой!
Бо да Цябе, Госпадзе, малюся: раніцай голас мой пачуй, раніцай буду маліцца Табе і чакаць.
Бо Ты Бог не такі, што любіць беззаконьне: крывадушнікам няма месца ў Цябе.
Нязбожныя не ўстаяць перад Табою, Ты ненавідзіш усіх, што робяць беззаконьне;
Губіш усіх, што кажуць няпраўду. Госпаду агідныя крыважэрныя і няшчырыя.
Я ж з вялікай ласкі Тваёй увайду ў дом Твой, пакланюся сьвятыні Тваёй у страху перад Табою.
Госпадзе, у справядлівасьці Тваёй будзь мне правадыром, насуперак ворагам маім выраўняй шлях перада мною.
Бо ў вуснах іх няма шчырасьці, сэрцы іх пустыя, горлы іх – магілы адкрытыя, языкі іх лісьлівыя.
Судзі іх, Божа, хай абернуцца ў нішто намеры іх, дзеля безьлічы бясчынстваў іх адкінь іх, бо яны паўсталі супраць Цябе.
Хай узрадуюцца ўсе, што спадзяюцца на Цябе, хай цешацца давеку.
Ахоўвай іх: хай цешацца з Табою тыя, што любяць імя Тваё.
Бо Ты, Госпадзе, бласлаўляеш праведніка: быццам шчытом, пакрываеш яго.

Псалом2

Чаму мітусяцца народы і людзі думаюць марнае?
Уладары зямлі паўстаюць, і князі змаўляюцца разам з імі супраць Госпада і Ягонага памазаньніка:
"Парвем іхнія путы і скінем з сябе кайданы".
Сьмяецца Той, хто жыве ў небе, Госпад насьміхаецца з іх,
А потым гаворыць да іх у гневе сваім і ў абурэньні сваім бянтэжыць іх:
"Гэта Я паставіў Караля майго на Сыёне, гары сьвятой Маёй!".
Абвяшчаю тое, што Госпад пастанавіў; Госпад сказаў мне: "Ты – Сын мой, сёньня Я нарадзіў Цябе.
Пажадай, і дам Табе ў спадчыну народы, і канцы зямлі ў валоданьне Табе,
Жэзлам жалезным будзеш кіраваць імі, і, быццам посуд гліняны, скрышыш іх".
Дык апамятайцеся, уладары, навучыцеся, вы, што пануеце над зямлёй.
Служыце Госпаду са страхам, слаўце Яго радасна, у трапятаньні аддайце пашану Яму,
Каб Ён не ўгнявіўся, бо згінеце ў дарозе, калі раптоўна загарыцца гнеў ягоны:
Шчасьлівыя ўсе, што шукаюць прытулку ў Яго.

Псалом 21

Божа мой, Божа мой, чаму Ты мяне пакінуў? Далёкі Ты ад просьбаў, ад голасу кліканьня майго.
Божа мой, клічу ўдзень, і Ты ня чуеш, уночы – і не адказваеш.
Ты ж у сьвятыні жывеш, Хвала Ізраіля!
На Цябе спадзяваліся бацькі нашыя, спадзяваліся, і Ты вызваліў іх;
Клікалі Цябе, і былі збаўленыя, Табе верылі, і не пасаромеліся.
Я ж – рабак, а не чалавек, сьмех для людзей, пагарда народу.
Сьмяюцца з мяне ўсе, што глядзяць на мяне, расчыняюць вусны, галовамі ківаюць:
"Верыў Госпаду, дык хай Ён вызваліць яго, хай уратуе, калі любіць яго".
Ты мяне вывеў з матчынага ўлоньня, Ты даў мне бясьпеку пры грудзях маці.
Табе ад нараджэньня я быў аддадзены, ад улоньня маці маёй Ты быў маім Богам.
Ня стой далёка ад мяне, бо я пакутую. Блізка будзь, бо ня маю памочніка.
Мноства быкоў акружыла мяне, шалёныя быкі навокал мяне паўсталі.
Разьзяўляюць на мяне свае пашчы, быццам леў разьюшаны, рыкаюць.
Я стаўся як вада разьлітая, косьці мае павыходзілі з суставаў, сэрца маё зрабілася як воск, мягчэе ў нутры маім.
Як чарапок, высахла горла маё, язык мой прыліпнуў да паднябеньня: Ты абярнуў мяне ў пыл сьмерці.
Бо сабакі мяне абселі, зграя злачынцаў абкружыла мяне; працялі рукі і ногі мае,
Усе косьці мае магу палічыць. А яны дзівяцца і радасна пазіраюць;
Падзялілі між сабою ўсю вопратку маю і аб адзеньні маім кідалі жэрабя.
Ты ж, Госпадзе, ня стой далёка: Памочнік мой, пасьпяшайся на ратунак.
Выратуй ад мяча душу маю, і жыцьцё маё з сабачых кіпцюроў;
Выбаў мяне, убогага, ад пашчы льва, ад рогаў быка.
Абвяшчу братом маім імя Тваё і буду славіць Цябе ў грамадзе:
Усе, што баіцёся Госпада, хваліце Яго; нашчадкі Якуба, слаўце Яго; шануйце Яго, усе нашчадкі Ізраіля!
Бо Ён не пагардзіў і не брыдзіўся галечай убогага, і не схаваў перад ім твару свайго, але пачуў, калі той клікаў Яго.
Да Яго мая песьня хвалы на вялікім зборы; выканаю абяцаньні мае перад тымі, што баяцца Яго.
Хай бедныя ядуць і насыцяцца, і хай хваляць Госпада тыя, што шукаюць Яго. Хай сэрцы вашыя жывуць давеку.
Успомняць і вернуцца да Госпада ўсе канцы зямлі; і ўсе плямёны людзкія падуць ніц перад абліччам Яго.
Бо Гасподняе валадарства, і Ён пануе над народамі.
Яму адзінаму пакланяюцца ўсе тыя, што ў зямлі спачываюць, перад Ім схіляюцца ўсе тыя, што зыходзяць у магілу.
Нашчадкі мае служыць Яму будуць,
Раскажуць пра Госпада наступным пакаленьням, а справядлівасьць Яго абвесьцяць будучым родам: Так учыніў Госпад.

Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя. Слава Табе, Божа. (Тройчы)
Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся; Госпадзе, зьмілуйся.
Слава ...
Трапар (Тон 1): Калі Ты, Хрысьце, быў укрыжаваны, улада мучыцеля была зьнішчаная і варожая сіла пераможаная: не анёл і не чалавек, але сам Ты, Госпадзе, збавіў нас. Слава Табе!
Цяпер ...
Багародзічны: Як нам назваць Цябе, Поўная ласкі: небам, бо з Цябе зазьзяла Сонца Справядлівасьці? раем, бо Ты вырасьціла Кветку нятленнасьці? Дзеваю, бо Ты засталася непарушнаю? Чыстаю Маці, бо Ты мела ў абдымках Тваіх Сына, Бога ўсіх? Малі Яго за збаўленьне душ нашых.
(Тон 8): Сёньня царкоўная заслона на дакор беззаконным разрываецца, сонца промні свае хавае, убачыўшы, як укрыжавалі Ўладара. (Двойчы)
Верш: Чаму мітусяцца народы і людзі думаюць марнае?
Як авечка на зарэз, так Ты, Хрысьце Ўладару, быў ведзены, і як Ягнё бязьвіннае, Ты быў прыбіты да Крыжа злачынцамі дзеля нас, грэшных.
Верш: Каралі зямлі паўстаюць і князі змаўляюцца разам з імі супраць Госпада і Ягонага Памазаньніка.
Тое самае
Слава ...
Калі беззаконныя схапілі Цябе, Госпадзе, Ты ўсё сьцярпеў і так усклікнуў: "Хоць вы паранілі пастыра і разагналі дванаццаць авечак – вучняў Маіх, – Я мог бы выставіць больш за дванаццаць легіёнаў анёлаў. Але цярплю, каб споўнілася ўсё тайнае і нязьведанае, што Я аб'явіў вам праз прарокаў Маіх". Госпадзе, слава Табе!
Цяпер ...: тое самае

Дыякан: Мудрасьць. Слухайма ўважліва.
Чытальнік:
Пракімен (Пс 40:7,1): У сэрцы сваім зьбірае зло; выйшаўшы, апавядае аб ім.
Верш: Шчасьлівы той, хто дбае пра беднага і ўбогага.

Дыякан: Мудрасьць.
Чытальнік: Чытаньне кнігі прарока Захара.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Чытальнік: Так кажа Госпад: "Вазьму мой жэзл добры і зламаю яго на знак зламанага саюзу, які Я заключыў з усімі людзьмі. І будзе зламаны ў той дзень, і зразумеюць хананейскія купцы авечак, што гэта слова Гасподняе". І сказаў я ім: "Калі палічыце гэта слушным, дайце мне заплату, а калі не – пакіньце сабе". І вызначылі цану трыццаць срэбранікаў. Але Госпад сказаў мне: "Пакладзі ў скарбонку гэтую заплату, якой Я паводле іх быў варты". І я ўзяў трыццаць срэбранікаў і паклаў іх у скарбонку ў сьвятыні Гасподняй. (11:10-13)

Дыякан: Мудрасьць.
Чытальнік: Чытаньне лісту сьвятога Апостала Паўла да Галятаў.
Дыякан: Слухайма ўважліва.
Чытальнік: Браты, ня буду хваліцца, як толькі Крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста, якім сьвет укрыжаваны для мяне і я для сьвету. У Хрысьце ж Ісусе нічога ня значыць абрэзаньне ці неабрэзаньне, але новы твор. І усе тыя, што жывуць згодна з гэтым правілам, мір ім і ласка, і Ізраілю Божаму. Дый хай ніхто ня чыніць мне цяжкасьцяў, бо я нашу раны Госпада Ісуса на целе маім. Ласка Госпада нашага Ісуса Хрыста хай будзе з духам вашым, браты. Амін. (6:14-18)

Сьвятар: Мір табе.
Чытальнік: І твайму духу.
Дыякан: Мудрасьць, устаньце, будзем слухаць Сьвятое Евангельле.
Сьвятар: Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Чытаньне Сьвятога Евангельля паводле Мацьвея.
Людзі: Слава Табе, Госпадзе, слава Табе.
Дыякан: Слухайма ўважліва
Сьвятар: У той час раніцай сьвятары і старэйшыя народу прывялі Ісуса да намесьніка, Понцыя Пілата. Тады Юда, які выдаў Яго, убачыўшы, што Яго засудзілі, пакаяўся і вярнуў трыццаць срэбранікаў сьвятаром і старэйшым, кажучы: "Зграшыў я, прадаўшы кроў нявінную". Яны ж сказалі яму: "Што нам да таго? Гэта твая справа". Кінуўшы срэбранікі, ён выйшаў вон і павесіўся. Сьвятары ж, узяўшы срэбранікі, сказалі: "Нельга класьці іх у скарбніцу сьвятыні, бо гэта заплата за кроў". І, параіўшыся, купілі за іх Поле Ганчара для пахаваньня чужынцаў. Таму і сёньня поле гэтае завецца Полем Крыві. Тады споўнілася тое, што сказаў прарок Ярэма: "Узялі трыццаць срэбранікаў, заплату за Таго, каго ацанілі сыны Ізраіля. І далі іх за Поле Ганчара, як сказаў Госпад".
Ісус жа стаў перад намесьнікам. Намесьнік спытаўся ў Яго: "Ці Ты кароль гэбрэйскі?". Ісус адказаў: "Я той, як ты кажаш". І калі Яго абвінавачвалі сьвятары і старэйшыя, Ён не адказваў нічога. Тады спытаўся ў Яго Пілат: "Ці чуеш, як многа сьведчаць супраць Цябе?". Ён аднак не адказаў яму на ніводнае пытаньне, так што намесьнік дзівіўся вельмі. А быў звычай, што на кожнае сьвята намесьнік адпускаў аднаго вязьня паводле іхняга выбару. У тым часе быў адзін вядомы вязень, на імя Варава. Калі ўсе сабраліся, Пілат спытаўся: "Каго хочаце, каб я звольніў: Вараву ці Ісуса, названага Хрыстом?". Бо ведаў ён, што выдалі Яго праз зайздрасьць. А калі ён засядаў на судзе, жонка ягоная прыслала сказаць яму: "Ня мей ніякай справы з гэтым Праведнікам, бо сёньня ўночы я шмат цярпела ў сьне дзеля Яго". Тымчасам сьвятары і старэйшыя падбухторылі натоўп прасіць Вараву і дамагацца сьмерці Ісуса. І калі спытаў іх намесьнік: "Каторага з двух хочаце, каб я вызваліў?", яны закрычалі: "Вараву!". Тады сказаў ім Пілат: "Што ж мне зрабіць з Ісусам, якога завуць Хрыстом?". Закрычалі ўсе: "На крыж Яго!". Намесьнік адказаў: "Што ж Ён вам дрэннага зрабіў?". Але яны яшчэ мацней крычалі: "На крыж Яго!". Пілат, убачыўшы, што нічога ня здолее, а закалот расьце, узяў ваду і памыў рукі перад народам, кажучы: "Я не вінаваты ў крыві гэтага Праведніка. Гэта ваша справа". А ўвесь народ закрычаў: "Кроў Ягоная на нас і на нашых дзецях". Тады ён вызваліў Вараву, а Ісуса аддаў на ўкрыжаваньне. Жаўнеры намесьніка ўзялі Ісуса ў казарму і сабралі вакол Яго цэлую роту. Разьдзеўшы Яго, накінулі Яму на плечы чырвоны плашч, і, сплёўшы вянок з цярніны, усклалі Яму на галаву, а ў правую руку далі трысьціну. Потым, стаўшы перад Ім на калені, насьміхаліся з Яго, кажучы: "Радуйся, кароль гэбрэйскі!". Пры гэтым яны плявалі на Яго і, узяўшы трысьціну, білі Яго па галаве. Назьдзекаваўшыся, яны зьнялі з Яго плашч, апранулі зноў у Ягонае адзеньне і павялі на ўкрыжаваньне. Выходзячы, яны сустрэлі аднаго чалавека, Сымона кірынэйца, і загадалі яму несьці крыж. Калі ж прыйшлі на месца, названае Галгота, гэта значыць "Месца чэрапу", жаўнеры далі Ісусу піць воцат, зьмешаны з жоўцю. Пакаштаваўшы, Ён не захацеў піць. Калі Яго ўкрыжавалі, разьдзялілі між сабою Ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы там, сьцераглі Яго. А над галавой Ягонай зьмясьцілі напіс з віной Яго: "Гэта Ісус, кароль Гэбрэйскі". Тады таксама ўкрыжавалі разам з Ім двух разбойнікаў, аднога з правага, а другога з левага боку. Тыя, што праходзілі міма, зьневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: "Ты, што разбураеш сьвятыню і ў тры дні адбудоўваеш, збаў сябе самога. Калі Ты Сын Божы, дык зыйдзі з крыжа!". У падобны спосаб сьвятары з кніжнікамі і старэйшымі насьміхаліся з Яго і казалі: "Іншых збаўляў, а цяпер сябе самога збавіць ня можа! Калі Ён кароль Ізраільскі, хай зыйдзе з крыжа і мы паверым Яму. Спадзяваўся на Бога, дык няхай жа цяпер Той выбавіць Яго, калі Яго любіць. Бо Ён казаў: Я Сын Божы". Таксама і разбойнікі, укрыжаваныя разам з Ім, зьневажалі Яго. Ад шостае гадзіны сталася цемра па ўсёй зямлі аж да гадзіны дзевятае. А каля дзевятай гадзіны ўсклікнуў Ісус моцным голасам: "Элі, Элі, ляма сабахтані?", што значыць: "Божа мой, Божа мой, чаму Ты пакінуў Мяне?". Некаторыя з тых, што там стаялі, пачуўшы гэтае, казалі: "Ён кліча Ільлю". І ураз адзін з іх пабег і, узяўшы губку і памачыўшы ў воцат, насадзіў на трысьціну і даў Яму піць. А другія казалі: "Пачакай! Дай паглядзім, ці прыйдзе Ільля збавіць Яго". Ісус жа, зноў закрычаў моцным голасам і аддаў духа. І вось заслона ў царкве разарвалася надвое ад верху да нізу; і зямля затрэслася і скалы патрэскаліся; і магілы расчыніліся і шмат целаў сьвятых, што памерлі, устала. І, выйшаўшы з магіл, пасьля ўваскрасеньня Ягонага ўвайшлі ў сьвяты горад і паказаліся многім. Сотнік жа і тыя, што разам з ім сьцераглі Ісуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што здарылася, спалохаліся моцна і казалі: "Сапраўды, Ён быў Сынам Божым". Было там таксама шмат жанчынаў, якія прыглядаліся здалёк. Яны ішлі за Ісусам з Галілеі і паслугоўвалі Яму. Сярод іх былі Марыя Магдалена, Марыя, маці Якуба і Язэпа, і маці сыноў Забэдэявых. (Мц 27:1-56)
Людзі: Слава доўгацярпеньню Твайму, Госпадзе.
Увага: такі парадак чытаньняў ва ўсіх наступных гадзінах.

Чытальнік: Настаў мае крокі на выкананьне прыказаньняў Тваіх: хай не апануе мною беззаконьне. Вызваль мяне ад намоваў людзкіх, каб мне захаваць Твае запаветы.
Дай бачыць слузе Твайму сьветласьць твару Твайго, і навучы мяне Тваёй справядлівасьці.
Хай мае вусны будуць поўныя хвалы Тваёй, Госпадзе, каб мне пяяць славу Тваю, праз увесь дзень веліч Тваю.
Сьвяты Божа... Усесьвятая Тройца... Ойча наш...
Сьвятар: Бо Тваё валадарства...
Чытальнік: Амін.

Кандак (Тон 8): Прыйдзіце, будзем славіць у песьнях Укрыжаванага за нас. Марыя, убачыўшы Яго на дрэве, усклікнула: "Хоць Ты і церпіш укрыжаваньне, Ты Сын мой І Бог!".

Госпадзе, зьмілуйся. (40 разоў)
Доўгацярплівы, шматміласэрны, і ўсеспагадлівы Хрысьце Божа, што ўвесь час і ў кожную хвіліну, на небе і на зямлі прымаеш хвалу і пакланеньне, любіш праведнікаў і мілуеш грэшнікаў, і клічаш усіх да збаўленьня абяцаньнем дабротаў, якія чакаюць нас: прымі, Госпадзе, і ў гэтую хвіліну нашыя малітвы, і накіруй жыцьцё наша да запаветаў Тваіх; душы нашыя асьвяці, целы ачысьці, думкі выправі, дай ясны розум; выбаў нас ад усякага суму, жалю і злосьці; ахіні нас сваімі анёламі, каб мы, пад іхняй аховаю і кіраўніцтвам, маглі дасягнуць еднасьці веры і пазнаньня недаступнае Твае славы, бо Ты блаславёны на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, зьмілуйся. (Тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Імем Гасподнім блаславі, ойча.
Сьвятар: Божа, будзь ласкавы да нас і блаславі нас: прасьвятлі нас зьзяньнем твару Твайго і зьмілуйся над намі.
Малітва: Хрысьце, Сьвятло праўдзівае, што прасьвятляе і асьвячае кожнага чалавека, які прыходзіць на сьвет, хай зазьзяе нам сьветласьць твару Твайго, каб нам убачыць сьвятло недаступнае; накіруй крокі нашы да выкананьня Тваіх запаветаў, малітвамі найчыстае Твае Маці і ўсіх сьвятых. Амін.

 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст