Пахвальныя псальмы
(Тон 1). Усё, што жыве, хай хваліць
Госпада.
Хваліце Госпада з нябёсаў, хваліце Яго на вышынях: Табе
належыцца хвала, Божа.
Хваліце Яго, усе анёлы Яго, хваліце Яго, усе сілы Яго: Табе
належыцца хвала, Божа.
Верш: Хваліце Яго за магутныя ўчынкі Яго, хваліце
Яго ў бязьмежнай велічы Яго.
Хвалім у песьнях Твае збавенныя цярпеньні, Хрысьце, і славім
Тваё ўваскрасеньне.
Верш: Хваліце Яго граньнем рогу, хваліце Яго на
ліры і гусьлях.
Госпадзе, што пацярпеў на крыжы і зьнішчыў сьмерць, і
ўваскрос з мёртвых, даруй нам супакой, бо Ты адзіны ўсемагутны.
Верш: Хваліце Яго на бубнах і ў карагодах, хваліце
Яго на струнах і жалейках.
Хрысьце, што Тваім уваскрасеньнем спустошыў пекла і чалавека
ўваскрасіў, дазволь нам з чыстым сэрцам Цябе хваліць і славіць.
Верш: Хваліце Яго на цымбалах мілагучных, хваліце
Яго на цымбалах галасістых. Усё, што жыве, хай хваліць Госпада.
Славім Тваю Боскую спагаду і хвалім Цябе ў песьнях, Хрысьце:
Ты, неразьдзельны ад Айца, нарадзіўся ад Дзевы і цярпеў, як чалавек, дабравольна
аддаўшы сябе на крыжовыя мукі; і, уваскросшы, выйшаў з магілы, быццам з хораму,
каб збавіць сьвет. Госпадзе, слава Табе!
І адразу песьні Велікодныя (Тон 5):
Верш: Хай уваскрэсьне Бог і разьбягуцца ворагі
Яго, і хай уцякуць ад Яго ўсе ненавісьнікі Яго.
Пасха сьветлая нам сёньня зьявілася, /
Пасха новая, сьвятая, Пасха тайная, / Пасха
ўсяслаўная, Пасха – Хрыстос Збавіцель, / Пасха
чыстая, Пасха вялікая, / Пасха верных, Пасха, што
дзьверы райскія нам адчыняе, / Пасха – асьвячэньне
ўсіх верных.
Верш: Хай зьнікнуць так, як зьнікае дым, і як тае
воск ад агню.
Ідзіце, жанчыны-дабравесьніцы, і, што бачылі, Сыёну скажыце:
/ Прымі ад нас радасную вестку пра ўваскрасеньне
Хрыстовае; / весяліся, сьвяткуй і радуйся,
Ерусаліме, / бачачы Ўладара Хрыста
/ які, быццам жаніх, з магілы выходзіць.
Верш: Так хай згінуць грэшнікі ад аблічча Божага,
а праведнікі хай узрадуюцца.
Жанчыны-міраносіцы, што прыйшлі на досьвітку да магілы
Жыцьцядаўцы, / знайшлі анёла, які сядзеў на камяні,
/ і той абвясьціў ім, кажучы:
/ Чаму шукаеце Жывога сярод мёртвых, / чаму
плачаце па Несьмяротным, быццам Ён сьмяротны? /
Ідзіце, занясеце добрую вестку вучням Яго.
Верш: Вось дзень, што Госпад стварыў, дзень
радасьці і вясельля для ўсіх нас.
Пасха красная, Пасха Гасподняя, Пасха;
/ Пасха ўсяслаўная сёньня зазьзяла нам. /
Пасха – радасна адзін аднаго абдымем! / О, Пасха –
вызваленьне ад суму, / бо сёньня з магілы, быццам з
хораму, зазьзяў Хрыстос, / і жанчынаў напоўніў
радасьцю, кажучы ім: / Нясеце добрую вестку
апосталам.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер, і заўсёды, і на
вякі вякоў. Амін.
Уваскрасеньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю
/ і адзін аднаго абдымем; /
скажам “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, /прабачыўшы
ўсё дзеля ўваскрасеньня; / і ўсклікнем вось так:
Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў і тым,
што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)
Падчас сьпеву "Уваскрасеньня дзень..." сьвятар (сьвятары) і
дыякан вітаюць адзін аднаго словамі "Хрыстос уваскрос", "Сапраўды ўваскрос".
Пасьля выходзяць з аўтара і вітаюць вернікаў. Скончыўшы, сьвятар чытае Слова Яна
Залатавуснага:
СЛОВА МІЖ СЬВЯТЫМІ АЙЦА НАШАГА ЯНА ЗАЛАТАВУСНАГА
НА ВЯЛІКДЗЕНЬ
Хай усе пабожныя і багалюбцы цешацца ў дзень гэтай вялікай і
сьветлай урачыстасьці; хай усе разумныя слугі ўвойдуць у радасьць гаспадара
свайго. Хай усе, хто пасьціўся, атрымаюць сёньня ўзнагароду. Калі хто працаваў
ад першай гадзіны, хай прыме належную яму заплату. Калі ж хто прыйшоў а трэцяй
гадзіне, хай сьвяткуе з падзякай. А калі хто далучыўся толькі пасьля шостай
гадзіны, хай не сумняецца, бо ня будзе пазбаўлены нічога. Калі хто спозьніцца да
дзевятай гадзіны, хай падыходзіць, нічога не баіцца, ні ў чым не сумняецца. А
калі хто прыйдзе аб адзінаццатай гадзіне, хай не баіцца, што спазьніўся. Уладар
любіць рабіць прыемнасьць усім, Ён прымае апошняга, як і першага, задавальняе
патрэбы таго, хто прыйшоў аб адзінаццатай гадзіне, як і таго, хто працаваў ад
гадзіны першай: апошняга мілуе, першаму дагаджае; гэтаму дае і таго абдорвае; Ён
прымае працу і падтрымлівае намеры, шануе высілкі і добрыя жаданьні хваліць.
Дзеля гэтага прыйдзіце ўсе да радасьці Гаспадара нашага: першыя і апошнія, усе
атрымаеце заплату. Багатыя і бедныя, цешцеся разам. Працавітыя і лянівыя,
ушануйце гэты дзень. Тыя, што пасьцілі, і тыя, што не пасьцілі, радуйцеся
сёньня. Стол багаты – усім хопіць з дастаткам. Цялё кормнае вялікае, ніхто не
адыдзе галодны, – усе напоўніцеся ў асалоду на застольлі веры; усе атрымаеце
багацьце ласкі. Ніхто хай не наракае на сваю беднасьць. Ніхто хай не плача аб
сваіх правінах, бо прабачэньне зазьзяла з магілы. Ніхто хай не баіцца сьмерці,
бо сьмерць Збавіцеля вызваліла нас. Пакаштаваўшы сьмерці, Ён зьнішчыў сьмерць.
Зышоўшы ў пекла, Ён паланіў яго. Ісая, што прадбачыў гэта, усклікае: Пекла, –
кажа – сумелася, сустрэўшы Цябе ўнізе. Сумелася, бо было адмененае; сумелася, бо
было абсьмяянае; сумелася, бо было зьнішчанае; сумелася, бо было зьвержанае;
сумелася, бо было зьвязанае. Схапіла мёртвае цела і сутыкнулася з Богам. Прыняла
зямлю і сустрэлася з небам; прыняла бачнае, і ўпала ў тое, чаго ня бачыла.
Сьмерць, дзе тваё джала? Пекла, дзе твая перамога? Уваскрос Хрыстос, – і ты было
спустошанае; Уваскрос Хрыстос, – і дэманы ўпалі; Уваскрос Хрыстос, – і анёлы
радуюцца; Уваскрос Хрыстос, – і жыцьцё запанавала. Уваскрос Хрыстос, – і
ніводнага мёртвага не засталося ў магіле. Хрыстос уваскрос з мёртвых, пачатак
тых, што заснулі. Яму слава і ўлада на вякі вякоў. Амін.
|