Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » » Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Літургія


 

 

Нядзеля Тамаша (Антыпасха) - Літургія

Трапар (тон 7). Хоць магіла была запячатаная, Ты, Хрысьце Божа, зазьзяў з магілы; і хоць дзьверы былі зачыненыя, Ты, Уваскрасеньне ўсіх, прыйшоў і стаў сярод вучняў Тваіх, абнаўляючы ў нас праз іх дух правы ў вялікай міласэрнасьці Тваёй.

Слава... цяпер...

Кандак (тон 8). Дапытліваю рукою Тамаш дакрануўся да жыцьцядайнага боку Твайго, Хрысьце Божа, калі Ты ўвайшоў праз зачыненыя дзьверы, і разам з іншымі апосталамі ўсклікнуў Табе: "Ты – Госпад мой і Бог мой!"

Пракімен (Пс. 146:5,1). Вялікі Госпад і ўсемагутны, і няма меры розуму яго.

Верш. Слаўце Госпада, бо добра пець хвалу яму, бо соладка славіць Бога нашага.

Чытаньне Апостальскіх Дзеяньняў

У тыя дні рукамі апосталаў рабілася шмат знакаў і цудаў у народзе. Усе яны прабывалі аднадушныя ў прысенку Салямона. Ніхто з чужых не асьмельваўся далучыцца да іх, а народ іх вельмі хваліў. І ўсё больш прыбывала тых – мужчын і жанчынаў, – што ўверылі ў Госпада. Нават выносілі хворых на вуліцы і клалі на ношах і пасьцелях, каб хоць цень Пятра, калі той праходзіў міма, упаў на каго з іх. І зыходзілася ў Ерусалім мноства людзей з навакольных местаў, несучы хворых і тых, каго мучылі нячыстыя духі; і ўсе яны аздараўляліся. Тады першасьвятар і ўсе, што былі з ім з сэкты садукеяў, поўныя зайздрасьці, схапілі апосталаў і ўкінулі іх у грамадзкую вязьніцу. Але анёл Гасподні ўночы адчыніў дзьверы вязьніцы і, вывеўшы іх, сказаў: "Ідзеце і, стаўшы ў сьвятыні, кажыце народу ўсе словы жыцьця гэтага". (5:12-20)

Алілуя (Пс. 94:1,3). Прыйдзіце, будзем радасна славіць Госпада, будзем пяяць Богу Збавіцелю нашаму.

Верш. Бо Госпад – Бог вялікі, і Ўладар магутны над усёй зямлёй.

Чытаньне сьвятога Евангельля паводле Яна

Вечарам таго самага першага дня тыдня, калі дзьверы дому, дзе сабраліся вучні, былі зачыненыя дзеля страху перад гэбрэямі, прыйшоў Ісус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: "Мір вам!" Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі свае і бок. І ўсьцешыліся вучні, убачыўшы Госпада. А Ісус сказаў ім зноў: "Мір вам! Як паслаў Мяне Айцец, так Я пасылаю вас". Сказаўшы гэта, дыхнуў на іх, кажучы: "Прыміце Духа Сьвятога. Каму адпусьціце грахі, таму будуць адпушчаныя, а каму затрымаеце, на тым застануцца". Тамаш, адзін з Дванаццацёх, званы Блізьнюк, ня быў з імі, калі прыйшоў Ісус. Іншыя вучні сказалі яму: "Мы бачылі Госпада". Але ён адказаў ім: "Калі не пабачу на руках Ягоных ранаў ад цьвікоў, і не ўкладу пальца майго ў раны ад цьвікоў, і не ўкладу рукі маёй у Ягоны бок, не паверу". І праз восем дзён зноў былі вучні ў доме, і Тамаш з імі. Прыйшоў Ісус праз зачыненыя дзьверы, стаў пасярод іх і сказаў: "Мір вам!" Потым кажа Тамашу: "Дай палец твой сюды і паглядзі рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой, і ня будзь недаверкам, але вернікам". І сказаў Яму Тамаш у адказ: "Госпад мой і Бог мой!" Ісус сказаў яму: "Ты паверыў таму, што ўбачыў Мяне. Шчасьлівыя тыя, што ня бачылі і ўверылі". Шмат іншых знакаў учыніў Ісус перад сваімі вучнямі, пра якія не напісана ў гэтай кнізе. Гэта ж напісана, каб вы паверылі, што Ісус ёсьць Хрыстос, Сын Божы, і каб, уверыўшы, мелі жыцьцё вечнае. (20:19-31)

Задастойнік: Анёл усклікнуў Поўнай ласкі: Чыстая Дзева, радуйся! І зноў кажу "Радуйся", бо Твой Сын уваскрос на трэці дзень з магілы, і мёртвых узьняў з сабою. Людзі, весяліцеся.

Сьвяціся, сьвяціся, новы Ерусаліме, бо слава Гасподняя зазьзяла над табой. Радуйся сёньня і весяліся, Сыёне! Ты ж, Чыстая, красуйся, Багародзіца, бо Той, каго Ты нарадзіла, з мёртвых устаў.

Прычасьнік: Хвалі, Ерусаліме, Госпада; слаў Бога твайго, Сыёне. Алілуя, алілуя, алілуя.

Замест "Мы бачылі...": Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Закачэньне Літургіі:

Сьвятар: Слава Табе, Хрысьце Божа, надзея наша, слава Табе.

Людзі: Хрыстос уваскрос з мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў. (Тройчы)

Сьвятар: робіць водпуст.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст