ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
Сьвятое (тон 2). Калі на неправедным судзе
пачэсная Юліяна ўбачыла слаўную мучаніцу Барбару, цяжка параненую, з целам
паломаным рознымі катаваньнямі, яна залілася гарачымі сьлязьмі і ўсклікнула:
"Слова Божае, зрабі мяне, Чалавекалюбча, годнай быць удзельніцай ейных
цярпеньняў".
Аднолькавыя пачуцьці былі ў сьвятых Барбары і Юліяны, калі
яны супрацівіліся ворагу і перамаглі яго, удастоіўшыся славы ў Хрыста Бога.
Зьнішчыўшы згубныя і шкодныя страсьці, яны даюць верным ацаленьні.
Калі цябе, усепачэсная мучаніца Барбара, асудзілі на сьмерць,
ты з радасьцю пасьпяшыла закончыць твой жыццёвы шлях. Забітая рукамі бязбожнага
бацькі, ты прынесла сябе ў ахвяру Богу. Дзеля гэтага цяпер цешышся з мудрымі
дзевамі і аглядаеш зьзяньне Хрыста, жаніха твайго.
Сьвятога (тон 8). Як назавем цябе, сьвяты? Янам
багасловам ці Давідам салодкапеўцам? Гусьлямі духоўнымі ці пастырскай жалейкай?
Ты даеш асалоду слыху і розуму, прыносіш радасьць супольнасьці царкоўнай, і
словамі, што плывуць, быццам мёд, прасьвятляеш усе канцы зямлі. Маліся за
збаўленьне душаў нашых.
Як назавем цябе, чалавеку божы, Яне салодкаслоўны? Зоркай
яснай, розумам, прасьветленым зьзяньнем Тройцы? Ты ўглыбіўся ў цемры Духа і,
быццам Майсей, быў уведзены ў пазнаньне невыказнай Боскай існасьці, пра што
распавёў усім суладнай узвышанай моваю. Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Як назавем цябе, слаўны? Ясным сьветачам, выдатным
правадніком, слугою і сузіральнікам Боскіх тайніцаў? Зоркаю, што прасьвятляе ўсе
цэрквы? Сьвятлом для тых, што ў цемры? Або суладным арганам і звонкаю трубою?
Маліся за збаўленьне душаў нашых.
Слава ...
(Тон 6). Пакінуўшы бацькаўшчыну, сям'ю і багацьці,
і выракшыся нязбожнага айца, ты, Барбара, палюбіла Бога і сталася Ягонай
нявестай, шчасьлівай, што знайшла бясцэнны скарб. Малі Яго за збаўленьне душаў
нашых.
Цяпер ...
Узношу вочы сэрца майго да Цябе, Уладарка: не пагардзі
малітвамі маімі, але ў гадзіну, калі Сын Твой будзе судзіць сьвет, будзь мне
Памочніцай і Заступніцай.
Вершапесьні
(Тон 8). Ойча мудры Яне, ты ўпрыгожыў песьнямі
Царкву Хрыстовую; сьпяваючы натхнёна пад узьдзеяньнем Духа, як некалі цудоўны
Давід на псалтыры, ты Боскімі сьпевамі сваімі ўсіх захапіў.
Верш. Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і
суцяшэньне знаходзіць у запаветах Яго.
Слаўны Ойча Яне! Пакінуўшы марнасьці гэтага сьвету, ты,
пачэсны, прыйшоў да Хрыстовага супакою; праз Боскае сузіраньне і дзеяньне ты,
блаславёны, узбагаціўся духоўным сьвятлом і навучаў верных, зьзяючы пабожным
жыцьцём.
Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.
Прыйдзеце, усе народжаныя на зямлі, усхвалім пабожна ў
песьнях сьвятую і пачэсную памяць Яна, які на справе явіўся годным прыняць
сьвятло Боскага зьзяньня. Ён навучыў нас славіць Тваю, Госпадзе, невыказную
дабрасардэчнасьць.
Слава ...
(Тон 6). Пачэсны ойча, па ўсёй зямлі разышоўся
голас твайго навучаньня; таму ў небе ты здабыў узнагароду за твае высілкі; ты
зьнішчыў дэманскія сілы і дасьцігнуў анёльскіх хораў, беззаганнага жыцьця якіх
ты быў пераймальнікам. Маючы сьмеласьць у Хрыста Бога, прасі Яго даць супакой
для душаў нашых.
Цяпер ...
Багародзіца, Ты – існая вінаградная лаза, што ўзрасьціла нам
плод жыцьця. Просім Цябе, Уладарка: разам са сьвятымі апосталамі маліся за
збаўленьне душаў нашых.
Адпушчальныя трапары
Барбары (тон 8).
Усхвалім сьвятую і пачэсную Барбару, якая парвала варожыя сеці і, быццам птушка,
вызвалілася ад іх з дапамогаю зброі Крыжовай
Слава ...
(Тон 8). Правай веры настаўнік, набожнасьці
прыклад і чысьціні, сьветач сусьветны, Богам натхнёная сьвятароў аздоба, Яне
мудры, навукаю тваёю ты ўсіх прасьвятліў, жалейка духоўная. Малі Хрыста Бога за
збаўленьне душ нашых.
Цяпер ...
Багародзічны. (тон 8). Ты, што дзеля нас
нарадзіўся ад Дзевы і на крыжы пацярпеў, сьмерцю зьнішчыўшы сьмерць і
паказаўшыся Богам ва ўваскрасеньні, не пагардзі творамі рук Тваіх, пакажы
чалавекалюбства Тваё, Міласэрны, прымі малітвы за нас Багародзіцы, якая
нарадзіла Цябе, і збаў, Збавіцелю добры наш, людзей бездапаможных. |