Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 5 сьнежня - сьвятога і баганоснага айца нашага Савы Асьвячанага


 

 

5 сьнежня - сьвятога і баганоснага айца нашага Савы Асьвячанага

ВЯЧЭРНЯ


На "Госпадзе, Цябе клічу...":

(Тон 5). Сава багамудры, анёлам роўны, сунасельнік пачэсных айцоў, суразмоўца прарокаў, спадкаемца мучанікаў і апосталаў; цяпер, калі ты жывеш у Незаходным Сьвятле, асьветлены Ягонымі Боскімі промнямі, стоячы сьмела ў Ягонай прысутнасьці, у сузіраньні Вяршыні ўсіх жаданьняў, цешачыся няспынна Ягонымі дабротамі, прасі Хрыста, малі Хрыста, пачэсны ойча, дараваць Царкве згоду і супакой, і веліч зьмілаваньня.

Сава багамудры, незраўнаны прыклад устрыманасьці, ясны сьветач манахаў, што зьзяе промнямі любові, стоўб непахісны цярплівасьці, умацаваньне і сіла тых, што з любоўю шануюць цябе, скарбніца ацаленьняў, сапраўдны жыхар пустыні, якая дзякуючы табе сталася раем, дзе растуць Боскія плады. Прасі Хрыста, малі Хрыста, пачэсны ойча, дараваць Царкве згоду і супакой, і веліч зьмілаваньня.

Сава багамудры, стоўб вогненны дабрадзейнасьцяў, сьветач, што на жыцьцёвым моры накірўвае людзей да ціхага Боскага прыстанішча, пераможца духоўных спакусаў, Духа Сьвятога годнае жытло, прыклад устрыманасьці, вядомая вышыня пакоры, крыніца, з якой цякуць струмені ацаленьняў, прасі Хрыста, малі Хрыста, пачэсны ойча, дараваць Царкве згоду і супакой, і веліч зьмілаваньня.

Слава ...

(Тон 6). Ты захаваў у сабе непашкоджаным вобраз Божы, высілкамі сваімі ўпадобніўшыся да Яго, наколькі магчыма было, зрабіў розум свой пераможцам згубных нахілаў і, узьняўшыся на вышыню, падпарадкаваў горшае лепшаму і цела зрабіў слугою духа. Ты – вяршыня манахаў, жыхар пустыні, настаўнік тых, што імкнуцца добра прабегчы свой жыцьцёвы шлях, незраўнаны прыклад дабрадзейнасьцяў. Цяпер у небе, ты, ойча наш Сава, бачыш Сьвятую Тройцу, ужо не як у люстры, але сапраўды, і молішся за тых, што з вераю шануюць цябе.

Цяпер ...

Дагматык. Хто Цябе не назаве шчасьліваю, Найсьвятая Дзева, хто ня будзе славіць, Чыстая, мацярынства Тваё? Адзінародны Сын, што спрадвеку зазьзяў ад Айца, ад Цябе, прыняўшы цела, у невыказны спосаб нарадзіўся. Праўдзівы Бог, Ён стаўся праўдзівым чалавекам дзеля нас, непадзельны на дзьве асобы, але ў дзьвюх нязьлітных прыродах пазнавальны. Малі Яго, Чыстая і Блаславёная, даць зьмілаваньне душам нашым.


Вершапесьні

(Тон 5). Радуйся, існы посуд духоўных подзьвігаў: усклаўшы крыж на плечы, ты, блаславёны, аддаў сябе цалкам Хрысту Уладару, перамог цялесныя нахілы, што цягнуць уніз, і прасьвятліў душу дабрадзейнасьцямі, акрыліўшы яе Боскім жаданьнем. Дзеля гэтага мы, верныя, прыходзім да цябе, усяхвальны Сава, і просім, каб малітвамі тваімі да чалавекалюбнага Бога атрымаць веліч зьмілаваньня для сьвету ўсяго.

Верш. Дарагая ў вачох Госпада сьмерць сьвятых Яго.

Ты, баганосны Сава сьвяты, явіўся сьвету быццам вугаль распалены Боскім агнём, прасьвятляючы душы тых, што з вераю прыбліжаюцца да цябе, і накіроўваючы іх да Незаходнага Сьвятла; а вугольле, што пустошыць душы, ты патушыў расою Боскай ласкі, што сплывала з вышыні. Таму Хрыстос, Госпад Боскае праведнасьці, вянчаў цябе, блаславёны, пераможным вянцом. Малі Яго дараваць душам нашым веліч зьмілаваньня.

Верш. Шчасьлівы муж, які баіцца Госпада і суцяшэньне знаходзіць у запаветах Яго.

Жыцьцё тваё явілася лесьвіцай, што вядзе да неба, якою Ты ўзышоў на вышыню і ўдастоіўся быць суразмоўцам Хрыста Уладара. Прасьвятліўшы свой розум існым зьзяньнем Ягоных промняў, ты сам стаў сьветлы як анёл. Будучы цяпер разам з Ім, маліся, пачэсны Ойча, за тых, што спраўляюць тваю Боскую і сьвятую памяць, каб яны ўдастоіліся быць там, дзе ты, і за зьмілаваньне для ўсяго сьвету.

Слава ...

(Тон 8). Мноства манахаў шануе цябе, як іхняга настаўніка, ойча наш Сава: бо яны навучыліся ад цябе хадзіць правай сьцежкаю. Шчасьлівы ты, слуга Хрыстовы, пераможца сілы варожай, анёлаў суразмоўца, спаўжыхар пачэсных і праведных айцоў. З імі разам маліся Госпаду, каб Ён даў зьмілаваньне душам нашым.

Цяпер ...

(Тон 6). Чыстая Дзева, адкуль Ты прыйшла; хто нарадзіў Цябе? Хто маці твая? Як гэта Ты на руках тваіх носіш Тварца? Як засталася Дзеваю пасьля родаў? Бачым вялікія і слаўныя тайны, што ў Табе, Усесьвятая, споўніліся, і рыхтуем Табе дастойную пячору на зямлі, просячы даць нам з неба праводную зорку, якая прывяла з усходу мудрацоў, каб убачыць Збаўленьне людзей, што ляжыць у ясьлях, спавітае ў пялёнкі.


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст