Канон (тон 2)
(Ірмасы)
Песьня 1. Ірмас. Як некалі ў глыбіні марской
Магутная Сіла патапіла фараонава войска, так Слова, што сталася целам, злосны
грэх знішчыла: Усяхвальны Госпад вельмі ўславіўся.
Катавасія. Хрыстос родзіцца – слаўце Яго; Хрыстос
зыходзіць з нябёсаў – сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі – цешцеся! Сьпявай
Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.
Песьня 3. Ірмас.
Царква народаў, што раней была няплоднай, быццам пустыня, зацьвіла як кветка
прыйсьцем Тваім, Госпадзе. У ёй умацавалася сэрца маё.
Катавасія. Спрадвеку ад Айца народжанаму
нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу
пяем: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!".
Сядальныя песьні (тон 8). Ты, Мікола,
узышоў на вышыню дабрадзейнасьцяў і зазьзяў цудамі, явіўшыся сьвету, як сьветлы
пастыр і надзейны заступнік у напасьцях. Ты перамог слаўна ворага, адагнаў ману,
і збавіў людзей ад сьмерці. Малі Хрыста Бога, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў
тым, што з любоўю сьвяткуюць памяць тваю.
Слава ...
Усеміласэрны паказаў цябе, Мікола, як раку, што нясе шчодра
воды аздараўленьняў, і крыніцу цудаў. Тыя, што церпяць ад цяжкіх немачаў,
жыцьцёвых нягодаў і суму, знаходзяць у табе лекара і вернага абаронцу. Таму
ўсклікаем табе: Маліся Хрысту Богу, каб Ён дараваў адпушчэньне грахоў тым, што з
любоўю сьвяткуюць памяць тваю.
Цяпер ...
Увесь род людзкі называе Цябе шчасьліваю, бо Ты, Дзева,
адзіная сярод жанчынаў, бяз семя нарадзіла ў целе Бога. Агонь Боства пасяліўся ў
Табе, і Ты карміла, як немаўля, Творцу і Госпада. Таму ўсе мы, анёлы і людзі,
дастойна славім усячыстае сынараджэньне Тваё і дружна ўсклікаем: "Малі Хрыста
Бога, каб Ён даў адпушчэньне правінаў нам, якія пакланяемся ўсесьвятому
сынараджэньню Твайму".
Песьня 4. Ірмас.
Не хадайнік, не анёл, але сам Ты, Госпадзе, прыйшоў ад Дзевы і збавіў мяне,
чалавека. Дзеля гэтага клічу: Слава сіле Тваёй, Госпадзе.
Катавасія. Як жэзл з кораня Ясеева і кветка, што
на ім расквітнела, Ты, Хрысьце, зацьвіў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам
прыроды, прыйшоў з гары, ацененай гаем, прыняў цела ад Тае, што мужа ня знала.
Слава сіле Тваёй, Госпадзе!
Песьня 5. Ірмас.
Хадайнікам Бога і людзей Ты быў, Хрысьце Божа: Табою, Уладару, мы атрымалі
доступ з ночы няведаньня да Начальніка сьвятла, Айца Твайго.
Катавасія. Як Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў
нам Анёла вялікае Рады, які нам прынёс супакой. Накіраваныя Ім да сьвятла, сярод
нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.
Песьня 6. Ірмас. З
бездані грахоў маіх неспасьціглую бездань міласэрнасьці Тваёй клічу: ад
тленнасьці, Божа, уздымі мяне.
Катавасія. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго
Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і
ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе непарушнаю. Будучы непадуладным
тленнасьці, Хрыстос захаваў непашкоджанаю Маці сваю.
Кандак (тон 3).
У Мірах ты, сьвяты, паказаў сябе сапраўдным слугою Божым. Выпаўніўшы Евангельле
Хрыстова, ты, блаславёны, паклаў душу за людзей тваіх і выбавіў нявінных ад
сьмерці. Дзеля гэтага ты ўвесь асьвяціўся, стаўшыся вялікім тайнікам ласкі
Божае.
Ікас. Уславім сёньня ў песьнях сьвятаначальніка,
пастыра і настаўніка людзей у Мірах, і прасьветлімся ягонымі малітвамі. Як верны
сьвятар, ён зьзяў чысьцінёю душы і цела, прыносячы Хрысту чыстую і бязьвінную
ахвяру, прыемную Богу. Ён быў сапраўдным князем і абаронцам Царквы і вялікім
тайнікам ласкі Божае.
Песьня 7. Ірмас.
Богапраціўны загад беззаконнага мучыцеля ўзьняў высока полымя; расу духоўную
паслаў набожным юнаком Хрыстос блаславёны і ўсяслаўны.
Катавасія. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад,
узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але стаялі сярод
полымя і сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".
Песьня 8. Ірмас.
Некалі печ вогненная ў Бабілёне хальдэяў спаліла, а верных на загад Бога
акрапіла расою, і яны запяялі: "Усе творы Гасподнія, блаславіце Госпада!".
Катавасія. Печ, мокрая ад расы, была вобразам
звышпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ўкінутых у яе юнакоў, так агонь Боства,
што пасяліўся ў Дзявочым улоньні, не пашкодзіў яго. Дзеля гэтага пяём: "Усе
стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!".
Песьня 9. Ірмас.
Сын спрадвечнага Айца, Госпад і Бог, прыняў ад Дзевы цела і зьявіўся нам, каб
прасьвятліць тых, што ў цемры, і сабраць расьцярушаных. Дзеля гэтага мы
ўсяхвальную Багародзіцу ўзьвялічваем.
Прыпеў. Сьвяты ойча Мікола, малі Бога за нас.
Прасьветлены зьзяньнем ласкі, ты, багамудры, быў сьветачам
дабрадзейнасьцяў і пабожнасьці; і цяпер, блаславёны ойча, збаўляеш людзей ў
напасьцях, ратуеш тых, што гінуць у буры марской, і корміш галодных.
Ты, баганосны і блаславёны Мікола, з нябесных райскіх кругоў,
дзе цяпер знаходзішся, глядзіш на тых, што ў песьнях славяць цябе, і збаўляеш іх
ад усякай бяды і суму.
Слава ... цяпер ...: Ты, Божая Маці, нарадзіла Мудрасьць,
і Сілу, і адзінасутнае Слова Айца, прыняўшы Яго ў сябе, быццам у хорам, і
зьяднаўшы неразьдзельна з людзкой прыродаю.
Катавасія. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора –
неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, у якім памясьціўся незьмяшчальны
Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.
Экзапастыляр (сьвяцільнік). Вялікага
архіпастыра, першасьвятара Мірлікійскага Міколу ўсхвалім. Ён выратаваў многіх
людзей, неправедна асуджаных на сьмерць, зьявіўшыся цару ў сьне і пераканаўшы
яго адмяніць няправедны прысуд.
Слава ...: Госпад праславіў цябе цудамі пры жыцьці і
пасьля сьмерці, сьвятаначальнік Мікола. Хто толькі з любоўю і вераю пакліча імя
тваё, будзе выслуханы, бо ты – вялікі заступнік усіх нас.
Цяпер ...: Ты, Дзева, нарадзіла Слова спрадвечнае,
Мудрасьць увасаблёную і Лекара ўсіх, Хрыста. Ацалі раны маёй душы і выкарані з
сэрца майго грэшныя думкі.
Пахвальныя псалмы
(Тон 1). Узіраючыся пільна на вышыню духоўную, ты,
ойча, спасьцігнуў глыбіню мудрасьці. Тваімі вучэньнямі ты ўзбагаціў сьвет, і
цяпер, сьвяты Мікола, молішся няспынна Хрысту за ўсіх нас.
Чалавек Божы і верны ўгоднік, распарадчык Божых тайнаў, муж
жаданьняў духоўных, стоўп адухоўлены і прыклад натхненьня: Царква Мірлікійская
мела цябе, як Боскі скарб, а мы ўсе маем у табе надзейнага малельніка за душы
нашыя.
Блаславёны Мікола, ты, быццам птушка з нябеснага гнязда,
аблятаеш кветкі царкоўныя і няспыннымі малітвамі да Бога выбаўляеш нас ад
спакусаў і бедаў.
Дабрадзейнымі ўчынкамі ты, ойча Мікола, упрыгожыў тваю
сьветлую сьвятарскую вопратку. І цяпер дзівосныя рэчы чыніш для нас і ратуеш ад
злога.
Табе, сьвяты ойча, было дадзена адчуць красу нябачных рэчаў і
бачыць невыказную славу сьвятых. Таму ты нам перадаеш нябесныя словы
непрамінальнага жыцьця.
Ты, ойча, явіўся ў сьне набожнаму цару і ўратаваў вязьняў ад
сьмерці. Цяпер маліся няспыннна, каб выбавіцца ад спакусаў, выпрабаваньняў і
немачаў нам, якія славім цябе.
Слава ...
(Тон 5). Заграйма на трубах, запяём сьвяточную
песьню і ўзрадуемся ў дзень сьвята баганоснага айца. Уладары і начальнікі хай
прыйдуць і ўславяць таго, хто зьявіўся ў сьне цару і пераканаў яго адпусьціць
трох нявінна асуджаных на сьмерць вязьняў. Пастыры і настаўнікі, сышоўшыся, хай
усхваляць, добрага пастыра, пераймальніка Вялікага Пастыра. Хай хворыя славяць
лекара, тыя, што ў бядзе – памочніка, грэшнікі – заступніка, бедныя – апекуна,
сумныя – пацяшыцеля, тыя, што ў дарозе – спадарожніка, на моры – правадніка, і
ўсе – таго, хто заўсёды сьпяшаецца з дапамогаю. Усхвалім вялікага
сьвятаначальніка і ўсклікнем: "Сьвяты Мікола, выбаў нас ад бяды, якая нас чакае,
і малітвамі тваімі збаў статак твой!".
Цяпер ...
Заграйма ў трубы і запяем, бо вось Уладарка ўсіх, Маці і
Дзева, глядзіць на нас і вянчае блаславеньнем сваім тых, што славяць Яе. Хай
зыдуцца ўладары і запяюць песьню хвалы Ўладарцы, што нарадзіла Ўладара, які
захацеў у дабрыні сваёй і чалавекалюбстве вызваліць тых, што былі трыманыя пад
уладаю сьмерці. Пастыры і настаўнікі, сышоўшыся, усхваліце ўсячыстую Маці
Добрага Пастыра, сьвечнік залаты, сьветлую хмару, больш прасторную за неба,
адухоўлены ківот, вогненны пасад Уладара, залаты посуд з маннаю, зачыненую браму
Слова, усіх хрысьціянаў прытулак. Усхвалім Яе боганатхнёнымі песьнямі і
ўсклікнем: "Хорам Слова, зрабі нас, пакорных, годнымі нябеснага валадарства, бо
няма нічога немагчымага для Твайго заступніцтва".
Вялікае ўслаўленьне і трапары, як у пачатку ютрані.
|