ВЯЧЭРНЯ
На "Госпадзе, Цябе клічу...":
(Тон 1). Ойча Патапе, ты ўтаймаваў цялесныя нахілы
ўстрыманасьцю, у пустэльні пасяліўся, як некалі Ільля, ачышчаючы розум свой
няспыннай малітвай да Бога. Цяпер маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і
веліч зьмілаваньня.
Ойча Патапе, ты ўпрыгожыўся бясстраснасьцю, быў залічаны да
грамады посьнікаў і пасяліўся ў жытлах праведных, дзе зьзяе незаходнае Сьвятло і
расьце дрэва жыцьця. Цяпер маліся, каб душам нашым атрымаць супакой і веліч
зьмілаваньня.
Ойча Патапе, сьветач, што зазьзяў з Ягіпту, прасьвятляючы
ўвесь сьвет пад сонцам зьзяньнем цудаў, разьвейваючы змрок душагубных немачаў, і
адганяючы цемру дэманскую. Малі Хрыста дараваць душам нашым супакой і веліч
зьмілаваньня.
(Тон 1). Беззаганная Уладарка, Ты, застаўшыся
дзеваю, нарадзіла Бога, які зьнішчыў тленнасьць і дараваў нам несьмяротнасьць.
Малю Цябе, Усячыстая: малітвамі Тваімі абнаві мяне, што таплюся ў грахох, каб
мне славіць і ўзьвялічваць Цябе, Слава людзкога роду.
Усяслаўная Уладарка, адзіная надзея і ўмацаваньне, заступніца
і памочніца верных! Молім Цябе: захавай ад усялякіх бедаў слугаў Тваіх, што з
вераю пакланяюцца Сынараджэньню Твайму, і малі Хрыста дараваць душам нашым
супакой і веліч зьмілаваньня.
Гора мне, які апаганіў правінамі розум, душу і цела. Што мне
рабіць? Як пазьбегнуць нязгаснага агню і неразрыўных путаў? Усебеззаганная
Дзева, перш як прыйдзе канец, прасі Сына Твайго, каб Ён даў мне адпушчэньне.
Слава ... цяпер ...
Багародзічны (тон 1). Усячыстая Дзева, што ва
ўлоньні насіла Боскі агонь, малі Яго, каб мне ўтаймаваць агонь маіх
пажадлівасьцяў, пазьбегнуць вечнага агню і быць годным аглядаць Недзаходнае
сьвятло разам з усімі праведнікамі, калі Ён прыйдзе судзіць усіх.
Крыжабагародзічны (тон 1). Убачыўшы, як ейны Сын
на крыжы вісіць без выгляду і красы, Бязьвінная Уладарка з плачам усклікнула:
"Гора мне! Дзе падзелася краса Твая, дзе годнасьць? Дзе ласкавае зьзяньне Твару
Твайго, Сыне мой наймілейшы?".
Вершапесьні актойха.
Адпушчальны трапар (тон 8). У табе, ойча,
верна захаваўся вобраз Божы: узяўшы крыж, ты пайшоў усьлед за Хрыстом і на
справе навучаў не клапаціцца аб целе, бо яно прамінае, але дбаць пра душу, рэч
несьмяротную. Дзеля гэтага разам з анёламі радуеца, сьвяты Патапе, дух твой. |