Галерэя
        фотахроніка жыцьця а. Аляксандра

     "Пра малітву" (MP3, 3Mb)
        з уступу а.Аляксандра Надсана
        да малітаўніка "Госпаду памолімся"

 

 

 

 


» » » 9 сьнежня - Зачацьце сьв. Ганны, калі яна зачала найсьвяцейшую Багародзіцу


 

 

9 сьнежня - Зачацьце сьв. Ганны, калі яна зачала найсьвяцейшую Багародзіцу

Канон (Тон 1)

Песьня 1

Ірмас. Сьпявайма пераможную песьню Богу, які дзівосныя цуды ўчыніў правай рукой сваёю і выбавіў Ізраіля, бо Ён праславіўся.

Прыпеў. Усесьвятая Багародзіца, збаў нас.

Сьвяткуем зачацьце тваё, багамудрая Ганна, бо ты пазбавілася путаў няплоднасьці і зачала Тую, што змясьціла ў сабе Незьмяшчальнага.

Ты, Госпадзе, пачуў малітву праведных сьвятых праайцоў Тваіх і споўніў Тваё абяцаньне. Ты даў ім плод – Тую што нарадзіла Цябе.

Слаўная Ганна сёньня зачынае Ўсячыстую, што зачала бесьцялеснага ўсядобрага Госпада; яна рыхтуецца нарадзіць Тую, што мае нарадзіць Хрыста.

Слава ... цяпер ...

Ты, Дзева, зазьзяла з тленнага ўлоньня і ў нятленным сваім улоньні насіла Сонца славы, які стаўся ўва ўсім як мы, застаючыся нязьменным у дзьвюх нязьлітных прыродах.

Катавасія. Хрыстос родзіцца – слаўце Яго; Хрыстос зыходзіць з нябёсаў – сустракайце Яго; Хрыстос на зямлі – цешцеся! Сьпявай Госпаду, уся зямля, людзі, радасна вітайце Яго, бо Ён праславіўся.

Песьня 3

Ірмас. Сэрца маё ўмацавалася ў волі Тваёй, Хрысьце Божа, які сілаю сваёю над водамі неба ўмацаваў, і заснаваў на водах зямлю.

"Калі дасі плод улоньню майму, – Ганна ўсклікнула Госпаду – усьцешуся і прынясу яго Табе". І вось яна зачынае чыстую Божую Маці.

Ты, Ганна ўсепачэсная, жыла згодна з Законам і беззаганна служыла Богу. І вось зачала ты ва ўлоньні Тую, што нарадзіла Заканадаўца. За гэта мы, верныя, цябе шчасьліваю завем.

Калі ты, Ганна багамудрая, малілася ў садзе, ты пачула голас Усавышняга. І вось Ён дае плод улоньню твайму – Тую, што ласкаю адчыніла рай.

Слава ... цяпер ...: Бясплоднасьць думак маіх адмяні, і зрабі душу маю пладавітаю на дабрадзейнасьці, памочніца верных, усесьвятая Багародзіца.

Катавасія. Спрадвеку ад Айца народжанаму нятленнаму Сыну, што ў апошнія дні ад Дзевы бяз семя прыняў цела, Хрысту Богу пяем: "Ты наша сіла. Сьвяты Ты, Госпадзе!".


Сядальная песьня (тон 4). Сьвятыя Якім і Ганна прынесьлі дар старазапаветным сьвятаром, але тыя ня прынялі яго, бо яны былі бясплоднымі. Тады яны памаліліся Таму, хто дае ўсё, і Ён пачуў іхнюю малітву і даў ім існую Браму жыцьця. Дык ушануем Ейнае сьвятое зачацьце.

Слава ... цяпер ...: Богам упрыгожаная Марыя, – беззаганнае Ягнё і чысты Хорам, – сёньня слаўна зачынаецца ад праведных бацькоў. Весяліцеся, няба і зямля, і радуйцеся, усе людзі, што на зямлі нарадзіліся, бо сёньня Бог слаўныя рэчы ўчыніў, даўшы бясплоднай Плод – адзіную Дзеву, якую верна славім.

Песьня 4

Ірмас. Ты, прароча Авакуме, прадбачыў Духам уцелаўленьне Слова, і прапаведаваў Яго, усклікаючы: "Ты дасі сябе пазнаць, калі прыйдзе назначаны Табою час, і явішся сьвету". Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

"Што за Боскі голас і дзіўныя словы! Ці ж і я зачну? – Пачуўшы анёла, які быў пасланы да яе, Ганна ў подзіве ўсклікнула: Хвала Богу майму, які чыніць слаўныя рэчы!".

"Радуйцеся са мною, усе плямёны Ізраіля, – Ганна ў радасьці ўсклікнула, – бо вось я зачала ва ўлоньні новае Неба, з якога незадоўга зазьзяе Зорка Збаўленьня, Хрыстос Сьветладавец".

Бог пачуў плач Ганны. Глянуўшы прыхільна на ейныя малітвы, Ён разарваў путы няплоднасьці і азарыў яе сьвятлом пладавітасьці. І вось зачынае яна адзіную Чыстую.

Слава ... цяпер ...: Дзева Багародзіца, чыстая скінія, чыстымі кроплямі Тваёй дабрыні ачысьці мяне, апаганенага правінамі, і дай мне руку дапамогі, каб мне клікаць: "Слава Табе, Чыстая Богам Праслаўленая!".

Катавасія. Як жэзл з кораня Ясеева і кветка, што на ім расквітнела, Ты, Хрысьце, зацьвіў ад Дзевы. Ты, Божа, непадуладны законам прыроды, прыйшоў з гары, ацененай лесам, прыняў цела ад Тое, што мужа ня знала. Слава сіле Тваёй, Госпадзе!

Песьня 5

Ірмас. Твой супакой дай нам, Сыне Божы. Апроч Цябе іншага бога ня знаем, імя Тваё клічам, бо Ты – Бог жывых і мёртвых.

Ганна, што вырасла з кораня Давідавага і Ясеевага, сёньня пачынае ўзрошчваць Боскі жэзл, які ўзросьціць тайную кветку – Хрыста, Творцу ўсіх.

"Людзі ўбачаць, што я сталася маці, і здумеюцца – Ганна ўсклікнула. – Бо вось нараджу згодна з жаданьнем Таго, хто разарваў путы няплоднасьці маёй".

"Дзяўчо, якое я зачала, прарокі некалі прадказалі, называючы Яе гарою і непраходнай брамаю", – Ганна радасна ўсклікнула тым, што прыйшлі наведаць яе.

Слава ... цяпер ...: Мы ведаем Цябе, чыстая Дзева Маці, як хмару і рай, і браму сьветласьці, пасад і руна, і посуд з Маннаю.

Катавасія. Як Бог міру і Айцец ласкаў, Ты паслаў Анёла вялікае Рады, які нам прынёс супакой. Накіраваныя Ім да сьвятла, сярод нядрэмнай ночы славім Цябе, Чалавекалюбча.

Песьня 6

Ірмас. Пераймаючы прарока Ёну, клічу: "Вызваль жыцьцё маё ад тленнасьці, Збавіцелю сьвету, і збаў мяне, які клічу: Слава Табе!".

Як гэта зьмяшчаецца ва ўлоньні Тая, што зьмясьціла ў сабе Бога? Як родзіцца Тая, што нарадзіла ў целе Хрыста? Як корміцца малаком, што карміла Творцу ўсяго?

Сёньня Бог пачуў малітву вашую, усяхвальныя Якіме і Ганна, і дае вам пладавіты Плод.

Зачаўшы чыстую Галубку ва ўлоньні тваім, поўніся радасьцю духоўнаю, Ганна, і прынясі песьню падзякі Богу.

Слава ... цяпер ...: Бура думак нячыстых, напады пажаданьняў і безьліч грахоў маіх душу маю няшчасную апанавалі. Памажы мне, сьвятая Ўладарка!

Катавасія. Зьвер марскі выкінуў з нутра свайго Ёну, які быў там, быццам дзіця ва ўлоньні. Слова, што было ва ўлоньні Дзевы і ўзяло цела ад Яе, выйшла адтуль, захаваўшы Яе непарушнаю. Будучы непадуладным тленнасьці, Хрыстос захаваў непашкоджанаю Маці сваю.


Кандак (тон 4). Сёньня сьвяткуе ўрачыста ўвесь сусьвет Ганніна зачацьце, якое сталася з волі Божае, бо Тая, што мае нарадзіцца ад яе, народзіць невыказна Слова.

Ікас. Якім цудоўны і багамудрая Ганна жылі пабожна паводле Закону Майсея, але былі бясплоднымі. Яны памаліліся Богу ад усёй душы, кажучы: "Добры Госпадзе Сабаот, надзея ўсіх, адымі ад нас ганьбу няплоднасьці, і мы прынясем у сьвятыню Тваю, як сьвяты дар і дасканалую ахвяру Тую, што народзіць невыказна Слова".

Песьня 7

Ірмас. Агонь не дакрануўся да юнакоў Тваіх, Збавівцелю, што былі ў печы, і не пашкодзіў ім, і яны адзіным голасам сьпявалі і бласлаўлялі Цябе, клічучы: "Блаславёны Бог айцоў нашых!".

Ганна прасіла Ўладара адняць ад яе ганьбу бязьдзетнасьці, і Міласэрны пачуў голас яе і ў спагадлівсьці сваёй даў ёй Тую, што нарадзіла Яго.

Ва ўлоньні тваім, Ганна, пачынае ткацца царская пурпура, у якую апранецца Бог і Ўладар, калі зьявіцца людзям, каб упакорыць ворагаў, што ваююць супраць нас.

Ты, Ганна, зачала ва ўлоньні тваім духмянае міра, што надпрыродна ўспрыняла Ўладара жыцьця, і пахам ласкі думкі нашыя ачысьціла.

Слава ... цяпер ...: Славім Цябе, Хрысьце Ісусе, як аднаго з Тройцы, што, застаючыся нязьменным, уцелавіўся ад Дзевы, і не пакінуў існасьці Айца, хоць і зьяднаўся з намі.

Катавасія. Адкінуўшы з пагардаю нязбожны загад, узгадаваныя ў дабрадзейнасьці юнакі не збаяліся пагрозы агню, але стаялі сярод полымя і сьпявалі: "Божа айцоў нашых, блаславёны Ты!".

Песьня 8

Ірмас. Таго, каго баяцца анельскія хоры, Тварца і Госпада, слаўце ў песьнях сьвятары, юнакі, хваліце, людзі бласлаўляйце і ўзьвялічвайце праз усе вякі!

"Цябе, якую прымаю ва ўлоньні маім, Давід назваў Ўладаркаю, – Ганна ўсклікнула. – Дык вось нараджу Заступніцу ўсіх верных, што мае нарадзіць Уладара Хрыста".

Сёньня пачынае прарастаць ва ўлоньні маці сваёй Зямля, у якой пасяліўся Творца зямлі. Яна – Скіпетр сьвяты, новы Ківот і Посуд з маннаю.

Куст незгаральны, Сьвечнік залаты, адухоўлены Хорам Госпада Бога, Жэзл пачэсны ва ўлоньні маці сваёй пачынае ўзрастаць.

Слава ... Цяпер ...: Узьнімі мяне, які ляжу ў яме грахоўнай, адгані ворагаў, якія нападаюць на мяне, не пагардзі мною, параненым сорамнымі асалодамі, Добрая і Чыстая, але зьмілуйся нада мною і збаў мяне.

Катавасія. Печ, мокрая ад расы, была вобразам звышпрыроднага цуду. Як яна не спаліла ўкінутых у яе юнакоў, так агонь Боства, што пасяліўся ў Дзявочым улоньні, не пашкодзіў яго. Дзеля гэтага пяём: "Усе стварэньні хай славяць Госпада і ўзьвялічваюць Яго праз усе вякі!".


Замест "Больш годную пашаны..." сьпяваем асобыя прыпевы ў перамешку са страфамі дзевятай песьні.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, больш пачэсную за анельскія хоры Беззаганную Дзеву Марыю.

Песьня 9

Ірмас. Жыцьцядайную невычэрпную крыніцу, ясны сьветач ласкі, хорам адухоўлены, сені чыстыя, больш прасторную за неба Багародзіцу, верныя, узьвялічым.

Радуйся, Ганна багамудрая, і ўзьвялічвай Творцу, бо ты зачала ва ўлоньні жыцьцядайную Крыніцу, Хорам сьвяты, што зьзяе сьвятлом справядлівасьці.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, ад няплодных бацькоў зачатую Дзеву Марыю.

Пачэсная і слаўная пара, прабацькі спрадвечнага Сына, вядомыя рупліўцы Закону, што нарадзілі Пачатак радасьці, Якім і Ганна хай будуць ушанаваныя.

Прыпеў. Узьвялічвай, душа мая, усячыстую Маці Божую Дзеву Марыю.

Усхвалім у песьнях Багародзіцу Дзеву, якую Даніла бачыў як гару вялікую, а Яэль – як сьвятую Зямлю і Браму непраходную. Іншы прарок назваў Яе запячатанай Крыніцаю і Боскім рунам.

Слава ... цяпер...: Вопратка царская з барвленага руна невыказнага ўцелаўленьня Слова, Кадзільніца залатая, Стол, на якім пакладзены Хлеб–Хрыстос, Багародзіца Дзева хай будзе праслаўленая!

Катавасія. Дзіўную і слаўную бачу тайну: пячора – неба, Дзева – пасад хэрувімскі, ясьлі – жыльлё, у якім памясьціўся Незьмяшчальны Хрыстос, якога мы ў песьнях славім.


Эказапастыляр (Сьвяцільнік): Сёньня пачынае ўзрастаць у няплодным улоньні Ганны Тая, што нарадзіла Сьвятло, якое прасьвятляе ўсё стварэньне. Дык хадзем да Яе ўсе, бо вось прыходзіць Вызваленьне ад Эвінага прысуду.

Слава ... цяпер ...: тое самае.


Пахвальныя псалмы

(Тон 1). Няплодная раней людзкая прырода, з надзеяю на Бога, пачынае ўзрошчваць Пачатак набожнасьці – Дзеву, чыё зачацьце прадвяшчае прыйсце Хрыста на зямлю. (Двойчы)

Непраходная Брама Ўладара Хрыста зачынаецца Божым загадам у няплодным улоньні. З прыйсьцем Яе на зямлю адчыняюцца нябесныя брамы, каб даць людзям туды ўваход.

Пачатак спрадвечнай невыказнай страшнай тайны, аб'яўленай людзям ад Бога, – зачацьце Божага дзяўчаці, – сёньня зьдзяйсьняецца. Ейнае прыйсьце прадвяшчае канец справам цемры і пажадлівасьцям.

Слава ... цяпер ...

(Тон 8). Прыйдзеце, людзі, будзем разам з анёламі сьвяткаваць слаўнае зачацьце Багародзіцы. Патрыярхі, слаўце Маці Ўладара ўсіх; прарокі – Тую, каго вы прадвяшчалі; праайцы – Божую Маці, што ад вас паходзіць; старцы – богаайцоў; богаайцы – Божае Дзяўчо; дзевы – заўсёды Дзеву; верныя – Корань веры; сьвятары – усесьвятую Сьвятыню Божую; хоры сьвятых – прычыну вашай сьвятасьці; анёлы – Маці Ўладара ўсяго стварэньня і Збавіцеля душаў нашых.


Пасьля Вялікага ўслаўленьня:

Трапар (тон 4). Сёньня разьвязваюцца путы бязьдзетнасьці: Бог, пачуўшы Якіма і Ганну, абяцае ім, што супроць спадзяваньняў народзяць Божае Дзяўчо – будучую Маці Незьмяшчальнага, які невыказна станецца чалавекам ад яе. Гэта Ён загадае анёлу вітаць яе словамі: "Радуйся, поўная ласкі, Госпад з Табою!"


 

 


 

 

 

 

Напісаць ліст